De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.39K subscribers
1.15K photos
1 video
3 files
718 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
У сутарэннях Кафедральнага сабора Вільні знайшлі пахавальныя кароны вялікіх князёў

У таемным сховішчы зберагліся пахавальныя рэгаліі валадароў ВКЛ і Польшчы. Арцыбіскуп Вільні, мітрапаліт Гінтарас Грушас на прэс-канферэнцыі 6 студзеня паведаміў (цытуецца па LRT): «16 снежня 2024 года ў сутарэннях знайшлі схованку, дзе ў 1939 годзе, з пачаткам Другой сусветнай вайны, былі схаваныя каралеўскія рэгаліі. У тайніку знойдзеныя рэгаліі, прызначаныя для пахаванняў валадароў ВКЛ і Польшчы — Аляксандра, Лізаветы і Барбары».

Сярод знаходак (на фота) — карона польскага караля і вялікага князя літоўскага Аляксандра, а таксама карона жонкі вялікага князя літоўскага і караля Польшчы Казіміра Ягелона — Лізаветы Габсбург, знойдзены яе ланцужок, медальён, пярсцёнак і шыльда з труны.

Таксама былі знойдзены карона, скіпетр, тры пярсцёнкі, ланцужок і дзве шыльды з труны Барбары Радзівіл — жонкі вялікага князя літоўскага і польскага караля Жыгімонта Аўгуста.
15👍11
🌟72 | Лісейчыкаў | Армяне ў Вялікім Княстве Літоўскім у XV–XVIII стст.🌟

У гасцях падкасту "Так склалася гістарычна" кандыдат гістарычных навук, гісторык Дзяніс Лісейчыкаў!

Сення мы абмяркоўваем армянскую прысутнасць на беларускіх землях ў часы ВКЛ. А менавіта

✴️Дзе і калі з’явіліся першыя армяне на беларускіх землях?
✴️Да якіх сацыяльных груп адносіліся армяне і ці былі арганізаваныя абшчыны?
✴️Веравызнанне і мова армян ВКЛ.
✴️Армянская спадчына ў Беларусі.
👍82🤡1
ЕС у межах праграмы EU4Belarus – SALT III праводзіць конкурс грантаў на акадэмічныя даследчыя праекты (да 17 сакавіка)

Абвешчаны конкурс грантаў на акадэмічныя даследчыя праекты з удзелам беларускіх даследчыкаў(-ц), аспірантаў(-ак) і выкладчыкаў(-ц), якія пацярпелі праз сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Мэта конкурсу – кансалідацыя і захаванне беларускай акадэмічнай супольнасці, а таксама яе інтэграцыя ў агульную еўрапейскую адукацыйную прастору праз міжнароднае акадэмічнае супрацоўніцтва.

Працягласць даследавання: ад 6 да 18 месяцаў.
Памер гранта: ад 50 000 да 80 000 еўра для гуманітарных і сацыяльных навук, да 121 250 еўра для іншых навуковых сфер.
Хто можа падаць заяўку ад імя даследчай групы? Заяўнікам можа быць акадэмічная ўстанова, універсітэт і (або) навукова-даследчая арганізацыя, зарэгістраваная ў адной з краін ЕС.

Дэдлайн падачы заявак: 17 сакавіка 2025 года.
Больш падрабязна пра магчымасці і ўмовы па спасылцы: CPVA.LT.
🔥62
Як беларусы, падрыхтаваныя абвэрам, з-за няўдалага дэсантавання сталі партызанамі Арміі Краёвай

Пра гэта Paweł Rokicki піша ў Przegląd Historyczno-Wojskowy. У лістападзе 1944 г. з-за праблем з навігацыяй дэсант групы беларусаў з батальёну «Дальвіц» быў высаджаны не на тэрыторыі сучаснай Беларусі, а на Віленшчыне ля мястэчка Вялікія Салечнікі (цяпер літоўскі райцэнтр Šalčininkai).

З трох дзеяткаў чалавек большая частка была ці схоплена контрразведкай «Смерш», ці ўцякла на радзіму. Кіраўніку групы Міхалу Вітушку ўдалося сабраць толькі некалькіх. Пяцярых беларусаў схапілі партызаны Арміі Краёвай і збіраліся іх расстрялаяць. Аднак перадумалі, спадзеючыся на магчымасць замовіць у немцаў дэсантаванне зброі.

