De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.38K subscribers
1.14K photos
1 video
3 files
717 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Як еўрапейскі палітычны крызіс 1938 г. паўплываў на настроі беларусаў у ІІ Рэчы Паспалітай

Пра гэта піша польскі гісторык Piotr Cichoracki ў часопісе Studia Białorutenistyczne. Еўрапейскі палітычны крызіс дасягнуў піка восенню 1938 года. На фоне Мюнхенскага пагаднення Варшава выставіла тэрытарыяльныя патрабаванні да Чэхаславакіі, а затым анексавала чэшскую частку Цешынскай Сілезіі (на фота).

Аднак гэта прывяло да рэзкага пагаршэння польска-савецкіх адносін. Гэтыя падзеі і ўплыў савецкай прапаганды паставілі значную частку беларусаў ІІ Рэчы Паспалітай у «радыкальную апазіцыю да польскай дзяржавы». Яны сталі чакаць польска-савецкай вайны, якая прывядзе да аддзялення Заходняй Беларусі.

Piotr Cichoracki прыводзіць нямала прыкладаў стаўлення беларусаў. Сярод іх такі: у кастрычніку 1938 г. зборы Саюза рэзервістаў у Лунінцы былі на мяжы зрыву – рэзервісты альбо не з'яўляліся, альбо спрабавалі ўцячы з горада. Сітуацыя змянілася толькі пасля радыёпаведамлення аб прыняцці Чэхаславакіяй польскага ўльтыматуму.
👍92
З якімі выклікамі сутыкнуліся беларускія музеі пры ўзнаўленні нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці

Пра гэта Дзяніс Філіпчык і Антон Петрухін пішуць у Amsterdam Museum Journal. Беларусь страціла шмат арыгінальных артэфактаў падчас знаходжання ў складзе Расійскай імперыі, СССР і падчас двух сусветных войнаў. Так, у 1919 годзе эмісар Наркамата асветы РСФСР вывез калекцыі з рэзідэнцыі Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі ў Гістарычны музей у Маскве.

У 1990 - 1994 гадах Беларусь перажыла музейны бум: было створана каля 30 новых музеяў. Перад імі стаяла задача ўзнаўлення нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці. Праблему адсутнасці сапраўдных артэфактаў вырашылі выкарыстоўваннем рэпрадукцый, копій і макетаў страчаных каштоўнасцей. Напрыклад, былі створаны копіі крыжа Ефрасінні Полацкай, твораў Ваньковіча, даспехаў Радзівілаў.

У 2022 годзе ў Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей была перададзена копія Кубка Святой Ядвігі (на фота). Артэфакт, які знайшлі ў пабудове XII стагоддзя, захоўваецца ў расійскім Эрмітажы.
8👍4😁1
Маеце навіны, вартыя ўвагі? Дасылайце ў «De facto. Беларуская навука»

Калі маеце інфармацыю пра новыя кнігі, даследаванні, навіны навуковай супольнасці ці пра іншае, блізкае да гэтай тэмы, дасылайце іх для публікацыі ў канале «De facto. Беларуская навука».
Кантакт для сувязі – @klav2025
🔥9👍4😁2
Пайшоў з жыцця гісторык архітэктуры Уладзімір Трацэўскі

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Спадчына. Уладзімір Трацэўскі (1936 - 2025) доўгія 48 гадоў выкладаў гісторыю беларускай архітэктуры ў БНТУ. Ён напісаў мноства артыкулаў па архітэктурнай спадчыне Беларусі, але сапраўды фундаментальнай яго працай стала «Гісторыя архітэктуры народнага жылля Беларусі» (1989). Трацэўскі абследаваў 116 (з 118!) раёнаў краіны, вывучыў больш за 3 тысячы аб’ектаў, уласна рабіў абмеры, замалёўкі, фотаздымкі.

Трацэўскі спраектаваў шэраг праектаў рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры – касцёлаў у Варончы, Дараве, Бабруйску, Сёмкавым Гарадку, Воўчыне, царквы ў Вялікай Ліпе, сядзібнага комплексу ў в. Высокая Ліпа і інш.

У апошнія дзесяцігоддзі дапамагаў як навуковы кансультант пры аднаўленні Любчанскага замка, запраектаваўшы рэнесенсныя купалы для вежаў. У Мінску пры ўдзеле Трацэўскага пабудавана Саборная мячэць, якая па яго ўпартым патрабаванні з'яўляецца копіяй знішчанай мінскай мячэці ХІХ стагоддзя.
😢15👏21
Краязнаўчы музей Стаўпецкага раёна завёў тэлеграм-канал. Пра што там пішацца?

