De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.38K subscribers
1.15K photos
1 video
3 files
718 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Знойдзены фрагменты костак самага старажытнага з вядомых у Заходняй Еўропе людзей

У Іспаніі навукоўцы знайшлі скамянелыя косткі твару ўзростам прыкладна 1,1-1,4 мільёна гадоў (на здымку), якія, магчыма, прадстаўляюць раней невядомы від у эвалюцыйнай лініі чалавека, паведамляе BBC.

Даследчыкі назвалі ўладальніка костак Пінкам, у гонар групы Pink Floyd (хоць пол вызначыць не ўдалося). Анатомія твару Пінка аказалася больш прымітыўнай, чым у Homo antecessor — віду, які жыў у Заходняй Еўропе каля 850 тысяч гадоў таму і сярэдняя частка твару якога нагадвала аблічча сучасных людзей. Пінк валодаў больш выступаючай і масіўнай сярэдняй часткай твару і чымсьці нагадваў, а дзесьці адрозніваўся ад Homo erectus, які сёння лічыцца першым відам чалавека, што міграваў з Афрыкі.

Знойдзеных костак недастаткова, каб зрабіць выснову пра новы від старажытнага чалавека, але навукоўцы лічаць такую магчымасць цалкам рэальнай. Пакуль знаходку класіфікавалі як Homo affinis erectus з-за падабенства з рысамі Homo erectus.
👀9👍81🔥1🤔1
Як масавая культура паўплывала на жыццё гараджан Беларусі канца XIX – пачатку XX ст.

Пра гэта піша гісторык Аксана Яшчанка ў часопісе «Известия ГГУ им. Франциска Скорины». Сучаснікі падкрэслівалі, што веласіпеды сталі звыклай з’явай і нават ужо паспелі надакучыць. Мінчане ацанілі зручнасці конкі. Ва ўсіх гарадах з’явіліся аўтамабілі.

Шырока распаўсюдзілася рэклама. Узнікла традыцыя святочных віншаванняў з дапамогай паштовак. Разам з тым зніжаліся патрабаванні да прадукцыі. Да адмоўных бакоў таксама адносілі, як лічылі некаторыя, засілле сінематографа: быццам прагляд карцін – бяздумны занятак, які не развівае розум. Некаторыя крытыкавалі тэлефон, які быццам можа пашкодзіць слых.

Новыя масавыя відовішчы і дэмакратычныя формы баўлення вольнага часу садзейнічалі разбурэнню інстытута старшынства ў сям’і, сістэмы падпарадкавання бацькам, што выклікала сямейныя спрэчкі. Масавая культура, ва ўяўленні часткі абывацеляў, спрыяла з’яўленню і замацаванню больш вольных форм зносін дзяўчат і хлопцаў у дашлюбны перыяд.
15👍2🤡2
130 гадоў таму Мікалай Судзілоўскі выдаў навуковыя назіранні аб флоры, фаўне і геалогіі Гавайскіх выспаў

Ураджэнец Магілёва апісаў прыроду выспаў у нарысе 1895 года «Сярод гавайскіх вулканаў», асноўны змест якога склала паездка Мікалая Судзілоўскага да дзейных вулканаў на самых усходніх выспах архіпелага. Сваё падарожжа ён пачаў з вострава Ааху, дзе пазней узнікла ваенна-марская база ЗША Пёрл-Харбар.

Выдадзены на рускай мове нарыс уяўляў інтарэс для геаграфічнай навукі і даў многім навукоўцам аснову для іх ведаў пра Гаваі.