Парадаксальным чынам дэсант, падрыхтаваны абверам, апынуўся ў складзе антынямецкага фармавання: разам яны актыўна змагаліся супраць савецкіх войскаў. Міхал Вітушка загінуў у баі 7 студзеня 1945 года, піша Paweł Rokicki. На фотаздымку – савецкі пашпарт Міхаіла Вітушкі, які ён атрымаў у маі 1940 года.
👍12🤮2
Чаму Беларусь не можа атрымаць статус кансультацыйнага боку ў Дамове аб Антарктыцы, нягледзячы на валоданне сваёй станцыяй?

Пра гэта паведамляецца ў публікацыі ў The Polar Journal. Антарктыка кіруецца шляхам прыняцця рашэнняў на аснове кансэнсусу 29 кансультатыўных бакоў Дамовы. У апошнія гады Беларусь і Канада зрабілі некалькі няўдалых заявак на атрыманне кансультатыўнага статусу, што ўяўляе «беспрэцэдэнтны ўзровень няўдач».

Апошняй краінай, у якой атрымалася гэта зрабіць, стала Чэхія ў 2014-м годзе. Даследчыкі з Вялікабрытаніі пішуць пра верагоднае «павышэнне планкі» з мінулых часоў. Заяўку Беларусі ў 2024-м не зацвердзілі па дзвюх прычынах. Першая – нізкі ўзровень навуковай прадукцыі. Другая – датычнасць дзяржавы да ўварвання РФ ва Украіну.

Заяўка Беларусі будзе паўторна разгледжана на наступнай Кансультатыўнай нарадзе па Дамове аб Антарктыцы, якая пройдзе летам 2025-га ў Мілане. Нагадаем, што з 2016 г. дзейнічае беларуская антарктычная навукова-даследчая станцыя «Гара Вячэрняя» (на фота).
👍6👀2😁1🏆1
Апублікаваны чарговы, 18-ы нумар люблінскага часопіса "Studia Białorutenistyczne", з найноўшымі даследваннямі беларускай гуманітарыстыкі. Са зместам можна пазнаёміцца тут. Усе артыкулы выкладзены ў бясплатны доступ.
👍13
У Беларусі знайшлі новы від лішайнікаў

Як паведамляе Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН, гэта адбылося падчас даследавання на тэрыторыі заказніка «Старобінскі» (Салігорскі раён). Сумесна з мясцовым жыхаром, аматарам прыроды і знаўцам гэтых месцаў, былі выяўленыя чатыры дрэвы, на якіх расце лішайнік, які першапачаткова быў вызначаны як Flavopunctelia soredica (Nyl.) Hale.

Аднак сумневы выклікала тое, што бліжэйшыя месцазнаходжанні віду – Карпаты і Каўказ. Навукоўцы з дапамогай метаду тонкапластовай храматаграфіі (TLC) параўналі знойдзены ўзор з узорамі з іншых рэгіёнаў кантынента. Даследаванне пацвердзіла адкрыццё ў Беларусі новага віду лішайніка – Flavopunctelia soredica (Nyl.) Hale (на фота).

Новыя віды лішайнікаў у Беларусі знаходзяць не кожны год, такая знаходка можа здарыцца толькі раз у жыцці высокакваліфікаванага спецыяліста, адзначае Інстытут эксперыментальнай батанікі. Нагадаем, што ў мінулым годзе ў Беларусі адкрылі новы грыб – яго назвалі ў гонар Скарыны.
👍124
Афрыка можа раскалоцца на дзве часткі хутчэй, чым меркавалася

Першыя прыкметы працэсу ўзніклі ў 2005-м — расколіна больш за 50 км з'явілася ў Эфіопіі. У 2018 годзе зямля раскалолася і ў Кеніі, піша Bild. Цяпер расколіна мае даўжыню больш за 3200 км.

Разломы ў зямлі знаходзяцца над так званай Вялікай рыфтавай далінай, якая ўзнікла 30 млн гадоў таму, калі раскалолася Афрыканская пліта. Цяпер назіраюцца наступствы на паверхні. Да нядаўняга часу геолагі лічылі, што для разлому Афрыкі на дзве часткі спатрэбіцца ад 5 да 10 млн гадоў. Аднак, паводле апошніх дадзеных, гэта здарыцца нашмат раней. Сінція Эбінгер, геафізік з Тулейнскага ўніверсітэта (ЗША), паведаміла платформе Dailygalaxy: «Мы скарацілі прагноз да 1 млн гадоў, магчыма, (спатрэбіцца) нават удвая менш».

