De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.39K subscribers
1.14K photos
1 video
3 files
718 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Пра партрэт сярэднестатыстычнага даследчыка і размеркаванне колькасці даследчыкаў па галінах навукі ў Беларусі

26 студзеня адзначаецца Дзень беларускай навукі. Напярэдадні Белстат апублікаваў прысвечаны яму агляд – праўда, дадзеныя прыводзяцца па стане на 2023 год. Што цікавага ў справаздачы?
Белстат налічыў у некалькіх сотнях арганізацый 17,2 тыс. даследчыкаў. Для параўнання: пасля распаду СССР колькасць даследчыкаў у Беларусі знізілася з 59,4 тысяч у 1990 годзе да 19,3 тыс. у 2012-м і 16,9 тыс. у 2016-м.

Партрэт сярэднестатыстычнага даследчыка такі: мужчына (61,3%) старэйшы за 30 гадоў (78,1%), які выконвае даследаванні ў галіне тэхнічных навук (62, 8%).
У краіне налічылі 2 687 кандыдатаў навук і 519 доктараў навук.

Большасць беларускіх даследчыкаў задзейнічана ў тэхнічных галінах навукі – 62,8%. У гуманітарных – толькі 3,6% (на графіку).
Нагадаем, што раней з’явілася інфармацыя, што колькасць навучэнцаў аспірантуры і дактарантуры ў Беларусі за тры гады знізілася на 10%.
😢8🔥3
Якая частка нацыянальных меншасцей моцна звязана з беларускай мовай і культурай?

Пра гэта піша мовазнаўца і выкладчыца Варшаўскага ўніверсітэта Вольга Трацяк у Studia Białorutenistyczne у артыкуле, прысвечаным сітуацыі з беларускай мовай у апошнія гады. Згодна з апошнім перапісам насельніцтва (2019 г.), у Беларусі пражывае каля 15% прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей. Частка з іх моцна звязана з беларускай культурай і мовай.

Асабліва гэта відаць у палякаў і літоўцаў. Так, на пытанне «родная мова – мова іншай нацыянальнасці» больш за 54% палякаў задэкларавалі беларускую (гл. табліцу).
Гэта можа сведчыць аб тым, што беларусы, палякі і літоўцы культурна вельмі блізкія нацыі, піша Вольга Трацяк.

У цэлым пасля падзей 2020 г. тэндэнцыя выцяснення беларускай мовы з найважнейшых сфер зносінаў значна паглыбілася. Па стане на 2024 г. можна было казаць, што яе ўжыванне ў галіне навукі, дзяржаўнай адміністрацыі, кнігавыдавецтве, СМІ і іншых сферах, зведзена да крытычнага мінімуму.
🔥9👍3😢3🤔1
Створана першая тысячагадовая кальцавая храналогія сасны ў Беларусі. Яна дазволіць датаваць драўляныя пабудовы ў краіне

У міжнародным часопісе Dendrochronologia у артыкуле былога вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Максіма Ярмохіна паведамляецца: шляхам аб'яднання шэрагаў драўняных кольцаў жывых дрэваў, гістарычных будынкаў і археалагічных раскопак была распрацавана першая тысячагадовая храналогія Pinus sylvestris, сасны звычайнай, у Беларусі (997-2020 гг.).

Гістарычнае бярвенне было сабрана з Нясвіжскага замка і Свята-Пакроўскай царквы ў Турцы, а археалагічнае – з Гродзенскага замка і Навагрудака. Раней даследаванні былі абмежаваны ўзростам жывых дрэваў, таму ахоплівалі не больш за 200 гадоў.

Паколькі першы горад у Беларусі, Полацак, датуецца 862 г., то створаная храналогія амаль такая ж старажытная, як і ўся гісторыя гарадоў у краіне. Яна ўпершыню дае інструмент, які дазваляе датаваць драўляныя пабудовы ў заходніх і цэнтральных раёнах Беларусі, піша Максім Ярмохін.
👍17🔥6👀1
Пішуць у СМІ пра вельмі сумнеўнае аднаўленне будынка гістарычнага факультэта БДУ, а вось на старонках “Беларускага гістарычнага часопіса” за снежань 2024 года гістфак адзначае свой 90-гадовы юбілей
😁6👎3😢2
Даследаванне: пажылыя людзі ў Беларусі з’яўляюцца мішэнямі для палітычных актараў

Пра гэта супрацоўніца Ліверпульскага ўніверсітэта Ганна Шадрына піша ў «Intersections. East European Journal of Society and Politics». Яна задалася пытаннем, ці паўплываў удзел пенсіянераў у падзеях 2020 года на тое, як аўтакратычная сістэма і дэмакратычныя сілы абмяркоўваюць ролю пажылых грамадзян у нацыянальных праектах.

