De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.38K subscribers
1.15K photos
1 video
3 files
718 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Аперацыя «Баграціён»: «Самы маштабны правал германскай разведкі за ўсю Другую сусветную»

Аб гэтым піша расійскі гісторык Арцём Домнін у апошнім нумары «Вестника РФФИ». Ён вывучыў штабныя карты, перш за ўсё нямецкія, на якіх адлюстроўваліся злучэнні Чырвонай арміі пры аперацыі «Баграціён» (23 чэрвеня - 29 жніўня 1944 года).

Пры суадносінах з рэальнай сітуацыяй на той момант, гісторык прыйшоў да высновы пра «самы маштабны правал германскай разведкі за ўсю Другую сусветную вайну». Карты сведчаць, што немцы не знайшлі або знайшлі занадта позна тры агульнавайсковыя арміі, адну танкавую армію, адну паветраную армію, тры танкавых, два механізаваных і два кавалерыйскія карпусы. Савецкія маскіруючыя мерапрыемствы прывялі да татальнай дэзінфармаванасці ворага пра падрыхтоўку наймагутнейшага ўдару на цэнтральным участку фронту.

На ілюстрацыі — фрагмент карты штаба нямецкай групы армій «Цэнтр» за 21.06.1944 г. Не абазначаны 1-ы гвардзейскі, 9-ы танкавы і 1-ы механізаваны карпусы.
👍13🔥5🤔1
Навошта памерлым жыхарам старажытнага Полацка падкладвалі пад галаву «каменныя падушкі»?

Археолаг Аляксей Коц піша ў адным з леташніх нумароў «Весніка Полацкага дзяржуніверсітэта», што ў Полацку на пахавальных комплексах ХІ-ХІVстст. фіксуецца не менш 9 памерлых, пакладзеных на плінфу (старажытную цэглу). Падкладанне пад галаву «каменных падушак» сустракаецца і ў іншых гарадах (Наваградак, Ноўгарад, Кіеў і інш.).

На аснове полацкіх матэрыялаў бачна, што большасць пахаванняў з плінфай была зроблена ў саркафагах, што вызначае прадстаўнічасць памерлага і падкрэслівае яго хрысціянскую аскетычнасць. Цікавай акалічнасцю з’яўляецца выкарыстанне выключна кавалка ці некалькіх кавалкаў плінфы, у асобных выпадках – цэлай, але пашкоджанай цагліны. Гэта дазваляе вызначыць, што ў пахаваннях выкарыстоўваліся астатачныя плінфы, якія не былі прыдатныя для будаўніцтва ці кладкі сцяны.

На здымку – плінфа XII стагоддзя, знойдзеная ў Полацкім Спаса-Еўфрасіньеўскім жаночым манастыры пры раскопках ў ліпені 2020 г.
🔥22🤔54👍3😁1🤡1
195-гадовыя дубы-волаты знойдзены ў Бабруйскім раёне

Пры распрацоўцы экалагічнай сцежкі работнікі Глушанскага вопытна-вытворчага лясніцтва выявілі два дубы вялікіх памераў (на здымку). Для іх абследавання запрасілі навукоўцаў з Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН.

З дапамогай дэндрахраналагічнага аналізу быў устаноўлены ўзрост дрэў – 195 гадоў, паведамляе Глушанскае лясніцтва. З-за значных біяметрычных паказчыкаў і пацверджанага ўзросту дрэвы ўнесены ў базу «Рэдкія і ўнікальныя аб'екты расліннага свету на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Гэта першы аб'ект у Бабруйскім раёне, які занесены ў базу.
29👍11🔥5🥰1
Выйшаў зборнік «Генеалогія і сямейная гісторыя Беларусі»

У выдавецтве «Беларуская навука» выйшаў зборнік артыкулаў «Генеалогія і сямейная гісторыя Беларусі: вопыт міждысцыплінарных даследаванняў». На 374 старонках выдання змешчаны вынікі даследаванняў у галінах сямейнай і рэгіянальнай гісторыі, генеалогіі, крыніцазнаўства.

