De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.38K subscribers
1.14K photos
1 video
3 files
718 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Выйшлі кнігі пра беларускія легенды пра дрэвы і кветкі

Пабачылі свет выданні «Расліны беларускай зямлі: легенды пра дрэвы» і «Расліны беларускай зямлі: легенды пра кветкі». Іх аўтаркі – Алена Боганева і Таццяна Валодзіна з Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Малюнкі – Таццяны Гаранаскай. Выданні адрасуюцца дзецям школьнага ўзросту, але яны будуць цікавымі ўсім, хто неабыякавы да фальклорнай спадчыны.

У першай кнізе сабраны беларускія народныя легенды пра паходжанне асобных дрэў і кустарнікаў, асаблівасці іх знешняга выгляду (напрыклад, чаму ў асіны ліст дрыжыць, а елка вечназялёная).

У другой – народныя легенды пра паходжанне кветак, травяністых і збожжавых раслін, іх назваў, асаблівасцей знешняга выгляду і ўласцівасцей. Здымкі вокладак – з сайта ragna. by.
39👍13😍4❤‍🔥1👏1
Як рабавалі беларускія землі падчас французска-рускага супрацьстаяння 1812-га

Пра гэта піша Аляксандр Самовіч у зборніку VII канферэнцыі «Доўгае ХІХ стагоддзе». З-за ўварвання «Вялікай арміі» Напалеона многія беларускія паветы былі ахоплены голадам і эпідэміямі. Найбольш моцна пацярпелі мясцовасці, якія сталі арэнай кровапралітных бітваў. Амаль поўнасцю былі разбураны і знішчаны гарады Полацк, Відзы, Кобрын, Ваўкавыск.

Гарадскія і сельскія жыхары сутыкнуліся з бясконцымі паборамі, бясчынствамі падчас рэквізіцый. Напрыклад, у Гродзенскай губерні на трэць скарацілася пагалоўе жывёлы. У жыхароў адбіраліся ўсё шэрае хатняе сукно, а таксама кажухі.

Аўтар піша, што «асобныя факты» гвалтоўнага адабрання запасаў харчавання і маёмасці адзначаліся таксама сярод рускіх вайскоўцаў. Шырокую агалоску, напрыклад, атрымала справа аб рабаванні скарбаў Нясвіжскага замка (дарагой мэблі, рэдкіх кніг, карцін, калекцыйных манет), якая закранула імёны адмірала Чычагава, генерала Тучкова, камандзіра казачага палка Ісаева.
🤬24😭14🤔5😢2💯2❤‍🔥1🤷‍♂1💔1
Пра кнігу апавяданняў «Габрэі без жоўтых зорак: гісторыі габрэйскіх партызан у акупаванай нацыстамі Беларусі»

Выданне пабачыла свет у ЗША напрыканцы мінулага года. Гэта пераклад Рут Мёрфі на англійскую мастацка-публіцыстычнай кнігі Гірша Смоляра (1905 - 1993) «Габрэі без жоўтых зорак», што выйшла ў Польшчы ў 1948 г. У вайну аўтар апынуўся ў Мінску, дапамагаў габрэям з гета ва ўцёках ў Налібоцкую пушчу, дзе затым ваяваў у габрэйскім патызанскім атрадзе.

У анатацыі адзначаецца: Беларусь у адрозненне ад еўрапейскіх краін на захад ад яе была пакрыта густымі першабытнымі лясамі. І ў адрозненне ад Польшчы і іншых краін габрэйскія і савецкія партызаны часта аб'ядноўваліся ў барацьбе.

У рэцэнзіі на кнігу Юстына Смалькітэ піша: амаль кожнае апавяданне суправаджаецца добра даследаванымі гістарычнымі нататкамі. Аднак варта памятаць, што Смоляр быў былым камуністычным рэвалюцыянерам, яго кніга ўкладаецца ў савецкі наратыў. Разам з тым выданне вартае ўвагі з-за літаратурнага ўзроўню і дакументальных сведчанняў.
👍27🤔53❤‍🔥2👎1
Размаўляюць на беларускай мове, але беларусамі сябе не лічаць

Юрый Внуковіч піша ў Studia Białorutenistyczne (2023/17): у выпадку з носьбітамі рэгіянальнага варыянта беларускай мовы на Віленшчыне мы сутыкаемся з этнічнай анамаліяй. Мясцовыя жыхары лічаць сябе палякамі, нягледзячы на сваю «простую» мову. Для іх важныя іншыя прыкметы – найперш тэрыторыя паходжання і рэлігія (каталіцызм).