Пасля аналізу беларускіх дзяржаўных і незалежных СМІ, Шадрына канстатуе: рэжым прэзентуе сябе як патэрналісцкую дзяржаву і не дапускае крытычнага абмеркавання сваіх дзеянняў. У дзяржаўных СМІ пенсіянеры – альбо ахвяры няшчасных выпадкаў і ашуканцаў, альбо людзі, які выказваюць падзяку сістэме за клопат.

Для іншага боку пенсіянеры выглядаюць шмат у чым як перашкода для дэмакратызацыі Беларусі. Разам з тым частка грамадзянскай супольнасці ўяўляе сабе Беларусь як прысутную па абодва бакі разрыву паміж Усходам і Захадам, гэтая перспектыва спрыяе сацыяльнай салідарнасці, лічыць Ганна Шадрына.
👍11👎2
Беларускія навукоўцы адкрылі новы для навукі вірус у глебе

Бактэрыяфагі – гэта вірусы, якія інфіцыруюць бактэрыі. Вывучаючы карысную бактэрыю Glutamicibacter halophytocola, якая стымулюе рост раслін, навукоўцы Інстытута мікрабіялогіі НАН выявілі вірус, які інфіцыруе яе (для чалавека і сельскагаспадарчых жывёл бактэрыяфагі бяспечныя), звярнуў увагу «De facto» на нядаўняе паведамленне ў газеце «Навука».

Пры гэтым адкрыты беларускімі навукоўцамі вірус стаў толькі трэцім з роду Glutamicibacter, які ў 2016 годзе быў аддзелены ад іншых бактэрый. Новаму бактэрыяфагу далі назву Petuglutamicibacter, але яе яшчэ павінен зацвердзіць Міжнародны камітэт па таксанаміі вірусаў.

Новы вірус складаецца з ікасаэдрычнай галоўкі і даўгога хваста. Плануецца вывучыць, як яго можна практычна выкарыстоўваць – напэўна, ім у тым ліку можна кантраляваць колькасць бактэрый Glutamicibacter halophytocola.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
👍10🔥4
Гісторыя беларускай эміграцыі: лёс Аляксандры Мамонькі

Пра неаднароднасць беларускай эміграцыі піша гісторык Вольга Зубко ў часопісе Studia Białorutenistyczne. Яна адзначае: для ідэйных беларусаў, якія выехалі пасля 1917 - 1923 гг., пра змену культурнай ці прафесійнай ідэнтычнасці не магло быць і гаворкі. Да 1925 г. яны чакалі падзення бальшавіцкага рэжыму і марылі пра вяртанне, таму не спрабавалі інтэгравацца.

Іншая катэгорыя імігрантаў, наадварот, была апалітычнай. Напрыклад, Аляксандра Мамонька (Сташкевіч) (1899 - ?) – жонка вядомага грамадска-палітычнага дзеяча Язэпа Мамонькі. Пасля прыезду ў Прагу яна на фоне побытавай неўладкаванасці разышлася з мужам, беспаспяхова спрабавала знайсці сябе ў оперным спеве.

У 1928 г. Язэп Мамонька атрымаў візу на прыезд СССР, дзе адразу быў арыштаваны (расстраляны ў 1937 г.). Аляксандра Мамонька выехала з Чэхаславакіі ў сярэдзіне 1930-х альбо ў Літву, альбо ў Польшчу. Інфармацыя пра лёс Язэпа не магла абмінуць яе, таму яна вырашыла схаваць любыя звесткі пра сябе.
👍12
VR-акуляры для мышэй дапамагаюць навукоўцам вывучаць мозг

Акуляры віртуальнай рэальнасці распрацавалі навукоўцы Карнельскага ўніверсітэта (ЗША) для вывучэння рэакцый мышэй падчас тэстаў на рух, паведамляе Bild. Мышэй змяшчаюць на спецыяльны шар, які дазваляе ім рухацца ў любым кірунку, а падчас руху ім паказваюць розныя выявы і відэа. Пры гэтым навукоўцы запісваюць нейронавую актыўнасць жывёл і назіраюць іх рэакцыю.

