НАВУМЧЫК – Telegram
НАВУМЧЫК
1.24K subscribers
135 photos
12 videos
168 links
Сяргей Навумчык
Download Telegram
Рады за кожнага вырванага з палону — хаця і адбылося гэта традыцыйным для рэжыму ганебным спосабам гандлю з дэпартацыяй. Рэжым застаецца нязьменным, ён працягвае ўтрымліваць ранейшых закладнікаў і шодня набірае новых.

Ёсьць адчуваньне, што вось цяпер адчэрчаная нейкая рыса пад падзеямі апошніх пяці гадоў, пасьля якой нарэшце павінна адбыцца асэнсаваньне 2020-га ва ўсёй яго шматграннасьці — і адначасна пачацца новы этап для той часткі грамадзтва, якую прынята называць дэмакратычнымі сіламі.

А пакуль — віншаваньні вызваленым і іх сем’ям, салідарнасьць зь сем’ямі і блізкімі тых, хто яшчэ за кратамі!
ЗША прапануе Кіеву аддаць Расеі Данбас – а ўзамен атрымаць «надзвычай моцныя» гарантыі.

Праблема ня толькі ў тым, што пры гэтым Расея не губляе нічога. Істотна тое, што Ўкраіна, аддаючы частку сваёй тэрыторыі – нічога не атрымлівае.

Якія такія «гарантыі» прапаноўвае Вашынгтон? Мадэль 5-га артыкулу NATO? А вы пачытайце гэты артыкул – у выпадку нападу на краіну-члена альянсу ён, фактычна, гарантуе толькі пачатак кансультацый, а ніяк не абавязковыя ваенныя дзеяньні супраць агрэсара.

І калі, напрыклад, Пуцін праз Беларусь пачне прабіваць «Сувалкаўскі калідор», а Бэрлін, Парыж ды Лондан адмовяцца абараняць і ваяваць з расейскімі часткамі – што пагражае заходнім лідэрам? Ды нічога. Як ня меў наступстваў для лідэраў ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі 2014 год, калі яны абаранілі Ўкраіну.

Магчыма хтосьці забыўся, але я добра памятаю, што ў 1994 Будапэшцкі мэмарандум успрымаўся цалкам сабе як паўнавартасны дакумэнт, ён прайшоў адпаведныя экспэртызы, і слова «гарантыі» было нават у загалоўку. Кожны, хто ўсумніўся б вартасьці дамовы, падпісанай кіраўнікамі аж пяці краінаў, быў бы падвергнуты астракізму. Але адбылася анэксія Крыму – і мы даведаліся вартасьць тых гарантыяў.

Трамп усяго толькі з ашаламляльным цынізмам (іншыя скажуць – зь цьвярозым рэалізмам) артыкулюе тое, што ўжо зрабілася рэальнасьцю: дамоўленасьці ня працуюць, дзейнічае толькі права моцнага. Кажучы яшчэ больш проста – значэньне мае толькі зброя. Больш нічога.

Пра міжнароднае права варта забыцца ўвогуле.

Гэта нават не вяртаньне на часы да Другой усясьветнай вайны – гэта адкідваньне ў XVIII стагодзьдзе, для беларусаў памятнае падзелам Рэчы Паспалітай і ў выніку больш як двухсотгадовай акупацыяй Расейскай імпэрыяй.

Сапраўднай гарантыяй для Ўкраіны былі б, як мінімум, наяўнасьць самага шырокага спэктру наступальнай зброі, уключна з ракетамі далёкага радыюсу дзеяньня і разьмяшчэньне на яе тэрыторыі войскаў краінаў-гарантаў. Першае – дазваляла б адэкватна адказваць на абстрэлы ўкраінскіх гарадоў, другое – фактычна прадухіляе і абстрэлы, і наземныя баявыя дзеяньні, бо ў выпадку агрэсіі амэрыканскае ці францускае падразьдзяленьне будзе проста вымушанае ўступіць у бой з агрэсарам.

Але мы бачылі, чым скончылася эпапэя з «тамагаўкамі», і чуем заявы заходніх лідэраў, што яны ня маюць намеру рызыкаваць жыцьцямі сваіх вайскоўцаў.

Фактычна, Украіне прапаноўваецца здача тэрыторый узамен на мір. Але гэта можна было зрабіць ужо ў лютым 2022-га, без крыві, пакутаў, мільёнаў уцекачоў і разбурэньняў.

