De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.38K subscribers
1.14K photos
1 video
3 files
718 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Незалежныя даследнікі ў супрацы з Інстытутам беларускае мовы і пры падтрымцы Central Project Management Agency рыхтуюць праект праграмы курсу „Беларусазнаўства“. Вы можаце паўплываць на ягоны змест!

Падчас вывучэння мовы дужа важныя не толькі лексіка і граматыка, але і фонавыя веды пра краіну і народ. На нашу думку, гэты курс актуальны не толькі для тых, хто вывучае беларускую мову як замежную, але і для саміх беларусаў — для ўсведамлення сваёй ідэнтычнасці. 

А як вы ўяўляеце гэты курс? Калі ласка, прайдзіце ананімную апытанку і зрабіце свой унёсак у развіццё праекта. А мы будзем дзяліцца з вамі вынікамі нашай працы!
🔥12👍7
Жыцень і юль. Якімі былі назвы месяцаў на старонках першых беларускіх газет

У Studia Białorutenistyczne выйшла даследаванне гісторыка Віктара Корбута пра працэс складвання сістэмы назваў месяцаў на старонках першых беларускіх газет «Наша Доля» і «Наша Нива». У 1906 - 1913 гг. назіралася нестабільнасць у практыцы выкарыстання назваў месяцаў. Прыводзім некалькі высноваў аўтара.

Магчыма, у сялянскім, у масе сваёй у пачатку ХХ ст. непісьменным соцыуме быў малавядомы той каляндар з падзелам на 12 месяцаў, якім карысталіся ў адукаваных слаях насельніцтва. Гэтым можа тлумачыцца інфільтрацыя польскіх лексем (ад асяроддзя шляхты).

Сучасная норма склалася ў выніку спалучэння элементаў з храналагічна і тыпалагічна розных крыніц, у т. л. шляхам запазычвання (перш за ўсё з польскай мовы). На прыкладзе выкарыстання ў беларускай літаратурнай мове сінонімаў май – травень можна канстатаваць, што пачаты ў 1906 г. працэс фарміравання беларускай нацыянальнай нарматыўнай сістэмы назваў месяцаў яшчэ не завершаны.
👍14🔥2🤔1
🔥74 | Міксюк | Зораастрызм🔥
У гасцях падкасту "Так склалася гістарычна" кандыдат гістарычных навук, дацэнт Анастасія Міксюк.
Сёння мы гаворым пра рэлігію зораастрызм:
👉1. Калi i дзе узнiкае зораастрызм.
👉2. Гiстарычны лёс праз стагоддзi i статус сёння.
👉3. Рэвалюцыйнасць у час узнiкнення і асоба Заратуштры.
👉4. Асноўныя палажэннi: дуалiзм, значэнне рытуалаў, шанаванне стыхiй, iдэал жыцця простага чалавека
🔥8👍51❤‍🔥1
Навукоўцы: Скарына набыў друкарскія матэрыялы ва Уроцлаве

Пра гэта пішуць даследчыкі Надзея Марозава з Інстытута літоўскай мовы і Аляксандр Паршанкоў з Карлава ўніверсітэта (Прага) ў літоўскім часопісе Slavistica Vilnensis. Параўнанне адбіткаў у выданнях друкара з Уроцлава (сталіцы Сілезіі) Адама Дыяна і ў скарынаўскім выданні паказала, што для іх выкарыстоўвалася адна і тая ж дошка (на ілюстрацыі). Толькі Скарына ў сваім выданні прыбраў ніжнюю фігуру, бо ў першапачатковым выглядзе дошка не адпавядала кішэннаму фармату «Малой падарожнай кніжкі».

