De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.38K subscribers
1.14K photos
1 video
3 files
717 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Пабачыў свет восьмы том гадавіка антрапалагічнай гісторыі Homo Historicus пад рэдакцыяй прафесара, гісторыка Алеся Смалянчука.

Новы нумар пазнаёміць чытача з унікальным помнікам эпіграфікі часоў Полацкага княства «Давыдавым каменем» ХІІ ст., з арганізацыяй дапамогі галадаючым сялянам Магілёўскай і Віцебскай губ. на пачатку ХІХ ст., раскрые праблематыку краёвасці праз успаміны вядомага беларускага і польскага палітыка і краёўца Рамана Скірмунта.

У рубрыцы Біяграфія навукі і навукоўца змешчаны інтэрв’ю з вядомымі гісторыкамі Аляксандрам Краўцэвічам, Нінай Стужынскай, Алегам Латышонкам і Леанідам Смілавіцкім. Стрыжнёвай тэмай гэтых «гісторый гісторыкаў» з’яўляецца пачатак іх навуковага шляху.

У раздзеле Навуковае жыццё публікуюцца анатацыі на кніжныя навінкі, рэцэнзіі, а таксама інфармацыя пра падзеі навуковага жыцця.

Азнаёміцца са зместам можна ў дададзеным файле.

Набыць восьмы том Homo Historicus можна праз онлайн-крамы на фэйсбуку і ў інстаграме.
👍10🔥3😁1
«Нас у Беларусь не пушчалі». Акадэміку Радзіму Гарэцкаму – 96

7 снежня доктару геолага-мінералагічных навук, акадэміку НАН, заслужанаму дзеячу навукі Радзіму Гарэцкаму спаўняецца 96 гадоў.

У 1969 годзе ён атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР за тэктанічную карту Еўразіі і манаграфію «Тэктоніка Еўразіі» (у сааўтарстве). У 1977 - 1993 гг. узначальваў Інстытут геахіміі і геафізікі НАН. Затым – Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Некалькі цытатаў Радзіма Гарэцкага з ранейшых інтэрв’ю.
«Маё жыццё прайшло пад дамоклавым мячом – я ж сын «ворага народа».
«Нас у Беларусь не пушчалі. Бацьку рэабілітавалі ў 1958 годзе, але толькі праз дзесяць гадоў дазволілі вярнуцца».
«Шкадую, што столькі часу згубіў на адміністрацыйную працу. Людзі першы раз пальцам ля скроні круцілі, калі я з Масквы, у якую ўсе імкнуліся, сюды прыехаў, а другі раз – калі ад рэктарства ў БДУ адмовіўся»

Нагадаем, што Парк камянёў у Мінску быў заснаваны Гаўрылам і Радзімам Гарэцкімі.
8👍8
Прымаюцца заяўкі на стыпендыі ад Аляксандраўскага інстытута Універсітэта Хельсінкі (да 23 снежня)

Аляксандраўскі інстытут – фінскі цэнтр даследаванняў Расіі, Еўразіі і Усходняй Еўропы. Стыпендыі прадугледжаны для навукоўцаў, якія маюць ступень PhD і жывуць за межамі Фінляндыі (падрабязнасці тут, профіль даследванняў інстытута тут).

Стыпендыі разлічаны на перыяд двух месяцаў запар – з красавіка па снежань 2025 г. Заяўкі на англійскай мове да 23 снежня прымаюцца тут.
З-за вайны Расіі супраць Украіны Хельсінскі ўніверсітэт не запрашае навукоўцаў, звязаных з універсітэтамі або навукова-даследчымі інстытутамі ў РФ ці Беларусі.
👍2
У кантэксце апошніх падзей у Сірыі.

Нельга сказаць, што беларуская арабістыка з’яўляецца развітым накірункам. Тым больш прыемна прыгадаць адно з нешматлікіх вартых увагі выданняў.

Кніга беларускага даследчыка Аляксандра Філіпава пра ідэалагічныя асновы рэжыму Асадаў, крах якога адбываецца на нашых вачах. Кніга выйшла ў выдавецтве РІВШ у 2022 годзе.