На пачатку студзеня з'явіўся тэлеграм-канал Стоўпцы. Краязнаўчы музей. З яго можна, напрыклад, даведацца, што нядаўна ва ўстанову набылі новы экспанат: зробленую ў нямецкім горадзе Мэйсэн кафліну XIX стагоддзя з сядзібы Рэйтанаў (вёска Грушаўка Ляхавіцкага раёна).

Апісваюцца і іншыя экспанаты музея: напрыклад, бронзавы амулет у форме сякеры Х-ХІІІ стагоддзя і шкляная мухалоўка канца ХІХ - пачатку ХХ ст.
Тэлеграм-канал таксама піша пра гістарычныя з’явы ці падзеі. На фотаздымку – касцёл Святога Казіміра, які быў зруйнаваны бальшавікамі ў Стоўпцах у 1958 годзе.

Калі маеце інфармацыю пра новыя кнігі, даследаванні, навіны навуковай супольнасці ці пра іншае, блізкае да гэтай тэмы, дасылайце іх для публікацыі ў канале «De facto. Беларуская навука».
Кантакт для сувязі – @klav2025
👍135🔥1
Вядомы беларускі хімік Сяргей Касцюк пакінуў БДУ і далучыўся да Парыжскага інстытута малекулярнай хіміі

Як стала вядома «De facto. Беларуская навука», навуковец Сяргей Касцюк зусім нядаўна далучыўся да Парыжскага інстытута малекулярнай хіміі (IPCM), які з'яўляецца сумесным даследчым падраздзяленнем Універсітэта Сарбоны і CNRS. Цяпер Сяргей Касцюк, які спецыялізуецца на «зялёнай» катыённай палімерызацыі для медыцынскага і экалагічнага прымянення, працуе дырэктарам па даследаваннях у групе па хіміі палімераў.

Да нядаўняга часу 47-гадовы доктар хімічных навук узначальваў кафедру высокамалекулярных злучэнняў хімфака БДУ і лабараторыю каталізу палімерызацыйных працэсаў Інстытута фізіка-хімічных праблем НАН. Летась ўраджэнец Кобрына трапіў у спіс топ-2% самых цытуемых навукоўцаў свету.

Шмат гадоў прадстаўнікі навуковай супольнасці канстатуюць працэс «уцечкі мазгоў» з Беларусі і абвастрэнне кадравай праблемы, аднак сітуацыя да лепшага не змяняецца.
24👍5🔥5
«Адкрыццё, якое здараецца раз у 100 гадоў»: у Пампеях знайшлі шыкоўную прыватную лазню

У знакамітым старажытнарымскім горадзе Пампеі, які дзве тысячы гадоў таму быў пахаваны ў выніку вывяржэння Везувія, навукоўцы зрабілі «адкрыццё, якія здараюцца раз у сто гадоў». Пра гэта паведамляе BBC.
Археолагі выявілі шыкоўную прыватную лазню — магчыма, найвялікшую з калі-небудзь знойдзеных у Пампеях. У складзе спа-комплексу, упрыгожанага вытанчанымі творамі мастацтва, былі асобныя залі з гарачай, цёплай і ледзяной вадой, а таксама велізарны басейн.

Каманда археолагаў вяла маштабныя раскопкі два гады. Выяўленыя памяшканні добра захаваліся і ствараюць уражанне «нібы ў лазні яшчэ літаральна хвіліну таму былі наведвальнікі».

На фотаздымку — распранальня ў выяўленай прыватнай лазні. Траціна старажытнага горада па-ранейшаму схаваная пад пластом застылай вулканічнай пароды, археолагі працягваюць раскопкі.
🔥10🍾4👏3👍1😁1
Пра партрэт сярэднестатыстычнага даследчыка і размеркаванне колькасці даследчыкаў па галінах навукі ў Беларусі

26 студзеня адзначаецца Дзень беларускай навукі. Напярэдадні Белстат апублікаваў прысвечаны яму агляд – праўда, дадзеныя прыводзяцца па стане на 2023 год. Што цікавага ў справаздачы?
Белстат налічыў у некалькіх сотнях арганізацый 17,2 тыс. даследчыкаў. Для параўнання: пасля распаду СССР колькасць даследчыкаў у Беларусі знізілася з 59,4 тысяч у 1990 годзе да 19,3 тыс. у 2012-м і 16,9 тыс. у 2016-м.

Партрэт сярэднестатыстычнага даследчыка такі: мужчына (61,3%) старэйшы за 30 гадоў (78,1%), які выконвае даследаванні ў галіне тэхнічных навук (62, 8%).
У краіне налічылі 2 687 кандыдатаў навук і 519 доктараў навук.