Судзілоўскі, які вымушана пакінуў радзіму з-за пераследу за рэвалюцыйную дзейнасць, пераехаў на Гавайскія выспы пад псеўданімам Ніко́лас Ру́сэль у 1892 годзе і зарабляў там лекарскай практыкай. У 1901 годзе ён пад імём Kauka Lukini быў абраны першым прэзідэнтам Сената Гавайскіх выспаў, якія на той момант ужо былі анексаваныя ЗША. Аднак ужо праз некалькі год ураджэнец Магілёва перабраўся ў Кітай.
11👍7
Выйшаў новы выпуск альманаха «CTRL+S», прысвечаны культурнай спадчыне Вільнюса (афлайн прэзентацыя – 21 сакавіка)

Большасць артыкулаў чацвёртага выпуску штогадовага альманаха прысвечаны арганізацыям і грамадскім ініцыятывам Вільнюса, якія працуюць з мясцовай спадчынай. Аўтары альманаха – студэнты, выпускнікі ЕГУ і вядомыя даследчыкі. Галоўны рэдактар – Сцяпан Стурэйка, дацэнт Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў ЕГУ.

Нумар змяшчае артыкулы пра Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча, Палац Сапегаў, «Дымавую фабрыку» ў Новай Вільні, раён Шніпішкес і інш. Ёсць таксама артыкулы пра Лынтупы і Віцебск.

Асобнік каляровага альманаха можна набыць падчас прэзентацыі, якая адбудзецца ў Вільнюсе 21 сакавіка, а 18.30, у прасторы CreateCulture Space (Karmelitų g. 5).
👍9🔥2
Пра што сведчаць нацельныя крыжы ХІ-ХІІ стст. з тэрыторыі Глыбоцкага раёна

Пра гэта піша М.А. Нікіфаровіч, супрацоўнік Віцебскага дзяржуніверсітэта імя Машэрава. Летась ён перадаў у Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей пяць шарыкаканцовых нацельных крыжоў XI–XII стст. (на здымку), якія атрымаў ад прыватных асоб разам з падрабязнай інфармацыяй аб месцах іх знаходжання. Усе крыжы былі знойдзеныя ў перыяд з 2018 па 2022 год на тэрыторыі Глыбоцкага раёна. Пра што яны сведчаць?

Каштоўнасць крыжоў у тым, што гэта адзін з самых ранніх хрысціянскіх атрыбутаў, якія археалагічна фіксуюцца на тэрыторыі Беларусі. Іх з’яўленне разам са зменай пахавальнага абраду на мяжы Х і ХІ стагоддзяў з’яўляецца бясспрэчным маркерам хрысціянізацыі жыхароў Полацкай зямлі.

Амаль усе крыжы (за выключэннем крыжа № 2) былі знойдзеныя ў непасрэднай блізкасці ад вадаёмаў. Гэтыя абставіны могуць сведчыць аб магчымай наяўнасці бліз месцаў іх знаходжання невядомых дагэтуль сярэднявечных селішчаў.
🔥15👍62
Віншуем Уладзіміра Валодзіна з абаронай доктарскай дысертацыі ў European University Institute (Фларэнцыя) па гісторыі нонканфармісцкага руху ў БССР у эпоху “адлігі”.
👏51👍8
Выйшла кніга «Ніхто не плакаў, слёз больш не было» пра ўкраінскіх, беларускіх і расійскіх жанчын на прымусовай працы ў Люксембургу

Прэзентацыя выдання адбылася тыдзень таму ў Люксембургу. Аўтар Inna Ganschow пралівае святло на штодзённае жыццё і ўмовы працы савецкіх прымусовых работніц на металургічных заводах у Люксембургу падчас Другой сусветнай вайны. Адных сюды завабілі, другіх падманулі, трэціх гвалтам пасадзілі ў вагоны для жывёлы, каб яны прыбылі на цяжкую некваліфікаваную працу.

Пры жыцці поўным зняваг і бесчалавечнага абыходжання з боку ахоўнікаў лагераў і заводаў, здараліся і прыгожыя гісторыі салідарнасці паміж люксембуржцамі і савецкімі грамадзянамі. Пасля вайны (вызвалення войскамі ЗША) некаторыя ажаніліся, але толькі нешматлікім дазволілі застацца.