Разлом павялічваецца на 0,8-2,5 сантыметраў штогод, аднак працэс можа паскорыцца з-за землятрусаў, і гэта робіць дакладнае прагназаванне складаным. У выніку Самалі, Эфіопія, Танзанія і палова Кеніі могуць утварыць гіганцкую выспу ля ўзбярэжжа Афрыкі.
😱10🤯2
Чым адрозніваюцца групы цыган у Беларусі?

Пра гэта пішуць прадстаўнікі Місіянерскага таварыства цыган Балтыі ў малдаўскім часопісе Revista de Etnologie şi Culturologie. У Беларусі налічваецца некалькі этналінгвістычных груп цыган (на табліцы).
Назвы дзесяткаў падгруп утвораны ці ад назваў мясцовасці (пінчукі, чарнобыльцы), ці ад імён продкаў (барысы), ці ад мянушак (маню́кі). Цыганы-партызаны, верагодна, атрымалі такую назву з-за таго, што ў ваенны час хаваліся ў партызанскіх атрадах у лясах беларуска-латвійскага памежжа (яны таксама называюць сябе латгальскімі цыганамі).

У артыкуле апісваюцца фундаментальныя разыходжанні ў дыялектах, а таксама разыходжанні ў традыцыях і абрадах. Адна з высноваў: навакольнае насельніцтва ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Савецкім Саюзе і сучаснай Беларусі аказала прыкметны ўплыў на цыган Беларусі.

Апошнія 50-60 гадоў яны сталі называць сябе белaру́скa poма́, хаця раней можна было пачуць «я з польскіх цыган» ці «рускіх».
👍10🔥51
Унікальная адукацыйная праграма Invisible University for Ukraine запрашае беларускае студэнцтва замежжа да ўдзелу ў новым акадэмічным курсе вясновага семестра

Belarus-Lithuania-Poland-Ukraine: Polycentric Narratives and Legacies.

📌 Будуць прымацца заяўкі ад беларускіх студэнтак і студэнтаў (бакалаўрыят, магістратура, дактарантура), якія падтрымліваюць дэмакратычныя каштоўнасці і навучаюцца у краінах ЕС ці АЭСР.
📌Асноўная мова навучання - ангельская
📌 Удзел у курсе бясплатны з магчымасцю атрымання дадатковай даследчай стыпендыі
📌 Атрыманне сертыфіката і акадэмічных крэдытаў (ECTS) пасля паспяховага сканчэння курса

📆 Дэдлайн падачы заявак - 10 лютага 2025 г.

Падаць заяўку на ўдзел можна тут.
👍10🔥4😁2
Выйшла кніга гісторыка Аляксея Бацюкова пра «Магілёўскае цунамі»

У выдавецтве «Янушкевіч» выйшла даследаванне-фотаальбом пра катастрофу 10 красавіка 1942 года, калі праз абрушэнне дамбы ў Магілёве здарылася паводка на рацэ Дубравенка. Аўтар выдання, магілёўскі краязнавец Аляксей Бацюкоў, лічыць гэту падзею самай буйной тэхнагеннай катастрофай на тэрыторыі Беларусі.

Як піша Аляксей Бацюкоў, ахвярамі трагедыі сталі каля 250 чалавек. У выданні 86 фотаздымкаў, якімі падзяліўся Алег Давід Лісоўскі: некаторыя з якіх друкуюцца і наогул становяцца публічнымі ўпершыню. Самыя каштоўныя з іх – фотаздымкі самых першых хвілін катастрофы, калі насып чыгуначнага палатна толькі прарвала хваляй вады. Таксама ёсць унікальныя каляровыя кадры Магілёва пасля патопу.
Набыць кнігу можна тут.
👍11🔥61
Хімік Сяргей Касцюк – у топ-2% самых цытуемых навукоўцаў свету

Працягваем вывучаць імёны беларускіх навукоўцаў у рэйтынгу топ-2% самых цытуемых навукоўцаў свету. Сярод іх – доктар хімічных навук Сяргей Касцюк, ураджэнец Кобрына, які скончыў БДУ ў 1999 годзе.