У аснову кнігі пакладзены аналіз тэкстаў М. Афляка — ідэолага і заснавальніка Парты арабскага сацыялістычнага адраджэння (Баас). Партыя захапіла ўладу ў Сірыі ў 1963 годзе і ўтрымлівала яе да канца 2024.

Для ўсіх каму цікава з чаго ўсё пачыналася:

Филиппов, А. А. Ранняя идеология партии Баас (ПАСВ). Минск : РИВШ, 2022. – 374 с.
👍9😁1
Ці магчымая дэкаланізацыя акадэмічных гуманітарных даследванняў у Беларусі?

Пра гэта ў свежым нумары часопіса Topos піша Максім Каралёў, дактарант Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук. Ён дае станоўчы адказ на пытанне пры ўмове адкрыцця вакна магчымасцяў. Мэты можна дасягнуць некалькі важнымі крокамі. Сярод іх – шырокая грамадская дыскусія на фоне масавай папулярызатарскай дзейнасці.

«Досвед Латвіі паказвае, што прынесла плён люстрацыя абароненых дысертацый. Навуковых ступеней былі пазбаўлены тыя, чые тэзы пераважна абапіраліся на партыйныя ідэалагічныя «калянавуковыя» разважанні» – прыводзіць адзін з прыкладаў Каралёў.

Таксама адзін з шляхоў дэкаланізацыі – арыентацыя ў даследваннях на новую праблематыку: «Нават у дачыненні да Вялікай Айчыннай вайны, напрыклад, дагэтуль не раскрытыя тэмы адносін мясцовага насельніцтва з акупантамі ў першыя месяцы вайны, унутранага жыцця ў гета, засялення нанава вызваленых гарадоў і г. д.»
👍9😁1🤡1🐳1
Пра ўклад мовазнаўцы Вікторыі Ляшук у развіццё сувязяў паміж славацкай і беларускай культурамі

У славацкім часопісе Slavica Slovaca выйшаў артыкул, прысвечаны 60-годдзю з дня нараджэння выбітнай беларускай мовазнаўцы, прафесаркі Універсітэта Мацея Беля Вікторыі Ляшук (юбілей яна адзначыла летась).

У артыкуле падкрэсліваецца вялікі ўклад Вікторыі Ляшук у славянскую лінгвістыку, асабліва ў тэорыю і тыпалогію славянскіх літаратурных моваў. У 1996 годзе яна стала першай беларускай выкладчыцай у Славакіі (беларуская мова).

Шмат гадоў Вікторыя Ляшук паралельна працавала на філфаку БДУ. З 2022 года – прафесарка факультэта мастацтваў Універсітэта Мацея Беля (Банска-Бістрыца, Славакія).
👍63
Даследванне: многія беларусы жылі ў Латвіі ў ілюзіі прыналежнасці да мясцовага грамадства

У англамоўным часопісе Інстытута гісторыі Літвы Lithuanian Historical Studies выйшаў артыкул супрацоўніц Цэнтра вуснай гісторыі Даўгаўпілскага ўніверсітэта, які грунтуецца на жыццёвых гісторыях, сабраных імі на латвійска-беларускім памежжы з 2003 па 2020 год.

У даследванні адзначаецца: беларусы, якія нарадзіліся ў 1920-1930-я гады на тэрыторыі Латвіі, паспяхова інтэграваліся ў латышскае грамадства, у пэўнай ступені захаваўшы сваю этнічную самасвядомасць. Беларусы ж, якія перасяліліся ў Латвію пасля Другой сусветнай вайны, моцна ад іх адрозніваліся.

Яны сталі інструментамі саветызацыі і русіфікацыі, у большасці выпадкаў страцілі сувязь з цяперашняй Беларуссю і пачуццё прыналежнасці да беларускай культуры. У савецкі час яны жылі ў ілюзіі прыналежнасці да мясцовага грамадства, таму пасля аднаўлення незалежнасці Латвіі адчулі сябе несправядліва выключанымі з грамадскага жыцця і нават маргіналізаванымі.
👍10🤷‍♂3😁1
Матэматык Аляксандр Скіба – у топ-2% самых цытуемых навукоўцаў свету

Працягваем вывучаць імёны беларускіх навукоўцаў у абноўленым у 2024-м рэйтынгу топ-2% самых цытуемых навукоўцаў свету (яго складаюць даследчыкі з Стэнфардскага ўніверсітэта, сыходзячы з базы Scopus). Сярод іх – доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар кафедры алгебры і геаметрыі Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф. Скарыны Аляксандр Скіба. Яго імя і ў рэйтынгу за мінулы год, і ў рэйтынгу цытуемасці навукоўца за ўвесь час.