Падчас палявых даследаванняў ў 2007 - 2011 гг. у Віленскім і Салечніцкім раёнах Літвы было апытана больш 80 інфармантаў (галоўным чынам жыхароў сталага веку). Прыклады іх выказванняў: «Размова такая, што вот, как беларуская такая», «Мы шчытаемся палякі, але гаворым так па-беларуску пачці».

З-за скрайне нізкага прэстыжу беларускай мовы мясцовыя ў публічных сферах (прыгарадны аўтобус, касцёл, крама) імкнуцца схаваць сваю «простую» ідэнтычнасць і стараюцца гаварыць па-польску. Тэрмін «тутэйшы» мясцовыя ў якасці саманазвы практычна не выкарыстоўваюць («Эта так літоўцы нас назвалі»). На здымку – свята ўраджаю ў Салечніках.
💔388🤡6👍5😢4🤪3❤‍🔥1🤔1💊1
170 гадоў таму ў Пецярбургу выйшла кніга пра беларускія мясціны. Аўтар лічыў беларусаў асобным народам

Міхаіл Без-Карніловіч (1796 - 1862) трапіў у Беларусь як дзяржаўны служачы. Пад яго кіраўніцтвам праводзілася тапаграфічнае і ваенна-статыстычнае вывучэнне Мінскай, Наўгародскай, Віцебскай губерняў. Пасля адстаўкі ён сабраў гістарычны і этнаграфічны матэрыял і ў 1855-м выдаў «Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии».

Тэрыторыю Беларусі аўтар абмяжоўваў Віцебскай і Магілёўскай губернямі, астатнія землі называў Літвой. Цікава, што даследнік залічыў да беларускіх земляў Даўгапілс і Люцын, якія сёння з'яўляюцца часткай Латвіі, а таксама населеныя пункты сённяшняй Смаленскай вобласці РФ. «В Белоруссии нет сколько-нибудь известного места, которое не ознаменовалось бы каким-нибудь историческим происшествием», — пісаў Міхаіл Без-Карніловіч.

Беларусамі Міхаіл Без-Карніловіч лічыў толькі нашчадкаў крывічоў. Пра іх ён казаў як пра асобны народ і ставіў іх у «адзін шэраг з суседнімі народамі».
👍2616💯5🔥3👀2❤‍🔥1👏1
Непрызнаныя цуды Вілейшчыны – навуковец склаў каталог

Пра цуды ў Вілейскім раёне (непрызнаныя – бо афіцыйнай пазіцыі Царквы няма) піша Ілья Бутаў у зборніку «Беларускі фальклор» за 2024 г. Ён аднавіў выкрасленую з гісторыі старонку з адвольным абнаўленнем абразоў (напрыклад, выгарэлая выява стала ярчэйшай), крыжоў і скульптур. Сабраныя звесткі пра 25 выпадкаў з абразамі, два – з крыжамі і адзін – са скульптурай, а таксама пра адно аб’яўленне Багародзіцы.

Пры абнаўленні абразоў інфарманты згадваюць успышкі святла (напрыклад, у в. Калодчына). Пры абнаўленні крыжа ў в. Даўгінава бачылі «дымок». Праступанне міры на скульптуры ў в. Казлы ўнікальныя: раней лічылася, што скульптуры, якія «плачуць», больш характэрныя для Заходняй Еўропы, а не для Беларусі.

Звесткі пра цуды, якія адбываліся з к. XIX ст. да п. 2010-х, фіксаваліся па сведчаннях людзей без навешвання ярлыкоў. Інтэрпрэтацыяй можа заняцца будучае пакаленне даследнікаў. На здымку – абраз Страшнага Суда, які абнавіўся ў в. Есьманаўцы ў 2014 г.
👍25🤣5🤔3🤷‍♂2🙏2👀2❤‍🔥1🎅1
Даследнік: «партрэт Васіля Цяпінскага» – фальсіфікат

Пра гэта піша архітэктар Уладзіслаў Чаховіч у свежым зборніку «Краязнаўчы рух на Полаччыне: вопыт, дасягненні і магчымасці». Упершыню «партрэт Васіля Цяпінскага» быў апублікаваны ў 1919 г. у віленскім часопісе «Biełaruskaje žyćcio» (на ілюстрацыі – злева) Рамуальдам Зямкевічам – з яго артыкулам пра асветніка. Бібліяфіл паведаміў, што знайшоў партрэт у бібліятэцы Канстанціна Святаполк-Завадскага ў Крошыне. Выява паслужыла крыніцай для шматлікіх мастацкіх увасабленняў асобы гуманіста (1530- 1540-я - 1603).