Большасць беларускіх даследчыкаў задзейнічана ў тэхнічных галінах навукі – 62,8%. У гуманітарных – толькі 3,6% (на графіку).
Нагадаем, што раней з’явілася інфармацыя, што колькасць навучэнцаў аспірантуры і дактарантуры ў Беларусі за тры гады знізілася на 10%.
😢8🔥3
Якая частка нацыянальных меншасцей моцна звязана з беларускай мовай і культурай?

Пра гэта піша мовазнаўца і выкладчыца Варшаўскага ўніверсітэта Вольга Трацяк у Studia Białorutenistyczne у артыкуле, прысвечаным сітуацыі з беларускай мовай у апошнія гады. Згодна з апошнім перапісам насельніцтва (2019 г.), у Беларусі пражывае каля 15% прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей. Частка з іх моцна звязана з беларускай культурай і мовай.

Асабліва гэта відаць у палякаў і літоўцаў. Так, на пытанне «родная мова – мова іншай нацыянальнасці» больш за 54% палякаў задэкларавалі беларускую (гл. табліцу).
Гэта можа сведчыць аб тым, што беларусы, палякі і літоўцы культурна вельмі блізкія нацыі, піша Вольга Трацяк.

У цэлым пасля падзей 2020 г. тэндэнцыя выцяснення беларускай мовы з найважнейшых сфер зносінаў значна паглыбілася. Па стане на 2024 г. можна было казаць, што яе ўжыванне ў галіне навукі, дзяржаўнай адміністрацыі, кнігавыдавецтве, СМІ і іншых сферах, зведзена да крытычнага мінімуму.
🔥9👍3😢3🤔1
Створана першая тысячагадовая кальцавая храналогія сасны ў Беларусі. Яна дазволіць датаваць драўляныя пабудовы ў краіне

У міжнародным часопісе Dendrochronologia у артыкуле былога вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Максіма Ярмохіна паведамляецца: шляхам аб'яднання шэрагаў драўняных кольцаў жывых дрэваў, гістарычных будынкаў і археалагічных раскопак была распрацавана першая тысячагадовая храналогія Pinus sylvestris, сасны звычайнай, у Беларусі (997-2020 гг.).

Гістарычнае бярвенне было сабрана з Нясвіжскага замка і Свята-Пакроўскай царквы ў Турцы, а археалагічнае – з Гродзенскага замка і Навагрудака. Раней даследаванні былі абмежаваны ўзростам жывых дрэваў, таму ахоплівалі не больш за 200 гадоў.

Паколькі першы горад у Беларусі, Полацак, датуецца 862 г., то створаная храналогія амаль такая ж старажытная, як і ўся гісторыя гарадоў у краіне. Яна ўпершыню дае інструмент, які дазваляе датаваць драўляныя пабудовы ў заходніх і цэнтральных раёнах Беларусі, піша Максім Ярмохін.
👍17🔥6👀1
Пішуць у СМІ пра вельмі сумнеўнае аднаўленне будынка гістарычнага факультэта БДУ, а вось на старонках “Беларускага гістарычнага часопіса” за снежань 2024 года гістфак адзначае свой 90-гадовы юбілей
😁6👎3😢2
Даследаванне: пажылыя людзі ў Беларусі з’яўляюцца мішэнямі для палітычных актараў

Пра гэта супрацоўніца Ліверпульскага ўніверсітэта Ганна Шадрына піша ў «Intersections. East European Journal of Society and Politics». Яна задалася пытаннем, ці паўплываў удзел пенсіянераў у падзеях 2020 года на тое, як аўтакратычная сістэма і дэмакратычныя сілы абмяркоўваюць ролю пажылых грамадзян у нацыянальных праектах.

Пасля аналізу беларускіх дзяржаўных і незалежных СМІ, Шадрына канстатуе: рэжым прэзентуе сябе як патэрналісцкую дзяржаву і не дапускае крытычнага абмеркавання сваіх дзеянняў. У дзяржаўных СМІ пенсіянеры – альбо ахвяры няшчасных выпадкаў і ашуканцаў, альбо людзі, які выказваюць падзяку сістэме за клопат.

