Цыганкоў – Telegram
Цыганкоў
593 subscribers
3 photos
2 videos
260 links
Віталь Цыганкоў. Публіцыст, аналітык, журналіст. Аглядальнік Радыё Свабода, вядучы праграмы "Двубой" на Белсаце.
Download Telegram
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
"Лукашэнка для Трампа — гэта як сакратарка, якой трэба было прынесці шакаладку, каб яна дапусціла да свайго начальніка". Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў разважае, што змяніла прызначэнне сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і Расіі для іх "пасярэдніка".

Цалкам свежы стрым з Цыганковым глядзіце тут: https://www.youtube.com/watch?v=Y8xc_mQ5dDs
😁10👍5👎1😢1
Ці пачне Масква "принуждение к верности"?

У чацьвер я быў у жывым эфіры Белсату, дзе камэнтаваў нашы гарачыя і радасныя падзеі. Тут перакажу (у больш падрыхтаванай і літаратурнай форме) асноўныя свае тэзісы. Эмацыйны складнік зразумелы, я бурна радуюся разам з усімі. Што не адмяняе неабходнасьці паспрабаваць халодна прааналізаваць гэтую падзею.

1.У цэлым, стратэгічна, перамовы з ЗША – гэта плюс для Беларусі. Тут якраз той (ня часты апошнім часам) выпадак, калі хачу цалкам пагадзіцца з Зянонам Пазьняком у тым, што 1. На сёньня галоўнае – гэта захаваньне сувэрэнітэту і 2.Часам інтарэсы рэжыму могуць у нейкім аспэкце супадаць з абектыўнымі інтарэсамі краіны Беларусь.

У інтарэсах дзяржавы Беларусь, сувэрэнітэт якой знаходзіцца пад сур’ёзнай пагрозай, павялічваць сваю суб’ектнасьць. Перамовы з амэрыканцамі, безумоўна, павялічваюць гэтую суб’ектнасьць і сувэрэнітэт – аб’ектыўна, і рэжыму, і дзяржавы.

2.Трэба прызнаць, што калі мы ўсе ці, прынамсі, большасьць дэмакратычных сілаў кажам, што на сёньня галоўная задача – гэта захаваньне сувэрэнітэту і вызваленьне палітвязьняў, то тым самым устанаўліваецца пэўная сыстэма прыярытэтаў. І зрынаньне рэжыму Лукашэнкі ў гэтай ярархіі прыярытэтаў міжволі адыходзіць на другі-трэці план. Гэта аб’ектыўна. Не таму, што нам гэтага не хочацца – а таму, што, як лічыць большасьць, у рэальнасьці на сёньня для гэтага няма аб’ектыўных падставаў.

Так што зараз дэмакратычныя сілы працуюць над вызваленьнем палітвязьняў і захаваньнем сувэрэнітэту (сустрэчы з замежнымі палітыкамі, прыняцьце рэзалюцыяў, праца з СМІ, захаваньне Беларусі ў міжнародным «парадку дня» і гэтак далей).

Але дэ-факта яны не займаюцца непасрэднай працай па адхіленьню Лукашэнкі ад улады. Гэта таксама можна безэмацыйна канстатаваць

3.ЗША дабіліся вызваленьня (і далейшай дэпартацыі) чарговай партыі палітвязьняў – зноў без асаблівых рэальных саступак са свайго боку. Зроблены выключна сымбалічныя крокі. Белавія як не лятала ў ЗША, так і ня будзе лятаць. Калі яны змогуць чыніць амэрыканскімі запчасткамі самалёты – то няхай сабе, хто ж будзе супраць гэтага. Калі наступным пунктам у абмен на новых вызваленых будзе аднаўленьне працы амбасады ЗША ў Беларусі – то ўсе толькі абрадуюцца і гэтаму.
Лукашэнка гадамі браў Расею палітыкай «танная нафта ў абмен на пацалункі». Цяпер яго, як тубыльца за прыгожыя шклянкі, бяруць палітыкай «вызваленьне палітвязьняў у абмен на спрыяльныя твіты Трампа». Верхні паверх піраміды Маслоў – прызнаньне! Нават цяжка ўявіць, на што ён будзе гатовы пайсьці дзеля, напрыклад, асабістай сустрэчы з Трампам.

4.Расейскі чыньнік. Пакуль у Маскве шуры-муры Лукашэнкі з Вашынгтонам зьнешне не выклікаюць ніякага пярэчаньня – у іх саміх бурны раман з Трампам. Але ёсьць смутныя падазрэньні, што гэта не назаўжды. Масква не давярае і Лукашэнку і ЗША і заўсёды будзе баяцца, што Вашынгтон захоча перацягнуць Лукашэнку на іншы ад Масквы бок. Урэшце, Вашынгтон гэта ня раз ужо даказваў, асабліва актыўна ў 2018-20 гадах. А тое, што Лукашэнка гатовы будзе ў першай жа спрыяльнай сытуацыі імгненна перакінуцца («вовремя предать – это не предать. Это предвидеть!» – фільм Гараж) – у Маскве мала хто сумняваецца.
Так што ня выключана, што ў Крамлі могуць раззлавацца і задумаць нейкую апэрацыю па «принуждению к верности».

Урэшце, Лукашэнка за гэтыя гады навучыўся перадухіляць такія эксцэсы – бурным выражэньнем спрадвечнай вернасьці і бязьмежнай адданасьці.
👍124👎1
Маё "Вольнае слова"

Сёмы раз стаў лаўрэатам прэміі БАЖ “Вольнае слова”. Асабліва радуе, што на гэты раз выступіў і перамог у нязвыклым для сябе жанры -- у намінацыі "Найлепшая аналітычная відэапублікацыя"

Раней я станавіўся лаўрэатам пераважна за блогі на сайце Радыё Свабода і адзін раз за інтэрв'ю (з Адамам Міхнікам). А зараз атрымаў прэмію за “фільм”, -- так што я цяпер яшчэ і фільмэйкер)

На самой справе, гэта 15-хвілінны відэасюжэт -- «Непазьбежны прэзыдэнт» (“1994 год – чаканая катастрофа”) -- па выніках цыклу інтэрв'ю “Сьведкі Лукашэнкі”, які выходзіў на Радыё Свабода ў мінулым годзе. Там я задаваў удзельнікам праекту пытанне, чаму беларускае грамадства ў 94 годзе выбрала Лукашэнку, ці магло усё скласціся па-іншаму, альбо менавіта такі вынік быў наканаваны. У фільме мой аўтарскі тэкст спалучаецца з цытатамі ўдзельнікаў праекту.
Гэта былі гадзінныя інтэрв'ю з людзьмі, якім было што сказаць пра гэтую эпоху і даць свой адказ на пытаньне, ці вывучыла беларускае грамадства ўрокі гісторыі. Так што сааўтарамі можа назваць герояў гэтага цыкла -- Павел Латушка, Аляксандр Мілінкевіч, Наталля Радзіна, Дзмітрый Шыгельскі, Анатоль Лябедзька, Алесь Міхалевіч, Сьвятлана Курс, Аляксандр Кныровіч і Міколай Халезін. Інтэрвію набіралі даволі шмат праглядаў, бывала 30-40 тысяч.

