Лукашынскі дзённік – Telegram
Лукашынскі дзённік
703 subscribers
1.05K photos
30 videos
67 links
🐷 Нейра-селянін, бульба-інвестар, SMS-калгаснік

👨‍💻 Ствараю тэксты, будую сэнсы і сюжэты

🏡 Жыву ў вёсцы Лукашына Іўеўскага раёна

🤓 Сувязь з аўтарам: @evgenirum
Download Telegram
🌸 На клумбе ўжо з тыдзень красуюць падснежнікі. Учора заўважыў, што напоўніцу буяюць крокусы. Днём хадзіў па падворку і налічыў мо з дзесятак матылькоў. А ў пятніцу заўважыў першага бусла.

Да таго ж паднялі з падвала бульбу сартоў «Паспешка» і «Джулія», каб неўзабаве садзіць. Прыцягвае погляд свежая пабелка на дрэвах. Пасаджанае ў пачатку сакавіка зяленіва вось-вось папросіцца на стол. Удзень хаджу па вуліцы ў адной цішотцы.

А якія ў вас прыкметы сапраўднай вясны, сябры?
❤‍🔥34🔥15👍8🥰1
Некалі я расказваў пра вясковыя мянушкі, у тым ліку дзяліўся і паходжаннем сваёй — Краўцоў. Каму цікава, накіроўваю ў гэты допіс, а сёння хачу пераказаць вам адзін сямейны жарт-легенду.

Мой дзед Вацлаў Іосіфавіч любіў расказваць, як аднойчы яго бацька, а мой прадзед, кравец (адсюль і мянушка), аднойчы сабраўся адвозіць пашытыя кажухі ў Юрацішкі (прыкладна 23 кіламетры ад маёй вёскі). Дзед вельмі прасіў узяць яго з сабой, але прадзед не згаджаўся.

У рэшце рэшт дзед не змог прыдумаць нічога лепш, чым схавацца ў кажухах на возе, дзе і задрамаў. На світанні прадзед, які нічога не падазраваў, запрог каня, сеў на воз і паехаў. Пасажыра знайшлі толькі тады, калі пачалі разбіраць кажухі ўжо на месцы, у Юрацішках. Дзед казаў, што праспаў усю дарогу.

Верыць у гэтую гісторыю ці не, кожны вырашыць для сябе сам. Для мяне ж гэта прыклад прыроднай кемлівасці і доказ, што сапраўднае жаданне не спыняць любыя перашкоды

P.S.: на абодвух фотаздымках мой дзед, Вацлаў Іосіфавіч
👍30❤‍🔥11🔥4🥰3😁2
🏘 Праз два тыдні будзе роўна тры гады, як я жыву ў вёсцы.

Зразумела, што да гэтай нагоды я падрыхтую адмысловы допіс.

А пакуль у каментарах да гэтага запрашаю пакідаць пытанні, якія вас цікавяць наконт маёй асобы і майго жыцця.

Абяцаю шчыра адказаць на ўсё!)
❤‍🔥29👍15🔥2
👂 Рубрыка «Падслухана», выпуск 15

Аўтарскае вымаўленне максімальна захавана.

РАЗМОВЫ НА ПРЫПЫНКУ

🪴
— Вясна, ўсё ажывае. Але во ксёндз у нядзелю казаў, каб не забывалі: каждае жывое сушчэство мусіць памяняцца. Дуб жыў да тысячы гадоў, і ўсё раўно зваліўся. І цвяточак маладзенькі калі зацвітае, які ён прыятны, як ім усе любуюцца. А патом што? Зразаюць. Так усё ў жызні устроена.


🍞
— А чаго вы ў аўталаўцы хлеба не купіце?
— А ці смачны ён у аўталаўцы?
— Укусны, укусны, мне нравіцца. Дажэ з Іўя бяруць людзі, прыязджаюць.
— А хай ён праваліцца, у аўталаўцы! Яны можа куды і лепшы прывозяць, а сюды адходы вязуць!
— А мой ты міленькі, не знаю, якія табе адходы даюць. Нам добры хлеб даюць.
— Ат, мусіш браць, бо куды дзенешся. Як няма — бярэш. Але няма найлепшага, чым вілейскі. А воранаўскі батон як прывязуць, дык ты яго не адрэжаш.
— А мне найлепей навагрудскі нравіцца.


❤️
— У Ганаўшчыне адна баба толькі цяпер жыве, Карасіха.
— Не, дваёх, і Ашэйчык трэці.
— А хто другі?
— Дык сын яе.
— Ой не, сына няма тут. Сын у Лідзе. Адна яна.
— Дык сын мо бабу нейкую мае ў Лідзе.
— Казалі, мае. Таму і сядзіць там.
👍29❤‍🔥14😁13🔥5🥰1
📸 Красавіцкія замалёўкі.