Для іншага боку пенсіянеры выглядаюць шмат у чым як перашкода для дэмакратызацыі Беларусі. Разам з тым частка грамадзянскай супольнасці ўяўляе сабе Беларусь як прысутную па абодва бакі разрыву паміж Усходам і Захадам, гэтая перспектыва спрыяе сацыяльнай салідарнасці, лічыць Ганна Шадрына.
👍11👎2
Беларускія навукоўцы адкрылі новы для навукі вірус у глебе

Бактэрыяфагі – гэта вірусы, якія інфіцыруюць бактэрыі. Вывучаючы карысную бактэрыю Glutamicibacter halophytocola, якая стымулюе рост раслін, навукоўцы Інстытута мікрабіялогіі НАН выявілі вірус, які інфіцыруе яе (для чалавека і сельскагаспадарчых жывёл бактэрыяфагі бяспечныя), звярнуў увагу «De facto» на нядаўняе паведамленне ў газеце «Навука».

Пры гэтым адкрыты беларускімі навукоўцамі вірус стаў толькі трэцім з роду Glutamicibacter, які ў 2016 годзе быў аддзелены ад іншых бактэрый. Новаму бактэрыяфагу далі назву Petuglutamicibacter, але яе яшчэ павінен зацвердзіць Міжнародны камітэт па таксанаміі вірусаў.

Новы вірус складаецца з ікасаэдрычнай галоўкі і даўгога хваста. Плануецца вывучыць, як яго можна практычна выкарыстоўваць – напэўна, ім у тым ліку можна кантраляваць колькасць бактэрый Glutamicibacter halophytocola.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
👍10🔥4
Гісторыя беларускай эміграцыі: лёс Аляксандры Мамонькі

Пра неаднароднасць беларускай эміграцыі піша гісторык Вольга Зубко ў часопісе Studia Białorutenistyczne. Яна адзначае: для ідэйных беларусаў, якія выехалі пасля 1917 - 1923 гг., пра змену культурнай ці прафесійнай ідэнтычнасці не магло быць і гаворкі. Да 1925 г. яны чакалі падзення бальшавіцкага рэжыму і марылі пра вяртанне, таму не спрабавалі інтэгравацца.

Іншая катэгорыя імігрантаў, наадварот, была апалітычнай. Напрыклад, Аляксандра Мамонька (Сташкевіч) (1899 - ?) – жонка вядомага грамадска-палітычнага дзеяча Язэпа Мамонькі. Пасля прыезду ў Прагу яна на фоне побытавай неўладкаванасці разышлася з мужам, беспаспяхова спрабавала знайсці сябе ў оперным спеве.

У 1928 г. Язэп Мамонька атрымаў візу на прыезд СССР, дзе адразу быў арыштаваны (расстраляны ў 1937 г.). Аляксандра Мамонька выехала з Чэхаславакіі ў сярэдзіне 1930-х альбо ў Літву, альбо ў Польшчу. Інфармацыя пра лёс Язэпа не магла абмінуць яе, таму яна вырашыла схаваць любыя звесткі пра сябе.
👍12
VR-акуляры для мышэй дапамагаюць навукоўцам вывучаць мозг

Акуляры віртуальнай рэальнасці распрацавалі навукоўцы Карнельскага ўніверсітэта (ЗША) для вывучэння рэакцый мышэй падчас тэстаў на рух, паведамляе Bild. Мышэй змяшчаюць на спецыяльны шар, які дазваляе ім рухацца ў любым кірунку, а падчас руху ім паказваюць розныя выявы і відэа. Пры гэтым навукоўцы запісваюць нейронавую актыўнасць жывёл і назіраюць іх рэакцыю.

«Дзякуючы сваім генетычным дадзеным, здольнасці арыентавацца ў лабірынтах і гатоўнасці працаваць дзеля сыра мышы даўно сталі папулярнай мадэллю для неўралагічных даследаванняў», – гаворыцца ў заяве даследчай групы.

Эксперыменты з мышамі і VR-акулярамі будуць працягнутыя: яны могуць даць новыя дадзеныя пра працу мозгу, якія будуць карысныя ў пошуках лячэння хваробы Альцгеймера. Больш за 55 млн чалавек ва ўсім свеце пакутуюць на дэменцыю. Часцей за ўсё яе выклікае хвароба Альцгеймера – пакуль што невылечная.
👍12🤬2🔥1💩1🖕1
Трамп і сусветная навука

Нядаўнія актыўнасці новаабранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа закранулі не толькі сферу вонкавай дапамогі, пра што пішуць беларускія СМІ, але і фінансаванне шырокага спектру навуковых даследаванняў. Пакуль не зусім ясна, ці закране гэта беларускіх даследчыкаў.

Праектаў з ЗША апошнія гады было няшмат, але дзеянні новай адміністрацыі могуць закрануць і існуючыя праграмы акадэмічных абменаў і індывідуальных візітаў. Яшчэ больш гэта можа закрануць беларускіх даследчыкаў за мяжой.