Зборнік, падрыхтаваны Цэнтральнай навуковай бібліятэкай ім. Я. Коласа, адрасуецца ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.
🔥19👍104🤡1
Выявілі новы від дыназаўраў – памерам з сабаку

Гэты дыназаўр памерам з лабрадора спачатку быў няправільна класіфікаваны і аднесены да роду Nanosaurus, але цяпер навукоўцы прыйшлі да высновы, што гэта зусім новы від, паведамляе BBC. Яго назвалі Enigmacursor, што можна перавесці як «загадкавы бягун». Ён жыў прыкладна 150 мільёнаў гадоў таму і бегаў пад нагамі непаваротлівых гігантаў накшталт стэгазаўраў.

Даўжыня і вышыня Enigmacursor прыкладна як у лабрадора, толькі лапы і хвост значна большыя. Хвост быў, «верагодна, даўжэй астатняй частцы дыназаўра», кажа палеантолаг Сюзана Мейдмент.

Прафесар Пол Барэт адзначае, што гэтае адкрыццё абяцае праліць святло на эвалюцыю дыназаўраў, падчас якой маленькія дыназаўры ператварыліся ў вельмі буйных жывёл. Шкілет Enigmacursor нядаўна выставілі ў Музеі натуральнай гісторыі ў Лондане, гэта першы з 2014 года новы дыназаўр у музеі.
👍23🐳41🥰1🤯1
Знаёмім са зместам чарговага нумара “Беларускага гістарычнага часопіса”
👍16🥱7😁2🤡1
Якімі былі асаблівасці жытла на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне III – пачатку IV стагоддзяў

Па гэта піша гісторык Наталля Дубіцкая ў апошнім леташнім нумары часопіса «Весці НАН. Серыя гуманітарных навук». Артыкул прысвечаны дзвюм паўзямлянкавым пабудовам другой чвэрці І тысячагоддзя н. э. паблізу в. Юркавічы Веткаўскага раёна ў Ніжнім Пасожжы. Помнік быў выяўлены ў 1926 г. Канстанцінам Палікарповічам. У 1992 г. на ім былі праведзены раскопкі Алегам Макушнікавым.

Абедзве пабудовы мелі прамавугольную форму і былі зрубнай канструкцыі. Памеры пабудовы №1 – 4×1,5 м, пабудовы №2 – 4×3,8 м. Гэтыя канструкцыі сярэдзіны III – пачатку IV ст. мелі ўнікальныя рысы – цэнтральны апорны слуп і адкрыты агмень, размешчаны ў цэнтры.

Пазней для Беларускага Падняпроўя былі характэрныя прамавугольныя паўзямлянкі зрубнай канструкцыі, якія ацяпляліся печкамі-каменкамі, што размяшчаліся ў кутах. У жылых паўзямлянках цэнтральны апорны слуп фіксуецца ў адзінкавых выпадках.
На малюнку – знаходкі з паўзямлянак каля в. Юркавічы.
👍20🔥41
Як скараціць надзвычайныя выпадкі з-за падзення аварыйных дрэў?

Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН аказвае платныя паслугі па вызначэнні аварыйнага стану дрэў, піша газета «Навука». Прычым як расказаў супрацоўнік Інстытута Віталь Лукін, навукоўцы могуць вызначыць аварыйнасць дрэва нават па фотаматэрыялах добрай якасці.

У гэтым годзе навукоўцы ацанілі стан каля 400 гарадскіх дрэў. Часам прыгожае дрэва можа аказацца небяспечным. Напрыклад, з-за пашырэння парковак, калі дрэву абразаюць карані і яно губляе апору (нельга пашкоджваць карані на адлегласці 16-кратнага дыяметра дрэва).

Навуковец лічыць, што ў горадзе павінны быць устаноўлены тэрміны эксплуатацыі аб'ектаў расліннага свету. Двары з зялёнымі пасадкамі 1960-80-х гадоў зараз становяцца найбольш небяспечнымі. Іх неабходна дэталёва абследаваць, замяняць дрэвы. Павінна быць канцэпцыя: праектаванне будынкаў неабходна праводзіць разам з праектаваннем бяспечнага азелянення, каб дрэвы не высаджваліся ля камунікацый.
👍11🔥7🥴5👎3🤔21🤬1
Свежае выданне – «Традыцыйны светалад беларусаў. Кніга 4. Грамадства»

У чацвёртай (з запланаваных пяці) кнізе серыі, прысвечанай ключавым тэмам традыцыйнага светапогляду беларусаў, гаворка ідзе пра тое, як традыцыйная культура бачыць сям’ю, грамадства і функцыянаванне ў розных жыццёвых сітуацыях.