І называецца гэта – капітуляцыя.
У службах аховы (тых, якія апекваюцца двума-трыма асобамі ў краіне) уратаваньне аб’екту ад выпушчанай кулі — лічыцца правалам: нападнік увогуле ня мусіў наблізіцца, а ня тое што зрабіць стрэл, гэта памылка другога і трэцяга кола, і ў яшчэ большай ступені — аналітычнай структуры. Таму кіраўніцтва службы аховы ЗША, падаўшы ў адстаўку пасьля замаху на Трампа, зрабіла цалкам адэкватна.

Напэўна, у наш час захоп іншай краіны ўзброеным чынам (вайной) можна лічыць правалам палітыкаў, спэцслужбаў, дыпляматаў: яны мусілі «узяць» тэрыторыю без адзінага стрэлу (гэтак, як цяпер робіць Кітай, шляхам эканамічнай экспансіі).

І ў дачыненьні да Ўкраіны пуцінская вайна (як бы яна ня скончылася) — гэта правал Крамля.

А вось шматгадовыя дзеяньні Масквы адносна Беларусі — гэта посьпех.

У 1994 годзе толькі адзінкі казалі пра ролю расейскіх спэцслужбаў у перамозе Лукашэнкі. Асноўнымі прычынамі называліся папулізм кандыдата-фаварыта, які згуляў на эканамічных цяжкасьцях, сацыяльнай напружанасьці ды палітычным банкруцтве ўладаў. Пазьней прыйшло разуменьне больш глыбокіх фактараў — нізкага ўзроўню нацыянальнай сьвядомасьці і «маладых ваўкоў», якія вылучылі Лукашэнку, цудоўна ведаючы, хто ён такі, і насельніцтва, якое прагаласавала за прыхільніка аднаўленьня імпэрыі.

Гэтыя фактары я і цяпер лічу вызначальнымі. У Літве ці Польшчы абраньне чалавека, які адкрыта грэбуе літоўскай ці польскай мовай, было б немагчыма ні пры якіх умовах і ні пры якіх высілках іншай краіны. Але тое, што прасоўваньне Лукашэнкі ва ўладу ад пачатку і да канца адбывалася пры актыўным удзеле маскоўскіх спэцслужбаў — сумневу не выклікае.

Ужо праз некалькі тыдняў пасьля абраньня Лукашэнкі дэпутаты БНФ на чале з Пазьняком заявілі, што пачаўся захоп Беларусі Расеяй; фразы «гібрыдная акупацыя» тады яшчэ не было. Не існавала і сацсетак, таму мы не адчувалі хейту. Але ад калег-журналістаў чуў — «Слухай, ну вы ўжо занадта... Ды і навошта Маскве нашая жабрацкая Беларусь?».

Цяпер тое, што адбывалася ў наступныя дзесяцігодзьдзі, ацэньваецца як палітычнае, эканамічнае, інфармацыйнае і культурніцкае паглынаньне Беларусі Расеяй.

Пры гэтым краіна зрабілася палігонам «заходняга тэатру ваенных дзеяньняў» (калі глядзець з Масквы), а прамысловасьць, ад машынабудаваньня да тэкстыльнай, працуе на расейскі ВПК.

Так, без адзінага стрэлу. Вышэйшы пілятаж імпэрскай палітыкі.

І сёньня, заяўляючы, што «Расея верне свае гістарычныя тэрыторыі», Пуцін мае на ўвазе ня толькі Ўкраіну, але і Беларусь (мяркую, што і іншыя былыя савецкія рэспублікі).

Беларусь ніколі яшчэ нагэтулькі блізка, як сёньня, не падыходзіла да пагрозы зьнікненьня з палітычнай мапы сьвету.

Але Пуцін ня зможа канчаткова захапіць Беларусь, не захапіўшы Ўкраіну.

І ён яе не захопіць, пакуль у сьвядомасьці ўсіх, хто цэніць свабоду, будзе цьвёрдае перакананьне, што Крым — гэта Ўкраіна.
У свой час Васіль Быкаў казаў пра неадпаведнасьць сродкаў дэмакратыі мэтадам дыктатуры: калі першыя дзейнічаюць прававым спосабам, дык другія — дубінкай па галаве. У выніку, перамагае дыктатар.

ЭЗ так і не ўдалася пераканаць Бэльгію размарозіць пуцінскія актывы: бо тое было б супраць законаў.

Штосьці падказвае, што ў будучых баявых дзеяньнях (ясна, цалкам антызаконных) Брусэль будзе адной з мішэняў ядзерных удараў Пуціна — як сталіца ЭЗ і штаб-кватэра NATO.