Як паведамляе Science, звязаныя з даследаваннямі агенцыі па-рознаму адрэагавалі на загады Трампа. NASA выпусціла заяву, што ўсе кантракцёры і атрымальнікі грантаў мусяць устрымлівацца ад любой актыўнасці, звязанай з DEIA (разнастайнасць, роўнасць, інклюзія і даступнасць). Дэпартамент энергетыкі (з даследчым бюджэтам 8 млрд. USD) адмяніў патрабаванні падаваць разам з заяўкамі план па інклюзіі.
Працяг чытайце ніжэй
😢8🔥1
(пачатак вышэй) У найбольш нявызначанай сітуацыі знаходзіцца найбуйнейшая грантавая інстытуцыя Нацыянальны навуковы фонд (National Science Foundation, NSF). Радыкальна разрываючы з традыцыяй, NSF пачаў перагляд ужо падтрыманых грантаў па тэмах, якія крытыкуе Трамп (woke, гендарная тэорыя, зялёны пераход і нават экалагічныя тэхналогіі ўвогуле).

Пад пытаннем супраца з замежнымі навукоўцамі і арганізацыямі, якія могуць пагражаць нацыянальным інтарэсам ЗША. Тут адразу прыгадваецца вядомая «Кітайская ініцыятыва» (China Initiative), якая была запушчана Трампам у лістападзе 2018 года для барацьбы з прамысловым шпіянажам. Але гэтым разам рашэнні могуць датычыцца не толькі Паднябеснай, але і значна большага кола краін.

NSF ужо часова заблакаваў доступ да сродкаў шматлікім даследчым групам з падтрыманымі праектамі. Улічваючы аб’ёмы сродкаў, якія ЗША выдаткоўваюць на даследаванні і розныя формы навуковага супрацоўніцтва, усё гэта можна прывесці да перафарматавання даследчага поля не толькі ў ЗША, але ў ЕС і свеце ўвогуле.
😢9🤔4👍3🔥1
Дзе цяпер працуе беларускі навуковец Максім Ярмохін?

Нядаўна выйшла даследаванне Максіма Ярмохіна пра распрацоўку першай тысячагадовай кальцавой храналогіі сасны ў Беларусі. Як высветлілася, навуковец больш не з’яўляецца вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН.

Максім Ярмохін цяпер працуе ў Інстытуце археалагічных навук Бернскага ўніверсітэта (Швейцарыя). Год таму ў часопісе Інстытута паведамлялася, што навуковец далучыўся да каманды, якая вывучае дэндрахраналагічны матэрыял з неалітычнага паселішча Лін 3, Ахрыдскае возера, Албанія (самае глыбокае і старажытнае возера на Балканскай паўвыспе). Ярмохін больш за 20 гадоў даследуе ўплыў чалавека і клімату на лясы.

Нагадаем, што нядаўна вядомы беларускі хімік Сяргей Касцюк пакінуў БДУ і далучыўся да Парыжскага інстытута малекулярнай хіміі.
Калі маеце інфармацыю пра новыя кнігі, даследаванні, навіны навуковай супольнасці ці пра іншае, блізкае да гэтай тэмы, дасылайце іх для публікацыі ў канале «De facto. Беларуская навука».
🔥19👏71👍1
Маастрыхцкі ўніверсітэт запрашае беларускіх даследчыкаў на канферэнцыю ў Брусель

Запрашаюцца даследчыкі, якія пішуць навуковыя артыкулы па любых аспектах сучаснай Беларусі, беларускай гісторыі, палітыкі, міжнародных зносін, эканомікі, правоў чалавека, дэмакратыі ці аўтакратыі. Прапановы можна дасылаць да 1 красавіка 2025 г. на адрас wj.vandenbroek@maastrichtuniversity.nl. Яны мусяць складацца з назвы артыкула, анатацыі да 250 слоў і назвы даследчага праекта.

У сярэдзіне красавіка прыйдзе апавяшчэнне, ці прыняты ваш артыкул. Тым, хто пройдзе адбор, будзе прапанавана прадставіць пісьмовыя версіі сваіх дакладаў (5 тысяч слоў) да 30 мая 2025 г. Канферэнцыя адбудзецца ў Брусельскім цэнтры Маастрыхцкага ўніверсітэта ў чацвер, 19 чэрвеня 2025 г., у Бруселі (Бельгія).

Дакладчыкі выступяць з 10-хвіліннымі прэзентацыямі сваіх дакладаў. Таксама плануецца правесці круглы стол з даследчыцкімі арганізацыямі па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Плата за ўдзел не спаганяецца. Пакрываюцца выдаткі на праезд і пражыванне.
👍12🔥4