У выніку неафіцыйнага абмену большасць павінна была вярнуцца ў СССР, незалежна ад іх жадання, каб вызваліць люксембуржскіх прымусовых рэкрутаў вермахта, якія апынуліся ў савецкім палоне. На радзіме вяртальнікаў чакалі новыя цяжкія выпрабаванні.
👍114💔3👌1
Даследаванне цёмнай энергіі паставіла пад сумнеў тэорыю адноснасці Эйнштэйна

Цёмная энергія, таямнічая сіла, якая прымушае Сусвет пашырацца, падобна, перажывае такія змены, што гэта ставіць пад сумнеў наша цяперашняе разуменне часу і прасторы, высветлілі навукоўцы, піша BBC. Для пацвярджання гэтых вынікаў патрабуецца больш дадзеных, але ўжо зараз прафесар Офер Лахаў з Універсітэцкага каледжа Лондана адзначыў: «Гэта драматычны момант».

Само па сабе адкрыццё цёмнай энергіі ў 1998 годзе было шокам. Да гэтага лічылася, што пашырэнне Сусвету працягваецца з часоў Вялікага выбуху, але пашырэнне павінна запавольвацца пад уздзеяннем гравітацыі. Аднак назіранні паказалі, што працэс пашырэння, наадварот, паскараецца.

Хуткасць, з якой пашыраецца Сусвет, працягвае павялічвацца, але гэтае паскарэнне ў нейкі момант пачало запавольвацца, сцвярджаюць навукоўцы. Гэта значыць, што ў нейкі момант пашырэнне можа пайсці ў зваротным напрамку і скончыцца так званым Вялікім сціскам – працэсам, які зваротны Вялікаму выбуху.
🤔10😱6👍3
Навукоўцы: пры правільным падыходзе можна адрадзіць частку старажытных паркаў Беларусі і вярнуць ім ролю культурных цэнтраў

Пра гэта супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі ім. Купрэвіча І. Вазнячук і А. Нясцюк пішуць у часопісе «Ботанические сады в современном мире». Інтэнсіўнае паркабудаванне ў Беларусі вялося ў XVIII і асабліва ў XIX ст., калі было закладзена не менш за 1000 сядзібных паркаў.

З часам многія з іх былі страчаны, іншыя зведалі значныя змены (на графіку – параўнанне колькасці старажытных паркаў і ахоўных у статусе помнікаў прыроды па абласцях). Разбурэнне паркаў працягваецца. У заканадаўстве не адлюстроўваюцца пытанні аб асаблівасцях іх аднаўлення і асаблівага догляду за каштоўнымі раслінамі.

Навукоўцы прапанавалі «экалагічна арыентаваную мадэль» аднаўлення садова-паркавай спадчыны Беларусі. Пры правільным падыходзе можна дабіцца не толькі адраджэння асобных сядзіб і паркаў, але і вяртання ім ролі сапраўдных культурных цэнтраў, упэўненыя навукоўцы.
15👍5
Дык якой насамрэч была гістарычная назва Брэста?

Гісторык Мікола Волкаў адзначае: «Аб тым, як горад называлі ў канцы XV-XVI стст., найлепш сведчаць запісы ў метрыцы ВКЛ. Агулам я выявіў 30 запісаў, якія датуюцца 1493 - 1567 гг. У іх назва горада або замка згадваецца ў назоўным або вінавальным склоне 37 разоў. 35 разоў фігуруе форма «Берестеи» (Берасцей), 1 — «Бересть» (Берасць), і 1 — «Берестье» (Берасце). У апошнім выпадку магчымая памылка пісара або выдаўцоў метрыкі...

І «вішанка» на гэтым «торце» — менавіта форма «Берестеи» ўжываецца ў слыннай рэвізіі 1566 г. (на здымку). Берасць («Бересть») — гэта больш зручнае скарачэнне, упершыню згадваецца ў 1562 г… Адсюль польскі Brześć. У метрыцы ў XVI ст. ва ўскосных склонах таксама часам фіксуецца паланізаваная форма «Бресть» (Брэсць). А з польскай назвы ў ХІХ ст. была ўтворана расійская форма — «Брест» (Брэст). Усё мужчынскага роду.