Хаця, магчыма, магутнасьць бомбы на зьменшаць на паўкілатоны — у знак удзячнасьці як сталіцы Бэльгіі.
Можаце мяне рэзаць на кавалкі, але Дзьмітрый Шастаковіч — геніяльны кампазытар, «Пахне чабор» і «Александрына» Пятруся Броўкі — шэдэўры паэзіі, Гагарын — назаўсёды ў гісторыі чалавецтва, Лявонаў першым зьдзейсьніў выхад у адкрыты космас, Максім Танк — выбітны паэт, Мікалай Сямёнаў — выбітны хімік (Нобэлеўская прэмія), «Ціхі Дон» — геніяльны раман (афіцыйнае аўтарства — Шолахаў, Нобэлеўская прэмія), Чынгіз Айтматаў — выбітны кіргізкі празаік, Олесь Ганчар — выбітны ўкраінскі пісьменьнік, Кажадуб і Пакрышкін — сусьветна прызнаныя лётчыкі-асы, Таір Салахаў — выбітны азэрбайджанскі мастак.

Гэта я да таго, што ўсе гэтыя асобы былі дэлегатамі з’ездаў КПСС. Таму мы памыляемся, калі праводзім прамыя аналогіі «всебелоруского народного собрания» з тымі, хто ў свой час зьбіраўся ў Крамлёўскім палацы на партыйныя з’езды. Так, на камуністычныя — і тым ня менш, удзельнікі паноптыкуму, які днямі трансьлявала БТ беларускаму народу, ні па прафэсійных дасягненьнях, ні па чалавечых, ні па якіх іншых якасьцях і блізка не параўнальныя з вышэйназванымі асобамі.
НЕДАКЛАДНАСЬЦЬ БАБАРЫКІ, альбо ШТО НАСАМРЭЧ КАЗАЎ БЫКАЎ ПРА БЕЛАРУСКУ МОВУ

Вясной 2020 году мне давялося ў «Нашай Ніве» абвергнуць сьцьвярджэньні шаноўнага Віктара Бабарыкі, што БНФ («нацыяналісты», як ён выказаўся) нібыта імкнуліся «заліць крывёю праспэкты рускамоўнымі, заўтра навучыць усіх гаварыць па-беларуску».

Але пасьля ягонага незаконнага арышту я спыніў крытыку.

Прыйшлося мне выказвацца і наконт словаў шаноўнай Марыі Калесьнікавай, кштаклту «Аўтазак — гэта проста машына!», але галоўным чынам — яе заяваў як прадстаўніка Каардынацыйнай Рады ў жніўні 2020 пра намер захаваць падпісаныя Лукашэнкам з Масквой пагадненьні і «саюзы» (якія насамрэч прывязалі Беларусь да РФ у палітычным, эканамічным, ваенным і культурніцкім сэнсе і, па сутнасьці, зьяўляюцца нелегітымнымі, бо падпісаныя пасьля канстытуцыйнага перавароту 1995-96 гг.).

Аднак пасьля незаконнага арышту Калесьнікавай я таксама спыніў крытычныя выказваньні ў яе бок.

За гэтыя 5 гадоў, пакуль Віктар Бабарыка і Марыя Калесьнікава былі за кратамі, я пазьбягаў крытычных выказваньняў у іх адрас. Як і тысячы іншых беларусаў, лічыў абавязковым падтрымаць палітычных апанэнтаў, якія апынуліся ў зьняволеньне (а фактычна ў палоне) лістамі (ня ведаю, ці даходзілі яны да адрасатаў).

Шчыра кажучы, зусім не хачу даваць ацэнкі і іх сёньняшнім палітычным заявам.

Мая пазыцыя была выяўленая ў часе галадоўкі дэпутатаў БНФ у Авальнай залі 11-12 красавіка 1995 супраць антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму па зьнішчэньню статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, замене дзяржаўнай сымболікі на імпэрскі эрзац, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт.

Зьбіцьцём дэпутатаў у часе разгляду парлямэнтам пытаньня пра рэфэрэндум Лукашэнка апрыёры дэлегітымізаваў гэты самы рэфэрэндум. Падкрэсьліваю гэта адмыслова, бо часам забываюцца, што вынікі плебісцыту (у тым ліку і наконт дзяржаўнасьці расейскай мовы) — юрыдычна нікчэмныя.

Ад 12 красавіка 1995 мая пазыцыя ў гэтых пытаньнях ня зрушылася ні на мілімэтар. Выглядае, што не зьмянілася яна і ў Віктара Бабарыкі і Марыі Калесьнікавай, ад 2020 году. Вельмі спадзяюся, што калі — небудзь яна зьменіцца.

Цяпер, уласна, пра нагоду для гэтага допісу.

У інтэрвію ўкраінскаму блогеру Золкіну шаноўны Віктар Бабарыка сказаў, што Васіль Быкаў нібыта аддаваў прыярытэт эканоміцы над пытаньнем беларускай мовы.