«Дзякуючы сваім генетычным дадзеным, здольнасці арыентавацца ў лабірынтах і гатоўнасці працаваць дзеля сыра мышы даўно сталі папулярнай мадэллю для неўралагічных даследаванняў», – гаворыцца ў заяве даследчай групы.

Эксперыменты з мышамі і VR-акулярамі будуць працягнутыя: яны могуць даць новыя дадзеныя пра працу мозгу, якія будуць карысныя ў пошуках лячэння хваробы Альцгеймера. Больш за 55 млн чалавек ва ўсім свеце пакутуюць на дэменцыю. Часцей за ўсё яе выклікае хвароба Альцгеймера – пакуль што невылечная.
👍12🤬2🔥1💩1🖕1
Трамп і сусветная навука

Нядаўнія актыўнасці новаабранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа закранулі не толькі сферу вонкавай дапамогі, пра што пішуць беларускія СМІ, але і фінансаванне шырокага спектру навуковых даследаванняў. Пакуль не зусім ясна, ці закране гэта беларускіх даследчыкаў.

Праектаў з ЗША апошнія гады было няшмат, але дзеянні новай адміністрацыі могуць закрануць і існуючыя праграмы акадэмічных абменаў і індывідуальных візітаў. Яшчэ больш гэта можа закрануць беларускіх даследчыкаў за мяжой.

Як паведамляе Science, звязаныя з даследаваннямі агенцыі па-рознаму адрэагавалі на загады Трампа. NASA выпусціла заяву, што ўсе кантракцёры і атрымальнікі грантаў мусяць устрымлівацца ад любой актыўнасці, звязанай з DEIA (разнастайнасць, роўнасць, інклюзія і даступнасць). Дэпартамент энергетыкі (з даследчым бюджэтам 8 млрд. USD) адмяніў патрабаванні падаваць разам з заяўкамі план па інклюзіі.
Працяг чытайце ніжэй
😢8🔥1
(пачатак вышэй) У найбольш нявызначанай сітуацыі знаходзіцца найбуйнейшая грантавая інстытуцыя Нацыянальны навуковы фонд (National Science Foundation, NSF). Радыкальна разрываючы з традыцыяй, NSF пачаў перагляд ужо падтрыманых грантаў па тэмах, якія крытыкуе Трамп (woke, гендарная тэорыя, зялёны пераход і нават экалагічныя тэхналогіі ўвогуле).

Пад пытаннем супраца з замежнымі навукоўцамі і арганізацыямі, якія могуць пагражаць нацыянальным інтарэсам ЗША. Тут адразу прыгадваецца вядомая «Кітайская ініцыятыва» (China Initiative), якая была запушчана Трампам у лістападзе 2018 года для барацьбы з прамысловым шпіянажам. Але гэтым разам рашэнні могуць датычыцца не толькі Паднябеснай, але і значна большага кола краін.

NSF ужо часова заблакаваў доступ да сродкаў шматлікім даследчым групам з падтрыманымі праектамі. Улічваючы аб’ёмы сродкаў, якія ЗША выдаткоўваюць на даследаванні і розныя формы навуковага супрацоўніцтва, усё гэта можна прывесці да перафарматавання даследчага поля не толькі ў ЗША, але ў ЕС і свеце ўвогуле.
😢9🤔4👍3🔥1
Дзе цяпер працуе беларускі навуковец Максім Ярмохін?

Нядаўна выйшла даследаванне Максіма Ярмохіна пра распрацоўку першай тысячагадовай кальцавой храналогіі сасны ў Беларусі. Як высветлілася, навуковец больш не з’яўляецца вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН.