Адкуль ўзялося «Берестье» (Берасце), як нібыта гістарычная назва горада, — асобная цікавая гісторыя, вартая добрага артыкула».
👍15🤔71🔥1🤡1
Навукоўцы: вытворчасць бульбы ва Ўсходняй Еўропе можна павялічыць на цяперашніх пасяўных плошчах на 95%

Пра гэта пішуць даследчыкі з Нідэрландаў і Украіны ў свежым нумары часопіса Crop and Environment. Еўропа дэманструе моцнае скарачэнне плошчаў і павелічэнне ўраджайнасці за апошнія дзесяцігоддзі, але з вялікімі рэгіянальнымі адрозненнямі. Даследчыкі параўналі паказчыкі 13 асноўных краін-вытворцаў (за выключэннем РФ): Беларусі, Бельгіі, Даніі, Фінляндыі, Францыі, Германіі, Італіі, Нідэрландаў, Польшчы, Румыніі, Іспаніі, Украіны, Вялікабрытаніі.

Аналіз выявіў: у сярэднім вытворчасць бульбы можа павялічыцца на 55% і нават на 95% ва Усходняй Еўропе, у той час як Заходняя ўжо блізкая да свайго патэнцыялу. Паляпшэнне вытворчасці ва Усходняй Еўропе запатрабуе павелічэння колькасці азоту.

Пра Беларусь даследчыкі заўважылі сярод іншага, што ёй, як і Даніі, патрабуюцца найменшыя аб'ёмы вады для арашэння. Разам з тым Беларусь і Украіна займаюць самыя ніжнія радкі па паказчыку адноснай даходнасці вырошчвання бульбы.
🔥12🤔5👀3
«Акадэмкніга» паведаміла пра апошнія асобнікі кнігі «Як нацыя вучылася спяваць: жыццё і дзейнасць Антона Грыневіча»

Інфармацыя размешчана ў канале «Акадэмкнігі» ў сацсетках. Манаграфія кандыдата філалагічных навук Яніны Грыневіч выйшла напрыканцы 2024 году. Яна прысвечана асобе Антона Грыневіча — збіральніка фальклору, кампазітара, педагога і выдаўца.

На падставе архіўных матэрыялаў, частка якіх уводзіцца ў навуковы зварот упершыню, на 135 старонках кнігі ўзноўлены малавядомыя этапы біяграфіі Антона Грыневіча, паказана роля фальклору ў працэсе нацыянальнага будаўніцтва ў першай трэці ХХ ст., унёсак педагога ў развіццё нацыянальнай культуры пераасэнсаваны з сучасных пазіцый.

Ураджэнец Полаччыны жыў і працаваў у Пецярбургу, дзе заснаваў прыватнае выдавецтва, затым выкладаў спевы ў Віленскай беларускай гімназіі, а ў 1925-м нелегальна выехаў у Мінск. Антон Грыневіч працаваў у Інстытуце беларускай культуры і Акадэміі навук БССР, быў арыштаваны ў 1933-м, памёр у лагеры.
22👍2🔥2
У Чылі новая хваля цікаўнасці да Ігната Дамейкі: пра навукоўца здымаюць маштабны дакументальны фільм

Рэжысёр-дакументаліст Эрык Беліда (Erick Bellido) здымае фільм пад назвай «Ігнасія Дамейка: жывая спадчына». Задача фільма – праліць святло на невядомую спадчыну бацькі горнай справы Чылі і «без сумневу, вырашальнай фігуры ў інтэлектуальным развіцці Чылі ў XIX стагоддзі».

Шлях ураджэнца Беларусі (аўтары фільма называюць яго польска-чылійскім навукоўцам) будзе паказаны праз інтэрв'ю з вядомымі дзеячамі навукі і мастацтва, у прыватнасці з прадстаўнікамі галін геалогіі, горнай справы, вулканалогіі, абароны карэнных народаў, касмічнай навукі (метэарыты).

