De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.41K subscribers
1.15K photos
1 video
3 files
718 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Выйшаў трэці том навукова каментаванага збору твораў Кузьмы Чорнага

24 чэрвеня адзначаецца 125-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага (Мікалая Карлавіча Раманоўскага). Напярэдадні стала вядома пра выхад трэцяга тома навукова каментаванага Збору твораў пісьменніка, у які ўвайшлі апавяданні 1932 - 1944 гадоў.

У выданні 383 старонкі. Навуковы рэдактар – Алена Васілевіч, падрыхтоўка тэкстаў і каментары – Ірына Смірнова, Кацярына Чарота.

У трэці том увайшлі творы Кузьмы Чорнага (1900 - 1944), напісаныя ў апошні перыяд яго жыцця. Нагадаем, што ў 1938 годзе пісьменнік быў арыштаваны і правёў 8 месяцаў у Мінскай турме, з 1941 год знаходзіўся ў эвакуацыі. У верасні 1944-га вярнуўся ў Мінск, памёр ад інсульту ў лістападзе таго ж года.
27👍6
Лёс культуры броме ў кантэксце засялення тэрыторыі сучаснай Беларусі

Пра яго ў адным з леташніх нумароў «Весніка Полацкага дзяржуніверсітэта» піша Аляксандр Гаршкоў. Адной з першых адносна масавых міграцый на тэрыторыю сучаснай Беларусі, прынамсі, міжрэчча Заходняга Буга, Прыпяці і Нёмана, у фінальнапалеалітычны перыяд здзейснілі носьбіты культуры броме (у беларускай гістарыяграфіі вядома як «лінгбі»).

Зыходзячы з дадзеных помнікаў археалогіі можна казаць пра верагодны генезіс культуры броме на аснове культуры федэрмесер. Адбылося гэта ў выніку вывяржэння вулкана Лах на тэрыторыі Германіі каля 13 тыс. гадоў таму. Храналогія зараз пацвярджаецца радыёвугляроднымі датамі.

Лёс броме лічыцца звязаным з наступнымі насельнікамі тэрыторыі міжрэчча Заходняга Буга, Прыпяці і Нёмана – валкушанскай/краснасельскай і арэнсбургскай культурамі. На ілюстрацыі – крэмневыя наканечнiкі стрэлаў часоў культуры броме.
👍27
Беларускія навукоўцы запатэнтавалі новы спосаб атрымання алкагольнага напою з яблык

Аўтарамі вынаходніцтва №24611 «Спосаб вытворчасці яблычнага дыстыляту» сталі Кацярына Кулагава і Аляксандр Пушкар з НПЦ па харчаванні, звярнуў увагу De facto на паведамленне газеты «Навука». Яны вырашылі выправіць недахоп вядомага спосабу з няпоўным выкарыстаннем сыравіны. Вынаходніцтва накіравана на поўнае яе выкарыстанне (задзейнічаны адходы вытворчасці).

Вось што прапануецца. Пры прыёмцы свежых яблыкаў ад партыі адбіраюць аб'яднаную пробу. Яе падрыхтоўваюць да перапрацоўкі (мыюць, сартуюць, здрабняюць). Атрыманую мязгу змешваюць і аддзяляюць сок на прэсе ўручную (праз тканіну) або з выкарыстаннем прэсаў перыядычнага ці бесперапыннага дзеяння. У аўтарскіх прыкладах прыведзены канкрэтныя выкананні прапанаванага імі спосабу. Вынаходніцтва зніжае сабекошт і павялічвае выхад гатовага прадукту.

Дыстылят — алкагольны напой, зроблены праз перагонку бражкі. Так атрымліваюць самагон, кальвадос, віскі, чачу і іншыя напоі.
🍾23😁14🤡21🤬1
«Радзівілава» мяжа ВКЛ з Лівоніяй значна супадае з сучаснай мяжою Беларусі

Пра гэта піша беларускі даследнік Алег Ліцкевіч у перадапошнім нумары «Историко-географического журнала». «Радзівілава» мяжа паміж ВКЛ і лівонскім аддзяленнем Тэўтонскага ордэна была дэмаркаваная ў 1474 - 1477 гг. Яе апісанні былі зроблены ў 1529, 1541 і 1542 гадах (уключаныя ў кнігі Літоўскай Метрыкі). Аўтар прааналізаваў інфармацыю пра частку мяжы ад Балтыйскага мора да р. Заходняя Дзвіна.

