cybulinka – Telegram
cybulinka
1.61K subscribers
1.66K photos
82 videos
7 files
1.73K links
самыя важныя навіны й гісторыі з розных сфэраў навукі

супрацоўніцтва: @sabaczka
Download Telegram
Уцёкі ад панікі. Інтэрвальны бег зьменшыў частату і інтэнсыўнасьць панічных атак

Навукоўцы з Унівэрсытэту Сан-Паўлу выявілі, што кароткія інтэнсыўныя прабежкі дапамагаюць змагацца з панічнымі разладамі лепш, чым клясычныя мэтады рэляксацыі. Дасьледаваньне, апублікаванае ў Frontiers in Psychiatry, паказвае, што фізычная актыўнасьць навучае мазгі адэкватна рэагаваць на пачашчанае сэрцабіцьцё й задышку.

Панічныя атакі – гэта ня толькі пачуцьцё страху, але й вострая рэакцыя вэгетатыўнай сыстэмы, якая праяўляецца болем у грудзях, задышкай і высокім пульсам. З часам пацыенты пачынаюць баяцца саміх фізычных адчуваньняў у сваім целе, памылкова ўспрымаючы іх як прыкметы сэрцавых спохватаў альбо сьмерці. Гэта прыводзіць да маларухомага ладу жыцьця й пазьбяганьня любых нагрузак. Каб разарваць гэтае кола, у псыхатэрапіі выкарыстоўваюць наўмыснае правакаваньне цялесных адчуваньняў у бясьпечных умовах.

Цяпер дасьледчая каманда спраўдзіла, як з гэтай задачай дае рады інтэрвальны бег. У экспэрымэнтах бралі ўдзел 102 чалавекі з панічнымі разладамі й агарафобіяй (боязь вялікіх прастораў, натоўпаў). Першая група цягам 12 тыдняў выконвала простыя трэнаваньні: пасьля 15-хвіліннага шпацыру ішоў 30-сэкундны спрынт, а затым яшчэ 15 хвілін хады. Колькасьць інтэрвалаў бегу паступова павялічвалася. Другая група практыкавала прагрэсыўную мускульную рэляксацыю паводле Джэйкабсана (паступовае напружаньне й расслабленьне розных групаў цягліц).

Вынікі паказалі, што бег эфэктыўна зьніжае частату й інтэнсыўнасьць панічных атак. На 24-тыдні назіраньня ў «бегавой» групе паказьнікі трывожнасьці й дэпрэсыі былі істотна ніжэйшымі, чымся ў групе рэляксацыі. Акрамя таго, фізычныя практыкаваньні аказаліся больш зручнымі для пацыентаў/пацыентак, бо іх прасьцей выконваць у грамадзкіх месцах падчас звычайнага шпацыру.

На думку аўтараў, кароткія ўсплёскі высокай фізычнай актыўнасьці прывучаюць арганізм да высокага пульсу падчас бегу, і чалавек перастае ўспрымаць падобныя сымптомы як небясьпечныя падчас панічнай атакі. Гэта дазваляе ня толькі палепшыць псыхічны стан, але й вярнуць людзей да актыўнага жыцьця.
👍29🥰7🤔31
Высокі тэстастэрон у крыві зьвязалі з павышанай рызыкай ішэмічнай хваробы сэрца ў мужчын

Высокія ўзроўні тэстастэрону ў крыві могуць павышаць рызыку ішэмічнай хваробы сэрца (ІХС) у мужчын, вынікае зь нядаўна апублікаванага ў The Journal of Clinical Endocrinology & Metabolism дасьледаваньня. Вынікі набываюць асаблівую актуальнасьць на тле стабільна высокай цікаўнасьці да тэстастэронавай тэрапіі па ўсім сьвеце. Апроч лячэньня клінічнага гіпаганадызму, гарманальныя прэпараты часта выкарыстоўваюцца для паляпшэньня спартовых паказьнікаў, набору мускульнай масы й як сродак "супраць старэньня".

Каб ацаніць прычынна-выніковую сувязь паміж тэстастэронам і хваробамі сэрца, каманда выкарыстала мэтад мэндэлеўскай рандамізацыі – аналіз генэтычных варыянтаў, якія натуральным чынам вызначаюць узровень гармонаў у крыві. Навукоўцы выкарысталі для гэтага даныя больш за 1.4 млн чалавек.

Аказалася, што мужчыны з генэтычна высокім узроўнем палавога гармону мелі на 17% большую рызыку разьвіцьця хваробы сэрца. Гэта азначае рост пажыцьцёвай рызыкі ІХС з 7.3% да 8.5%. Часткова такі эфэкт тлумачыцца высокім артэрыяльным ціскам, які падвышаецца ўсьлед за тэстастэронам. У жанчын выразнай сувязь не знайшлі.

Цікава, што ў папярэдніх назіральных дасьледаваньнях, вынікі былі адваротнымі: там нізкі ўзровень тэстастэрону быў фактарам рызыкі хваробаў сэрца. Але цяпер відавочна, што вынікі маглі быць скажонымі спадарожнымі фактарамі, такімі як дыябэт і атлусьценьне, якія адначасова зьніжаць узровень тэстастэрону й павышаюць рызыку сэрцава-судзінных захворваньняў.

Аўтары падкрэсьліваюць, што пры мэдычных паказаньнях карысьць тэстастэронавай тэрапіі, імаверна, перакрывае рызыкі. Аднак выкарыстаньне гармону без выразнай патрэбы можа мець доўгатэрміновыя наступствы для здароўя сэрца.
👍23😢9🤔4🤷‍♂1😁1
Мазгі немаўлят аказаліся значна менш хаатычнымі, як уважалася больш за стагодзьдзе. Новыя дасьледаваньні паказалі, што ў першыя тыдні жыцьця дзеці здольныя ўпарадкоўваць візуальны сьвет і лавіць рытм музыкі.

