Літаратурны музей – Telegram
Літаратурны музей
225 subscribers
2.65K photos
32 videos
269 links
г.Мінск, вул.Багдановіча, 13
Download Telegram
16 студзеня ў музеі адбылася святочная сустрэча з музыкам, этнографам, мастаком, майстрам музычных інструментаў Алесем Ласём, якая мела назву "Каляда-kalenda". Імпрэза прайшла пры ўдзеле спявачкі і музыкі Алесі Сівохінай.

Госці даведаліся пра спаконвечныя калядныя традыцыі, абрады і найменні, паслухалі калядныя спевы і наталіліся чароўнымі гукамі традыцыйных беларускіх інструментаў.
12👍1
20 студзеня ў межах праекта "Магія слова" ў музейных сценах адбылася сустрэча з пісьменніцай Інай Фраловай і прэзентацыя яе новай кнігі "Калі адцвіце ядловец".

Утульная зала напоўнілася шчырымі аматарамі творчасці аўтаркі, якія сабраліся, каб першымі дакрануцца да кніжнай навінкі, пачуць гісторыю яе нараджэння, выказаць словы захаплення, падтрымкі і падзякі, а таксама павіншаваць пісьменніцу з важнай падзеяй у яе творчым жыцці.
9
АРХІЎНЫЯ МАТЭРЫЯЛЫ ДА ЖЫЦЦЯ І ДЗЕЙНАСЦІ АДАМА БАГДАНОВІЧА
прэзентацыя кнігі
12+

27/01/2026, 19:00

📍Філіял "Літаратурны музей Максіма Багдановіча"


Зусім нядаўна пабачыла свет кніга “Архіўныя матэрыялы да жыцця і дзейнасці Адама Багдановіча. Сшытак 6”. Яна працягвае традыцыю выдання музейных сшыткаў. У фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча захоўваецца найбагацейшы архіў Адама Багдановіча, які ўключае сотні дакументаў, рукапісаў, машынапісаў і лістоў.

Шосты сшытак склала непублікаваная раней мемуарная спадчына Адама Ягоравіча Багдановіча, прысвечаная яго нарадавольчай дзейнасці. Таксама ў зборніку прадстаўлены эпісталярыі акрэсленай тэматыкі. Выданне знаёміць з гісторыяй грамадска-палітычнага і культурнага жыцця Мінска і Беларусі другой паловы ХІХ ст.

👤Падчас прэзентацыі музейнай кніжнай навінкі вас чакае расповяд пра самыя яркія моманты з мемуараў Адама Багдановіча, а таксама цікавосткі з жыцця нясвіжскіх семінарыстаў і мінчукоў ХІХ ст. ад укладальніка Валянціны Кароткінай.

👥У сустрэчы таксама возьмуць удзел даследчыкі-багдановічазнаўцы і супрацоўнікі музея, якія падзеляцца сваім поглядам на асобу Адама Багдановіча.

Уваход вольны.
10
ЛАБАРАТОРЫЯ ПАЭТЫЧНАЙ МЭТАФІЗІКІ

✍🏼Тэма: “Францішак Багушэвіч. Метафізіка першапачатку”

28/01/2026, 19:00

📍Філіял "Літаратурны музей Максіма Багдановіча"


Літаратурны музей Максіма Багдановіча працягвае цыкл сустрэч, прысвечаных беларускай і сусветнай традыцыі інтэлектуальнай літаратуры / метафізічнай паэзіі.

Багушэвiч – беларускi Кафка. Ён традыцыйна чытаўся i чытаецца як этнаграфія, бачыцца вачыма сэнтыментальна-народнiцкiмi. Яго Космас змрочны, трагiчны, разарваны. За спіной – шляхецкая цывілізацыя і выпадзенне з гісторыі. Наперадзе – незразумелы і няўтульны горад. Перад вачыма – занядбаны, хаця й родны кут, “хатка”, у якой мусіць паўставаць новая суб'ектнасць, культура, навука, заводы й універсітэты. Як гэта ўвогуле мажліва? Адкуль з’явілася сіла, энергія? З чаго ўсё разгарнулся? Як мы бачым Багушэвіча сёння?

👤Мадэратар: Ігар Бабкоў, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАНБ, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт.

🎟.

З А П Р А Ш А Е М !
8
ТРАДЫЦЫЙНЫЯ ТАНЦЫ Ў ТРАЕЦКІМ

31/01/2026, 17:00-20:00

📍Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры


Доўгімі зімовымі вечарамі так хораша сабрацца ва ўтульнай сяброўскай кампаніі і весела прабавіць час. Танцавальная вечарына – адзін з выдатных спосабаў правесці гэты час карысна і актыўна.

ℹ️Беларускія традыцыйныя танцы адносяцца да так званых сацыяльных танцаў. Танцавальная вечарына – гэта імпрэза, дзе збіраюцца прадстаўнікі розных прафесій, узростаў і сацыяльных статусаў, аб'яднаныя любоў да свайго і цікавасць да беларускай традыцыі.

Запрашаем усіх, хто ўмее танчыць, толькі вучыцца альбо марыць навучыцца. На вечарыне будуць вопытныя танцоры, якія стануць выдатным арыенцірам на танцпляцы для тых, хто захоча пазнаёміцца з асноўнымі рухамі таго ці іншага танца.

Атмасферу сапраўднай беларускай вечарыны створаць музыкі-аматары. Яны зайграюць "Лявоніху", "Кракавяк", "Грачанікі", "Вераб’я", "Каханачку" ды многія іншыя танцы. Сярод традыцыйных музычных інструментаў – скрыпка, цымбалы, басэтля, дуда, гармонік, акардэон, бубен, барабан.

🎟15р. (каса працуе да 19:00).

Усіх сардэчна запрашаем!
6
ШАРЖЫ НА ПЕТРУСЯ БРОЎКУ
лекцыя

29/01/2026, 18:00

📍Філіял "Літаратурны музей Петруся Броўкі"


Літаратурны музей Петруся Броўкі запрашае на лекцыю, прысвечаную мастацтву беларускага сяброўскага шаржа ХХ стагоддзя.

На лекцыі вы даведаецеся, як вобраз Петруся Броўкі знаходзіў сваё адлюстраванне ў гуманістычных і сатырычных малюнках яго сучаснікаў-мастакоў – Цфаніі Кіпніса, Заіра Азгура, Анатоля Волкава, Мікалая Гурло, Евеля Ганкіна, Аскольда Чуркіна, Міхаіла Лісоўскага. Часам шаржы суправаджаліся вершамі-пародыямі ці эпіграмамі – Міколы Хведаровіча, Рыгора Барадуліна, Янкі Брыля, Максіма Танка, Пімена Панчанкі.

Лекцыя будзе цікавай для шырокай аўдыторыі, якая вывучае беларускую літаратуру, мастацтва і культуру, і для тых, хто хоча больш даведацца пра асобу Петруся Броўкі праз прызму мастацкага гумару і ўважлівага погляду мастакоў-сучаснікаў. Гэта выдатная магчымасць пагрузіцца ў атмасферу літаратурна-мастацкага жыцця мінулага стагоддзя і адкрыць для сябе новае, “нясур’ёзнае” вымярэнне класіка беларускай літаратуры.

Запрашаем адкрыць Петруся Броўку ў нечаканым ракурсе — з усмешкай!

Уваход вольны!
3🔥1