Яго навуковыя інтарэсы ахопліваюць вобласці сінтэзу палімераў, каталізу, экалагічнай і ўстойлівай хіміі. Шмат гадоў Касцюк узначальваў лабараторыю каталізу полімерызацыйных працэсаў Інстытута фізіка-хімічных праблем НАН і кафедру высокамалекулярных злучэнняў хімфака БДУ – у канцы 2024-га прозвішча Касцюка знікла з сайтаў двух установаў.

Некалькі цытатаў вядомага беларускага хіміка.
«Я лічу, што хімфак БДУ — адзін з найлепшых хімічных факультэтаў Усходняй Еўропы. Мне ёсць з чым параўноўваць».
«Нашыя распрацоўкі ўнікальныя і дастаткова спецыфічныя. Верагодна, навуковыя дасягненні і магчымасці нашай лабараторыі і хімфака БДУ ў цэлым лепш ведаюць за мяжою. Пакуль укараняць і асвойваць нашыя патэнты і тэхналогіі беларускія прадпрыемствы не гатовыя».
👍7🔥7
Як апошні абраны мінскі губернскі маршалак шляхты Аляксандр Лапа стаў ахвярай рэпрэсій Міхаіла Мураўёва

Пра гэта беларускі архівіст Юрый Снапкоўскі піша ў часопісе Studia Białorutenistyczne. Аляксандр Лапа (1802 - 1869) быў прадстаўніком каталіцкага шляхецкага роду. Падчас паўстання ў 1863 годзе яго добраахвотная адстаўка з пасады маршалка дваранства Мінскага генерал-губернатара супала з пераходам Міхаіла Мураўёва на пасаду Віленскага генерал-губернатара, што прыцягнула ўвагу апошняга.

Мураўёў выдаў загад аб арышце Лапы, падазраючы яго ў недастатковай лаяльнасці і нават падтрымцы сабатажу з боку чыноўнікаў. Арышт і ссылка на Урал не толькі сталі прычынай сыходу Лапы з грамадска-палітычнай арэны імперыі, але і прадвызначылі яго сацыяльна-эканамічную маргіналізацыю і, у пэўным сэнсе, смерць.

Таксама гэта падзея паставіла кропку ў існаванні інстытута выбараў маршалкаў шляхты ў заходнім рэгіёне імперыі і паклала пачатак гвалтоўнаму паслабленню ролі польскага землеўладання, адзначае Юрый Снапкоўскі.
👍8😁1🤔1😱1
Знаёмім са зместам чарговага (11/2024) нумара "Беларускага гістарычнага часопіса", які дэманструе, як музейшчыкі Беларусі і Расіі ад безвыходнасці развіваюць міжсобку супрацу.
🤡9💩4🥱2👀2
У чым адрозненні ва ўспрыманні рэкламы спажыўцамі ў Беларусі і Партугаліі?

Пра гэта пішуць даследчыкі з Палітэхнічнага інстытута Лейрыі (Партугалія) у Journal of International Consumer Marketing. Яны сабралі дадзеныя з дапамогай анлайн-апытання, адрасаванага двум рынкам – Беларусі і Партугаліі. Усяго было атрымана 155 адказаў з Беларусі і 138 з Партугаліі.

Пры аналізе дадзеных даследчыкі прыйшлі да высновы, што інфарматыўнасць павышае каштоўнасць рэкламы толькі на беларускім рынку. У той час як забаўляльнасць аказвае значны станоўчы ўплыў толькі на рынку Партугаліі.
🤔8😁2
«Значным фактарам зніжэння нараджальнасці ў Беларусі сталі рашэнні суб'ектаў кіравання»

Гэта цытата з артыкула Анатоля Злотнікава, прафесара з Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі (Гомель) у расійскім часопісе «ДЕМИС. Демографические исследования».

Злотнікаў прывёў прыклад, што ў 2016 годзе быў адменены ўлік у агульным працоўным стажы, неабходным для разліку пенсіі, перыяду знаходжання жанчын у «дэкрэтным» адпачынку і бальнічных па догляду за дзіцем. Гэты «ведамасны падыход», які адпавядаў інтарэсам міністэрства фінансаў, «нанёс шкоду дэмаграфічным працэсам» і быў адменены толькі праз пяцігоддзе.