Максім Ярмохін цяпер працуе ў Інстытуце археалагічных навук Бернскага ўніверсітэта (Швейцарыя). Год таму ў часопісе Інстытута паведамлялася, што навуковец далучыўся да каманды, якая вывучае дэндрахраналагічны матэрыял з неалітычнага паселішча Лін 3, Ахрыдскае возера, Албанія (самае глыбокае і старажытнае возера на Балканскай паўвыспе). Ярмохін больш за 20 гадоў даследуе ўплыў чалавека і клімату на лясы.

Нагадаем, што нядаўна вядомы беларускі хімік Сяргей Касцюк пакінуў БДУ і далучыўся да Парыжскага інстытута малекулярнай хіміі.
Калі маеце інфармацыю пра новыя кнігі, даследаванні, навіны навуковай супольнасці ці пра іншае, блізкае да гэтай тэмы, дасылайце іх для публікацыі ў канале «De facto. Беларуская навука».
🔥19👏71👍1
Маастрыхцкі ўніверсітэт запрашае беларускіх даследчыкаў на канферэнцыю ў Брусель

Запрашаюцца даследчыкі, якія пішуць навуковыя артыкулы па любых аспектах сучаснай Беларусі, беларускай гісторыі, палітыкі, міжнародных зносін, эканомікі, правоў чалавека, дэмакратыі ці аўтакратыі. Прапановы можна дасылаць да 1 красавіка 2025 г. на адрас wj.vandenbroek@maastrichtuniversity.nl. Яны мусяць складацца з назвы артыкула, анатацыі да 250 слоў і назвы даследчага праекта.

У сярэдзіне красавіка прыйдзе апавяшчэнне, ці прыняты ваш артыкул. Тым, хто пройдзе адбор, будзе прапанавана прадставіць пісьмовыя версіі сваіх дакладаў (5 тысяч слоў) да 30 мая 2025 г. Канферэнцыя адбудзецца ў Брусельскім цэнтры Маастрыхцкага ўніверсітэта ў чацвер, 19 чэрвеня 2025 г., у Бруселі (Бельгія).

Дакладчыкі выступяць з 10-хвіліннымі прэзентацыямі сваіх дакладаў. Таксама плануецца правесці круглы стол з даследчыцкімі арганізацыямі па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Плата за ўдзел не спаганяецца. Пакрываюцца выдаткі на праезд і пражыванне.
👍12🔥4
З шасці еўрапейскіх краін за межамі ЕС самы нізкі ўзровень даверу да вакцын дэманструюць медработнікі з Беларусі і Казахстана

Да такой высновы прыйшлі супрацоўнікі Антверпенскага ўніверсітэта (Бельгія) у сваім даследаванні, якое нядаўна апублікавана ў часопісе Vaccine. Узровень даверу да вакцын вывучаўся сярод медработнікаў (лекараў агульнай практыкі і медсясцёр) у шасці еўрапейскіх краінах за межамі ЕС: Паўночнай Македоніі, Босніі і Герцагавіне, Беларусі, Арменіі, Грузіі і Казахстане. Па выніках апытанняў Беларусь і Казахстан прадэманстравалі прыкметна меншы давер да вакцын, чым астатнія.

Аўтары даследавання лічаць неабходным павысіць узровень камунікацыі з медыцынскімі работнікамі па пытанні вакцынацыі. Давер да вакцын застаецца глабальнай праблемай аховы здароўя, што асабліва стала відавочным падчас пандэміі COVID-19. Грамадскі давер да вакцын мае вырашальнае значэнне, а медыцынскія работнікі адыгрываюць ключавую ролю ў стаўленні да гэтай адчувальнай тэмы.
🤔5👀2🤷‍♂1👍1
Найлепшыя беларускія ВНУ працягваюць страчваць пазіцыі ў рэйтынгу Webometrics

У студзені быў абноўлены рэйтынг Webometrics (The Ranking Web). Ён складаецца групай Cybermetrics, якая ўваходзіць у склад Нацыянальнай даследчай рады Іспаніі (CSIC), і ўключае ў сябе амаль 32 000 вышэйшых навучальных устаноў з усяго свету. На якіх пазіцыях у свежым рэйтынгу апынуліся пяць найлепшых беларускіх ВНУ і як змяніліся іх месцы за апошнія пяць гадоў (у параўнанні са студзенем 2020-га)?