Акрамя асабістага знаёмства з Быкавым, сумеснай працы ў складзе Сойму БНФ у Менску ў 90-я, перапіскі, сустрэчаў у гады вымушанага жыцьця Васіля Ўладзімеравіча за мяжой, мне давялося быць і ўкладальнікам двух зборнікаў быкаўскай публіцыстыкі («Быкаў на Свабодзе», 2004 г., другое дапоўненае выданьне — 2005 г., «Васіль Быкаў 100», 2024 г.). У гэтыя зборнікі ўвайшла толькі частка быкаўскіх выказваньняў на палітычныя і грамадзкія тэмы — але прачытаў я, мяркую, практычна ўсё, ва ўсякім разе з пачатку апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэньня з канца 80-х гадоў.

Я ня чуў ад Быкава і не чытаў у яго нічога і блізка падобнага на тое, пра што сказаў шаноўны Віктар Бабарыка.

А вось выказваньняў адваротнага зьместу — магу прывесьці дзясяткі. Але ўзгадаю толькі некалькі, якая даюць уяўленьне пра сапраўднае стаўленьне Быкава да беларускай мовы і яе ролі ў лёсе нацыі.

«КАЛІ СТРАЦІМ МОМАНТ, МОВА ЗЬНІКНЕ»

Пачну з тэзы прыярытэтнасьці эканомікі над мовай, нібыта выказанай Быкавым.

У рэльнасьці, менавіта нацыянальнае Адраджэньне (і мову як яго падмурак) Быкаў лічыў галоўным гарантам існаваньня беларусаў. «Мова — аснова ня толькі нацыянальнай культуры, але і існаваньня нацыі, існаваньня этнасу» — казаў ён («Быкаў на Свабодзе», 2005, с. 48.).

Ён быў перакананы ў прыярытэтнасьці, першчарговасьці, неадкладнасьць вырашэньня моўнай праблемы, лічыў, што пытаньне ўратаваньня мовы нельга адсоўваць на другі плян, бо «калі страцім гэты момант, дык наша мова зьнікне праз некалькі гадоў ва ўмовах рэанімацыі таталітарызму і пагрозы рэінтэграцыі ў адзіную імпэрыю» (там жа, с. 61). (1/3)
(2/3) Менавіта таму Быкаў быў сярод тых, хто ў 1986-м падпісаў складзены Ўладзімерам Содалем зварот да генэральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова (легендарны «ліст 28-мі») пра катастрафічную сытуацыю з беларускай мовай (мяне моцна ўразіла, калі ў размове з Гарбачовым я пачуў згадку пра той ліст — праз шмат гадоў Гарбачоў прыгадаў яго сам, я не пытаўся).

Зьяўляючыся адным з заснавальнікаў БНФ, Быкаў лічыў, што барацьба за нацыянальнае адраджэньне павінна быць прыярытэтам гэтага руху — нароўні са змаганьнем за Незалежнасьць і дэмакратыю. Ён падтрымліваў праграмнае палажэньне Народнага Фронту аб наданьня статусу беларускай мове як адзінай дзяржаўнай у адпаведным законе.

Кажучы пра Закон аб мовах, звычайна нагадваюць, што ён прыняты ВС XI скліканьня, у якім не было ніводнага дэпутата БНФ. Сапраўды, Вярхоўны Савет гэтай кадэнцыі быў абраны ў 1985 годзе, калі да ўтварэньня БНФ заставалася некалькі гадоў.

Але ў студзені 1990-га, калі прымаўся Закон, у Авальнай залі быў дэпутат, які ўваходзіў ня толькі ў БНФ, але і яго кіруючы орган — Сойм. Імя гэтага дэпутата — Васіль Быкаў. Дадам, што ў складзе рабочай групы па падрыхтоўцы Закону быў Пётра Садоўскі (ён будзе абраны дэпутатам наступнага, XII скліканьня), які карыстаўся кансультацыямі ў тым ліку і сябра Сойму БНФ Вінцука Вячоркі).

Так што фронтаўцы мелі непасрэднае дачыненьне да Закону, прынятага сфармаваным яшчэ ў камуністычныя часы Вярхоўным Саветам.

Хочацца думаць, што за тое галасаваньне (як і за галасаваньне 27 ліпеня 1990 за Дэклярацыю аб сувэрэнітэце і 25 жніўня 1991 за Незалежнасьць) камуністам даруюцца на небе хай ня ўсе, дык хоць некаторыя зямныя грахі.