Прычына была ў тым, што ў 1520 годзе была выдадзена була Папы Льва X з забаронай на распаўсюд ерэтычных ідэй Марціна Лютэра, што прымусіла Адама Дыяна часова спыніць ці істотна абмежаваць друкарскую дзейнасць. Верагодна, менавіта ў гэты час Францыск Скарына пераязджаў з Прагі ў Вільню і менавіта тады наведаў Уроцлаў, дзе набыў у Дыяна друкарскія матэрыялы, у якіх той ужо не меў патрэбы.
10👍8🤡3🔥2
Стыпендыі для навукоўцаў у Сафіі
CALL FOR APPLICATIONS
2025/2026 GERDA HENKEL FELLOWSHIPS

With the support of the Gerda Henkel Stiftung

The Centre for Advanced Study Sofia (CAS Sofia) announces a Call for Applications for its GERDA HENKEL Fellowship for fundamental historical research in the field of social sciences and humanities. The five-month in-residence fellowships are granted under the framework of the CAS Advanced Academia programme and supports PhD holders
Сярод краін, адкуль можна падавацца, ёсць і Беларусь. Дэдлайн - 31 сакавіка 2025 года.
Падрабязней.
👍11😁1
Дзмітрый Талапін – верагодна, на самым высокім месцы сярод беларусаў у рэйтынгу самых цытуемых навукоўцаў

У рэйтынгу, які складаюць даследчыкі з Стэнфардскага ўніверсітэта, у спісе цытуемасці навукоўцаў за ўвесь час на 7 343 пазіцыі знаходзіцца прафесар Чыкагскага ўніверсітэта Дзмітрый Талапін. Верагодна, гэта самае высокае месца сярод беларусаў (звесткі пра прыналежнасць навукоўцаў да краіны часам патрабуюць удакладнення).

Дзмітрый Талапін нарадзіўся ў 1975 годзе ў Мінску ў сям'і навукоўцаў. У 1991-м ён выйграў алімпіяду СССР па хіміі. У 1996-м скончыў БДУ. У 2000-х працаваў у Гамбургскім універсітэце і даследчых цэнтрах у ЗША. З 2011-га Талапін – супрацоўнік Чыкагскага ўніверсітэта, заслужаны прафесар. Разам са студэнтамі ён актыўна займаецца даследаваннямі ў галінах хіміі і матэрыялазнаўстве неарганічных нанаматэрыялаў.

Нагадаем, што нядаўна Сяргей Касцюк далучыўся да Парыжскага інстытута малекулярнай хіміі, а Максім Ярмохін – да Інстытута археалагічных навук Бернскага ўніверсітэта.
🔥14👍5
Названыя пераможцы першай прэміі «Бізон Гіґс»

Сярод 6 намінантаў у адкрытым галасаванні перамог Максім Домніч, навуковец з галіны анкалогіі (больш падрабязна пра яго і астатніх намінантаў чытайце тут). Разуменне таго, як рак уплывае на перапраграмаванне нейтрафілаў і змяненне іх функцыяў, — ключавы кірунак даследаванняў Максіма Домніча для распрацоўвання новых тэрапеўтычных стратэгіяў барацьбы з ракавымі захворваннямі.

Другое месца заняў Зміцер Фірага (квантавая хіміі і фармацэўтыка), трэцяе – Юлія Сандамірская (робататэхніка і штучны інтэлект).

У сакавіку супольнасць Pamyłka, якая арганізоўвала правядзенне незалежнай народнай прэміі «Бізон Гіґс», узнагародзіць пераможцаў і выпусціць фінальны рэліз з лічбамі бягучай і планамі на наступныя ітэрацыі прэміі, паведамляюць СМІ. Нагадаем, што прыняць удзел у конкурсе мог кожны жадаючы, прызавы фонд збіраўся праз краўндфандынг.
13👍8👏2
Новы для Беларусі від грыба знойдзены ў Белавежскай пушчы. Ён вельмі прыгожы

Грыб, вонкава падобны на раней не адзначаны ў Беларусі від – Мерыпілус гіганцкі (Meripilus giganteus), супрацоўнікі навуковага аддзела знайшлі яшчэ ў жніўні 2024 года, паведамляе Нацыянальны парк «Белавежская пушча». Матэрыял перадалі ў Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі для лабараторнага вывучэння. І вось, па выніках генетычных даследаванняў пацверджана прыналежнасць грыба да Meripilus giganteus.