Аднак Чаховіч выпадкова выявіў, што пратограф (арыгінальная выява) была прысвечана французскаму архітэктару XVI ст. Філіберу Дэлорму (на ілюстрацыі – справа). Галоўная розніца ў выявах – у замене галаўнога ўбору (на характэрны для дзеячаў Рэфармацыі).

«Фальсіфікат быў удала падабраны і адпавядае адлюстраванай эпосе», – піша аўтар. Ён выказвае здагадку, што выяву адаптавала жонка Зямкевіча – мастачка Лявонія з Дунін-Баркоўскіх.
😁19🔥11🤯8😱32🤷‍♂2❤‍🔥1👍1🤨1😨1
@belarus_sacral - гэта ўласны досвед тутэйшага валацугі ў пошуках згубленай і невядомай Беларусі. Закінутыя маёнткі і храмы ў перамешку з музеямі ды мэйнстрымнымі комплексамі.
І канешне, старыя могілкі. Шмат могілак!

Далучайцеся. Будзем спазнаваць родную гісторыю навобмацак разам!
👍33💯4👏3
Пасля вайны Мінск адбудоўвалі не толькі ваеннапалонныя, але і грамадзянскія немцы

Пра дрэнна даследаваную старонку нашай гісторыі піша Анатоль Шаркоў у зборніку «Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі» за 2023 год. З-за недахопу рабочых рук, асабліва спецыялістаў, пытанне аб выкарыстанні «варожай» працоўнай сілы лічылася цалкам натуральным, тым больш што ў вайну ў Германію вывозілі рабочых. З 1945-га пры мабілізацыі ў Германіі з грамадзянскага насельніцтва (мужчын да 50 гадоў) фармаваліся рабочыя батальёны па 750 - 1200 чалавек у кожным.

Да 1946 г. на тэрыторыю Беларусі прыбыло 3970 чалавек, з якіх было сфарміравана чатыры працоўныя батальёны. Пазней іх колькасць узрасла да 9. Размяшчалі мабілізаваных казарменна.

Усе інтэрнаваныя атрымлівалі заробак, як і савецкія грамадзяне, але з яго вылічваўся кошт утрымання. Часцяком памяшканні для жылля не былі абсталяваны належным чынам, знаходзіліся ў антысанітарным стане. Межы БССР кантынгент мабілізаваных нямецкіх грамадзян пакінуў да сярэдзіны 1951 г.
🔥15👀7💔3🤯1🕊1
Выйшла кніга пра адзін з найважнейшых скарбаў, знойдзеных у Беларусі

Напачатку 90-х каля вёскі Літва ў Маладзечанскім раёне непрафесійныя археолагі знайшлі адзін з найвялікшых скарбаў Усходняй Еўропы. Ён быў разрабаваны, выратаваць атрымалася толькі частку – некалькі тысяч пражскіх грошаў, а самае галоўнае – «пояс Вітаўта» (умоўная назва гарнітура XIV або п. XV ст.). Дзякуючы прафесару Валянціну Рабцэвічу яны з прыватных рук перайшлі ў Нацыянальны гістарычны музей.

Спецыяліст у галіне нумізматыкі ВКЛ Юрый Барэйша правёў даследаванне ў кнізе «Пра скарб з-пад вёскі Літва, паходжанне і вотчыну Браташычаў-Зяновічаў». Аўтар рэканструе склад скарбу, пераглядае выказаныя даследчыкамі версіі яго прыналежнасці (існавала гіпотэза, што «пояс» мог быць падораны Вітаўту крымскім ханам Хаджы-Гірэям) і прапаноўвае новую атрыбуцыю скарбаў у судакрананні з ранняй гісторыяй роду Браташычаў-Зяновічаў.

Кніга багата ілюстравана. Здымак – @ akademkniga.minsk. Раней мы пісалі пра афёру, якая закранула беларускія землі ў XIX ст.
👍2718🔥3😁1
На якіх умовах пад Брэстам існавалі нямецкамоўныя паселішчы

Пра іх прававы статус да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай піша К. Гаўрыленка ў перадапошнім нумары «Вестак Гомельскага ўніверсітэта». Напачатку XVII ст. на тэрыторыю сучаснага Брэсцкага раёна перасяліліся рэлігійныя бежанцы з Саксоніі. Узніклі калоніі бужскіх галендраў (назва – ад р. Заходні Буг) – Нейдорф і Нейброў (цяпер на іх месцы калгасныя палі).