Ну і канешне асаблівую падзяку хачу выказаць маім калегам, без якіх немагчыма было бы стварэнне гэтага фільма. Гэта Юля і Макс, якіх, я так разумею, нельга называць. Ну, а таксама Юлія Коцкая, якую можа называць, якая і выступіла з ідэяй гэтага праекту.

Я вельмі цаню прызнанне калегаў, прызнанне журы БАЖа -- дарэчы, ніколі ня ведаў, хто туды ўваходзіць. Прагляды вельмі важны, але прафесійныя ўзнагароды для мяне ня менш, але бадай, і больш істотныя. Вобразна кажучы, калі б я быў пісьменнікам, то паміж масавымі накладамі альбо Нобелеўскай прэміяй я бы хацеў атрымаць Нобелеўскую прэмію.

Гэта мая сёмая прэмія БАЖ. А падаваўся я восем разоў – адзін раз трапіў у пяцёрку, але не стаў лаўрэатам. Калі казаць спартовай мовай, то каэфіцыент трапленьня надзвычай высокі -- нават пенальці б’юць з меншым працэнтам).

Цікава, што я перамагаў у нулявыя, дзясятыя і дваццатыя гады. Думаю не спыняць гэтую традыцыю і ў 2030-я)

І горача віншую ўсіх лаўрэатаў!
👍16🔥76
Закрыцьцё мяжы – не чароўная палачка

На мінулым тыдні я быў у эфіры Эўрарадыё ў Зьмітра Лукашука і там выказаў прагноз, што да наступнага майго эфіру мяжа Польшчы з Беларусьсю дакладна будзе адкрыта. На самой справе, казаў я, я ўпэўнены, што гэта адбудзецца нават раней, цягам бліжэйшых 1-2 тыдняў (намякаючы, сярод іншага, на тое, што Лукашук ня так часта мяне запрашае:).

Прагноз спраўдзіўся ужо праз 5 дзён. Логіка і ўсе падзеі вакол падказвалі, што па-іншаму быць і не магло. Пад маркай рэакцыі на вучэньні “Захад” палякі паспрабавалі, як дзейнічае гэты “інструмент”, які некаторыя ўспрымалі ледзь не чароўнай палачкай. “Закрыйце мяжу, і назаўтра ж Лукашэнка вызваліць усіх палітзьвяволеных!” – пераконвалі нас некаторыя палітолагі і актывісты.

Аказалася, ня ўсё так проста. Рэч у тым, што для дэмакратыяў і дыктатураў электаральныя і матэрыяльныя страты ўспрымаюцца і адчуваюцца па-рознаму. Адныя хвалююцца за кожны страчаны працэнт падтрымкі і вымушаныя рэагаваць на кожны папрок у эканамічных згубах. А дыктатурам – пофіг. Ня тое, што пофіг зусім і на ўсё, але яны маюць магчымасьць даволі доўга не рэагаваць на пэўныя матэрыяльныя страты і праблемы для ўласнага насельніцтва.

Так што гульня паводле прынцыпу “хто каму больш нашкодзіць” апрыёры не самая выйгрышная для дэмакратыяў, дзе немагчыма ігнараваць апазіцыю, свабодную прэсу і настроі выбарнікаў.

Але разам з тым я ні ў якім разе не схільны лічыць, што Варшава неяк “прайграла” гэтую міні-бітву. Пра “пройгрыш” могуць казаць тыя, у каго былі завышаныя чаканьні і хто верыў у тую самую “чароўную палачку”.

Адразу была зразумела (кажу пра сябе), што гэта ня будзе надоўга. Варшава пратэсціравала “мехінізм”, які ў яе застаецца ў рукаве, праверыла рэакцыю Кітая (і гледзячы па ўсім, прыцягнула Кітай у якасьці пасярэдніка ў гэты канфлікт), праверыла чарговы раз ступень суб’ектнасьці Менска і ягоную гатоўнасьць ісьці на нейкія ўзаемапрымальныя крокі. І рызыкну прагназаваць, што Менск і Варшава пра нешта закулісна дамовіліся -- штосьці стане публічным (палітвязьні), а штосьці будзе працягвацца рознымі “кансультацыямі”.

У любым выпадку можна цьвёрда прагназаваць, што “мігранцкі крызіс” на нейкі час будзе чарговы раз паслаблены (колькасьць спробаў нелегальнага пераходу мяжы ўжо істотна зьменшылася падчас вучэньняў).

Пагаварыў на гэтую тэму з Ігарам Тышкевічам, які, бадай, найбольш грунтоўна каментуе і вывучае гэтыя аспэкты, асабліва ўплыў Кітаю на наш рэгіён https://www.svaboda.org/a/33538785.html
👍142😢1
100 дзён Ціханоўскага на волі

30 верасьня спаўняецца 100 дзён з моманту выхаду з турмы і вывазу за мяжу Сяргея Ціханоўскага. Што ён набыў і страціў за гэты час? Як зьмяніўся Ціханоўскі за гэтыя дні, наколькі ягоны цяперашні вобраз адрозьніваецца ад вобразу 2020 году? Ці знайшоў ён сваё месца ў палітычным жыцьці і чаму ягоныя паводзіны выклікаюць канфлікты й крытыку?

Гэтыя пытаньні я задаў тром экспэртам — палітычнаму аналітыку Аляксандру Класкоўскаму, мэдыяэкспэрту Паўлюку Быкоўскаму і гісторыку Аляксандру Пашкевічу. Атрымаліся даволі шчырыя і часам горкія адказы.

https://www.svaboda.org/a/33544291.html
10👍6😢1
Паўстаньне масаў як непазьбежнасьць

Make America sane again. Гэта адзін з рэкламных плакатаў майго любімага журналіста (тэлевядучага) у ЗША – Біла Маера.
Sane – слова, якая можна перакласьці як нармальнасьць, адэкватнасьць, прытомнасьць, псіхачнае здароўе. Антонім яму – вядомае insanity.
Яшчэ раней, у пачатку 2024-га, Маер казаў -- The battle for the soul of America isn’t right vs. left. It’s normal vs. crazy. Бітва за душу Амерыкі — гэта не барацьба правых і левых. Гэта барацьба нармальнасці і вар'яцтва.

Маер, які усё жыццё быў (і застаецца) лібералам і мацюкаў Рэспубліканцаў, апошнія некалькі гадоў (да прыхода Трампа, падкрэсьлю) галоўнай мішэньню свайго палітычна-сатырычнага шоў зрабіў крайне левых вакістаў. Падазраю, найперш таму, што для сатыры і сарказма менавіта там багата матэрыялу. Надта шмат вар’яцтва, міма якога не прайсьці.

Можа таму, што ён сьцябецца з дурасьці і правых і левых – ён, паводле сацыялогіі, мае ў ЗША найбольшы рэйтынг даверу. (Памятаю, мяне моцна ўражвала, як большасьць сатырычных шоў ані словам не іранізіравала наконт Байдэна падчас яго прэзідэнцтва, хаця ён амаль кожны дзень даваў процьму падставаў для гумару і сьцёбу. І толькі летам 2024, калі партыя вырашыла яго зьліваць -- сталі жартаваць. Сорам)

Я слухаю Маера гадоў 5-7 і не магу сказаць, што ён зьмяніўся. Іншыя зьмяніліся -- пайшлі далёка ўлева. А тых, хто застаўся ў цэнтры, сталі называць фашыстамі.
Ну сапраўды, поўна ж відэа, дзе Клінтан, Хілары, Чак Шумэр, Абама ў 1990-00-я кажуць, напрыклад, пра міграцыю абсалютна тыя рэчы, якія сёньня кажа МАГА і за якія сёньня могуць назваць расістамі і фашыстамі.