Была лакалізавана большасць апорных кропак (тапонімаў і гідронімаў). Зроблена выснова, што мяжа ВКЛ з Лівоніяй адлюстроўвалася на картах не як умоўная лінія, якую толькі трэба было пазначыць на мясцовасці. Яна была рэальным фізічным аб'ектам, які складаўся з памежных знакаў (камянёў, капцоў, адзнак на дрэвах і г. д.)

На даволі значнай частцы сваёй працягласці «Радзівілава» мяжа адпавядае сучасным дзяржаўным межам паміж Літвой і Латвіяй, Беларуссю і Латвіяй. На карце – суадносіны «Радзівілавай» мяжы з больш раннімі межамі ВКЛ з Лівоніяй.
👍22🤔8🔥51
У Гомелі адкрылі мемарыяльную дошку навукоўцу Анатолю Свірыдзенку – на беларускай мове

Начачатку чэрвеня ў Гомелі на будынку Інстытута механікі металапалімерных сістэм імя У. А. Белага (вул. Кірава, д. 32а) урачыста адкрылі мемарыяльную дошку Анатолю Свірыдзенку, навукоўцу ў галіне матэрыялазнаўства.

Анатоль Свірыдзенак нарадзіўся ў 1936 годзе ў Оршы. З 1959 года працаваў Аддзеле механікі палімераў, якія пасля быў пераўтвораны ў Інстытут механікі металапалімерных сістэм. Ён стаў аўтарам звыш 250 навуковых прац, у тым ліку 16 манаграфій, больш за 120 вынаходніцтваў. У 1972 годзе Анатоль Свірыдзенак атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР, у 1986-м абраны акадэмікам НАН Беларусі, з 1990-га працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Трэнне і знос». Пайшоў з жыцця ў 2023 годзе.

Адзначым, што ў маі ў Бярозе адкрылі мемарыяльную дошку прэзідэнту Акадэміі навук БССР у 1931 -1936 гадах Паўлу Горыну-Калядзе – на рускай мове.
👍29🔥101
Навукоўцаў запрашаюць да ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі «Улада бяссільных» у Літве (дэдлайн – 14 ліпеня)

У 2025 годзе Літва адзначае 35-ю гадавіну аднаўлення сваёй дзяржаўнасці. З гэтай нагоды Нацыянальная бібліятэка Літвы імя Марцінаса Мажвідаса склікае міжнародную канферэнцыю 16 - 17 кастрычніка пад назвай «Улада бяссільных: вопыт свабоды і салідарнасці ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе».

Мова канферэнцыі: англійская і літоўская. Вітаюцца прапановы дакладаў і панэльных дыскусій ад навукоўцаў на ўсіх этапах кар'еры. Пасля канферэнцыі дакладчыкам будзе прапанавана даслаць свае артыкулы ў навуковы рэцэнзаваны часопіс Relevant Tomorrow.

Дэдлайн падачы заявак – 14 ліпеня. Патрабаванні да заявак глядзіце тут і вось тут.
👍15
Новы від лішайнікаў з Антарктыды назвалі ў гонар беларускага навукоўца

Austroplaca giginyakii Halıcı, Yiğit & Güllü sp. nov. – такую назву новаму віду лішайнікаў даў вядомы турэцкі навуковец, прафесар Мехмет Гекхан Халічы (Mehmet Gökhan Halici), кіраўнік міжнароднага праекта FYG-2023-13398 «Штрых-кадаванне ДНК лішайнікаў Усходняй Антарктыды». Пра гэта паведамляе НПЦ па біярэсурсах.

Новы від названы ў гонар Юрыя Рыгоравіча Гігінякі (на здымку), вядучага навуковага супрацоўніка НПЦ па біярэсурсах, кандыдата біялагічных навук. Навуковец асабіста прысутнічаў падчас дакладу пра новы від лішайнікаў, які адбыўся ў чэрвені.

Юрый Гігіняка нарадзіўся ў 1945 годзе і стаў першым беларускім навукоўцам, якія пабываў ў Антарктыдзе (у 1970-м). Таксама ён стаў адзіным навукоўцам, які абараніў у БССР дысертацыю па насельніках водных глыбінь гэтага кантынента. Усяго ён здзейсніў пяць экспедыцый у Антарктыду.
👍25🔥123
Як выглядала нетрадыцыйная рэлігійнасць у БССР у 1930-х

У адным з леташніх нумароў «Весніка Полацкага дзяржуніверсітэта» выйшла даследаванне Г. Калінінай. Паводле класіфікацыі тэолага У. Марціновіча гісторык вылучыла тыпы нетрадыцыйнай рэлігійнасці сярод праваслаўных у БССР у 1930-я гг.