«Вонкава грыб вельмі прыгожы. Расце каля асновы ствалоў і пнёў шматлікіх лісцевых дрэваў, з якіх часцей за ўсё аддае перавагу дубу… Грыб адносіцца да катэгорыі ядомых відаў, але ў ежу рэкамендуецца ўжываць толькі маладыя мерыпілусы. Хоць у іх мяккая і далікатная мякаць, вядома, што ў некаторых людзей гэтыя грыбы выклікаюць нястраўнасць», – паведамляе Нацыянальны парк «Белавежская пушча».

Нагадаем, што летась у Беларусі адкрылі новы раней невядомы навуцы грыб, які назвалі ў гонар Скарыны.
🔥12👀3🤔1
Выйшла кніга пра заснавальніка беларускай савецкай археалагічнай школы, расстралянага ў 1937-м

Напачатку 2025 года ў выдавецтве «Беларуская навука» выйшла калектыўная манаграфія супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН «Аляксандр Мікалаевіч Ляўданскі. Лёс і навуковая спадчына: (да 130-годдзя з дня нараджэння)». За пятнаццацігадовы перыяд свайго навуковага жыцця даследчык зрабіў неацэнны ўнёсак у развіццё беларускай і расійскай археалогіі. Ён з’яўляўся арганізатарам і ўдзельнікам сістэматычных і планамерных даследаванняў на тэрыторыі БССР і па праве лічыцца заснавальнікам беларускай савецкай археалагічнай школы.

На 497 старонках выдання, падрыхтаванага калектываў аўтараў (Вадзім Кошман, Аляксандра Вайтовіч, Элона Ляшкевіч і інш.), – артыкулы, прысвечаныя жыццю і дзейнасці Аляксандра Ляўданскага (у тым ліку, пра арышт і справу); дакументы і матэрыялы, звязаныя з асобай навукоўца (напрыклад, яго палявыя дзённікі); успаміны родных і калег; факты пра спадчыну навукоўца.
🔥15👍9
Знойдзена пацверджанне таго, што ў Крэўскага замка была трэцяя вежа

Навуковы супрацоўнiк Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi, кiраўнiк раскопак у Крэве Алег Дзярновiч напісаў у Facebook: «Усё ж, пад заваламі разбуранай вежы, мы знайшлі яго! Заходні кут Трэцяй (Свідрыгайлавай) вежы». Навуковец прыклаў адпаведны фотаздымак.

Нагадаем, што ў 2023 годзе археолагі паведамілі, што знайшлі падмурак трэцяй вежы, невядомай раней ні на выявах, ні на планах, ні ў апісаннях. Крэўскі замак – адзін з самых старадаўніх беларускіх замкаў, які быў збудаваны ў XIV стагоддзі. У 1385 годзе тут выпрацоўваліся ўмовы Крэўскай уніі — аб’яднання Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы пад уладай вялікага князя Ягайлы.
🔥17👍91
Як у Беларусі III стагоддзя маглі з’явіцца копіі рымскіх дынарыяў?

Пра гэта піша беларускі археолаг Віталь Сідаровіч (з 2022 года супрацоўнік Варшаўскага ўніверсітэта). Беларусь была перыферыйнай зонай распаўсюджвання літых варварскіх копій рымскіх імператарскіх дэнарыяў: на сёння зафіксавана 47 знаходак III стагоддзя (на фота).

Яны абазначаюць памер тэрыторыі Вельбарскай культуры (існавала ў паўночнай Польшчы і паўднёва-заходняй Беларусі на працягу рымскага перыяду, ідэнтыфікуецца з готамі) ці зону яе ўплыву, а таксама кантакты з Чарняхоўскай культурай (сучасная Украіна і Малдова), дзе вырабляліся літыя копіі рымскіх дынаряў. Магчыма, і самі вельбарчане рабілі літыя копіі. А вось на тэрыторыі Кіеўскай культуры (Гомельская, Магілёўская вобласці) знаходкі копій дэнарыяў амаль невядомыя.