Я не прэтэндую пералічыць усё тое, што можна назваць вар’яцтвам (бо па кожнаму пункту можа пачацца асобная спрэчка), але некаторыя рэчы можна назваць: цэнзуру ў сацсетках, культуру адмены, узаконены антыбелы расізм, выцісканьне “кансерватыўных” выкладчыкаў з універсітэтаў (калісьці было 60 на 40, зараз 90 на 10), перашкоды ў паступленьні ў універы азіацкім студэнтам, нянавісьць да гісторыі, арміі і паліцыі ЗША, дазвол у некаторых штатах на трансгендерныя аперацыя дзецям (што даўно забаронена ў Швецыі, Нарвегіі, Англіі). Як вяршына тупасьці – Квіры за Палестыну.

Але ж гэта не абстактныя тэарэтычныя спрэчкі, гэта ўсё ўплывае на жыцьцё людзей. Сярэдні клас і багатыя уцякаюць ад каліфарнійскага сацыялізма ў іншыя штаты – выехала 817 тысяч у 2022, 690 тысяч у 2023. Калі шызафрэнік, якога затрымлівалі 14 разоў, у тым ліку за рабункі і нават узброенае рабаваньне, працягвае гуляць на свабодзе і ў аўтобусе забівае маладую ўкраінку – то гэта, сярод іншага, вынік Абамаўскай рэформы пэнітэцыярнай сыстэмы, калі псіхічна хворых павыпускалі на волю. Ці калі ў Сан-Францыска і Лос-Анжэлесе стаяць пустымі і закінутымі гандлёвыя цэнтры – бо з 2014 году ў Каліфорніі дзейнічаў закон, паводле якога крадзёж да 950 даляраў не лічыўся крымінальным злачынствам. Банды прыходзілі ў крамы, забіралі айфоны, сумачкі, красоўкі, адзеньне пад завываньне карысных ідыётаў у прэсе, што “ім жа няма чаго есьці”. Дарэчы, на рэфэрэндуме 2024 году (разам з прэзыдэнцкімі выбарамі) 68 працэнтаў каліфарнійцаў (самы ліберальны штат) прагаласавалі за адмену гэтай нормы.

Таму цяперашнія працэсы ў ЗША і Эўропе я не ўспрымаю, у адрозьненьні ад многіх, як бунт нейкіх недаразьвітых правых папулістаў супраць пераменаў. Гэта непазьбежнасьць. Гэта непазьбежная і вымушаная рэакцыя той часткі грамадзтва, якая хоча свабоды, нармальнасьці і бясьпекі. Калі 55-65 працэнтаў прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі станоўча ставяцца да сацыялізму, то астатняя большасьць амэрыканцаў (рэспубліканцы і незалежныя) усё яшчэ кажа – “А мы вось ня хочам, каб тут была Венесуэла ці Куба”.

І натуральна, што гэтыя людзі выбіраюць умоўнага Трампа як найбольш радыкальнага палітыка, які, на іх думку, можа спыніць “усё гэта”. Яны не абралі нейкага “мяккага” і памяркоўнага Рэспубліканца – бо не паверылі, што такі будзе здольны процістаяць “усяму гэтаму”.
👍20👎6😢1
(Працяг допіса)

І тое самае будзе ў Эўропе. Калі цэнтрысцкія сілы не вырашаць асноўныя праблемы – бясьпека, злачыннасьць, эканоміка (ці хаця б не прадэманструюць, што яны рэальна хочуць іх вырашаць), то на замену ім прыйдзе ЛеПэн, Альтэрнатыва і Фарадж. Так, часам гэта будуць не самыя прыемныя людзі. (Хаця на самой справе -- якая розьніца, хто персанальна. Будзе замест Трампа, напрыклад, інтэлігентны юрыст і пісьменьнік Вэнс, паходжаньнем з беднай сям’і, жанаты з індыйкай, – яго усё роўна будуць дэманізаваць, называць расістам і ксенафобам.)

Калі на мітынгах і шэсьцях "мілых і мірных" людзей гучыць толькі адзін лозунг -- "Алах Акбар" (заўважце, яны ж не крычаць пра дэмакратыю, правы чалавека, разнастайнасьць і мульцікультуралізм, яны крычаць выключына толькі Алах Акбар), то можна прыкідвацца, што нічога не адбываецца, "дарагая, гэта ня тое, што ты падумала". А можна прызнаць рэальнасьць.

Ліберальным людзям могуць не падабаюцца ізраільцяне, як занадта рэзкія, занадта правыя, занадта непаліткарэктныя. Але яны гадамі жывуць пад пагрозай выжываньня, таму пытаньне бясьпекі становіцца прыярытэтам. Прыблізна тое самае адбываецца з многімі амерыканцамі і еўрапейцамі – яны вымушана становяцца такімі “ізраільцянамі”.

Але ж гэта закон жыцьця – пра сілу дзеяньня і процідзеяньня. “Не перегнешь – не выправишь», – канстатаваў таварыш Мао.
👍26👎62
Мы ўжо перамаглі?

Часам ствараецца ўражаньне, што чым горш сытуацыя ў рэальнасьці, тым актыўней гучаць прамоўцы з мантрай “мы ўжо перамаглі”. І з мантрай “усё хутка разваліцца, а асабліва эканоміка – засталося чакаць зусім ня шмат”.

І мяне нават больш цікавяць не самі агітатары гэтай мантры, і не іх “прагнозная” рэпутацыя -- а іх аўдыторыя. Да, псіхатэрапія. Да, “і обмануть меня не трудно, я сам обманываться рад”. Але ж трэба трошкі і крытычнае мысьленьне мець.

Ды гаварылі б і гаварылі б, але хвалюе праблема адказнасьці за словы, заклікі і “прагнозы”. Бо нехта паслухае, пранікнецца – і ў выніку робіць жыцьцёвыя выбары і крокі, якія прыводзяць да рэальных трагедыяў.

Спадзяюся ўсё ж, што большасьць успрымае такія палымяныя прамовы як казкі альбо фільмы пра супергерояў. Паглядзець цікава --- але з разуменьнем, што гэта фэнтэзі, а не жыцьцё.
👍19😢1
Прыкметы людзей з высокім IQ

Люблю чытаць тэксты (часам папулісцкія, часам даволі сур’ёзныя, са спасылкамі на навуковыя дасьледаваньні) пра тое, якія якасьці і звычкі вылучаюць людзей з высокім інтэлектам.

Ну, напрыклад – бардак у пакоі) Калі розум заняты важнымі і цікавымі справамі, парадачак у пакоі – найменшы з сапраўдных клопатаў.

Ці, напрыклад, схільнасьць позна класьціся спаць.

А яшчэ яны цэняць сарказм і чорны гумар. І так, я лічу, што любая спроба абмежаваць сарказм і гумар сьведчыць пра невысокі інтэлект.