У першым дасьледаваньні аўтары ўпершыню зладзілі фМРТ-сканаваньне больш як сотні 2-месячных немаўлят у стане няспаньня й выявілі, што мазгавая вобласьць, якая адказвае за распазнаваньне абʼектаў, працуе цалкам як ў дарослых. Так, вэтральная зрокавая кара ўжо выразна адрозьнівала катэгорыі — жывёлаў, ежу й побытавыя прадметы, што супярэчыць уяўленьню пра паступовае фармаваньне гэтых здольнасьцяў.

Другое дасьледаваньне паказала, што менш чым праз двое сутак пасьля нараджэньня, мазгі немаўлят могуць сачыць за рытмам музыкі. Навукоцы тут прайгравалі дзецям арыгінальныя й зьмененыя творы Баха, фікусуючы мазгавую актыўнасьць з дапамогай ЭЭГ. Калі парушайся рытм, у мазгах імгненна ўзьнікаў сыгнал зьдзіўленьня, а вось зьмеы мэлёдыяў дзеці не заўважалі. Гэта значыць, што здольнасьць адчуваць рытм разьвіваецца вельмі рана, а вось адчуваньне мэлёдыяў фармуецца пазьней.

Дасьледнікі мяркуюць, што такая асымэтрыя зьяўляецца яшчэ ва ўлоньні: рытмічныя сыгналы, такія як біцьцё сэрца ці рухі маці, добра чутныя плоду, а вось дакладныя вышыні гукаў прыглушаюцца.
31👍11👏2💯2
Кета-дыета справакавала ў маладога мужчыны кета-сып

Пераход на кета-дыету можа радыкальна зьмяніць арганізм, і часам зусім ня так, як чакаецца. Лекары апісалі ў New England Journal of Medicine выпадак 20-гадовага мужчыны, у якога празь некалькі тыдняў пасьля пачатку кет-дыеты зьявіліся інтэнсыўныя высыпаньні на грудзях і шыі. Нягледзячы на трывожны выгляд, стан аказаўся адносна бясьпечным і добра паддаецца лячэньню пры ўмове, што пацыент выходзіць з кета-дыеты.

Захворваньне вядомае як пігмэнты сьверб, але найчасьцей яго называюць проста кета-сыпам. Яно цесна зьвязанае з мэтабалічным станам кетозам, калі арганізм замест глюкозы пачынае спальваць тлушч. Сып звычайна пачанаецца з дробных чырванаватых вузельчікаў, якія паступова ўтвараюць характэрныя сеткападобныя патэрны. Чаму менавіта кетоз выклікае такую рэакцыю, да канца не зразумела, але зьява застаецца выключна рэдкай. Так, да 2019 году ва ўсім сьвеце было задакумэнтавана толькі 300 выпадкаў.
😱18👍8🤷‍♂3🤔1
Дрожджы гатовыя да палёту на Марс, а Маску больш цікавы Месяц

Дрожджы аказаліся значна больш устойлівымі да экстрэмальных умоваў, чым меркавалася раней. Індыйскія дасьледнікі паказалі, што гэтыя простыя арганізмы здольныя выжываць пад узьдзеяньнем стрэсаў, падобных да тых, што існуюць на Марсе, уключаючы моцныя ўдарныя хвалі, аналягічныя мэтэарытным ударам, і таксычныя злучэньні з марсіянскага грунту.

У досьледах жывых дрожджаў падвяргалі ўзьдзеяньню ўдарных хваляў хуткасьцю да 1921 м/с, а таксама апрацоўвалі пэрхляратам натру. Нягледзячы на экстрэмальны ціск і хэмічную агрэсію, вузы захоўвалі жыцьцяздольнасьць, хоць іхні рост і запавольваўся. Навукоўцы зьвязваюць гэтую фэнамэнальную ўстойлівасьць з утварэньнем адмысловых рыбануклеапратэінавых кандэнсатаў, якія дапамагаюць абараняць і перабудоўваць мРНК падчас стрэсу.

Атрыманыя вынікі сьведчаць, што падобныя малекулярныя структуры могуць служыць біялягічнымі маркёрамі выжываньня ў пазазямных умовах. Дасьледаваньне падкрэсьлівае патэнцыял дрожджаў як мадэльнага арганізму ў астрабіялёгіі й можа дапамагчы ў распрацоўцы біясыстэмаў для будучых касьмічных місіяў.

Аднак, пакуль навука знаходзіць спосабы выжываньня ў далёкім космасе, прагматыка бярэ сваё. Ілан Маск, які доўгі час лічыў Месяц «несурʼёзнай» мэтай і заклікаў факусавацца выключна на чырвонай плянэце, раптам зьмяніў рыторыку. Нягледзячы на старыя абяцаньні адправіць людзей на Марс недзе каля 2026 году, сёньня SpaceX усё больш засяроджваецца на стварэньні месяцовага гораду. На гэты праект спатрэбіцца як мінімум дзесяцігодзьдзе, што фактычна адсоўвае марсіянскую мару ў няпэўную будучыню.
👍21😎9🤷‍♂21👏1👾1
Малекулярная памяць імунітэту аказалася мацнейшай за гены

Пандэмія COVID-19 выразна паказала, што адзін і той жа вірус адбіваецца на людзях зусім па-рознаму: ад лёгкіх сымптомаў застуды да крытычнага стану. Новае дасьледаваньне ў Nature Genetics дае дакладнае тлумачэньне гэтай розьніцы. Прычына ня толькі ў спадчыннасьці, але й у «малекулярнай памяці» нашага жыцьцёвага досьведу, што зафіксавана ў эпігеноме імунных вузаў.