Але адзін «грэх» быў у самім законе. Гэта — пэрыяд уступленьня ў сілу дзейнасьці асобных ягоных палажэньняў, які дасягаў — да зьдзіўленьня аматараў міфу пра «хуткую і гвалтоўную беларусізацыю» — аж 10 гадоў.

Дзесяці гадоў!

У заканадаўстве ніводнай іншай былой рэспублікі СССР вы ня знойдзеце нічога падобнага (тэрміны звычайна жорсткія і сьціслыя) — пры тым што нідзе стан мовы тытульнай нацыі ня быў нагэтулькі катастрафічны, як у Беларусі.

Быкаў за закон прагаласаваў, але празьмерна доўгі тэрмін крытыкаваў: «Усе гэтыя законы прынятыя былі афіцыйна Вярхоўным Саветам і расьцягвалі, расьцягвалі на дзесяцігодзьдзе ўстанаўленьне дзяржаўнасьці беларускай мовы. Канешне, тады ўжо было відаць: ва ўмовах нестабільнасьці грамадзтва — што можна разьлічваць на дзесяць год?» («Васіль Быкаў 100», 2024, с. 28).

ПАДМАНЛІВАЕ «А ПОТЫМ...»

Будучы ў авангардзе барацьбы за захаваньне беларускай мовы, Быкаў успрыняў палітыку Лукашэнкі як нацыянальную трагедыю: «Ворагі нацыянальнай ідэі разумелі сытуацыю і зрабілі контрадзеяньні. Адным з рашучых дзеяньняў стаў рэфэрэндум, на якім пад выглядам раўнапраўя моваў была атрыманая фармальная згода народу на палітыку фактычнага зьнішчэньня беларускай мовы. І цяпер гэтая палітыка выканаўчай уладай праводзіцца вельмі актыўна. Я ня бачу якіх-небудзь надзеяў на лепшае ў бліжэйшы час». ((«Васіль Быкаў 100», 2024, с. 30).

Часам прыгадваюць радкі Быкава з «Доўгай дарозе дадому» пра тое, што лідэр БНФ Пазьняк імкнуўся да ідэальнай Беларусі, а Лукашэнка казаў народу рэчы зразумелыя і прымітыўныя, як «мычаньне каровы», і падаюць гэта як нібыта нязгоду Быкава з лідэрам БНФ. Абсурд! Быкаў цудоўна ведаў, што Народны Фронт распрацаваў некалькі эканамічных праграм і дзясяткі законапраектаў, палажэньні якіх леглі ў падмурак эканамічных рэформаў (хай і скамечаных посткамуністычнай намэнклатурай). У гэтым лёгка пераканаецца, прагладзіўшы на ютубе запіс ягонага выступу па БТ ў якасьці даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты Пазьняка ў чэрвені 1994 года.

Быкаў меў на ўвазе зусім іншае — а менавіта тое, як падмануліся людзі, паверыўшы папулісцкім, безадказным лёзунгам Лукашэнкі. У гэтым — ні граму крытыкі БНФ і ні кроплі згоды з Лукашэнкам.

І вось тут, падаецца, мы выходзім на тэму, якая была актуальнай у 1994-м, у 2020-м, засталася актуальнай сёньня (пра што сьведчаць цяперашнія словы Віктара Бабарыкі) і ня згубіць актуальнасьці на будучых дэмакратычных выбарах. (2/3)
(3/3) Гэта — тое, што чуецца ўжо больш як тры дзясяткі гадоў: а давайце мы адсунем на потым непапулярныя ў значнай часткі насельніцтва пытаньні нацыянальнага Адраджэньня, мовы, і скажам людзям тое, што яны хочуць пачуць, яны за нас прагаласуюць, мы прыйдзем да ўлады — ну а потым...

Як толькі што вымаўленыя, чую сказаныя мне вясной 94-га словы Віктара Ганчара, калі ён прапаноўваў мне далучыцца да каманды Лукашэнкі: Сяргей, ты бачыш, як складаецца сытуацыя, цяпер важна ўзяць уладу! А потым....

Жыцьцё пацьвердзіла, што — ня будзе, не бывае ніякага «потым». Нічога добрага не бывае праз падман.

«НАШ РУХ — НЕ НА ПЯЦЬ ГАДОЎ, НАША СПРАВА — СЬВЯТАЯ»

Перада мной — машынапіс з аўтарскімі праўкамі прамовы Быкава на IV зьезьдзе БНФ, які Васіль Уладзімеравіч аддаў мне пасьля выступу. Гэта было 10 красавіка 1995-га, назаўтра 19 дэпутатаў Апазыцыі БНФ абвясьцілі галадоўку супраць лукашэнкаўскага рэфэрэндуму. Фрагмэнтам таго выступу і закончу — там якраз пра папулізм і пра «...а потым».