Людзі з высокім інтэлектам давяраюць іншым. Проста яны разьбіраюцца ў чалавечым матэрыяле і таму атачаюць сябе тымі, каму можна давяраць. (І, дарэчы, вы ж ведаеце дадзеныя, што чым больш пасьпяховая краіна, тым большая там ступень даверу паміж людзьмі -- найвышэйшая ў Скандынавіі)

Людзі з высокім IQ часта шмат аналізуюць уласныя думкі і паводзіны. Яны ўсьведамляюць свае слабасьці, не баяцца прызнаць памылкі і імкнуцца палепшыцца.
Разумныя людзі спакойна пераносяць самоту, нават імкнуцца да яе ў пэўнай ступені, ім патрэбны час пабыць аднаму. Адзінота дае ім магчымасьць паразважаць пра нешта сапраўды важнае і істотнае. Як кажуць, «люблю паспрачацца з разумным чалавекам – з сабой») Яны аддаюць перавагу якасьці перад колькасьцю – лепш адна цікавая размова з глыбокім чалавекам, чым бясконцая балбатня на побытавыя тэмы.

І яшчэ адно – магчыма, маё любімае) Іншыя могуць лічыць высокаінтэлектуальных людзей гультаямі. Бо яны імкнуцца рабіць менш – больш разумнымі спосабамі. Заўважаць заканамернасьці, эканоміць энэргію, і ставіць вынікі вышэй за сам працэс. Ёсьць вядомая цытата Біла Гейтса, якая выдатна гэта ілюструе: «Я выбіраю лянівага чалавека для выкананьня цяжкай працы. Таму што лянівы чалавек знойдзе лёгкі спосаб яе выканаць».
👍166👎2😁2
Сацыялістычны ўхіл Дэмпартыі ЗША

Як вы здагадваліся, я даволі доўга сачыў за выбарамі ў Нью-Ёрку і маю што сказаць.

Па-першае, найбольш відавочнае: перамозе 34-гадовага дэмакрата Заграна Мамдані, напэўна, больш за ўсіх радуецца Трамп.

Мяркую, што ўся дзейнасьць Мамдані ў Нью-Ёрку зараз стане страшылкай для шырокай публікі. Глядзіце, што ён абяцаў, і што атрымалася! Даволі проста прадказаць, што наўрад ці ягонае кіраваньне горадам можа быць пасьпяховым, проста па банальна аб'ектыўных і лягічных прычынах.

Калі ён рэальна пачне будаваць свой дэмакратычны сацыялізм у Нью-Ёрку, то гэта не надта магчыма ў рамках агульнай капіталістычна-манапалістычнай сыстэмы ў ЗША, у якой Нью-Ёрк зьяўляецца фінансавым цэнтрам гэтай сыстэмы. У максімальна аптымістычным сцэнары – калі ён здолее зрабіць нейкія дробныя паляпшэньні з транспартам, нейкае павелічэньне сацыяльных выплат – то гэта будзе цудам.

Калі ж ён задумае рабіць тое, што абяцаў на выбарах і чаго ад яго патрабуюць ягоныя радыкальныя прыхільнікі, якія на ягоных мітынгах крычалі – «Tax the rich» (абкласьці падаткамі багатых), то адбудзецца наступнае. На сёньня 1% самых багатых Нью-ёркцаў забясьпечваюць 36% гарадзкога бюджэту. Як толькі ён абкладзе іх ці іхнія бізнэсы яшчэ большым падаткам, частка з іх (хоць і не ўсе), проста псіхануць і ўцякуць у той жа самы Тэхас і Фларыду, дзе зараз найспрыяльнейшыя ўмовы для бізнэсу. Туды ўжо ўцякаюць багатыя і людзі сярэдняга класа з Каліфорніі. У выніку падатковаабкладаная база зьменшыцца, і ў бюджэце гораду застанецца менш грошай, чым было. За якія шышы запускаць бясплатны транспарт, замарозку арэнднай платы, танныя крамы, як абяцаў Мамдані?

Другое: ён малады чалавек, актывіст, які толкам нікім не працаваў і нічым не кіраваў. Кампанію па выбарах ён успрымаў найперш як палітычную барацьбу, а кіраваньне горадам – гэта максымальна гаспадарчая не ідэйная справа. Калі ж ён набярэ ў памочнікі такіх самых ідэйных актывістаў, мэта якіх – змагацца з Трампам, а не паляпшаць жыцьцё нью-ёркцаў – тады яшчэ горш. Так што парадокс у тым, што самае страшнае для Нью-Ёрка – у тым варыянтце, калі Магдані сапраўды пачне спрабаваць ажыцьцяўляць свае перадвыбарчыя абяцаньні)
(працяг ніжэй)
👍13😢3👎2
Мамдані і сацыялістычны ўхіл Дэмпартыі ЗША

(працяг папярэдняга допіса)

Перамога Магдані, які, нагадаю, стаў кандыдатам, выйграўшы праймерыз Дэмакратычнай партыі, кажа пра даволі радыкальныя зьмены ў партыі, якія адбываюцца апошнія гады і якія паскорыліся пасьля прыходу Трампа

Даводзіцца канстатаваць радыкалізацыю альбо палявеньне гэтай партыі. Партыя ўжо становіцца не левацэнтрысцкай, паводле амэрыканскіх мерак, а фактычна, сацыялістычнай. Левае крыло, якое зьяўляецца антыкапіталістычным, антыізраільскім, у пэўнай ступені антыпатрыятычным (Паводле Gallup, у 2025 г. толькі каля 36 % прыхільнікаў Дэмакратаў сказалі, што яны «вельмі» або «надзвычай» ганарацца тым, што яны амэрыканцы), узмацняецца і пачынае перамагаць цэнтрыстаў унутры партыі.

Паводле апытаньня Гэлапс за жнівень 2025 год, каля 66% прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі выказаліся станоўча пра сацыялізм, толькі 42% дэмакратаў падтрымлівалі капіталізм. Сярод усёй Амэрыкі 39% амэрыканцаў маюць станоўчае стаўленьне да сацыялізму, а 57% ставяцца да яго адмоўна

Вас могуць шакіраваць гэтыя лічбы, але прапаную ставіцца да іх даволі спакойна. Гэта ў чалавечай прыродзе – любіць тое, пра што мала што ведаеш, з чым ніколі не сутыкаўся. Амэрыканцы не бачылі сацыялізму, і любяць яго як нейкі ідэал з кніжкі, як нешта, супрацьлеглае таму недасканаламу жыцьцю, у якім яны знаходзіцца. І гэтая нязбыўная вера, што вось усе сацыялізму раней былі няправільныя, а вось гэты наш нарэшце будзе правільным!)

Многія прыхільнікі Дэмакратаў лічаць, што гэта павінен быць «сацыялізм», як у Швэцыі Але ў Швэцыі ніякага сацыялізму няма; там нармальны капіталізм проста з добра наладжанай сацыяльнай абаронай. У Швэцыі колькасьць мільярдэраў на душу насельніцтва адна з найвышэйшых у сьвеце (мільярдэр на кожныя 250-300 тысячаў чалавек, што значна вышэй, чым у ЗША)). У 70-я гады ў Швэцыі быў рух да рэальнага сацыялізму, калі спрабавалі нацыяналізаваць розныя галіны, што прывяло за заняпаду эканомікі. Ад гэтага адышлі нават самі сацыял-дэмакраты, якія тады кіравалі, і якія прызналі, што гэта памылка. Швэцыя застаецца пасьпяховай, таму што яны ад гэтага экспэрымэнта адышлі і больш туды не вяртаюцца.