Дасьледнікі склалі падрабязную эпігенэтычную мапу, якая дэманструе, што генэтыка й імунны досьвед (перанесеныя інфэкцыі, вакцынацыя, уплыў навакольнага асяродзьдзя) па-рознаму праграмуюць канкрэтныя тыпы імунных вузаў. Для гэтага аўтары вывучылі ўзоры крыві 110 чалавек, аналізуючы T- і B-лімфацыты, монацыты й натуральныя кілеры.

Такім чынам высьветлілася, што зьмены, вызначаныя генамі, найперш кранаюць трывалыя вузы імуннай памяці (T- і B-лімфацыты, аснова для доўгатэрміновага імунітэту). А вось «набыты» досьвед уплывае на гнуткія рэгулятарныя зоны геному, якія адказваюць за імгненную рэакцыю на пагрозы (монацыты й натуральныя кілеры).

Гэтае дасьледаваньне ўпершыню дазволіла выразна адмежаваць эпігенэтычныя маркёры спадчыннасьці ад тых, што зьявіліся на працягу жыцьця. Выходзіць, што гены задаюць фундамэнт імуннай сыстэмы, а жыцьцёвы досьвед тонка наладжвае ейную працу пад канкрэтныя выклікі. Такі падыход здольны стаць асновай для сапраўднай пэрсаналізаванай мэдыцыны: ад прагназаваньня цяжкасьці хваробы да кропкавага лячэньня яшчэ да таго, які праявяцца першыя сымптомы.
👍293👌3🤷‍♂1💯1
У лёгкіх жанчыны з 18 стагодзьдзя знайшлі найстаражытнейшы вірус звычайнай прастуды
 
Навукоўцы ідэнтыфікавалі прастудны вірус, які інфікаваў жыхарку Лёндану каля 250 гадоў таму. Знаходка аказалася найстаражытнейшым пацьверджаным РНК-вірусам чалавека й стала магчымай дзякуючы вывучэньню гістарычных узораў тканак. Такі падыход значна пашырае межы таго, што навука можа даведацца пра мінулыя інфэкцыі. 
 
Генэтычны аналіз паказаў, што ідзецца пра рынавірус, узбуджальнік звычайнай прастуды, ягоная РНК звычайна распадаецца ўжо празь некалькі гадзін пасьля сьмерці. Таксама захоўваньне ўзораў тканак у фармаліне ня толькі разбурае ацалелыя малекулы РНК, а яшчэ ўтварае хаатычную сетку з фрагмэнтаў бялкоў і РНК, таму пра такі тып вірусаў вядома мала. 
 
Дасьледчая каманда з Fred Hutchinson Cancer Center шукала старажытную РНК ў патолягаанатамічных калекцыях Эўропы. Ва ўнівэрсытэце Глазга ім удалося знайсьці ўзоры лёгкіх, захаваныя ў сьпірце: адзін ад жанчыны, якая памерла ў 1770-х гадах, а другі ад нявызначанай асобы, памерлай у 1877-м годзе. Нягледзячы на моцную фрагмэнтацыю – вірусная РНК разьбілася на кавалкі па 20 нуклеатыдаў, хоць уся малекула ў сярэднім складаецца з 1000 – аўтарам удалося сабраць поўны геном рынавірусу з узору 18 ст. і выявіць прыкметы бактэрыяльных інфэкцый дыхальных шляхоў. 
 
Наступнае параўнаньне адноўленага геному з базамі дадзеных паказала, што старажытны вірус належыць да групы чалавечага рынавірусу А й ёсьць вымерлай лініяй, набліжанай да сучаснага генатыпу А19 (тыповы прадстаўнік рынавірусаў). Паводле ацэнак, агульны продак абодвух вірусаў існаваў у 17 ст. Дасьледаваньне таксама дэманструе, што «вільготныя» калекцыі, створаныя да эпохі фармаліну, могуць захоўваць каштоўную малекулярную інфармацыю.
😱22👍12🔥3👏1🕊1
Нечаканы фактар распаўсюду інвазійных плоскіх чарвякоў выявілі францускія навукоўцы: у ролі транспарту могуць выступаць хатнія гадаванцы 
 
Дасьледаваньне, апублікаванае ў часопісе PeerJ, паказвае, што сабакі й каты могуць пераносіць сухаземных плоскіх чарвякоў паміж садамі й дварамі, нават туды, дзе не высаджвалі новых расьлінаў. 
 
Плоскіх чарвякоў нельга назваць надта шпаркімі істотамі, таму ўважаецца, што яны распаўсюджваюцца дзякуючы садоўніцтву й гандлю. Так, прывезены здалёк гаршчок з кветкай можа мець у сабе маленькіх чарвякоў, якія не сустракаюцца ў мясцовых экасыстэмах. Аднак калі аўтары скарысталіся данымі цывільнай навукі, сабранымі за больш як 12 гадоў, яны выявілі зусім нечаканых хаўрусьнікаў чарвякоў. У некаторых апісаных выпадках, чарвякоў знаходзілі наўпрост на поўсьці хатніх гадаванцаў, што можа тлумачыць прысутнасьць непажаданых гасьцей у месцах безь відавочных чалавечых паставак. 
 
Цікава, што з прыкладна 10 інвазійных відаў у Францыі толькі адзін карыстаўся такім спосабам пераносу: Caenoplana variegata. Гэты аўстралійскі від напачатку 2000-х трапіў з дэкаратыўнымі расьлінамі ў Вялікую Брытанію, а потым на кантынэнтальную частку Эўропы. Паўтары гады таму яго ўпершыню зафіксавалі ў Нямеччыне, і гэта пакуль апошняя вядома краіна. C. variegata не нясе небясьпеку для чалавека, але пагражае экасыстэмам, бо ня мае натуральных ворагаў. Гэтыя інвазійныя чарвякі маюць надзвычай ліпкую сьлізь, што пужае патэнцыйных ворагаў, а таксама могуць размнажацца бясполым спосабам. 
 