Статус галендраў вызначаўся прывілеямі графа Ляшчынскага, а затым прывілеямі Радзівілаў. Галоўнымі правамі групы нямецкамоўных сялян была свабода веравызнаная (лютэранства), чыншавыя правы на зямлю і самакіраванне калоній.

З часам пачалася паланізацыя бужскіх галендраў: у 1720-х гг. у кірсе служба вялася яшчэ па-нямецку, але ніхто не разумеў сэнсу слоў пастыра. Затым у мясцовыя населеныя пункты сталі перасяляць этнічных палякаў. Нягледзячы на шматлікія складанасці, абшчына змагла захавацца і ў пэўны час стала важным цэнтрам пратэстантызму ў Рэчы Паспалітай. На здымку – кірха ў Нейдорф.
27👍5🔥2🙏2👀2
Вобраз Маці ў беларускіх тканых вырабах: асноўныя варыянты

Дар’я Хартановіч у апошнім зборніку «Капыцінскія чытанні» піша: «Часам можна пачуць: “Што можа сказаць творчасць цёмных сялянак?”. Але, калі сёння адукаваныя людзі задаюць падобныя пытанні, з'яўляецца адказ: “Неадукаванасць гэтых жанчын не рабіла іх цёмнымі людзьмі, а вось ты – цёмны, калі не бачыш усё тое, што яны закладалі у гэтыя духоўныя малюнкі’’… Тое тонкае адчуванне расліннага і жывёльнага свету – тут нам далёка да нашых продкаў».

У арнаментах вобраз Маці сустракаецца ў трох варыянтах: у выглядзе жаночай фігуры, аблямаванай гірляндаю зорак і схематычна вырашанага дрэва (на ілюстрацыях).

Але варта памятаць, што ў народным ткацтве шмат узораў падобных па малюнку, таму ix часта блытаюць. Напрыклад узор «зорка» пакладзена ў аснову вобраза маці, чалавека і сімвалу ўраджаю. Вобраз маці – васьміканцовая зорка, якая абрамляецца пышным вянком і гірляндай кветак. Вобраз чалавека – таксама зорка, але аблямоўка чатырохвугольная больш прасцейшая.
35❤‍🔥6🔥3👍2🙈2👏1😱1🙏1🐳1💋1
Выйшаў зборнік «Чачэрск і Чачэрскі раён»

У зборніку навуковых артыкулаў змешчаны вынікі даследаванняў, якія прысвечаны сацыяльна-эканамічнай і духоўна-культурнай гісторыі горада Чачэрска і Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. А таксама гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыне рэгіёна.

У кнізе ад выдавецтва «Беларуская навука» 335 старонак. Летась у серыі «Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі» выйшлі зборнікі пра Слонімшчыну, Талачынскі край і Ашмяншчыну.
👍32👏2🤡2🤔1😱1
«Мінск шалеў». Беларусь падчас Першай сусветнай – у кнізе брытанскай медсястры

Зоя Траццяк у «Весніку Полацкага дзяржунівесітэта» прааналізавала дакументальна-мастацкую кнігу пісьменніцы Фларэнс Фармбара «З царскай арміяй. Медыцынская сястра на рускім фронце: 1914 - 1918». Яна прыехала з Вялікабрытаніі ў Расійскую імперыю, працавала гувернанткай, а падчас вайны – медсястрою (затым вярнулася на радзіму).

У кнізе – Брэст, Гродна і іншыя населеныя пункты: «Мінск шалеў; кожны дом, хаціна ці хлеў запоўніліся вайскоўцамі, а па вуліцах рухаліся масы людзей у форме і ваенная тэхніка», «Цэны неверагодна выраслі».

Аўтарка стала «летапісцам» трагічнага жыцця бежанцаў: «Іх цяжкае становішча ірвала сэрца. Яны бралі з сабой усё, што маглі: коней, кароў, свіней, птушку і хатняе начынне, размешчанае на возе… Часам воз ламаўся, і сям’я, збянтэжаная і напалоханая, вырашала заставацца побач са сваімі каштоўнасцямі… пакуль іх таксама не гналі наперад казацкая нагайка або яшчэ больш жахлівая перспектыва блізкасці ворага».
💔30👍114🔥3🤔1😨1
Што чуваць пра «карабель прышэльцаў», які набліжаўся да Зямлі?