«Папулізм, як адзіна магчымы з адносна прымальных сродкаў, таксама заежджаны, запэцканы, і ў нашых умовах, па-сутнасьці, адыёзны, як і іншыя сродкі з багатага арсэналу нашых праціўнікаў. Наўрад ці гожа БНФ карыстацца імі. Усё ж існуе нешта вышэйшае за палітычную ці іншую мэтазгоднасьць, вышэй за яўны і прагматычны палітычны разьлік. Ці гожа забываць, нават у цяжкія часіны, на пэўныя імпэратывы зь ліку хрысьціянскай этыкі, эвангельскай маралі, чалавечага сумленьня, нарэшце?

У гэтым сэнсе маральны рыгарызм Беларускага Народнага Фронту і ягонага лідэра — той каштоўны капітал, якім валодае зараз мала якая партыя, і ня толькі на Беларусі. Гэта маральная сіла з несумненным палітычным эфэктам хіба можа скіраваная ня так у сучаснасьць, як у будучыню.

Асабліва, калі мець на ўвазе, што наш рух — не на пяць гадоў, што мы лучым у далёкую гістарычную пэрспэктыву, нават калі яна будзе належыць ня нам. Але ўсё роўна яна будзе належыць Беларусі.

Мы ня цешым сябе хуткай і лёгкай перамогай — лёгкай перамогі, відаць, ня будзе. Але нават яўная параза не павінна адкінуць нас ад нашай справы, бо тая справа — сьвятая. Яна дзеля народа, дзеля нашай занядбанай нацыі, дзеля чалавецтва і чалавечнасьці. Дзеля дэмакратыі і гісторыі, нарэшце».

Гэтак і ёсьць, Васіль Уладзімеравіч.
«Расея жадае Ўкраіне посьпеху» — Трамп. Ага, жадае — ракетнымі атакамі па ўкраінскіх гарадах і генацыдам на акупаваных тэрыторыях.

У мяне дрэнныя навіны для заўзятараў Трампа: ён можа аддаць Беларусь пад Пуціна, бо, перафразуючы ягоную заяву ўкраінскаму прэзыдэнту, «у прыхільнікаў беларускай Незалежнасьці няма козыраў».

Самае дрэннае, што зрабіў Трамп — зьнішчыў мяжу паміж Дабром і Злом, узьвёўшы матэрыяльны інтарэс у абсалют. Усё вырашаюць толькі «козыры» — толькі грошы і толькі вайсковая сіла. Іх у беларусаў — тых, хто за незалежную, дэмакратычную, вольную Беларусь — сапраўды няма.

І ЗША ўжо ня ёсьць абаронцамі гуманістычных, дэмакратычных каштоўнасьцяў — і гэта галоўны вынік 2025-га, які можа адыграць катастрафічную ролю ў бліжэйшай будучыні.

Народы часам робяць памылкі — немцы ў пачатку 1930-х, беларусы ў 1994-95, і вось у 2024 — амэрыканцы. Памылкай была і інфантыльная вера эўрапейскіх лідэраў у міралюбства Масквы, спадзяваньне на ваенную дапамогу выключна ЗША.

Але важна, ці пасьпяваюць народы зрабіць урокі раней, чым памылка адб’ецца на лёсе пакаленьняў (а часам — і лёсах іншых народаў).

Эўропа — ня так хутка, як хацелася б — але пачала рабіць высновы. Ці пасьпее да нападу Расеі — прадказаць не бяруся.

Наколькі хутка ўдасца засвоіць урок амэрыканскаму народу — таксама сказаць цяжка. У кожным разе, для аднаўленьня даверу да ЗША спатрэбяцца ня год і ня два.

Але ў тым, што ўрэшце будуць зробленыя высновы, і высновы правільныя, асабіста ў мяне няма сумневу — за гэта сьведчыць традыцыя канстытуцыялізму ЗША, з падзелам уладаў, свабодай прэсы, абавязковасьці вольных выбараў, урэшце, уся гісторыя свабодалюбівага народа Амэрыкі.

І ў гэтым — галоўная мая надзея на 2026 год.
Ці лічыце Вы, што КДБ РБ павінна быць прызнанае на міжнародным ўзроўні тэрарыстычнай арганізацыяй?
Anonymous Poll
89%
Так
5%
Не
6%
Ня маю адказу
Мне вось цікава: ці разумеюць тыя, хто ўзрадаваўся разьмяшчэньню ў Беларусі расейскага «Арэшніку» (выглядае, зь ядзернымі боегалоўкамі), што з гэтага моманту некалькі боегаловак падводнага флоту Вялікабрытаніі (верагодна, і ЗША) будуць нацэленыя ня толькі на гэты расейскі комплекс, але і на адміністрацыйныя і сілавыя цэнтры ў Менску? На адміністрацыю Лукашэнкі (абодва будынкі), Мінабароны, КДБ, а таксама вайсковыя часткі ля Ўручча, аэрадром у Мачулішчах, яшчэ некаторыя.