Навукоўцы мяркуюць, што цяпер можна будзе нейкім чынам запаволіць інвазыю C. variegata.
😐14👍8😱2
Сьвячэньне мікраплястыку дапаможа выратаваць антарктычную мошку

Нават у самых ізаляваных кутках плянэты плястыкавае забруджваньне стала часткай мясцовых экасыстэм. Міжнародная каманда дасьледнікаў кагадзе выявіла, што адзіны «карэнны» від вусякоў Антарктыды – дробная мошка Belgica antarctica – ужо спажывае мікраплястык. Вынікі працы, апублікаваныя ў Science of the Total Environment, сталі першым сьведчаньнем наяўнасьці мікраплястыку ў целах антарктычных істот.

Лярвы B. antarctica памерам з рысавае зерне жывуць у вільготных імхах і перапрацоўваюць арганіку ў далікатнай глебавай экасыстэме. Лябараторныя экспэрымэнты паказалі, што нават пры высокіх канцэнтрацыях мікраплястыку выжывальнасьць вусякоў не зьніжаецца. Аднак быў выяўлены прыхаваны эфэкт: у лярваў істотна скарачаліся тлушчавыя запасы, што крытычна для выжываньня ў экстрэмальным холадзе. Хоць у дзікай папуляцыі знайшлі пакуль толькі адзінкавыя часьцінкі, гэта выразны сыгнал трывогі.

Зь іншага боку, пакуль тое, што адбываецца зь мікраплястыкам у арганізьме, застаецца ў значнай ступені невядомым. Сучасныя мэтады аналізу патрабуюць разбурэньня тканак і даюць толькі статычны «імгненны здымак» сытуацыі. Каб разьвязаць гэтую праблему, другая група навукоўцаў распрацавала флюарэсцэнтную мэтодыку, якая дазваляе назіраць мікраплястык у рэальным часе.

Замест звычайнага пакрыцьця часьцінак фарбавальнікам, дасьледнікі ўбудавалі флюарэсцэнтныя кампанэнты наўпрост у малекулярную структуру плястыку. Гэтая тэхналёгія дазваляе атрымліваць устойлівае сьвячэньне, якое не зьнікае нават у складаным біялягічным асяродзьдзі. Такі падыход дае магчымасьць адсочваць увесь «жыцьцёвы цыкль» мікраплястыку – ад трапляньня ў арганізм да канчатковага распаду.

Дынамічнае назіраньне дапаможа лепш зразумець, як плястык узаемадзейнічае з вузамі й органамі жывых істот, а таксама ацаніць рэальныя рызыкі для здароўя й экалёгіі.
👍21😨9🤷‍♂4🤔2
Людзі выбралі падтрымку ад іншых людзей, але штучны інтэлект назвалі больш прывабным

Штучны інтэлект, у прыватнасьці вялікія моўныя мадэлі, на якіх грунтуецца праца ChatGPT і падобных чат-плятформаў, ужо стаў часткай паўсядзённага жыцьця мільёнаў людзей. Гэтыя сыстэмы навучаюцца на велізарных масівах тэкстаў, створаных чалавекам, таму часта яны могуць фармуляваць адказы, якія падаюцца чульлівымі й спагадлівымі. Аднак застаецца адкрытым пытаньне, ці гатовыя людзі шукаць эмацыйнай падтрымкі ў машыны, нават калі тая толькі выглядае эмпатычнай?

Каб разабрацца ў гэтым, амэрыканскія навукоўцы зладзілі шэраг досьледаў, вынікі якіх былі апублікаваныя ў часопісе Communications Psychology. Аўтары вывучылі, як людзі ацэньваюць эмпатычныя адказы, згенэраваныя ШІ і напісаныя іншымі людзьмі, а таксама каму яны аддаюць перавагу ў ролі крыніцы падтрымкі.

У чатырох асобных дасьледаваньнях навукоўцы прапаноўвалі людзям як уяўныя складаныя сытуацыі, так і рэальныя асабістыя перажываньні, а потым параўнавалі рэакцыю на адказы звычайных людзей, прафэсійных крызісных кансультантаў і штучнага інтэлекту. Экспэрымэнты паказалі выразную тэндэнцыю: калі ў рэспандэнтаў ёсьць выбар, яны стабільна аддаюць перавагу адказам іншых людзей. Разам з тым вынікі аказаліся неадназначнымі. Нягледзячы на жаданьне атрымліваць падтрымку ад чалавека, удзельнікі й удзельніцы дасьледаваньня часьцяком ацэньвалі ШІ-адказы як больш эмпатычныя й адзначалі, што менавіта яны найбольш адпавядалі жаданьню «быць пачутым».

Аўтары падкрэсьліваюць, што атрыманыя вынікі не азначаюць, быццам штучны інтэлект можа замяніць жывое чалавечае спачуваньне або прафэсыйную псыхалягічную дапамогу, але эмпатычныя адказы ШІ могуць мець пэўны станоўчы эфэкт, асабліва як дадатковы інструмэнт падтрымкі.

У будучыні навукоўцы плянуюць дасьледаваць, у якіх сытуацыях людзі схільныя больш давяраць моўным мадэлям, а таксама як фармат узаемадзеяньня (тэкст ці голас) уплывае на ўспрыманьне эмпатыі.
👍11🤔114🤷‍♂3😢2🤪2
Навукоўцы з Сынгапуру выявілі ключавы малекулярны мэханізм, які можа аднавіць здольнасьць мазгоў да самаабнаўленьня нават у сталым веку
 
У дасьледаваньні, апублікаваным у Science Advances, паказана, што транскрыпцыйны фактар DMTF1* адыгрывае ключавую ролю ў падтрыманьні актыўнасьці нэрвовых ствалавых вузаў. Менавіта зь іх разьвіваюцца новыя нэўроны, неабходныя для навучаньня й памяці, але зь векам гэтыя ствалавыя вузы паступова губляюць здольнасьць да самааднаўленьня. Як вынік, у сталых людзей назіраецца выразнае зьніжэньне кагнітыўных функцый. 
 