«Ведамасным інтарэсам адпавядае і сітуацыя, звязаная з забаронай публікаваць інфармацыю аб стане дэмаграфічных працэсаў пасля перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2019 года…. Утойванне дэталёвай статыстычнай дэмаграфічнай інфармацыі ад навуковай грамадскасці наносіць шкоду дэмаграфічнай навуцы і дэмаграфічнай палітыцы дзяржавы», – піша Злотнікаў.
🤔7🔥4👏1
Навуковец знайшоў карал, якому больш за 400 мільёнаў гадоў. У якім канкрэтна месцы?

Старажытны артэфакт (на фота) адшукаў доктар тэхнічных навук, прафесар з БНТУ Дзмітрый Сцепаненка. Хаця яго спецыяльнасць не звязаная з прыродазнаўствам, ён захапляецца вывучэннем камянёў і выкапняў.

Ланцужковы карал (апошнія іх прадстаўнікі сфармаваліся прыкладна 412 мільёнаў гадоў таму) Сцепаненка адшукаў у Калодзішчах, паведаміла газета «Прысталічча». Больш дакладна – у паўночнай частцы аграгарадка на мяжы з біялагічнымі заказнікам «Юхноўскі», паведаміў навуковец Калодзішчы Інфо.

Шкілет ланцужковага карала служыў «домам» для каралавых паліпаў, жывёл з класа марскіх бесхрыбтовых кластара Cnidaria. Закамянеласці часам выяўляюцца дзякуючы выпадковаму расколу каменя.
👍13
Як еўрапейскі палітычны крызіс 1938 г. паўплываў на настроі беларусаў у ІІ Рэчы Паспалітай

Пра гэта піша польскі гісторык Piotr Cichoracki ў часопісе Studia Białorutenistyczne. Еўрапейскі палітычны крызіс дасягнуў піка восенню 1938 года. На фоне Мюнхенскага пагаднення Варшава выставіла тэрытарыяльныя патрабаванні да Чэхаславакіі, а затым анексавала чэшскую частку Цешынскай Сілезіі (на фота).

Аднак гэта прывяло да рэзкага пагаршэння польска-савецкіх адносін. Гэтыя падзеі і ўплыў савецкай прапаганды паставілі значную частку беларусаў ІІ Рэчы Паспалітай у «радыкальную апазіцыю да польскай дзяржавы». Яны сталі чакаць польска-савецкай вайны, якая прывядзе да аддзялення Заходняй Беларусі.

Piotr Cichoracki прыводзіць нямала прыкладаў стаўлення беларусаў. Сярод іх такі: у кастрычніку 1938 г. зборы Саюза рэзервістаў у Лунінцы былі на мяжы зрыву – рэзервісты альбо не з'яўляліся, альбо спрабавалі ўцячы з горада. Сітуацыя змянілася толькі пасля радыёпаведамлення аб прыняцці Чэхаславакіяй польскага ўльтыматуму.
👍92
З якімі выклікамі сутыкнуліся беларускія музеі пры ўзнаўленні нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці

Пра гэта Дзяніс Філіпчык і Антон Петрухін пішуць у Amsterdam Museum Journal. Беларусь страціла шмат арыгінальных артэфактаў падчас знаходжання ў складзе Расійскай імперыі, СССР і падчас двух сусветных войнаў. Так, у 1919 годзе эмісар Наркамата асветы РСФСР вывез калекцыі з рэзідэнцыі Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі ў Гістарычны музей у Маскве.

У 1990 - 1994 гадах Беларусь перажыла музейны бум: было створана каля 30 новых музеяў. Перад імі стаяла задача ўзнаўлення нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці. Праблему адсутнасці сапраўдных артэфактаў вырашылі выкарыстоўваннем рэпрадукцый, копій і макетаў страчаных каштоўнасцей. Напрыклад, былі створаны копіі крыжа Ефрасінні Полацкай, твораў Ваньковіча, даспехаў Радзівілаў.

У 2022 годзе ў Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей была перададзена копія Кубка Святой Ядвігі (на фота). Артэфакт, які знайшлі ў пабудове XII стагоддзя, захоўваецца ў расійскім Эрмітажы.
8👍4😁1
Маеце навіны, вартыя ўвагі? Дасылайце ў «De facto. Беларуская навука»

Калі маеце інфармацыю пра новыя кнігі, даследаванні, навіны навуковай супольнасці ці пра іншае, блізкае да гэтай тэмы, дасылайце іх для публікацыі ў канале «De facto. Беларуская навука».
Кантакт для сувязі – @klav2025
🔥9👍4😁2