Ды і гісторыя і традыцыі.. Ня трэба чытаць тоўстыя тамы Алекса дэ Таквіля (хаця, канешне, лепш прачытаць), каб пераканацца, наколькі па-рознаму фармаваліся грамадзтвы і сучасныя дзяржаўныя інстытуты ЗША і Эўропы. Наколькі моцна індывідуальны пачатак і прынцып асабістай свабоды і посьпеху працінае гісторыю і палітычную культуру ЗША, і наколькі важны прынцып калектывізму (групавога ці нацыянальнага), «роўнасьці», салідарнасьці і сацыяльнай справядлівасьці – для Эўропы.

Галоўная ж выснова для будучай палітыкі заключаецца ў тым, што калі ў Дэмакратычнай партыі будуць перамагаць прыхільнікі «дэмакратычнага сацыялізму», то яны могуць выйграваць на ўзроўні гарадоў ці можа асобных рэдкіх штатаў. Аднак, ніякіх шансаў перамагчы на фэдэральным узроўні ў сёньняшняй Амэрыцы яны не маюць.

Асноўнае пытаньне для Дэмакратычнай партыі – як процістаяць Трампу. І ў партыі ўсё часьцей гучаць галасы, што перамагчы рэспубліканца можа толькі такі ж рэзкі, зацяты, непаліткарэктны, радыкальны кандыдат.

Больш актыўныя, пасіянарныя ў Дэмакратычнай партыі – больш левыя, і яны будуць перамагаць на розных праймерыз. Рэйтынг Дэмакратычнай партыі зараз 27%, самы нізкі за апошнія дзесяцігоддзі. Ухіл у бок сацыялізму будзе выклікаць захапленьне ў радыкальнай публікі ўнутры партыі, але зь іншага боку -- яшчэ большае непрыняцьцё ў рэспубліканцаў і незалежных, ды і многія памяркоўныя Дэмакраты адвярнуцца.Вядомая палітычная логіка – радыкалізацыя вядзе да перамогі ў сваёй бурбалцы, і да паразы на агульнадзяржаўным узроўні.

Нават на апошніх давыбарах у Кангрэс і Сэнат перамагалі тыя Дэмакраты, якія мелі цэнтрысцкую пазыцыю. Калі ж у партыі пераможа падыход радыкалізацыі, дэмакратычнага сацыялізму, а не памяркоўнага цэнтрызму, то гэта прывядзе да гарантаванай паразы Дэмакратаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.

👍12😢3👎21
Мірнае суіснаваньне з рэжымам?

У час халоднай вайны быў прынцып мірнага суіснаваньня дзяржаваў з розным грамадзкім ладам. Што прадугледжвала адмову ад вайны, высьвятленьне спрэчных праблемаў шляхам перамоваў, пэўны ўзровень неўмяшаньне ва ўнутраныя справы.

Можна канстатаваць, што гэты прынцып, не выключана, можа запанаваць у адносінах Захаду да афіцыйнага Менску – незалежна ад таго, як я ці мы да гэтага паставімся.

Калі нагадаць гісторыю, то заходнія краіны адмовіліся ад ідэяў інтэрвенцыі і прызналі ўладу бальшавікоў (усталявалі дыпламатычныя адносіны з Савецкай Расеяй і СССР) у 1923-24 гадах (ЗША толькі ў 1933-м). Дарэчы, ведаеце, хто зрабіў гэта раней за ўсіх? Хе) Эстонія, Літва і Латвія – у 1920-м годзе.
У сваю чаргу, СССР даволі доўгі час (афіцыйна) абвяшчаў стаўку на сусьветную рэвалюцыю і толькі на 20-м зьезьдзе, у 1956 годзе, была прынята канцэпцыя мірнага суіснаваньня, якая, дарэчы, відавочна супярэчыла тэорыі марксізма (дык яны прыдумалі, што мірнае суіснаваньне – гэта такая форма класавай барацьбы на сучасным этапе). Потым разрадка напружанасьці ў 1960-70-я прывяла да сумесных палётаў у космас, выставаў, кока-колы, хакейных матчаў ды іншага.

Любыя гістарычныя параўнаньні кульгаюць, але так пабудавана наша мысьленьне – мы шукаем аналагі і супадзеньні, для разуменьня сваёй сітуацыі.
І вельмі падобна, што пасьля кавалерыўскай атакі ў форме часовага закрыцьця межаў, пасьля ўсьведамленьня таго факту, што гэтая атака мала чаго прынесла -- бліжэйшыя суседзі Беларусі могуць выбраць варыянт таго самага “мірнага суіснаваньня” як больш спакойны, бясьпечны і прадукцыйны. Застаючыся пры сваіх палітычных прынцыпах, але разам з тым усьведамляючы, што “ускавырнуць” Лукашэнку на сёньня не выглядае вельмі рэалістычным.

Пытаньне, вядома, яшчэ і ў тым, ці можа і ці хоча Менск прытрымлівацца формулы мірнага суіснаваньня, ці захоча ён спыніць усялякія формы гібрыднай агрэсіі. Але некаторыя факты, як, напрыклад, амаль поўнае зьнікненьне памежнага мігранцкага крызісу за апошнія дні, фактычна нулявыя зафіксаваныя спробы пераходу мяжы – кажуць, што Менск пры жаданьні можа (скажам так, пэўны час) выконваць дамоўленасьці з свайго боку.

І дарэчы, выглядаюць даволі сьмешнымі заявы некаторых каментатараў, што Менск ня можа кантраляваць мігранцкі крызіс, бо мігрантамі даўно кіруе Масква. Высьвятляецца, што вельмі нават можа – калі бачыць у гэтым стымул і неабходнасьць. (Гэта ўвогуле такая забаўная тэндэнцыя – валіць ва ўсіх сітуацыях усё на Маскву, тым самым здымаючы адказнасьць з Лукашэнкі).

У любым выпадку, пакуль Варшава і Вільня для сябе могуць зафіксаваць, што перамовы прынесьлі значна больш вынікаў чым канфрантацыі – мігранцкі крызіс на сёньня абнулены, кантрабандныя аэрастаты таксама менш лятаюць, эканамічныя страты ад адкрыцьця межаў адмяняюццца, міжнародныя партнеры супакойваюцца.

Ці застанецца гэта толькі тактычным эпізодам, ці можа прывесьці да актывізацыі спробаў перагледзець усю стратэгію стаўлення да афіцыЙнай Беларусі -- ад канфрантацыі да “мірнага суіснаваньня” – будзем глядзець.
👍12😢2😁1
50 адценьняў шэрага

Людзі (скажам асьцярожна) -- сацыяльныя істоты. Хаця можна ўжыць і іншы выраз -- статкавыя істоты. Нічога тут новага, мільёны старонак пра гэта напісана. Проста мне падаецца, што ў наш час сацыяльных сетак і інфармацыйных тэхналёгій гэта толькі ўзмацнілася.