Істотны момант: у выпадку ўзьнікненьня ядзернага канфлікту ніхто ня будзе чакаць, пакуль «Арэшнік» запусьціць ракеты — удары будуць нанесеныя прэвэнтыўна. Гэта азбука сцэнару ядзернай вайны.

Пры сярэдняй магутнасьці стратэгічнай ядзернай боегалоўкі (300 kt, т.зв. Minuteman III) усё ў радыюсе 0,7 км і дыямэтры 1,5 км (адлегласьць ад Дому ўраду да цырку, ці ад КДБ да Палацу спорту, каму як падабаецца) імгненна распадаецца на малекулярным узроўні, у радыюсе 5,5 км (дыямэтры 11 км, гэта практычна ўвесь Менск па кальцавой) руйнуюцца будынкі, мяркуемая колькасьць ахвяраў — ад 400 да 500 тысяч чалавек (гінуць адразу ці ў выніку апраменьваньня).

Уласна, дастаткова адной бомбы, але па ўсіх сцэнарах па сталіцах прадугледжваецца некалькі ўдараў. Каб ужо надзейна. Менск будзе зьнішчаны цягам некалькіх хвілінаў.

Такая вось пэрспэктыва. Такая вось плата за «интеграцию с братской Россией», за «союзное государство», за шматгадовае імкненьне Лукашэнкі дагадзіць Маскве.
А я так скажу: тое, што цяпер зрабілі з Мадура, з Лукашэнкам трэба было зрабіць адразу пасьля 12.04.1995, калі ён зьбіў дэпутатаў парламэнта і пачаў дзяржаўны пераварот. Магчымасьці для гэтага былі. Не было палітычнай волі.
ІМУНІТЭТ КІРАЎНІКОЎ ДЗЯРЖАВАЎ — МІФ?

Напэўна, як і вы, я шмат разоў чуў пра «імунітэт кіраўнікоў дзяржаў», але ніхто і ніколі ня здолеў назваць нейкі міжнародны прававы дакумэнт, дзе б такі імунітэт быў зафіксаваны (часам да кіраўнікоў дзяржавы дадаюць кіраўніка ўраду і міністра замежных спраў).

Паспрабаваў пашукаць — выглядае, што такога дакумэнту не існуе ў прыродзе. Скажам, Венская канвэнцыя аб дыпляматычных зносінах (1961) прадстаўляе дыпляматычны імунітэт, у тым ліку гарантыю ад арышту, вобшуку і г.д., афіцыйна акрэдытаваным дыпляматам.

Падкрэсьлю: акрэдытаваным МЗС краіны знаходжаньня, а ня проста ўладальнікам дыпляматычных пашпартоў, напрыклад, міністрам ці дэпутатам, якія з такімі пашпартамі прыехалі з візытам у краіну.

Нічога падобнага ў дачыненьні да кіраўнікоў дзяржаваў я не знайшоў. У гэтым сэнсе, акрэдытаваны другі сакратар амбасады (адносна невялікая пасада) абаронены імунітэтам (як і члены ягонай сям’і), а вось прэм’ер-міністар ягонай краіны, якому ён у часе візыту перакладае — не.

Адзінае, што ёсьць на гэтую тэму — пэўныя вэрдыкты Міжнароднага суду ААН (але ягоныя рашэньні не прызнаюць абавязковымі, напрыклад, ЗША, Ізраіль і Кітай, тады як тую ж Венскую канвэнцыю прызнаюць усе), і Міжнароднага крымінальнага суду (таксама не прызнаецца ЗША і некаторымі іншымі краінамі). І да таго ж — у большасьці краінаў ня дзейнічае прынцып прэцэдэнтнага права.

З другога боку, мы ведаем, што шэраг краінаў заявілі пра арышт Пуціна па ордэру Міжнароднага суду, калі той зьявіцца на іх тэрыторыі.

Найбольш колькі-небудзь уцямнае ўнівэрсальнае тлумачэньне, якое я знайшоў — гэта спасылкі на «міжнародную звычку як доказ усеагульнай практыкі, прызнанай у якасьці прававой нормы».

Ну, кшталту: усталявалася звычка і набыла статус прызнанай нормы этыкету, што, седзячы за сталом, некамільфо смаркацца ў сурвэтку ці лезьці відэльцам у талерку суседа.