1. Культавае асяроддзе грамадства — у выглядзе чутак рэлігійна-апакаліптычнага характару (напрыклад, прышчэпкі ад воспы – «чортава кляймо»).

2. Унутрыцаркоўнае сектанцтва — з’яўленне ізаляваных груп «чырвонадраконаўцаў» («савецкая ўлада і кампартыя – чырвоныя драконы»), «маўчальнікаў» (пры перапісе сяляне Лепельскага і Тураўскага раёнаў адмовіліся даваць звесткі пра сябе), «хрыстаносаў» (напрыклад, малявалі на дамах мелам крыжы, казалі «хутка не будзе калгасаў, а зямлю аддадуць нам»). Для іх было характэрна стаўленне да савецкай улады як да «антыхрыставай», ужыванне новых культавых практык.

Акрамя таго, ва ўмовах закрыцця храмаў, знікнення святароў фіксаваўся пераход часткі праваслаўных вернікаў ва ўласна секты.
🤔11👍10
Чаму беларускай запражной пародзе коней пагражае знікненне

Сёлета спаўняецца 25 гадоў з моманту афіцыйнага прызнання беларускай запражной пароды коней (хаця выведзена яна яшчэ ў к. XIX ст.). Аднак перад адзінай нацыянальнай пародай (жывёлы сярэдняга росту, вынослівыя, непатрабавальныя) стаіць шэраг выклікаў.

Як піша газета «Навука», існуючае заканадаўства не дазваляе прыватным уладальнікам атрымліваць племянны маладняк – для гэтага трэба атрымаць статус юрасобы, прайсці атэстацыю і г.д. Галоўны заатэхнік-селекцыянер Белплемжыўаб'яднання Тамара Дракіна паведаміла: «Дзеючых матак (ва ўсёй краіне – заўв.) сёння – каля 200, жарабцоў – не больш за 26-27. Трэба неяк выпраўляць сітуацыю».

Вядучы навуковы супрацоўнік НПЦ па жывёлагадоўлі Ганна Рудак заявіла пра неабходнасць распрацоўкі дзяржпраграм і важнасці захавання генетычнай разнастайнасці: з-за таго, што некаторыя гаспадаркі адмаўляюцца ад племянной конегадоўлі (засталося ўсяго 7 суб’ектаў, што вельмі мала), губляюцца ўнікальныя гены.
😢305😱5🤷‍♂1🤮1
У выдавецтве Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта выйшла манаграфія кандыдата гістарычных навук Віктара Якубава пра Інфлянцкую вайну
👍443😁1
На XVII міжнародным з’ездзе славістаў у Парыжы прагучыць даклад пра шматмоўе ў сучаснай беларускай літаратуры

У Кёльне выйшаў зборнік матэрыялаў нямецкіх удзельнікаў XVII міжнароднага з’езда славістаў, які адбудзецца 25-30 жніўня ў Парыжы. Сярод іх – Наталля Пазняк з Universität Greifswald з артыкулам пра шматмоўе ў сучаснай беларускай літаратуры.

Яна адзначае, што сярод прыкметных тэндэнцый у беларускай літаратуры — інтэнсіўныя дыскусіі паміж беларускамоўнымі і рускамоўнымі аўтарамі, іх намаганні публікаваць творы як на рускай, так і на беларускай, развіццё літаратуры на так званай трасянцы, спробы ўключыць дыялекты ў літаратурныя тэксты. У апошнія гады назіраецца зрух у бок замежных моў, асабліва англійскай і нямецкай.

Міжнародныя з’езды славістаў — найбуйнейшыя форумы даследчыкаў славянскіх моў, літаратур і культур. Першы з’езд прайшоў у 1929 годзе ў Празе. Форумы праходзяць раз на пяць гадоў. XV з’езд адбыўся ў 2013 годзе ў Мінску.
👍17🔥5😁1🥴1👀1
Стыпендыя для магістрантаў(-к) на пакрыццё паўсядзённых выдаткаў падчас навучання (дэдлайн – да 14 ліпеня)

У рамках праграмы EU4Belarus – SALT запушчана праграма для беларускіх студэнтак і студэнтаў для навучання ў магістратуры ў Чэхіі, Латвіі, Літвы і Польшчы. Сярод крытэрыяў адбору – наяўнасць ступені бакалаўра.