Калі мільёны ў Ціктоку пачынаюць паўтараць разам з усімі нейкі чэлендж. Ці ў Facebook усё некалькі дзён абмяркоўваюць нейкую тэму, будучы ўпэўненымі, што безь іх каштоўнага меркаваньня гэтая тэма не раскрыецца. Я разумею, што для блёґераў, палітычных камэнтатараў, грамадзкіх дзеячоў гэта частка працы, статусу, а то й крыніца даходаў – але ж большасьць робіць гэта за бясплатна й без шанцаў на вялікія прагляды. Бо “ўсе пра гэта сёньня кажуць”.

Я недзе год таму паставіў фотку дзяўчынак падлеткавага ўзросту з варшаўскіх вуліц, дзе зьвярнуў увагу, што ўсе яны аднолькава апрануты й з аднолькавымі прычоскамі. За гэты час сустракаў у сацсетках допісы (часьцей ад жанчынаў) на тую ж тэму – наколькі сучасныя дзяўчынкі зьнешне аднолькавыя, у параўнаньні з пакаленьнем іхніх мам. У іх аднолькавыя прычоскі, да сантымэтра! аднолькавая даўжыня валос.

Такога не было ў часе маёй маладосьці ў канцы 80-х. У школе ці ў інстытуце дзяўчыны былі даволі разнастайнымі ў прычосках і стылях адзеньня. Хтосьці меў карэ, хтосьці перманент (завітушкі), хтосьці чубы ў стыле С.С.Catch, хтосьці доўгія валасы. Вядома, была мода – але яна не ахоплівалі ўсіх пагалоўна.

Парадокс у тым, што людзі за апошнія дзесяцігодзьдзі сталі нашмат болей аднолькавыя й уніфікаваныя – што ў адзеньні, што ў паводзінах, што ў матэрыяльнай вытворчасьці. Людзі сталі больш звычайнымі, паслухмянымі, правільнымі.

Моладзь (у параўнаньні з пакаленьнем сваіх бацькоў) п’е менш алькаголю, вядзе больш здаровы лад жыцьця, мае менш сэксуальных партнэраў – але пры гэтым у іх расьце колькасьць усялякіх мэнтальных праблем і адхіленьняў.

Разам зь неправільнасьцю зьнікае й творчасьць. Да 2000 году толькі 25 працэнтаў самых касавых фільмаў былі прыквеламі, сіквеламі й так далей, зараз – 75 працэнтаў. Шмат пішуць пра тое, якой аднолькавай стала архітэктура, аднолькавы дызайн офісаў і кафэ. Аднолькавыя гандлёвыя цэнтры. У клясыка амэырыканскага стэндапа, сапраўднага філёзафа Джорджа Карліна ёсьць жорсткі маналёг пра гандлёвыя молы й іх тоўстых наведнікаў.

Раней, як бы мы крытычна не ставіліся за зорак у самых розных сфэрах, яны станавіліся зоркамі з-за нейкіх сваіх талентаў і здольнасьцяў, якіх вылучаюць іх сярод іншых. Зараз жа маем новы феномэн – калі папулярнымі становяцца людзі ніякія, за тое, што “такі як усе”, нічым не адрозьніваецца. Так бы мовіць, 50 адценьняў шэрага

Ды што там такая раскоша як творчая свабода -- калі палітычных свабодаў, свабоды слова ў сьвеце з кожным годам становіцца ўсё менш. Гэта не эмоцыя, а канстатацыя факту, зацьверджанага шматлікімі арганізацыямі, якія праводзяць адпаведныя маніторынгі. Але ж і ў тых краінах, якія дагэтуль лічацца свабоднымі, адбываюцца неўяўляльныя раней рэчы. У Брытаніі затрымліваюць, судзяць і часам саджаюць да допісы ў сацыяльных сетках. Не за заклікі кагосьці забіваць, а за “абразы”, выказваньні, якія могуць выклікаць “раздражненьне”, альбо “трывогу” ў іншых. Па сёньняшніх правілах Чэрчыля з ягонай непаліткарэктнасьцю пасадзілі б надоўга.
👍20👎5😢3
Новы ізаляцыянізм Амэрыкі – «по одёжке протягівай ножкі»

Недзе ў нулявыя я чытаў кнігу пра-Дэмакратычнага амэрыканскага аўтара, гісторыка Артура Шлезінгера Циклы американской истории, «The Cycles of American History», дзе аўтар не тое, каб даказваў, а хутчэй канстатаваў і аналізаваў два варыянты гэтых цыкляў – кансэрватызму і рэформаў, ізаляцыянізму і інтэрвэнцыяналізму (актыўнасьці ў замежных справах). У розныя пэрыяды амэрыканскай гісторыі настроі большасьці насельніцтва і палітычных элітаў адпавядалі таму ці іншаму цыклю, кожны зь якіх звычайна працягваўся 20-30 гадоў.

Паказальна, што гэтыя цыклы не былі дакладна прывязаныя да Дэмакратычнай альбо Рэспубліканскай адміністрацыі. Напрыклад, ад пачатку 1990-х да мінімум 2008 году ў ЗША быў відавочна цыкль неаінтэрвэнцыяналізму, які ажыцьцяўляўся і Дэмакратам Клінтанам і Рэспубліканцам Бушам. Былая Югаславія, Блізкі Ўсход, Ірак, Аўганістан, прасоўваньне дэмакратыі па ўсім сьвеце.

З аднаго боку – гістарычны цыкль. Зь іншага – асаблівая роля ЗША, якія пасьля 1991 году і развалу СССР (Кітай тады яшчэ не быў істотным чыньнікам) засталіся адзінай звышдзяржавай, адзіным «паліцыянтам» у сьвеце. Відаць, па іншаму быць і не магло.

Цыкль пачаў заканчвацца, як мяркуецца, у пачатку 2010-х. Гэта было выразна заяўлена ўжо першым Трампам (2016-20). Аднак парадаксальна, што пры процілеглай рыторыцы, рэальныя дзеяньні адміністрацыі Байдэна нярэдка былі ў тым самым «неўмяшальніцкім» накірунку. Дастаткова ўспомніць, як ЗША пры Байдэне даволі ганебна ўцякалі з Аўганістану. (Тады, у верасьні 2021-га, я напісаў пост, у якім сьцьвярджаў, што цяпер, калі ўвесь сьвет бачыць карціны ўцёкаў ЗША з Аўганістану, імавернасьць таго, што Расія нападзе на Украіну, я ацэньваю вышэй за 50 працэнтаў)

Ізаляцыянізм характарызуецца такімі праявамі як рост антываеннага настрою (Трамп любіць паўтараць, што пры ім ЗША не ўдзельнічаюць у войнах, ён толькі ўсіх мірыць), стомленасьць ад замежных абавязкаў, крытыка глябалізацыі, фокус на ўнутраных праблемах. Як падаецца, Трамп проста асядлаў той разварот у грамадзкіх настроях, які пачаўся без яго і разьвіваўся без яго. Проста Трамп, як чалавек, які не саромецца ў словах і дзеяньнях, заявіў пра гэта найбольш груба і рэзка. Відавочна, што пры іншай, Дэмакратычнай адміністрацыі, усе адбывалася б больш мякка і культурна, замежная дапамога не згортвалася б так публічна і бесцырымонна – але агульная тэндэнцыя захавалася б.