Так што, выглядае, дзейнічае разуменьне магчымых наступстваў, а ня нейкая абавязковая для ўсіх міжнародная канвэнцыя.
Да пытаньня “Калі можна ЗША — значыць, можна і Расіі?”.

А калі Расіі было нельга? Прыгадайце апошні падзел Рэчы Паспалітай у 1795. Ці больш сьвежае — “крамлёўскі дэсант” і ўратаваньне Лукашэнкі ад імпічмэнту ў 1996.

І вяртаньне сьвету ў XIX стагодзьдзе (“права моцнага”) пачалося не з захопу нелегітымнана кіраўніка Венэсуэлы — а з анэксіі тэрыторый, прызных усім сьветам (у тым ліку і Крамлём) законнымі часткамі Украіны.
Падсумуем. Мадура ня быў легітымным, апэрацыя спецсілаў ЗША — бліскучая, народ Венэсуэлы мае права на лепшае жыцьцё (як і народ Беларусі, ды і кожны народ, які знаходзіцца пад тыраніяй).

Цяпер важна: ці паспрыяюць ЗША замене “чавэсаўскай” мадэлі на дэмакратычна абраную ўладу (а гэта няпросты працэс менавіта для Трампа) — альбо пакінуць гэтую мадэль, усяго толькі пераарыентаваўшы на інтарэсы энэргетычных карпарацый ЗША (вельмі просты працэс менавіта для Трампа).

Ад гэтага і будзе залежыць ацэнка, якую дасьць падзеі 3 студзеня Гісторыя.
Трэці дзень чытаю пра “парушэньне нормаў міжнароднага права”. І тры дзесяцігодзьдзі беларуская апазыцыя, у розных яе рэінкарнацыях, безвынікова спрабуе пазбавіца дыктатара, дзейніючы выключна ў межах “прававых нормаў” і “мірнага пратэсту” (якія, дадам, найстойліва навязвалі апазыцыі заходнія палітыкі ды “рэсурсныя цэнтры”, пэрыядычна заганяючы яе на “выбары”, хаця — якія выбары пра дыктатуры?).

Увогуле, я, на падставе і палітычнага, і жыцьцёвана досьведу — за эвалюцыйны, а не рэвалюцыйны шлях разьвіцьця. І дапускаю вымушаныя кампрамісы з аўтакратам, калі ён хоць у нейкай ступені рухае краіну да, умоўна кажучы, прагрэсу.

Але калі аўтакрат ператвараецца ў дыктатара і пачынае страляць у народ… У такіх умовах што народ мае права на паўстаньне, што зьнешнія сілы — на адэкватныя дзеяньні, каб паспрыяць вызваленьню гэтага народа.
Трамп мае рацыю, кажучы пра важнасьць Грэнляндыі для бясьпекі ЗША. І вакол яе сапраўды сканцэнтраваліся расейскія і кітайскія караблі (расшыфруем: ядзерныя падводныя лодкі).

Але Грэнляндыя - тэрыторыя Даніі. І ЗША, і Данія — члены NATO, і пытаньне бясьпекі трэба вырашаць у фармаце ўмацнаваньня саюзьніцтва, а не бяздумнага развалу альянсу, які, пры ўсіх сваіх недахопах, сёньня супрацьстаіць Маскве (у тым ліку - і дапамогай Украіне).

Вашынгтон няздольны ізалявана супрацьстаяць адначасна і Маскве, і Пекіну, гэта геапалітычная аксыёма.
Вы падтрымалі б дастаўку Лукашэнкі ў Гаагу з парушэньнем нормаў міжнароднага права?
Anonymous Poll
67%
Так
29%
Не
5%
Ня маю адказу
Пішуць, што ахову Мадура складалі кубінцы. Прыгадваецца, як адразу пасьля “выбараў” 1994 (а па сутнасьці — апэрацыі Лубянкі па прасоўваньню свайго чалавека на пасаду прэзыдэнта Беларусі) Лукашэнку ўзяло пад ахову ФСБ (тады - ФСК) РФ, і афіцэры ФСК (ясна, грамадзяне РФ) занялі ключавыя пасады ў КДБ РБ.

Дэпутаты Апазыцыі БНФ былі адзінымі ў парламэнце, хто летам 1994 выступіў супраць рэзкага ўзмацненьня экспансіі Масквы пры ўжо прэзыдэнцкай уладзе — астатніх гэта задавальняла. Альбо — не жадалі сварыцца з Лукашэнкам, бо ішла раздача пасадаў.

Ну, а насельніцтва… Ня будзем пра насельніцтва, бо і сёньня з Крымам для некаторых “неоднозначно”.