Копіі не разглядаліся эквівалентам паўнавартасных срэбных рымскіх манет: сыравіну выбіралі неразборліва. Магчыма, копіі выраблялі, каб падтрымаць наяўнасць знаёмых грошай, калі пастаўкі рымскіх дэнарыяў зменшыліся.
👍114🔥2
Зіма 997-998 гадоў. Навукоўцы высветлілі, калі будавалася гарадзішча на рацэ Менка

Навукоўцы Інстытута гісторыі і Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН у выніку дэндрахраналагічнага аналізу высветлілі, што дрэвы дуба, бярвёны якога былі выкарыстаныя для будаўніцтва гарадзішча на рацэ Менка, былі ссечаныя ў перыяд зімы 997-998 гадоў. Для правядзення даследавання спатрэбілася два гады, паведамілі навукоўцы ў эфіры тэлеканала АНТ.

Археалагічны комплекс на беразе ракі Менкі знаходзіцца ў 16 км ад Мінска. Па меркаванні гісторыкаў, паселішча тут і было першапачатковым Менскам, якое папярэднічала ўзнікненню ўмацаванага замчышча на Нямізе. Датай заснавання Мінска лічыцца 1067 год – час яго першага згадвання ў «Аповесці мінулых часоў» у сувязі з бітвай на Нямізе.
🔥19👍142
Як пацяпленне адбіваецца на флоры і фаўне Беларусі?

Сёлетняя зіма зноў прадэманстравала, што клімат у Беларусі мяняецца. Што пра гэта кажуць навукоўцы? Нягледзячы на пацяпленне, агульны аб'ём гадавых ападкаў застаецца ранейшым. Аднак мяняецца іх інтэнсіўнасць: улетку пасля 30 дзён засухі за адну залеву можа выпасці месячная норма, распавёў «Мінск-навіны» супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання Іван Буякоў.

І гэта ключавы фактар уплыву на экасістэму, лічыць прадстаўнік НПЦ па біярэсурсах Уладзімір Усцін, піша БелТА. На поўнач перамяшчаюцца такія віды раслін як марошка (на фота): Віцебская вобласць пакуль застаецца для яе паўднёвай мяжой арэалу. Пры гэтым у Беларусь пранікаюць новыя прадстаўнікі флоры і фаўны. Небяспеку для сельскай гаспадаркі ўяўляе амерыканскі белы матылёк (зарэгістраваны ў 2019-м).

Неабходна выключыць механічнае перасяленне небяспечных відаў, гэта можа прывесці да экалагічных праблем, лічыць Уладзімір Усцін і прыводзіць прыклад з’яўлення ў некаторых вадаёмах чырвонавухай чарапахі.
😱6🤔5😢3👍1👀1
Як этнаграфічная экспедыцыя 1954 года знайшла нашчадкаў абеларушчаных літоўцаў

Пра гэта піша Юрый Внуковіч у свежым нумары «Весніка Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта». Супрацоўнікі Інстытута гісторыі АН БССР правялі экспедыцыю па маршруце Гродна-Полацк летам 1954 года: на працягу двух месяцаў яны пераадолелі каля 1500 кіламетраў (з якіх больш за 130 км прайшлі пешшу). На шляху сустракаліся вёскі, у якіх «значная частка сялянскіх гаспадарак яшчэ не ўступіла ў калгас».

Экспедыцыя дазволіла не толькі ўдакладніць межы рассялення старажытных дрыгавічоў і крывічоў, але і скласці ўсебаковае ўяўленне пра этнакультурную спецыфіку насельніцтва беларуска-літоўска-латышскага памежжа. Па яе выніках этнограф Майсей Грынблат давёў, што «скрайнія паўночна-заходнія раёны Беларусі ўздоўж мяжы з Літвой насяляюць беларусы-каталікі, якія не ведалі ў мінулым уніі і з’яўляюцца нашчадкамі абеларушаных літоўцаў».