Дасьледнікі выявілі, што ў «старых» нэрвовых ствалавых вузах узровень DMTF1 даволі нізкі. Аднак штучнае аднаўленьне экспрэсіі гэтага бялку прыводзіла да аднаўленьня рэгенэрацыйнай здольнасьці вузаў. Мэханізм дзеяньня DMTF1 зьвязаны з актывацыяй дапаможных генаў, якія «разьмякчаюць» шчыльна ўпакаваную ДНК і дазваляюць уключыцца генам росту. Без гэтага працэсу ствалавыя вузы ня могуць эфэктыўна дзяліцца й падтрымліваць аднаўленьне мазгавых тканак. 
 
Атрыманыя вынікі адкрываюць пэрспэктывы для распрацоўваньня новых падыходаў да запавольваньня кагнітыўнага спаду. Паводле аўтараў, кропкавае ўзмацненьне актыўнасьць DMTF1 можа стаць асновай для будучых тэрапій, накіраваных на захаваньне памяці й навучальных здольнасьцяў у сталы веку. Што праўда, перад гэтым трэба высьветліць, ці можна бясьпечна стымуляваць гэты мэханізм без рызыкі пабочных эфэктаў. 
 
Бялок DMTF1 (Cyclin D-binding Myb-like trannoscription factor 1) ёсьць важным транскрыпцыйным фактарам, які ахоўвае геном і нармальнае разьвіцьцё вузаў. Ён рэгулюе адказ вузы на стрэс і пашкоджаньні ДНК, а таксама стрымлівае празьмернае размнажэньне, то бок, перадухіляе зьяўленьне пухлінаў.
🔥21👍6❤‍🔥5👏1🙏1
У кармах для хатніх гадаванцаў знайшлі вечныя хімікаты. Найбольш забруджанымі аказаліся рыбныя

Корм для хатніх гадаванцаў можа быць нечаканай крыніцай «вечных хімікатаў» (PFAS), якія амаль не раскладаюцца ў навакольным асяродзьдзі. Каманда японскіх навукоўцаў выявіла, што ў шэрагу папулярных прадуктаў узровень гэтых злучэньняў можа быць дастаткова высокім, асабліва калі ідзецца пра корм на аснове рыбы.

Дасьледнікі прааналізавалі 100 кармоў – 48 для сабак і 52 для катоў, якія прадаваліся ў Японіі ў 2018–2020 гадах. З дапамогай высокачульлівай вадкаснай храматаграфіі з мас-спэктрамэтрыяй яны вымералі канцэнтрацыі 34 розных PFAS. У кармах знаходзілі як вядомыя злучэньні накшталт PFOA (пэрфторактанавая кіслата) і PFOS (пэрфтороктасульфонавая кіслата), так і кароткаланцужковыя аналягі. Асобныя прадукты паказалі ўмераныя або высокія ўзроўні забруджаньня.

Каб зразумець, што гэта значыць для жывёл, аўтары разьлічылі прыблізную сутачную экспазыцыю з улікам сярэдняй вагі жывёл і тыповых памераў порцыі. У некаторых выпадках атрыманая доза (на кіляграм масы цела) перавышала дапушчальныя для чалавека нормы, прапанаваныя European Food Safety Authority. Навукоўцы падкрэсьліваюць, што гэтыя парогі распрацаваныя не для жывёл, але сам факт перавышэньня паказвае на анамальна высокую прысутнасьць PFAS у частцы прадуктаў.

Найбольш высокія канцэнтрацыі выявіліся ў сухіх і вільготных рыбных кармах. Асабліва гэта тычылася асобных узораў азіяцкай вытворчасьці. Тлумачыцца гэта тым, што акіян часта становіцца «канчатковым пунктам» для сынтэтычных забруджвальнікаў, а «вечныя хімікаты» могуць назапашвацца й умацоўвацца ў водных харчовых ланцугах. Мясныя кармы ў большасьці выпадкаў утрымлівалі ніжэйшыя ўзроўні, а некалькі брэндаў увогуле не паказалі выяўных канцэнтрацый.

Пра ўзьдзеяньне PFAS на людзей вядома значна больш: іх зьвязваюць з павышанай рызыкай пашкоджаньняў печані, некаторых відаў раку й парушэньняў функцыі шчытападобнай залозы. Дасьледаваньняў пра сабак і катоў пакуль няшмат, але ўжо існуюць зьвесткі пра сувязь пэўных PFAS з хваробамі печані, нырак і дыхальнай сыстэмы ў катоў. Менавіта таму аўтары гавораць не пра «неадкладную пагрозу», а пра істотны прагал у ведах.

Хатнія гадаванцы жывуць у тым жа асяродзьдзі, што й людзі, і ў пэўным сэнсе могуць быць індыкатарамі агульнага хімічнага фону. Паводле аўтараў, неабходныя сыстэматычны міжнародны маніторынг і асобная ацэнка рызыкі для жывёл. Бо гісторыя з PFAS у кармах – гэта ня толькі пра міскі з грануламі, але й пра тое, як глыбока «вечныя хімікаты» праніклі ў наш агульны экалягічны ляндшафт.
😢28😨4🤷‍♂1🍓1
Старыя лекі й новая надзея. Віагра можа стаць добрым сродкам у барацьбе з хваробаю Альцгаймэра

Навукоўцы ўсё часьцей шукаюць шляхі да барацьбы з дэменцыяй не ў распрацоўцы «цудадзейнага сродку» з нуля, а ў пераасэнсаваньні ўжо існых лекаў. Напрыклад, каманда навукоўцаў у Вялікай Брытаніі апублікавала вынікі сваіх пошукаў у Alzheimerʼs Research and Therapy, дзе вызначыла тры ўжо вядомыя й правераныя часам прэпараты, якія могуць мець патэнцыял у прафіляктыцы й лячэньні хваробы Альцгаймэра.