Аляксандр Скіба з'яўляецца заснавальнікам навуковай школы «Алгебра класаў», шырока вядомай па-за межамі Беларусі. Навуковец уваходзіць у рэдкалегію шэрагу міжнародных навуковых часопісаў (Advances of Group Theory and its Applications (Італія), Southeast Asian Bulletin of Mathematics (Кітай), Mathematics and Mathematical Sciences (Індыя) і інш.).

Хто яшчэ з беларусаў трапіў топ-2% самых цытуемых навукоўцаў свету, чытайце пазней – падпісвайцеся на наш канал.
👍433
📢 CALL FOR ABSTRACTS!
2025 RSA Annual Conference - Navigating Regional Transformation
Dates: 6-9 May 2025
Location: University of Porto (Portugal)

🌍 Далучайцеся да спецыяльнай сесіі SS41: Эфектыўнасць мясцовых стратэгій устойлівага развіцця
🎯Тэматыка спецыяльнай сесіі (невычарпальная):
✔️Уплыў мясцовых стратэгій на рэгіянальную ўстойлівасць і ўстойлівае развіццё
✔️Інструменты і метады павышэння эфектыўнасці стратэгій устойлівага развіцця тэрыторый (гарадскіх і вясковых)
✔️Інтэграцыя экалагічных, сацыяльных і эканамічных аспектаў у мясцовым стратэгаванні
💡Навошта прыняць ўдзельнічаць?
Магчымасць далучыцца да вырашэння важнай тэарэтычнай і практычнай праблемы, прэзентаваць свае даследаванні, падзяліцца ведамі і наладзіць кантакты з экспертамі з усяго свету
📌Дэдлайн падачы тэзісаў: 19 снежня 2024 г
👉Спасылка для заяўкі на ўдзел:
https://lounge.regionalstudies.org/Meetings/Meeting?ID=529


🌍 Join us for the special session SS41: Effectiveness of Local Sustainable Development Strategies
🎯Special session topics (non-exhaustive):
✔️Impact of tailored local strategies on regional resilience and sustainability
✔️Tools and methods to improve the effectiveness of sustainable development strategies of territories (rural and urban)
✔️Integration of environmental, social and economic aspects in local strategizing
💡Why attend?
The opportunity to join in solving an important theoretical and practical problem, present research, and share knowledge and network with experts around the world
📌Abstract submission deadline: 19th December 2024
👉Link for submissions:
👍41
У выдавецтве фонду «Камунікат» у Беластоку пабачыла свет кніга «Янка Запруднік» з серыі «Людзі эміграцыі», запачаткаванай Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва (БІНіМ) і Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына» яшчэ ў Беларусі ў 2018 годзе. Укладальнікі кнігі Наталля Гардзіенка, Надзея Запруднік, Валянціна Трыгубовіч і Лявон Юрэвіч.
У кнізе чытач знойдзе як матэрыялы пра Янку Запрудніка: біяграфічны нарыс, успаміны дачкі Веры, сяброў і знаёмых, гэтак і ягоныя ўласныя тэксты. У раздзеле «Даследаванні» прадстаўленыя некаторыя часткі з дысертацыі Янкі Запрудніка і ягоныя даследчыя артыкулы. Частка «Скрыпты» рэпрэзентуе паасобныя прыклады ягонай журналісцкай дзейнасці на радыё «Вызваленне / Свабода», раздзел «Эсэ» — найбольш важныя эсэістычныя тэксты гісторыка.
👍103
50 год першаму беларускаму тапанімічнаму слоўніку: выданне застаецца ўнікальным і дагэтуль

У Bulletin of the Serbian geographical society выйшаў артыкул пра «Кароткі тапанімічны слоўнік Беларусі», які ў 1974 годзе выдаў Вадзім Жучкевіч (ураджэнец Лоева, доктар геаграфічных навук).