3I/Atlas – усяго толькі трэці міжзоркавы аб'ект з-за межаў Сонечнай сістэмы, які атрымалася заўважыць у нашым небе. Адсюль і яго назва, піша BBC. У адрозненне ад большасці вядомых камет, якія круцяцца вакол Сонца, траекторыя і хуткасць гэтай паказваюць на тое, што яна прыляцела з іншай часткі нашай галактыкі і толькі пралятае міма.

Некаторыя асаблівасці 3I/Atlas далі падставу выказаць здагадку, што яна можа быць штучнай («караблём прышэльцаў»). Але ўжо не застаўся сумневаў, што гэта камета. Напрыканцы кастрычніка яна абмінула Сонца, а зараз рыхтуецца развітвацца. 19 снежня 3I/Atlas праляціць міма Зямлі на бяспечнай адлегласці 270 мільёнаў кіламетраў, амаль удвая далей ад нас, чым Сонца.

Нават астраномы-аматары змогуць убачыць камету з дапамогай тэлескопа з васьміцалевым аб'ектывам. Паколькі да гэтага часу людзі бачылі толькі тры міжзорныя каметы, нам яшчэ шмат чаго трэба даведацца пра гэтых старажытных падарожнікаў.
🔥14👾11👍6👏5❤‍🔥1😁1
У чым унікальнасць кафлі з Наваградка XVI - XVII ст., якая цяпер у калекцыі Рускага музея

Пра гэта піша Алена Папова ў апошнім нумары расійскага часопіса «Актуальные проблемы теории и истории искусства». У 1959 - 1967 гг. у Наваградку экспедыцыя з Ленінграда знайшла кафлю, якія цяпер знаходзіцца ў Рускім музеі (Санкт-Пецярбург). На ілюстрацыі: адзіная кафля з рэлігійным сюжэтам – з галоўкай херувіма.

У Наваградку з сярэдзіны XIV ст. існавала ўласная кафляная вытворчасць. Разнастайнасць тыпаў і арнаментаў дэманструе, што мясцовыя майстры працавалі для грамадзян рознага дастатку (мяркуючы па прысутнасці ўзору з геральдычнай кампазіцыяй і ўзораў з простым геаметрычным арнаментам).

Ад твораў з гарадоў Польшчы і Літвы наваградская кафля адрознівалася спецыфічнай тэхналогіяй вытворчасці. А ў прастаце мастацкай інтэрпрэтацыі рэнесансных і барочных малюнкаў заключаюцца «непаўторнае абаянне наваградскіх плітак і непасрэднасць пераасэнсавання беларускімі вытворцамі еўрапейскіх узораў».
💔20👍96🔥1👏1🌚1
Інстытут ВКЛ абвяшчае сëмы конкурс на наданне Узнагароды імя Юліуша Бардаха

Узнагарода надаецца за найлепшыя доктарскія (кандыдацкія) працы, напісаныя па праблемам дзяржаўнай, прававой і культурнай спадчыны ВКЛ у XIX - XX стагоддзі, а таксама па аналагічных праблемах звязаных з гісторыяй прынамсі дзвюх краін зямель былога ВКЛ (Беларусь, Літва, Польшча і Украіна).

На конкурс могуць быць прадстаўлены доктарскія (кандыдацкія) дысертацыі, абароненыя ў 2024 - 2025 гадах. Тэрмін прадстаўлення прац – 1 студзеня 2026 года. Просім дасылаць працы на адрас: rustis@ldki.lt

Да 1 сакавіка 2026 года камісія, прызначаная Інстытутам ВКЛ (Каўнас), абвесціць спіс прац, намінаваных на прэмію. Кандыдаты на ўзнагароду будуць запрошаны на ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання, якая пройдзе ў Вільне, 19 чэрвеня 2026 года. Больш падрабязна пра Узнагароду імя Юліуша Бардаха чытайце тут.
👍18❤‍🔥92🤔2
Што адбываецца з беларускімі дыялектамі ў Латвіі

Пра гэта піша польскі мовазнаўца Міраслаў Янковяк у апошнім нумары часопіса Acta Albaruthenica. Ён адзначае, што беларускія дыялекты на латвійска-беларускім памежжы (Зілупскі, Краслаўскі, Ілукштанскі паветы) сёння знаходзяцца ў заняпадзе і знікаюць са смерцю рэспандэнтаў, народжаных у 1920-я, 1930-я і часткова 1940-я гады. Сярэдняе пакаленне (адлічваючы ад людзей, народжаных у 1950-я гады) ужо рускамоўнае, з захаванымі індывідуальнымі рысамі беларускай мовы.