Гэта новы цыкль падмацаваныя ня толькі гэтымі загадкавымі гістарычнымі заканамернасьцямі, але і зьмененай сытуацыяй для ЗША. Цяперашні ізаляцыянізм – гэта адлюстраваньне прыказкі «по одёжке протягивай ножки». ЗША ўжо не зьяўляюцца адзіным агульнапрызнаным «паліцэйскім», растуць і патрабуюць сваё Індыя, Кітай, Арабскія краіны. Паводле ўсіх канцэпцыяў нацыянальнай бясьпекі (задоўга да Трампа), ЗША павінна пазьбягаць канфліктаў з больш чым адным моцным супернікам.

Плюс эканамічныя складанасьці традыцыйна таксама спрыяюць большаму ізаляцыянізму. Таму цяперашняя America first – выглядае ў цэлым заканамерна і ў пэўным сэнсе непазьбежна.

Як доўга гэта працягнецца? Да канца 2020-х як мінімум. Ды і каб цыкль хутка зьмяніўся, патрэбны будзе нейкі замежны штуршок, такі як Другая Сусьветная (скончыла пэрыяд ізаляцыянізму 1920-30-х гадоў) ці развал СССР (скончыла ізаляцыянізм 1970-80, народжаны шокам ад вайны ў Віетнаме).

Пра гэта ды іншае я разважаў сёньня ў эфіры на Эўрарадыё
https://www.youtube.com/watch?v=yHga6-IXBTk
👍6🔥51
Чаму тупы Захад не ваюе за Ўкраіну

Трошкі зьдзіўляюць абурэньні ў стылю “і чаму гэта тупы Захад ня хоча ваяваць за Ўкраіну”.

Калі задумацца – а сапраўды, чаму людзі ня хочуць ваяваць? Можа, таму, што яны нармальныя, псіхічна здаровыя людзі? Нармальныя, псіхічна здаровыя людзі ў прынцыпе ня хочуць ваяваць – тым болей, не за сваю краіну.

Ды ладна, скажуць мне, гэта не нармальныя, а глупыя людзі – бо не разумеюць, што “яны будуць наступныя”, што калі яны не будуць ваяваць зараз ва Ўкраіне, то будуць пазьней ваяваць на сваёй тэрыторыі.

А вось не факт. Прыгожы рытарычны ход, але не факт. Не факт і ў рэальнасьці, і тым больш не факт у іхнім разуменьні.

І ніхто зараз ня можа сказаць, што менавіта толькі так і будзе. І спасылкі на 1938-ы не працуюць. Расклад сілаў трошкі розны, Гітлер не адваёўваў 3 гады адзін райцэнтар.

І кожны заходні палітык, калі прымае рашэньні, ня можа дакладна ацаніць, якія будуць у будучыні праблемы (і ці будуць яны ўвогуле) з-за цяперашняга няўдзелу ў вайне. Але кожны зь іх можа цалкам рэальна і дакладна прадбачыць канкрэтныя праблемы для яго і ягонай краіны ў выпадку непасрэднага ўдзелу ў вайне.

Як бы нам не было сумна гэта канстатаваць, але трэба быць рэалістам. Казаў гэта ў 2022-м, 2023-м, скажу і зараз – ніякіх замежных войскаў на тэрыторыі Украіны ня будзе (прынамсі, да заключэньня мірнага пагадненьня) – якімі б прыгожымі словамі не называла б сябе “кааліцыя ахвотных”.

Калі хуліган нападае на чалавека, а іншыя стаяць побач і нярэдка назіраюць здалёк, не жадаючы ўмешвацца, то ніхто зь іх ня думае -- “вось зараз ён напаў на гэтага, і адсюль непазьбежна вынікае, што потым ён абавязкова нападзе на мяне”. Не вынікае. Таму -- лепш я буду стаяць убаку, і пазваню ў паліцыю.

А ў нашай сітуацыі і ў паліцыю ўжо не пазвоніш, бо паліцэйскі не выйшаў на працу, сядзіць дома, заявіўшы, што home first.
👍21👎5
Мелказёраў — журналіст найвышэйшай якасьці

Літаральна тры дні таму Мікіта Мелказёраў званіў мне, прасіў падзяліцца думкамі і цікавосткамі пра свайго чарговага героя.

Мікіту называюць блогерам, і мне хочацца гэтаму запярэчыць. Мне найперш хочацца назваць яго высокапрафесійным журналістам. Мне хочацца пакрэсьліць ягоную ўнутраную глыбіню, якая, магчыма, ня ўсім была заўважная.

Хачу засьведчыць, наколькі ўнікліва і маштабна ён рыхтаваўся да сваіх праграмаў. Разоў 5 за гэтыя гады ён тэлефанаваў, каб я падзяліўся нейкімі думкамі, момантамі, развагамі пра ягоных будучых герояў, зь якімі я быў даўно знаёмы. Ён часам нават разважаў пра лепшы паварот размовы з тым ці іншым героям, якая тэма менавіта з гэтым чалавекам найлепш зойдзе.

Калі я стаў героем Маліны, ён даволі нечакана цытаваў нейкія мае пасты, артыкулы 5, 10-гадовай даўніны, якія я і сам ужо не памятаў. Ён рыхтаваўся вельмі карпатліва і ўдумліва.

І яшчэ. У ім заўсёды адчувалася павага да калегаў, якія былі да яго. Да старэйшых. Як чалавек, які ўжо ў дарослых узросьце далучыўся да гісторыі, да беларушчыны – ён паглынаў яе сквапна, нагбом, адкрываў для сябе новае са зьдзіўленьнем падлетка.

Вечная памяць!
😢5835👍3🔥1
Дроны Шрэдынгера, альбо Лыжкі няма

Калі чытаў “Сто гадоў самоты” Маркеса, мяне, бадай, найбольш уразіў эпізод расстрэлу мірнай дэманстрацыі, “бананавая бойня”. Тры тысячы (у Маркеса) чалавек забілі, а ўлады пераконвалі, што гэтага не было. “В Макондо, где введено военное положение и по ночам производятся обыски и люди исчезают бесследно, все средства информации вдалбливают населению, что никакого расстрела не было и Макондо самый счастливый город на свете...”

Я чытаў гэты твор у юнацтве, у канцы 1980-х, і думаў, як добра, што ў наш час такое немагчыма. А тым больш было перакананьне, што такое немагчыма ў 21-м стагоддзе, калі тэхнічныя магчымасьці дазваляюць сачыць за кожным перасоўваньнем тэхнікі, калі са спадарожнікаў відаць у рэжыме жывога эфіру літаральна ўсё. Калі, здавалася б, немагчыма нічога істотнага схаваць.

І вось мы маем наш час -- напрыклад, “атаку 91 дрона” на рэзыдэнцыю Пуціна, якую Украіна называе расейскім фэйкам, закліканым сарваць перамовы. “Атаку”, пра якую, як высьвятляецца, пры ўсём фантастычным разьвіцьці сучаснай тэхнікі, ніхто нічога дакладнага сказаць ня можа (ня хоча). Дык была спроба замаху ці не?