📌 Месцы здымак – Лукашына, Вігушкі, Галімшчына
❤‍🔥48🔥13👍6🥰4
📌 Сябры, вы маглі заўважыць, што апошнім часам у ТГ-канале стала з’яўляцца значна менш кантэнту. Усё тлумачыцца вельмі проста: як любы творчы чалавек, я ўвесь час знаходжуся ў пошуках тых форм самавыяўлення, якія лепш падыходзяць майму ўнутранаму стану. Тут і цяпер для меня гэта відэафармат.

Я працягваю ствараць амаль кожны дзень, але ў асноўным ролікі выходзяць у маім TikTok. Не бачу сэнсу дубляваць іх сюды, бо ў маім разуменні ТГ — усё-ж такі больш пра тэксты і нейкую лампавасць, цеплыню. Ды і не хачу ператвараць гэты канал у ленту з адных толькі відэа. Таму, калі вам цікава сачыць за мной не толькі тут, запрашаю ў TikTok.

Ну а калі вас цалкам задавальняе Тэлеграм — заставайцеся, бо я ўсё роўна буду працягваць пісаць і сюды.

Дзякую, што застаецеся са мной 🤗
👍45🥰6🤗3🤨2
🪵 Учора набыў партыю дроваў на новы сезон. Каго цікавіць кошт пытання: машына сухой сасны (але трапляецца яшчэ і бяроза), чуркі, прыкладна 5 кубоў, — 260 рублёў.

Так, гэтыя дровы трэба яшчэ пакалоць і скласці. Але, па-першае, я гэта люблю. А па-другое, вопыт мінулага года з купляй дроваў у Гартопе быў няўдалым.

Таму вырашыў вярнуцца да праверанага спосаба. Каму цікава пачытаць, што было ў мінулым годзе — вось спасылка.

Разбяруся з гэтымі і мо ў ліпені яшчэ машыну дроваў набуду: запас бяды не чыніць
👍36🔥11💯9
Нечакана адкрыў у сабе новую звышздольнасць: на працягу мо апошніх двух-трох тыдняў, у які б час не лёг надоечы, прачынаюся недзе каля пяці гадзін раніцы. Не сказаць, каб мяне гэта моцна турбавала, бо пакуль што абуджэнне супадае з пачаткам светлавога дня, ды і адчыняю вочы я напоўненым энергіяй і бадзёрым.

З іншага боку, якраз цяпер маю шмат справаў і па працы, і пры сядзібе, то такая звычка будзе якраз дарэчы. Ну і з гістарычнага пункту гледжання на вёсцы заўсёды ўставалі рана, з першымі пеўнямі. Пеўня ў мяне, праўда, няма.

🐔 То буду сам за яго
🔥34😁13👍7
Трошкі разбавім вясковы кантэнт: днямі ездзіў у мястэчка ў кропку выдачы заказаў ВБ, каб забраць сёе-тое, у тым ліку і мікрафоны для запісу больш якаснага відэа. І калі да саміх тавараў у мяне пытанняў няма — усё працуе як трэба, хутка буду радаваць сябе і вас ролікамі з больш чыстым гукам — то вось праца самой інтэрнет-крамы, а дакладней, яе правілы, выклікала ў мяне шмат пытанняў і негатыўных эмоцый.

Карацей, гэта быў мой першы і апошні візіт туды. Дадам, што да гэтага моманту я неяк падсвядома пазбягаў узаемадзеяння з ёй, аддаючы перавагу на карысць іншых. Як бачна, інтуіцыя мяне не падводзіла.

Але ж меў вялікую патрэбу ў мікрафонах )

P.S.: відэа з новым гукам хутка выйдзе, чакайце)
👍37
📌 АБВЕСТКА: я канчаткова зрабіў выбар на карысць відэафармату. Ужо некалькі месяцаў «Лукашынскі дзённік» існуе выключна ў TikTok і Instagram.

Закрываць гэты канал я пакуль не збіраюся, але і актыўна весці яго не планую (прынамсі, у бліжэйшы час дакладна). Абставіны складваюцца так, што жыццё мяняецца, разам з ім мяняюся і я. ТГ як платформа ўжо даўно перастаў задавальняць мае патрэбы.

Таму каму цікава працягваць сачыць за мной - падпісвайцеся на TikTok і Instagram.

Дзякуй, што былі са мной
👍32😭10🤯3