Хвароба Альцгаймэра складае больш за палову ўсіх выпадкаў дэменцыі й дагэтуль ня мае эфэктыўнага лячэньня, нягледзячы на дзесяцігодзьдзі актыўнага вывучэньня. Запавольвае пошукі лекаў і тое, што стварэньне новых прэпаратаў займае 10-15 гадоў і каштуе мільярды. Пры гэтым большасьць патэнцыйных кандыдатаў так і не даходзіць да стадыі клінічных выпрабаваньняў. Таму перапрафіляваньне лекаў, калі ўжо вядомы й адносна бясьпечны сродак знаходзіць новае прымяненьне, ёсьць адным з найбольш рэалістычных сцэнароў.

Адмыслоўцы распачалі пошук сярод актуальных лекаў, якія ўплываюць на біялягічныя працэсы, зьвязаныя з Альцгаймэрам, і бясьпечныя для пажылых людзей. Агулам назьбіралася ажно 80 прэпаратаў. Наступны аналіз эфэктыўнасьці й вынікаў дасьледаваньняў на вузах і жывёлах дазволіў вылучыць трох прыярытэтных кандыдатаў.

Самы моцны сыгнал паказала вакцына ад апаясвальнага лішаю Zostavax. Існуе ўсё больш доказаў таго, што вірусныя інфэкцыі й рэакцыі імуннай сыстэмы могуць уплываць на рызыку дэменцыі. Паводле папярэдніх назіраньняў, людзі, якія атрымалі гэтую вакцыну, на 16% радзей сутыкаліся з дэменцыяй. Сама вакцына мае доўгую гісторыю выкарыстаньня й патрабуе толькі 1-2 дозы, што робіць яе найбольш прывабнай для маштабных выпрабаваньняў.

Другім кандыдатам стаў сільдэнафіл, больш вядомы пад брэндам Viagra. Паводле экспэрымэнтаў, ён можа абараняць нэрвовыя вузы, паляпшаць крывябег у мазгах і запавольваць назапашваньне таў-бялку (ключавы маркёр хваробы). Трэцім стаў лек ад бакавога аміатрафічнага склерозу (Riluzole). Ён таксама зьніжаў узровень таў-бялкоў і паляпшаў кагнітыўныя функцыі ў досьледах на жывёлах.

Наступным крокам пошукаў лекаў ад дэменцыі стануць маштабныя выпрабаваньні згаданых прэпаратаў, каб спраўдзіць, ці працуе такіх падыход на людзях. Зрэшты, гісторыя мэдыцыны ўжо ведае ўдалы прыклад перапрафіляваньня лекаў. Згадаць той жа асьпірын, які з абязбольвальнага стаў сродкам для прафіляктыкі інсультаў і інфарктаў.
👍1610👏3🍓3💋2
Назіраньне за птушкамі павялічыла кагнітыўны рэзэрв і запаволіла старэньне мазгоў

Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што прафэсійныя бёрдўотчэры ня толькі добра адрозьніваюць птушак, але й маюць прыкметныя адрозьненьні ў структуры і функцыянаваньні мазгоў. Каманда дасьледнікаў паклікала 48 чалавек, сярод якіх былі прафэсійныя арнітолягі і аматары рознага веку. Падчас досьледу ўдзельнікам/удзельніцам паказвалі выявы птушак менш як на 4 сэкунды, а праз 10 прасілі знайсьці адпаведную птушку сярод чатырох вельмі падобных відаў. Агулам заданьне паўтарылі 72 разы з выкарыстаньнем 18 відаў птушак.

У выніку прафэсійныя арнітолягі дакладна вызначылі 83% мясцовых і 61% экзатычных відаў, у аматараў гэтыя паказьнікі былі прадказальна сьціплымі: 44% дакладнасьці ва ўсіх катэгорыях. Але галоўнае выявілася пасьля аналізу мазгавой актыўнасьці. Падчас распазнаваньня «чужых» птушак у экспэртаў актыўней працавалі зоны, зьвязаныя з увагай, рабочай памяцьцю і апрацоўкай візуальнай інфармацыі. Акрамя таго, гэтыя рэгіёны мазгоў у іх выглядалі больш структурна арганізаванымі, што сьведчыць пра нэўраплястычныя зьмены, набытыя праз хобі.

Таксама нягледзячы на тое, што зь векам складанасьць і арганізаванасьць нэрвовых сетак зьніжаецца натуральным чынам, у прафэсійных бёрдўотчэраў гэты эфэкт быў менш выразным. Таму можна казаць, што ў дадзеным выпадку хобі паспрыяла ўзмацненьню кагнітыўнага рэзэрву, які дапаможа захаваць розум у старасьці. Аднак дасьледнікі мяркуюць, што падобны эфэкт можна чакаць ад любога віду баўленьня часу, які патрабуе ўвагі, памяці й іншай мазгавой актыўнасьці.
❤‍🔥21👍1521👏1🕊1
Навукоўцы працуюць над бактэрыямі, якія змогуць зьнішчаць ракавыя пухліны

Канадзкія навукоўцы распрацоўваюць незвычайны падыход да лячэньня раку з дапамогай генэтычна мадыфікаваных бактэрыяў, якія літаральна зьядаюць пухліну знутры. Ідэя заснаваная на ўласьцівасьцях мікраарганізмаў, што выжываюць толькі ў асяродзьдзі без кіслароду. Акурат такія ўмовы пануюць у цэнтры многіх цьвёрдых пухлін, дзе назапашваюцца мёртвыя вузы і практычна няма кіслароду.