Нягледзячы на сціплую назву, у слоўніку – звесткі пра каля 6000 тапонімаў, у тым ліку назвы ўсіх гарадоў, пасёлкаў гарадскога тыпу, амаль усіх вёсак, якія з’яўляліся цэнтрамі сельсаветаў ці калгасаў, і іншых населеных пунктаў. У выданні прыводзіцца беларускае і рускае напісанне, месцазнаходжанне аб’екта, этымалогія і яе разнавіднасці.

Аўтары артыкула, член Канадскай асацыяцыі географаў Сяргей Басік і старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксей Яротаў, адзначаюць: гэтае выданне дагэтуль застаецца адзіным комплексным тапанімічным слоўнікам этымалогіі тапонімаў, які ахоплівае ўсю Беларусь. Слоўнік Жучкевіча аказаў вялікі ўплыў на сотні тапанімічных прац у СССР і на постсавецкай прасторы.
👍14🔥6
Доктар гістарычных навук Алесь Груша выклаў на сваёй старонцы электронную версію манаграфіі "Традиция и её преодоление: Русь и Великое Княжество Литовское в XII — первой трети XVI в.", што нядаўна была выдадзена Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам.
13👍5🤡4
Апублікавана даследванне беларускага навукоўца Сяргея Какарэкі пра забруджванне Антарктыды

У Antarctic Science выйшаў матэрыял, у якім Сяргей Какарэка ўпершыню правёў ацэнку трэндаў выкідаў дыяксіду серы (SO2) ў Антарктыдзе за 60 гадоў. Да гэтых выкідаў найбольш адчувальныя імхі і лішайнікі. Выснова: у апошнія дзесяцігоддзі на самым чыстым кантыненце адбылося хуткае зніжэнне выкідаў, у першую чаргу з-за паніжэння ўтрымання серы ў паліве (у Антарктыдзе дзейнічае каля 70 станцый).

Сяргей Какарэка (на фота – у Антарктыдзе) – доктар тэхнічных навук, прафесар, загадчык лабараторыі трансгранічнага забруджвання Інстытута прыродакарыстання НАН. Прафесійны вандроўнік, неаднойчы працаваў на Беларускай палярнай станцыі, стажыраваўся ў шэрагу замежных навуковых цэнтраў і ўніверсітэтаў, аўтар дзесяткаў навуковых публікацый. Сяргей Какарэка прадстаўляе Беларусь у Міжнародным камітэце антарктычных даследаванняў.
👍19
Якім быў досвед яўрэйскіх жанчын у партызанскіх атрадах Беларусі і Літвы

У Лондане выйшла кніга «Гераіні Халакосту», адзін з яе артыкулаў прысвечаны ўдзелу яўрэек у партызанскіх атрадах Беларусі і Літвы. Якім быў гэты досвед? Частка жанчын навучылася карыстацца зброяй і стала ўмелымі байцамі. Частка працавала на партызанскай кухні, рамантавала адзенне, прала бялізну.

Жанчыны сутыкаліся з дадатковымі перашкодамі, такімі як захаванне гігіены, цяжарнасць, роды, адсутнасць прыватнасці і многім іншым. Каб пазбегнуць дамаганняў, некаторыя жанчыны шукалі абароны ў партнёраў-мужчын. Многія з тых пар засталіся разам і пасля вызвалення.
На фотаздымку – падпольшчыкі Вільнюскага гета.
👍101
У міжнародным часопісе выйшла даследванне пра нетыповую фінансавую рэакцыю жыхароў Беларусі на пачатак вайны ва Украіне

У аўтарытэтным часопісе International Journal of Economics and Finance, які выдаецца ў Канадзе, выйшаў артыкул супрацоўнікаў БДЭУ Кірыла Рудага (былы памочнік кіраўніка дзяржавы па эканамічных пытаннях і амбасадар у Кітаі) і Яўгеніі Шарылавай.