Для кіраўнікоў сярэднеазіяцкіх кранаў напад быў. Прэзідэнт Казахстана Касым-Жомарт Такаеў асудзіў паведамленні аб “атаке” на рэзідэнцыю Пуціна і выказаў “сур’ёзную занепакоенасць”

Прэм’ер-міністр Індыі “надзвычай занепакоены» паведамленнямі пра замах і заклікаў усе бакі да дыялогу

Для Лукашэнкі канешне, замах быў – я нават зьдзіўляюся, чаму ён не заявіў, што беларускія самалёты адразу ўзьляцелі, пазьбівалі ўсе ўкраінскія дроны і выратавалі Пуціна

А для еўрапейкіх лідэраў ніякага замаху не было, бо гэта фэйк ад Пуціна

Для Кітая, як заўсёды, усё не адназначна, і Кітай заклікае ўсе бакі прытрымлівацца прынцыпу «без эскалацыі» і не дапускаць пашырэння канфлікту (гэта ў іх такі копіпэйст на ўсе выпадкі жыцьця)

Для Трампа замах спачатку нібыта быў, а потым, калі разабраўся – то нібыта і не было. Але хто ведае, што будзе заўтра.

Нейкія “Дроны Шрэдынгера”

Бо мы жывем у сьвеце не фактаў, а іхняй інтэрпрэтацыі – у залежнасьці ад палітычных інтарэсаў. Ужо ня важна, што адбудзецца – рэакцыю на любую падзею тых ці іншых краінаў можна загадзя прадказаць.

Мы жывем у сьвеце, дзе мільёны людзей вераць у “плоскую зямлю” – што тады казаць пра нейкія “дакладныя факты”. Мы жывем у сьвеце, дзе многія маладыя захапляюцца СССР, бо перакананыя, што там усё было і ўсяго хапала, савецкія людзі езьдзілі за мяжу і ўсім раздавалі бясплатныя кватэры. Мы жывем у сьвеце, дзе сухія лічбы пра ўзровень злачыннасьці сярод тых ці іншых нацыянальнасьцяў некаторыя называюць ксенафобіяй.

Высьвятляецца, што нікому не патрэбная аб’ектыўная рэальнасьць.

«Лыжкі няма».
👍29😢3
2026 —год пераменаў. Не абавязкова станоўчых

Выказалі нашы ацэнкі і нават прагнозы (вось такія мы сьмелыя) на 2026 год на Свабодзе ў рамках жанру, які я калісьці іранічна назваў “тры тэнара” – Дракахруст, Карбалевіч, Цыганкоў. Хаця афіцыйна) гэта праграма называецца «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам».

У якасьці анонсу расшыфрую 1-2 пункта

Рызыкну прагназаваць, што з імавернасьцю больш за 50 працэнтаў не вайна, але баявыя дзеяньні ў гэтым годе скончацца. І канешне, загадзя можна канстатаваць, што калі і будзе падпісана нейкае часовае мірнае пагадненьне, то яно не спадабаецца і нам і многім украінцам.

Дарэчы, як мне падаецца, многія схільныя пераацэньваць нерацыянальнасьць і “адмарожанасьць” Пуціна. Канешне, такім чынам прасьцей усё тлумачыць – маўляў, ён ё..нуты, і адсюль вынікаюць усе жахлівыя дзеяньні Крамля. Скажам мякка, я не падзяляю гэтую эмацыйную, і ў прынцыпе, спрошчана-прымітыўную ацэнку палітычных дзеяньняў і матываў. Што да Пуціна, што да іншых.. Сьмешна чуць, што Пуцін цяпер ня можа жыць без вайны -- жыў неяк 22 гады, і нармальна сябе адчуваў.

Яшчэ адзін прагноз – палітвязьні будуць вызваляцца (і магчыма, цягам году, выйдуць амаль усе), але ніякай “адлігі” ў Беларусі ня будзе. Трэба проста прызнаць, што гэты розныя працэсы.

І нарэшце – у цэлым у мяне ўражаньне, што ў 2026-ым могуць рэальна адбыцца нейкія істотныя зрухі ў нашым рэгіёне. Папярэднія 3 гады я перамагаў сярод прагназістаў – у значнай ступені таму, што выбіраў даволі кансерватыўныя сцэнары. Сёлета, ці не ўпершныю за апошнія гады, я бачу падставы для заўважных пераменаў -- істотныя зрухі могуць адбыцца і з расейскай эканомікай і з расейскай зьнешняй палітыкай, і з беларускай замежнай палітыкай, і з заходнім стаўленьнем да Беларусі.

Але я не рызыкну сьцьвярджаць, з якім знакам – пазытыўным ці негатыўным – будуць гэтыя перамены.
https://www.youtube.com/watch?v=gRpAGgHwu7E&t=1229s
8👍6🔥1😢1
Венесуэла і рэалістычныя страхі Лукашэнкі

Неаднаразова ў розных эфірах і допісах я даводзіў думку, што (як бы гэта сьмешна для многіх гэта не гучала) Лукашэнка на самой справе вельмі баіцца «нападу», сілавога зьвяржэньня. Мы прыкалываемся, сьцябаемся з ягоных шматлікіх словаў на гэты конт, але ён жа не прыкідваецца, калі кажа, напрыклад, пра «джыпы з кулямётамі ад літоўскай мяжы».

Ён рэальна баіцца такога сцэнару, асабліва апошнія гады. А сёньня яму ў галаву прыходзіць падступная думка: калі такое адбылося ў Вэнэсуэле – чаму такое ня можа адбыцца ў Беларусі? Толькі таму, што ёсьць сябар Валодзя? Але гэта велічыня пераменная. Ды і сам жа казаў, што няма ў яго сяброў.

Зьвярніце ўвагу, дзяржсакратар ЗША Рубіё перадрукаваў свой твіт паўгадовай даўніны, у якім заяўляў, што ЗША не лічаць Мадуру легітымным кіраўніком дзяржавы. «Ён галава наркакартэля, якія захапіў краіну. Ён знаходзіцца пад абвінавачваньнем за дастаўку наркотыкаў у ЗША», – пісаў тады Рубіё.

Так што ЗША не зьвяргалі законнага кіраўніка краіны, яны правялі бліскучую, трэба сказаць, спецаперацыю па затрыманьню кіраўніка наркакартэля. Проста было забясьпечана выкананьне ордэра на арышт.

Істотная дэталь, якая падкрэсьлівае, наколькі важнай у пэўныя моманты становіцца такая нібыта абстрактная і "тэарэтычная" рэч, як «легітымнасьць».
І невядома яшчэ, якія дэталі супрацоўніцтва з менскімі таварышамі выдасьць арыштаваны Мадура. І хто там акажацца пасобнікамі "кіраўніка наркакартэля".

Лукашэнку зараз вельмі няўтульна і некамфортна. Балюча разумець, што атачэньне Мадуры, як вынікае з вядомай на сёньня інфармацыі, відавочна яго здала, не аказаўшы супраціву. Балюча разумець, што амэрыканскі спэцназ, некалькі дзясяткаў чалавек, за 30 хвілін зрабілі тое, супраціўляцца супраць чаго нібыта гадамі рыхтаваліся ўзброеныя сілы краіны. Балюча падазраваць, што той самы сябар Валодзя ў выпадку нейкай «вялікай угоды» можа аддаць цябе ў лапы імпэрыялістаў альбо замяніць на яшчэ больш паслухмянага. Сірыйскаму Асаду Валодзя нічым не дапамог. А тут яшчэ Іран на падыходзе.
👍259😁2