У фокусе працы знаходзяцца глебавыя бактэрыі Clostridium sporogenes, якія жывуць выключна ў анаэробных умовах. Споры гэтых мікраарганізмаў трапляюць у пухліну, дзе пачынаюць актыўна размнажацца, сілкуючыся пажыўнымі рэчывамі з пухліннага ядра. Аднак калі бактэрыі дасягаюць участкаў на пэрыфэрыі пухліны, дзе кіслароду трохі болей, яны гінуць, не пасьпеўшы зьнішчыць ракавыя вузы.

Каб мінуць гэтую перашкоду, дасьледнікі ўставілі ў геном бактэрыі ген ад роднаснага віду, які лепей пераносіць кіслародныя ўмовы. Але «бескантрольная ўстойлівасьць да кіслароду» мадыфікаваных C. sporogenes можа несьці небясьпеку для арганізму, бо тады мікробы змогуць разносіцца з крывябегам. Таму ўключаць новую асаблівасьць трэба вельмі дакладна. Для кантролю навукоўцы выкарысталі натуральную сыстэму хімічнай камунікацыі паміж бактэрыямі так, што ген устойлівасьці да кіслароду запускаецца толькі калі колькасьць бактэрыяў у пухліне дасягае пэўнага парогу.

Наперадзе яшчэ шмат працы й праверка эфэктыўнасьці ў даклінічных выпрабаваньнях, але калі падыход спрацуе, гэта адкрые новы кірунак тэрапіі.
👍25🤔5😱2🙏21🍓1
Генэтычная дэканструкцыя дае шанец на выратаваньне бананаў

Глябальная бананавая індустрыя зноўку атрымала навуковы шанец на выратаваньне. Дасьледнікі з Аўстраліі ідэнтыфікавалі канкрэтны геномны рэгіён, які забясьпечвае ўстойлівасьць да адной з самых небясьпечных формаў панамскай хваробы. Вынікі апублікаваныя ў Horticulture Research і фактычна зьяўляюцца першай дакладнай «генэтычнай дэканструкцыяй» устойлівасьці да інфэкцыі сярод дзікіх бананаў.

Панамская хвароба бананаў – гэта глебавая грыбковая інфэкцыя, якая пранікае ў расьліну праз карані, блякуе транспарт пажыўных рэчываў і выклікае паступовае завяданьне і гібель расьліны. Асаблівая праблема ў тым, што грыбок не бяруць фунгіцыды, а таксама ён можа гадамі захоўвацца ў глебе, што робіць вялікія плошчы зямлі непрыдатнымі для наступных бананавых пасадак. Першыя вялікія страты індустрыя панесла ў 1950-х гадах, калі панамская хвароба амаль цалкам зьнішчыла асноўны экспартны сорт Gros Michel. Ягонае месца заняў вядомы нам зараз Cavendish, які аказаўся крыху больш устойлівым перад грыбком. Але апошнімі гадамі і гэты гатунак бананаў цярпіць ад агрэсіўнага субтрапічнага штаму грыбка TR4.

Паводле дасьледаваньня, крыніцай устойлівасьці можа стаць дзікі дыплёідны банан Calcutta 4. Навукоўцы скрыжавалі яго з уразьлівымі да хваробы дзікімі формамі і атрымалі папуляцыю нашчадкаў, якую потым інфікавалі панамскай хваробай (штам TR4). Пасьля гэтага частка расьлін загінула, а аўтары параўналі іхнія геномы з геномамі ацалелых расьлін. У выніку ўдалося вызначыць, што ўстойлівасьць да хваробы абумоўліваецца пэўным участкам на 5-й храмасоме.

Агулам праект заняў 5 гадоў, бо кожнае пакаленьне бананаў мусіла расьці 12 месяцаў перад тэставаньнем на ўстойлівасьць да хваробы. Вядома, атрыманыя гібрыды ня могуць стаць новым «экспартным» гатункам бананаў, але вынікі праекту дазволяць распрацаваць малекулярныя маркёры, каб сэлекцыянэры маглі адсочваць патрэбную «алель устойлівасьці» ужо на стадыі сеянцаў, без чаканьня сымптомаў.
17👍6🙏4🍓1
Кампактны згустак чалавечых нэўронаў, вырашчаных на мікраэлектроднай матрыцы, пагуляў у культавы шутэр Doom. Распрацоўка належыць аўстралійскай кампаніі Cortical Labs, якая ў 2023 годзе прадэманстравала, што «жывы чып» з 800 тысяч нэўронаў можа асвоіць простую гульню Pong. Тады на навучаньне пайшлі гады маруднай працы. Цяпер жа дзякуючы новаму інтэрфэйсу з падтрымкай мовы Python сыстэму навучылі гуляць у Doom прыкладна за тыдзень. Гэта істотны крок у бок больш даступнага праграмаваньня біялягічных вылічальных сыстэм.

Нягледзячы на тое, што навыкі гульні чыпа пакуль далёкія ад чалавечых, ён ужо гуляе лепш за выпадковага гульца. Таксама гэтыя мазгі на чыпе вучацца хутчэй за традыцыйныя мадэлі машыннага навучаньня.
👍14🔥8🤔5😁4🤯4😨2
Навукоўцы стварылі шакалядны мёд літаральна з адкідаў

Бразыльскія навукоўцы распрацавалі незвычайны прадукт, які абʼядноўвае мёд мясцовых пчол і шалупіньне какава-бабоў, якое застаецца ад вытворчасьці шакаляду. Мёд у гэтым выпадку выступае ня толькі інгрэдыентам, але й натуральным ядомым растворнікам. З дапамогай ультрагуку ён «выцягвае з расьліннай сыравіны біяактыўныя рэчывы, у тым ліку тэабрамін, кафэін і фэнольныя злучэньні з антыаксыдантнымі й процізапаленчымі ўласьцівасьцямі. У выніку атрымаўся прадукт з выразным шакалядным водарам і смакам. Аўтары кажуць, што яго можна спажываць наўпрост або выкарыстоўваць як функцыянальную дабаўку ў харчовай і касмэтычнай прамысловасьці.