У артыкуле даследуецца, чаму пасля нападзення Расіі на Украіну ў 2022 годзе беларускія грамадзяне не здымалі ўклады, а павялічвалі іх. Асноўная прычына была ў росце працэнтнай стаўкі па рублёвых укладах. Грамадзяне здымалі ўклады ў замежнай валюце, канвертавалі іх у беларускія рублі і размяшчалі на дэпазітах у нацыянальнай валюце па высокіх стаўках.

Дэвальвацыйныя чаканні не былі высокімі. Рост спажывання ваенна-палітычных тэленавін таксама не паўплываў на фінансавыя паводзіны жыхароў Беларусі.
🤔9😁1
Якія рэчы бралі з сабою людзі, якіх нацысты дэпартавалі з Вены ў Малы Трасцянец?

У артыкуле прафесаркі гістарычнай археалогіі Венскага ўніверсітэта Claudia Theune нагадваецца, што з мая па кастрычнік 1942 года каля 10 тысяч чалавек былі дэпартаваныя з Вены цягнікамі ў Малы Трасцянец і забітыя там пры масавых расстрэлах.

Пры будаўніцтве мемарыяла ў 2017-2018 гадах супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі былі знойдзеныя рэчы, якія належалі ахвярам і маюць выразную сувязь з Венай ці Аўстрыяй (пра гэта сведчаць надпісы).

Частка рэчаў адпавядала тым інструкцыям, якія даваліся пры дэпартацыі (посуд), а частка была індывідуальным выбарам людзей. Гэта такія прадметы як расчоскі, акуляры, флаконы для духаў, скрыначкі з крэмам, кішэнныя нажы, грошы і ключы ад маёмасці, якая засталася на радзіме. Знойдзеныя ў Малым Трасцянцы рэчы былі перададзеныя ў Дом гісторыі Аўстрыі. На фотаздымку – скрыначка для крэму для скуры Nivea, вырабленая на прадпрыемстве ў Вене.
🕊8👍1
Даследванне: давер і залежнасць ад тэхналогій зрабілі многіх беларускіх грамадзян ахвярамі рэпрэсій

У часопісе Internet Policy Review Алеся Руднік з Карлстадскага ўніверсітэта (Швецыя) апісала практыкі і распарадак працы рэдактараў і мадэратараў тэлеграм-каналаў, актывістаў і палітыкаў падчас падзей 2020 года. Артыкул заснаваны на інтэрв'ю з 18 рэспандэнтамі.

У даследванні адзначаецца: разам з дэлегаваннем задач тэхналогіям рух пратэсту рассейваўся і дэцэнтралізаваўся, роля лідараў часта прымяншалася. А давер і залежнасць ад тэхналогій зрабілі многіх беларускіх грамадзян ахвярамі рэпрэсій рэжыму, паколькі ўлады ўключылі лічбавыя тэхналогіі ў свой набор інструментаў рэпрэсій.
👍4😢3😁1
Еўрапейскі саюз у межах праграмы EU4Belarus – SALT III (Support for Advanced Learning and Training) абвяшчае конкурс грантаў на акадэмічныя даследчыя праекты з удзелам беларускіх даследчы(-ц), аспірант(-ак) і выкладчы(-ц), якія пацярпелі праз сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Мэта конкурсу – кансалідацыя і захаванне беларускага акадэмічнага супольнасці, а таксама яго інтэграцыя ў агульнае еўрапейскае адукацыйнае прастору праз міжнароднае акадэмічнае супрацоўніцтва.
Працягласць даследавання: ад 6 да 18 месяцаў.
Для чаго: Калектыўныя акадэмічныя даследчыя праекты ў розных галін гуманітарных, навуковай дзейнасцi.
Памер гранта: ад 50 000 да 80 000 еўра для гуманітарных і сацыяльных навук і да 121 250 еўра для іншых навуковых сфер.
Хто можа падаць заяўку ад імя даследчай групы?
Заяўнікам можа быць акадэмічная ўстанова, універсітэт і (або) навукова-даследчая арганізацыя, зарэгістраваная ў адной з краін ЕС.
Дэдлайн падачы заявак: 17 сакавіка 2025 года.
Больш падрабязна пра магчымасці і ўмовы па спасылцы: CPVA.LT.
👍8