На фотаздымку – удзельнікі экспедыцыі (Цвяткоў, Клышка, Малчанава, Гунько) перапраўляюцца праз Заходнюю Дзвіну.
17🔥2👍1🤔1
Гісторык: суправаджальныя надпісы Спаса-Праабражэнскай царквы выкананыя Еўфрасінняй Полацкай

Выйшла манаграфія вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Іны Калечыц «Палеаграфічная спадчына полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы: суправаджальныя надпісы на фрэсках і пытанне аўтарства». У манаграфіі вывучаюцца суправаджальныя надпісы, якія знаходзяцца каля постацяў святых, біблейскіх кампазіцый, на скрутках, што трымаюць у руках святыя. Суправаджальныя надпісы даюць матэрыял для складання палеаграфічных табліц XII ст.

Паводле падабенства графікі літар аўтар выказвае меркаванне аб выкананні надпісаў адным чалавекам, а менавіта прападобнай Еўфрасінняй Полацкай. Аўтарам вызначаны дукт (парадак руху пры напісанні) тагачасных літар і алфавіт XII ст.
👍25🤨1
Навукоўцы хочуць стварыць маманта і пасяліць яго ў Арктыцы пасля эксперыменту з шарсцістай мышшу

Амерыканская кампанія Colossal Biosciences генетычна мадыфікавала лабараторных мышэй у надзеі зрабіць іх больш устойлівымі да холаду. Канчатковая мэта – стварыць падобных на мамантаў сланоў з валасяным покрывам, каб пасяліць іх у Арктыцы. Наколькі рэальны план навукоўцаў з ЗША, прааналізавала BBC.

На дадзены момант навукоўцы атрымалі мышэй з доўгай залацістай поўсцю. Яны спадзяюцца, што гэта першы крок да стварэння ўстойлівых да холаду сланоў, падобных на мамантаў. Аднак многія навукоўцы і актывісты скептычна ставяцца да ідэі. Існуе меркаванне, што эксперымент Colossal разлічаны толькі на прыцягненне ўвагі грамадскасці.

Крыстафер Прэстан з Мантанскага ўніверсітэта настойвае: які б вынік ні атрымаўся ў Colossal, гэта не будзе ўваскрашэннем вымерлага віду: «Магчыма, яны здолеюць змяніць поўсць азіяцкага слана або зрабіць яго марозаўстойлівым, але вяртання маманта не будзе. Гэта будзе змена азіяцкага слана».
👍9🤯4😱3😁2🤬2👎1😢1
Першай згадкай Лёзна ў пісьмовых крыніцах неабходна лічыць 1593 год: пасёлак «пастарэў» на 57 год

Гэта пацвердзіў Інстытут гісторыі НАН, паведаміў сайт мясцовай газеты «Сцяг перамогі». Адпаведна 3 красавіка 1593 года становіцца датай заснавання гарадскога пасёлка, а не 1650 год, як афіцыйна лічылася раней.

Тапонім са значэннем «лёзненскі» ўпершыню згадваецца ў запісе на маёнтак Пагосцішча (15 жніўня 1527 года). Аднак з яго незразумела, ідзе размова пра населены пункт, ці ўрочышча, лес, маёнтак і г.д. У 2016-м гісторык Аляксандр Цыганкоў у раённай газеце назваў найбольш ранні дакумент, у якім згадваецца непасрэдна паселішча Лёзна. У зборніку дакументаў Віцебскага архіву старажытных актавых кніг (1890) ёсць скарга Марціна Стравінскага, кашталяна Віцебскага, на Валовічаў за захоп маёнтка Мікуліна. Яе дата – 3 красавіка 1593 года.

На запыт райвыканкама Інстытут гісторыі НАН Беларусі пацвердзіў: першай згадкай Лёзна неабходна лічыць гэты дакумент, дзе «Лезъно» згадана як населены пункт – сяло.
👌8👍6🔥4🤡1
Навуковец: ідэя высаджваць у Беларусі з-за пацяплення бук і піхту выглядае спрэчна

Былы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Максім Ярмохін распавёў Зялёнаму парталу: «Калі клімат стане цяплейшым і сушэйшым, звычайная елка, напрыклад, не зможа выжываць так, як раней. Аднак рашэнні, што прымаюцца на дзяржаўным узроўні, часам выклікаюць пытанні. Міністэрства лясной гаспадаркі пачало разглядаць ідэю высаджвання бука і піхты, але для мяне гэта выглядае спрэчна».