Прадугледжваецца штомесячная выплата ў памеры €550 на тэрмін да 10 месяцаў (вучэбны год). Тэрмін падачы заявак – 14 ліпеня. Больш падрабязная інфармацыя размешчана тут.
🔥104👍3
Чатыры астэроіды, за якімі сочаць навукоўцы: чаму яны важныя і ці ёсць небяспека для Зямлі?

За якімі астэроідамі пільна сочаць навукоўцы, піша BBC.

Апофіс. Быў адкрыты ў 2004 годзе, яго сярэдні дыяметр – 340 м. NASA аб'явіла, што яно «ўпэўнена ў адсутнасці рызыкі сутыкнення Апофіса з Зямлёй на працягу як мінімум 100 гадоў».

2024 YR4 (на ілюстрацыі). Быў адкрыты летась, яго памер – 53-67 метраў. Спачатку навукоўцы разлічылі, што ў 2032-м тэарэтычна ён можа сутыкнуцца з Зямлёй. Але пазней NASA выключыла такую магчымасць. Хоць астэроід можа сутыкнуцца з Месяцам (верагоднасць – 3,8%).

Дыдзімас і Дымарфос (астэроід і яго спадарожнік). Ніводны з іх не лічыцца пагрозай для Зямлі, але яны праходзяць адносна блізка да яе.

Псіхея. Адкрыты ў 1852 годзе. Навукоўцы мяркуюць, што яго большая частка паходзіць з ядра матэрыялу, з якога ўтвараюцца планеты, і яго вывучэнне можа раскрыць сакрэт стварэння ядра Зямлі.
😱13👍5🔥5👏1
Стыпендыі для навукоўцаў у французскіх інстытутах (дэдлайн падачы заявак – 16 ліпеня)

Праграма FIAS Fellowship Programme 2026 - 2027 запрашае падаваць заяўкі навукоўцаў з усяго свету. Тыя, хто пройдзе адбор, атрымаюць магчымасць на працягу 10 месяцаў весці даследаванне ў адным з 7 французскіх інстытутаў, якія адкрытыя для ўсіх дысцыплін гуманітарных і сацыяльных навук.

На 2026 - 2027 навучальны год прадугледжана 28 стыпендыяльных пазіцый. Дэдлайн падачы заявак – 16 ліпеня. Пра патрабаванні да кандыдатаў і іншую інфармацыю глядзіце тут.
👍101🔥1
Яшчэ можна набыць кнігу «Забытая экспедыцыя 1923 года»

Альбом-манаграфія «Забытая экспедыцыя 1923 года. Ля вытокаў акадэмічнай этнаграфіі ў Беларусі» (ілюстрацыя – facebook. com / etnatradycyja) выйшаў пару гадоў таму і прысвечаны экспедыцыі стогадовай даўніны. Аўтары выдання – Сяргей Грунтоў, Яніна Грыневіч, Надзея Саўчанка.

Кніга прысвечана этнаграфічнай экспедыцыі 1923 года, якая была арганізавана Інбелкультам і Галоўным архіўным упраўленнем. Сабраныя ёю экспанаты былі прадстаўленыя ў беларускім павільёне Першай Усесаюзнай сельскагаспадарчай і кустарна-прамысловай выставы ў Маскве, а пасля сталі асновай этнаграфічнай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея.

Аснову выдання складаюць 59 фотаздымкаў з дзвюх экспедыцый (у маі і чэрвені 1923 года). Цалкам яны публікуюцца ўпершыню, да кожнага складзены разгорнуты каментар.
🔥15👍54🤡1
Аперацыя «Баграціён»: «Самы маштабны правал германскай разведкі за ўсю Другую сусветную»

Аб гэтым піша расійскі гісторык Арцём Домнін у апошнім нумары «Вестника РФФИ». Ён вывучыў штабныя карты, перш за ўсё нямецкія, на якіх адлюстроўваліся злучэнні Чырвонай арміі пры аперацыі «Баграціён» (23 чэрвеня - 29 жніўня 1944 года).

Пры суадносінах з рэальнай сітуацыяй на той момант, гісторык прыйшоў да высновы пра «самы маштабны правал германскай разведкі за ўсю Другую сусветную вайну». Карты сведчаць, што немцы не знайшлі або знайшлі занадта позна тры агульнавайсковыя арміі, адну танкавую армію, адну паветраную армію, тры танкавых, два механізаваных і два кавалерыйскія карпусы. Савецкія маскіруючыя мерапрыемствы прывялі да татальнай дэзінфармаванасці ворага пра падрыхтоўку наймагутнейшага ўдару на цэнтральным участку фронту.