БДУ – 1202 пазіцыя (пяць гадоў таму – 763, год таму – 1048).
Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт – 3413 (пяць гадоў таму – 4248, год таму – 3275).
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы – 3627 (пяць гадоў таму – 3326, год таму – 3456).
БДУІР – 3993 (пяць гадоў таму – 3719, год таму – 3913).
БНТУ – 4376 (пяць гадоў таму – 2536, год таму – 4170).

У цэлым вынікі і тэндэнцыі несуцяшальныя. За апошнія пяць гадоў моцна страцілі ў пазіцыях БДУ і БНТУ.
🤔8😢3😁2
Як змяніўся асартымент буферных культур на тэрыторыях сучасных Літвы і Беларусі паміж 100 і 1800 гадамі

Група навукоўцаў (у асноўным прадстаўнікі Віленскага ўніверсітэта) апублікавала ў часопісе Scientific Reports даследаванне пра тое, як кліматычныя і сацыяльна-эканамічныя фактары паўплывалі на выбар буферных культур, засяродзіўшы ўвагу на пяці з іх (жыта, проса, грэчка, авёс, каноплі). Былі прааналізаваныя археабатанічныя дадзеныя і звесткі з вопісаў маёнткаў (на мапе).

Цеплалюбівае проса квітнела ў такія перыяды як 200-300 г., 700-800 г. і 1200-1300 г. Яго вырошчванне скарацілася падчас больш прахалоднага перыяду пасля XIV стагоддзя.
Пасля 1500 г. зафіксаваны значны зрух да марозаўстойлівых летніх культур, такіх як грэчка, авёс і каноплі. Вырошчванне канопляў павялічылася з-за іх падвойнай карысці як буфернай культуры і важнай сыравіны для марскога гандлю. Жыта было дамінуючай культурай на працягу ўсяго перыяду.

Навукоўцы лічаць: з ўлікам змянення клімату можа спатрэбіцца пераход на проса.
🔥12👍1
Спажыванне салодкіх напояў прыводзіць да больш чым 300 тысяч смерцяў штогод

Пра гэта гаворыцца ў даследаванні, якое было зроблена пад кіраўніцтвам навукоўцаў з Універсітэта Тафтса (ЗША). Салодкія напоі штогод становяцца прычынай 80 тысяч смерцяў ад дыябету другога тыпу і 258 тысяч – ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, піша Bild. Даследаванне, заснаванае на дадзеных аб рацыёне харчавання з 118 краін, паказала, што ліманады, энергетыкі і фруктовыя напоі правакуюць штогод 1,2 мільёна новых выпадкаў сардэчных захворванняў і 2,2 мільёна выпадкаў дыябету другога тыпу.

Асабліва складаная сітуацыя ў краінах, якія развіваюцца, дзе салодкія напоі рэкламуюцца звышактыўна. У Калумбіі з іх спажываннем звязана амаль палова новых выпадкаў дыябету, у Мексіцы – трэць.

Дасведчанасць людзей пра шкоду салодкіх напояў расце, але занадта марудна. На думку навукоўцаў, варта пайсці на абмежаванне маркетынгу і даступнасці напояў – асабліва ў краінах з нізкім узроўнем даходу і недастаткова якаснай сістэмай аховы здароўя.
👍7🤷‍♂3😱2
Навукоўцы адкрылі новы від рыбы, якая існавала ў Беларусі 400 млн гадоў таму

Група навукоўцаў, у тым ліку кандыдат геолага-мінералагічных навук Дзмітрый Плакс (БНТУ), нядаўна апублікавала даследаванне ў часопісе The Rivista Italiana di Paleontologia e Stratigrafia. Пасля аналізу лускі, знойдзенай на тэрыторыі Беларусі, навукоўцы заявілі аб адкрыцці новага віду ранніх рыб Moythomasia lebedevi (на ілюстрацыі), які існаваў у Дэвонскі перыяд.

Дэвон – геалагічны перыяд палеазойскай эры, які пачаўся каля 416 млн, а скончыўся 360 млн гадоў таму. На яго пачатку большая частка сучаснае Беларусі ўжо знаходзілася на сушы (мора адступіла). Дэвонскі перыяд характарызаваўся вялікай разнастайнасцю рыб, таму яго яшчэ называюць «эпохай рыб».