Гэтыя пароды сапраўды любяць цяпло, але яны вельмі патрабавальныя да вільгаці. «Калі летам будзе засушліва, што тады рабіць з гэтым букам?» – задаецца пытаннем даследчык і прапануе рабіць стаўку на мясцовыя віды, якія ўжо гістарычна прыстасаваныя да беларускага клімату. На яго думку, «дуб – гэта выдатны выбар».

У Беларусі растуць дуб скальны, які зараз сустракаецца толькі на самым захадзе і лепш адаптаваны да засух, і дуб чарашчаты, традыцыйны від, які расце па ўсёй краіне. Гэтыя віды могуць ствараць гібрыды, мяркуе Макім Ярмохін.
👍22
15 сакавіка (субота) 2025 года ў 15:00 Нацыянальны мастацкі музей запрашае на лекцыю Аляксандра Гужалоўскага “Музеі Беларусі ў віхуры вайны” ў рамках выставы “Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957”.
Гісторыя музеяў Савецкай Беларусі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны – малавывучаная старонка гісторыі айчыннай музейнай справы і культуры ў цэлым. У лекцыі будуць разгледжаны працэс эвакуацыі музейных калекцый з усходняй часткі рэспублікі, разрабаванне нацыстамі збораў беларускіх музеяў, якія засталіся на акупаванай тэрыторыі, спробы іх выратавання прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі, а таксама вяртанне эвакуіраванага і нарабаванага з Усходу і Захаду.
Аляксандр Аляксандравіч Гужалоўскі – доктар гістарычных навук, прафесар кафедры этналогіі, музеалогіі і гісторыі мастацтваў БДУ.
Месца правядзення: галоўны корпус (Леніна, 20), першы паверх, зала №4.
Наведаць лекцыю магчыма па ўваходным білеце ў музей. Папярэдняя рэгістрацыя не патрабуецца.
👍11🤔1
Чаму прадстаўнікам гуманітарных навук цяжка прабіцца ў рэйтынгі самых цытуемых навукоўцаў?

Мы называлі беларускія імёны ў рэйтынгу самых цытуемых навукоўцаў свету: там прадстаўнікі фізікі, хіміі, біялогіі… але чаму няма навукоўцаў-гуманітарыяў? Вось што распавядалі ў мінулым у БДУ беларускія навукоўцы Міхаіл Арцем’еў (хімія) і Сяргей Гапоненка (фізіка).

У гуманітарных навуках значная частка даследаванняў носіць нацыянальны характар, тады як прыродазнаўчыя навукі інтэрнацыянальныя і маюць сістэму высокарэйтынгавых міжнародных часопісаў. Прадстаўнікі гуманітарных навук накіраваны на стварэнне аб’ёмных работ (кнігі, манаграфіі і г.д.) – менш друкуюцца, менш цытуюць калег. Тады як у сферы прыродазнаўчых навук прыярытэт – кароткія артыкулы аб выніках эксперыментаў.

У сацыяльных і гуманітарных навуках аўтарам часта выступае адзін чалавек, у той час як у прыродазнаўчых навуках пераважаюць калектывы. Так адзін навуковец можа стаць аўтарам некалькіх публікацый у высокарэйтынгавых часопісах на працягу аднаго года.
👍11🤔7
Канал заўзятага калекцыянера 🧐

На ім вы знойдзеце інфармацыю пра разнастайныя паштовыя маркі, банкноты і манеты, як сучасныя, так і нашых продкаў🪙

Цікавы кошт манеты, знойдзенай на агародзе тваёй бабулі, і колькі куфаляў піва за яе мог купіць твой прапрапрадзед? Тады далучайся!

Vialikaje Kniastva Numizmatyki
👍11