На ілюстрацыі — фрагмент карты штаба нямецкай групы армій «Цэнтр» за 21.06.1944 г. Не абазначаны 1-ы гвардзейскі, 9-ы танкавы і 1-ы механізаваны карпусы.
👍13🔥5🤔1
Навошта памерлым жыхарам старажытнага Полацка падкладвалі пад галаву «каменныя падушкі»?

Археолаг Аляксей Коц піша ў адным з леташніх нумароў «Весніка Полацкага дзяржуніверсітэта», што ў Полацку на пахавальных комплексах ХІ-ХІVстст. фіксуецца не менш 9 памерлых, пакладзеных на плінфу (старажытную цэглу). Падкладанне пад галаву «каменных падушак» сустракаецца і ў іншых гарадах (Наваградак, Ноўгарад, Кіеў і інш.).

На аснове полацкіх матэрыялаў бачна, што большасць пахаванняў з плінфай была зроблена ў саркафагах, што вызначае прадстаўнічасць памерлага і падкрэслівае яго хрысціянскую аскетычнасць. Цікавай акалічнасцю з’яўляецца выкарыстанне выключна кавалка ці некалькіх кавалкаў плінфы, у асобных выпадках – цэлай, але пашкоджанай цагліны. Гэта дазваляе вызначыць, што ў пахаваннях выкарыстоўваліся астатачныя плінфы, якія не былі прыдатныя для будаўніцтва ці кладкі сцяны.

На здымку – плінфа XII стагоддзя, знойдзеная ў Полацкім Спаса-Еўфрасіньеўскім жаночым манастыры пры раскопках ў ліпені 2020 г.
🔥22🤔54👍3😁1🤡1
195-гадовыя дубы-волаты знойдзены ў Бабруйскім раёне

Пры распрацоўцы экалагічнай сцежкі работнікі Глушанскага вопытна-вытворчага лясніцтва выявілі два дубы вялікіх памераў (на здымку). Для іх абследавання запрасілі навукоўцаў з Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН.

З дапамогай дэндрахраналагічнага аналізу быў устаноўлены ўзрост дрэў – 195 гадоў, паведамляе Глушанскае лясніцтва. З-за значных біяметрычных паказчыкаў і пацверджанага ўзросту дрэвы ўнесены ў базу «Рэдкія і ўнікальныя аб'екты расліннага свету на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Гэта першы аб'ект у Бабруйскім раёне, які занесены ў базу.
29👍11🔥5🥰1
Выйшаў зборнік «Генеалогія і сямейная гісторыя Беларусі»

У выдавецтве «Беларуская навука» выйшаў зборнік артыкулаў «Генеалогія і сямейная гісторыя Беларусі: вопыт міждысцыплінарных даследаванняў». На 374 старонках выдання змешчаны вынікі даследаванняў у галінах сямейнай і рэгіянальнай гісторыі, генеалогіі, крыніцазнаўства.

Зборнік, падрыхтаваны Цэнтральнай навуковай бібліятэкай ім. Я. Коласа, адрасуецца ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.
🔥19👍104🤡1
Выявілі новы від дыназаўраў – памерам з сабаку

Гэты дыназаўр памерам з лабрадора спачатку быў няправільна класіфікаваны і аднесены да роду Nanosaurus, але цяпер навукоўцы прыйшлі да высновы, што гэта зусім новы від, паведамляе BBC. Яго назвалі Enigmacursor, што можна перавесці як «загадкавы бягун». Ён жыў прыкладна 150 мільёнаў гадоў таму і бегаў пад нагамі непаваротлівых гігантаў накшталт стэгазаўраў.

Даўжыня і вышыня Enigmacursor прыкладна як у лабрадора, толькі лапы і хвост значна большыя. Хвост быў, «верагодна, даўжэй астатняй частцы дыназаўра», кажа палеантолаг Сюзана Мейдмент.

Прафесар Пол Барэт адзначае, што гэтае адкрыццё абяцае праліць святло на эвалюцыю дыназаўраў, падчас якой маленькія дыназаўры ператварыліся ў вельмі буйных жывёл. Шкілет Enigmacursor нядаўна выставілі ў Музеі натуральнай гісторыі ў Лондане, гэта першы з 2014 года новы дыназаўр у музеі.
👍23🐳41🥰1🤯1