Восенню 2024 года рэжысёр абвяшчаў збор сродкаў на здымкі дакументальнага фільма. Гледзячы па ўсім, збор прайшоў паспяхова. Некалькі месяцаў таму выйшаў трэйлер дакументалкі. Прэм'еру фільма абяцаюць у канцы 2025 года. Звязацца з аўтарамі дакументальнага фільма можна праз пошту erick@bellido.cl.
21🔥5👏2❤‍🔥1👌1🗿1
Лейпцыгскую кніжную прэмію за найлепшы пераклад атрымаў Томас Вайлер. Ён пераклаў на нямецкую мову кнігу "Я з вогненнай вёскі" Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка.
27👍9❤‍🔥6🗿1
Арганізацыйны камітэт абвяшчае збор заявак на стварэнне панэляў у межах XIІ Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі. Сёлета Кангрэс адбудзецца  25-27 верасня 2025 года ў Берліне (Нямеччына) у партнёрстве з Універсітэтам Гумбальта (Humboldt-Universität zu Berlin). 

Панэлі могуць быць прысвечаны абмеркаванню даследчых праблем ці прэзентацыі вынікаў навуковай дзейнасці.

Колькасць удзельнікаў панэляў на стадыі падачы заяўкі таксама не абмяжоўваецца. Калі ўдзельнікаў будзе шмат, заяўленая панэль можа быць падзеленая на некалькі асобных панэляў, альбо вылучана ў асобную секцыю.
Арганізацыйны камітэт запрашае даследчыя і экспертныя арганізацыі і супольнасці, а таксама акадэмічных лідараў прыняць удзел у вызначэнні праграмы сёлетняга Кангрэса. I

Заяўнікамі могуць выступаць асобы, а таксама зацікаўленыя інстытуцыі і арганізацыі. Для падачы заяўкі неабходна да 25 красавіка 2025 года запоўніць наступную анлайн-форму.

Дадатковыя пытанні можна задаць, напісаўшы на пошту icbs@palityka.org
👍15
Знаёмім са зместам чарговага нумара “Беларускага гістарычнага часопіса”, прысвечанага стогоддзю Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі імя Якуба Коласа
👍8🤡31👎1
Новае ўскоснае пацвярджэнне эпідэміі чумы ў Полацку сярэдзіны XIV стагоддзя

У «Полацкім весніку» выйшаў артыкул кандыдата біялагічных навук Вольгі Емельянчык пра смяротнасць насельніцтва Полацка. У ім прадстаўленыя вынікі палеадэмаграфічнага аналізу астэалагічных матэрыялаў (астэалогія – раздзел анатоміі, прысвечаны вывучэнню шкілета), якія былі здабыты археолагамі з чатырох некропаляў горада.

Найбольш нізкі сярэдні ўзрост смерці дарослых (35,1 года) адзначаны ў групе сярэднявечнага насельніцтва Полацка XIII-XIV стст. з тэрыторыі Ніжняга замка. Сума назіранняў дазваляе выказаць здагадку, што пахаванні на тэрыторыі Ніжняга замка могуць адлюстроўваць адзін з эпізодаў «катастрафічнай» смяротнасці жыхароў Полацка, звязаны з ваеннымі дзеяннямі або эпідэміяй чумы сярэдзіны XIV ст.

На карысць апошняй здагадкі сведчыць наяўнасць калектыўнага пахавання, які ўключаў астанкі маладых індывідаў і дзяцей, піша кандыдат біялагічных навук.
На ілюстрацыі – замкі Полацка XVI ст. на гравюры па малюнку С. Пахалавіцкага.
👍21🔥1
🗿75 | Вашанаў | Мінск першабытны🗿

У гасцях падкасту "Так склалася гістарычна" археолаг Аляксандр Вашанаў!
Сення мы гаворым пра помнікі першабытнага часу на тэрыторыі Мінску:

🪨Першыя знаходкі ў 20-30 гг. 20 ст.
🪨першабытныя артэфакты на Мінскім замчышчы
🪨 Старосцінская слабада - крэмнеапрацоўчая майстэрня ў цэнтры Мінску

Слухайце выпуск на ўсіх платформах для падкастаў і ютуб. Спасылка тут!! 🖤
👍171🥰1