Беларуская мова не выкарыстоўваецца ў Латвіі ні ў адукацыі, ні ў сакральнай сферы. Без вялікай міграцыі сельскага беларускамоўнага насельніцтва з тэрыторыі Беларусі (як гэта было пасля Другой сусветнай) захаваць дыялект немагчыма, піша аўтар.

Міраслаў Янковяк адзначае, што беларускія дыялекты вывучаліся на латышскіх землях з сярэдзіны XIX стагоддзя, але толькі фрагментарна. Ён заклікае да апісання фанетыка-граматычнага складу і лексікі паміраючых дыялектаў, пакуль гэта магчыма.
💔34😢22❤‍🔥22🤷‍♂1👍1😁1😨1
Пабачыла свет другое выданне кнігі пра Рамана Скірмунта

Кніга Аляксандра Смалянчука «Раман Скірмунт (1868−1939). Жыццяпіс грамадзяніна Краю» знаёміць з асобай прадпрымальніка, ідэолага «краёвасці», беларускага і польскага палітыка, прэм’ера ўрада БНР, для якога зыходным пунктам публічнай дзейнасці было замілаванне да роднага Краю.

Гэты Край пачынаўся з Парэчча на Піншчыне і ахопліваў землі ўсёй гістарычнай Літвы. Краёвы патрыятызм паспрыяў далучэнню Рамана Скірмунта да беларускага руху і ўдзелу ў змаганні за незалежнасць Беларусі ў 1918 г. Ягонае жыццё і дзейнасць можна лічыць апошнім актам польска-беларускага сімбіёза, які трагічна абарваўся ўвосень 1939 г.

Новае выданне дапоўнена новымі фактамі і арыгінальнымі ілюстрацыямі.
36👍10❤‍🔥8🔥3👏1🙏1👌1
Ашмянка і Падзішах. Якія мянушкі Радзівілы давалі сваім коням

Пра гэта піша Kamil Frejlich у апошнім нумары часопіса Acta Linguistica Lithuanica, дзе ён прааналізаваў інвентары (архіў Радзівілаў быў перавезены з Нясвіжа ў Варшаву ў 1919 і 1923 гадах) магнацкіх статкаў у XVII - XVIII ст., якія пераважна размяшчаліся у ВКЛ (Карэлічы, Койданава, Любча, Нясвіж, Слуцк, Вільня і г.д.).

Былі выяўлены 434 лексічныя адзінкі: 106 жаночых і 328 мужчынскіх. Найбольш часта сярод мянушак сустракаліся польская, турэцкая і італьянская мовы. Мянушкі адносіліся да розных характарыстык жывёл (Junak, Bielak, Karaś, Wojewoda) і, магчыма, месцаў іх паходжання (Oszmianka). Шмат мянушак былі ўзятыя з грэчаскай і рымскай міфалогій (Herkules, Fortuna).

Мянушкі коней таксама сведчаць пра захапленне магнатамі мусульманскім светам: прынамсі, часткова ён падсілкоўваўся ваеннай пагрозай – канфліктамі з Асманскай імперыяй і татарскімі нашэсцямі (Musulmanka, Fatima, Padiszach). Здымак – часоў юнацтва Эльжбеты Радзівіл (1917 - 2021).
24❤‍🔥6👍6🤔4
Пабачыла свет выданне пра кніжныя скарбы Акадэміі навук

Сёлета Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі святкуе стагоддзе. З гэтай нагоды пабачыла свет юбілейнае выданне пра кніжныя скарбы Нацыянальнай акадэміі навук – XV - XX стст. Сярод іх помнікі еўрапейскай кніжнай культуры: напрыклад, «Абгрунтаванні боскіх службаў» Гіёма Дзюрандуса (Страсбург, 1484), «Кнігі хронік» Хартмана Шэдэля (Нюрнберг, 1493), «Мастацтва артылерыі» Казіміра Сямяновіча (1651, 1729) і інш.

Адмысловае месца адводзіцца помнікам славянскай кніжнасці, такім як: «Граматыка» (1648) Мялеція Сматрыцкага, «Жазло кіравання» (1667) Сімяона Полацкага і інш. У раздзел рукапісных кніг уключана сярод іншага «Найкароткае напісанне гісторыі Веткаўскай царквы» І. Кабанава.

З усімі прадстаўленымі кнігамі можна азнаёміцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі.
👍18🔥11🤔62❤‍🔥1