Тэхналёгія базуецца на прынцыпах зялёнай хіміі: шалупіньне какава-бабоў, якое звычайна выкідаецца, заліваецца мёдам, у сярэдзіну масы апускаецца стрыжань памерам з асадку й падаецца ультрагук. Такая апрацоўка істотна паскарае экстракцыю, зьніжае патрэбу ў дадатковых растворніках і павышае эфэктыўнасьць працэсу. Таксама ультрагук разбурае сьценкі бактэрыяльных вузаў, што зьніжае мікрабіялягічную нагрузку мёду й павялічвае ягоны тэрмін прыдатнасьці.

Хоць у працы выкарыстоўваўся мёд бразыльскіх пчол, які адрозьніваецца ад мёду эўрапейскіх большай вільготнасьцю й меншай вязкасьцю, працэс можна лёгка адаптаваць пад любы рэгіён.
👍1975🔥2🤯2
Людзі, якія ядуць шмат расьлінных валокнаў, могуць пахваліцца добрым сном

Павелічэньне колькасьці расьлінных валокнаў у рацыёне можа зрабіць сон больш глыбокім, а большая разнастайнасьць расьліннай ежы – дапамагчы хутчэй заснуць. Да такой высновы прыйшла каманда ізраільскіх навукоўцаў, якая зладзіла адно з самых маштабных дасьледаваньняў сувязі паміж штодзённым рацыёнам і якасьцю начнога адпачынку.

У аналіз уключылі больш за 3500 чалавек зь сярэднім векам у 53 гады. Цягам двух дзён удзельнікі і ўдзельніцы фіксавалі ў мабільнай праграме ўсё, што елі цягам дня, а ўначы насілі адмысловыя сэнсарныя прыборы, якія адсочвалі фазы сну, частату біцьця сэрца, дыханьне і ўзровень кіслароду ў крыві. Гэта дазволіла ацаніць, колькі часу людзі праводзяць у розных фазах сну. Дасьледнікі выкарысталі мадэль, якая ўлічвала 25 харчовых фактараў з папраўкамі на век, пол, спажываньне кафэіну, і суадносіла ўсё з атрыманымі паказьнікамі сну і рацыёну.

Аказалася, што тыя, хто спажываў больш за 21 грам абалоніны на дзень, праводзілі на 3.4% больш часу ў глыбокай фазе сну, і на 2.3% менш у лёгкай. У іх таксама фіксавалі крыху ніжэйшую начную частату біцьця сэрца, што паказвае на больш глыбокі адпачынак арганізму. Акрамя таго, людзі, у якіх рацыён меў больш за 5 розных відаў расьліннай ежы, засыналі хутчэй, а іхны пульс таксама быў ніжэй ноччу.

Аўтары мяркуюць, што назіраны эфэкт можа быць наўпрост зьвязаны з працай кішэчнай мікрабіёты: фэрмэнтацыя абалоніны з утварэньнем кароткаланцужковых тлустых кіслотаў зьніжае запаленьне і ўплывае на сыгналы «кішэчнік-мазгі». Ці так гэта – пакажуць рандамізаваныя клінічныя выпрабаваньні.
187👍5🔥1😭1
Кошт бясьпекі хатніх гадаванцаў: як таблеткі ад кляшчоў шкодзяць навакольнаму асяродзьдзю

Шырока ўжываная група вэтэрынарных прэпаратаў супраць блох і кляшчоў можа нэгатыўна ўплываць на вусякоў у навакольным асяродзьдзі. Такую выснову склалі францускія дасьледнікі, чыя праца апублікаваная ў часопісе Environmental Toxicology and Chemistry. Ідзецца пра антыпаразытарныя прэпараты клясы ізаксазалінаў. Гэта адносна новыя сродкі, якія з 2013 году ўсё часьцей выкарыстоўваюцца для абароны сабак і катоў. Актыўныя рэчывы тут флюралянер, саролянер і іншыя – яны дзейнічаюць да 3 месяцаў і паступова выводзяцца з арганізму жывёл з калам.

Пэўныя апасеньні наконт згаданых злучэньняў зьявіліся даўно, але тэма асабліва не дасьледавалася. Цяпер навукоўцы паназіралі за 20 сабакамі й 20 катамі, якія атрымлівалі ізаксазалінавыя прэпараты на працягу 3 месяцаў. Аналіз узораў паказаў, што актыўныя рэчывы могуць захоўвацца ў кале даволі доўга. Так пэрыяд паўвывядзеньня складаў ад 15 да 22 дзён, а ў некаторых выпадках сьляды прэпаратаў выяўляліся й пасьля заканчэньня тэрміну дзеяньня прэпарату.

Мадэляваньне экалягічнай рызыкі паказала, што фэкаліі з рэшткамі рэчываў могуць ствараць значную нагрузку для капрафагічных вусякоў (мух, жукоў і некаторых матылёў). Гэтыя арганізмы адыгрываюць важную ролю ў раскладаньні арганічных адходаў, перапрацоўцы пажыўных рэчываў і падтрымцы якасьці глебы. Аўтары адзначаюць, што трапляньне вэтэрынарных прэпаратаў у асяродзьдзе праз экскрэмэнты гадаванцаў можа парушаць гэтыя працэсы й патрабуе далейшага вывучэньня.
😨64🤬1