Мяркуючы па адкрытых крыніцах, на сёння вядомыя толькі некалькі разнавіднасцяў вымерашага роду Moythomasia. Папярэднюю навукоўцы адкрылі ў 2015 годзе. Moythomasia апісваюць як прэснаводную рыбу сярэдняй даўжынёй каля 9 см.
🔥16👍3
Апублікавана даследаванне Аляксея Ластоўскага «Беларускія падручнікі па гісторыі як люстэрка дзяржаўнай гістарычнай палітыкі»

Беларускі інстытут публічнай гісторыі апублікаваў фінальную версію даследавання гісторыка Аляксея Ластоўскага. Да якіх высноваў ён прыйшоў?

1. Радыкальнай змены гістарычнай канцэпцыі пасля 2020 года ў школьных падручніках не адбылося, захоўваецца ў аснове адаптаваная версія нацыянальнага гістарычнага наратыва;

2. Замацаваная канцэпцыя «доўгай генеалогіі» беларускай дзяржаўнасці, з засваеннем перыядаў Полацкага княства і Вялікага Княства Літоўскага, больш за тое, назіраецца павялічэнне акцэнтаў на аўтаноміі Полацкага княства і беларускім характары ВКЛ;

3. Назіраюцца некаторыя саступкі расійскаму боку, так, шляхецкіх рэвалюцыянераў- дэмакратаў сталі называць «польскімі», вайну 1812 г. – «Айчыннай». Але найбольш істотна расійскі ўплыў адчуваецца пры інтэрпрэтацыі паўстання Каліноўскага (паўстання 1863-64 гадоў), дзе адбылася фактычна адмова ад гераізацыі Кастуся Каліноўскага;

(працяг ніжэй)
👍12🔥3
Беларускія_падручнікі_па_гісторыі_як_люстэрка_дзяржаўнай_гістарычнай.pdf
254.1 KB
(пачатак вышэй)

4. Пры гэтым гісторыя Беларусі інтэрпрэтуецца найперш з пазіцый «беларускай дзяржаўнасці», дзе галоўнае – кантроль над тэрыторыяй і моцная ўлада, такім чынам, сучасная мадэль лаяльнасці ў аўтарытарнай дзяржаве праектуецца на мінулае як «гістарычныя традыцыі»;

5. З асноўных інавацый у прадстаўленні гісторыі, выкліканых адаптацыяй павароту да гістарычнай памяці пасля 2020 года, можна назваць інкарпарацыю апісання «генацыду беларускага народа» і моцнае павялічэнне антыпольскіх настрояў (асабліва адчувальных пры апісанні стану беларускіх земляў у міжваеннай польскай дзяржаве і актыўнасці Арміі Краёвай);

6. Падручнікі па «генацыду беларускага народа» не адпавядаюць ніякім навуковым і педагагічным стандартам;

7. Беларускія гістарычныя падручнікі практычна не адпавядаюць метадалагічным і тэарэтычным падыходам, якія зараз пануюць у сусветнай гістарыяграфіі, і надалей працуюць на падтрыманне ізаляцыі беларускай гістарычнай веды.
👍10🔥2😢1
Узровень захворвання на папілярны рак шчытападобнай залозы ў Беларусі працягвае расці толькі ў кагорце пацыентаў ва ўзросце 20-44 гадоў

Да такіх высноваў прыйшлі беларускія навукоўцы ў сваім даследаванні «Тэндэнцыі захворвання на папілярны рак шчытападобнай залозы ў Беларусі ў постчарнобыльскі перыяд», якое апублікавана ў свежым нумары часопіса Cancer Epidemiology. Навукоўцы (Міхаіл Фрыдман, Вольга Красько, Ілля Веялкін) прааналізавалі дадзеныя да 2019 года.

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС найбольшы ўзровень захворваемасці быў адзначаны ва ўзроставай групе 15-19 гадоў. Цяпер узровень захворвання працягвае расці толькі ў кагорце пацыентаў ва ўзросце 20-44 гадоў. Папілярны рак – самы распаўсюджаны тып раку шчытападобнай залозы, узнікае ў 60% выпадкаў.
😢8👍3