Сярод раздзелаў – «Шлюб», «Муж і жонка», «Бацькі і дзеці», «Сяброўства», «Шанаванне продкаў. Дзяды». Ва ўспрыняцці кожнага артыкула і кнігі ў цэлым значную ролю адыгрываюць ілюстрацыі.

Адна з рэдактараў кнігі Ірына Дубянецкая адзначыла ў газеце «Навука»: «Гэта кніга, як і ўся серыя, можа дапамагчы нам убачыць суадносіны паміж самаразуменнем сучаснага грамадства і яго светапогляднымі асновамі… Для замежнага чытача кніга таксама можа шмат расказаць пра Беларусь, пра духоўны і інтэлектуальны космас яе традыцыйнай культуры, бо ўсе беларускамоўныя тэксты дублююцца на рускай і англійскай мовах. Яна можа стаць добрым падарункам і ўпрыгожваннем вашай бібліятэкі».

Здымак – з Instagram-старонкі @ akademkniga.minsk.
🔥19👍129
Універсітэт Мікалая Каперніка ў Торуні выклаў у вольны доступ выданне інвентара езуіцкага калегіума ў Мінску, складзенага пасля роспуску Таварыства Ісуса на мяжы 1773 і 1774 гадоў. Гэты рукапіс, які ў цяперашні час захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя В. Вернадскага ў Кіеве, дае выключна каштоўны матэрыял для разумення гісторыі старажытнага Мінска. Езуіты пасяліліся ў горадзе ў другой палове XVII стагоддзя, каб развіць шырокую рэлігійную і адукацыйную дзейнасць. Пра гэта сведчыць былы езуіцкі касцёл, які стаіць на рыначнай плошчы і сёння служыць кафедральным саборам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Уступ да манаграфіі прадстаўляе паходжанне і развіццё калегіума на фоне гісторыі горада. У першай частцы інвентара апісаны не толькі будынкі калегіума, але і яго фонд. Асабліва каштоўнымі з'яўляюцца бібліятэчны каталог і аптэчны інвентар. У другой частцы абмяркоўваюцца памешчыцкія маёнткі.
👍342🤔2
Кітайскія навукоўцы прааналізавалі рост Мінска за 30 год: да якіх высноў яны прышлі?

Даследаванне групы кітайскіх навукоўцаў на чале з супрацоўнікамі Уханьскага ўніверсітэта апублікавана ў апошнім нумары Journal of Urban Management. Яны правялі ўсебаковы аналіз пашырэння гарадской забудовы ў Мінску з 1990 па 2020 год.

За гэты час гарадская тэрыторыя Мінска павялічылася на 93,3%, а плошча забудовы – на 87,2%. Пры гэтым з пашырэннем ускраін назіралася ўшчыльненне ўнутранай забудовы, што падкрэслівае інтэграцыю розных формаў развіцця. Даследнікі адзначылі ў аналізе аптымізацыю ўнутраных гарадскіх структур, павышэнне эфектыўнасці землекарыстання і ахову навакольнага асяроддзя.

Аналіз росту беларускай сталіцы ўносіць уклад у стратэгічнае разуменне ўстойлівага гарадскога планавання і аптымізацыі землекарыстання ў гарадах, якія хутка ўрбанізуюцца, лічаць навукоўцы.

На дыяграме: шэры колер – забудова на 1990 год, сіні – пашырэнне ўскраін, зялёны – запаўненне, чырвоны – скачок-пашырэнне.
🤔24🔥62🥱2👍1👎1
Навукоўцы выявілі, што касаткі прапануюць людзям ежу ў спробе пасябраваць

Паводле дадзеных, апублікаваных Амерыканскай псіхалагічнай асацыяцыяй, за апошнія два дзесяцігоддзі ў дзікай прыродзе – у самых розных кутках свету – было зафіксавана сама меней 34 выпадкі, калі касаткі добраахвотна дзяліліся з людзьмі сваёй здабычай.

Касаткі падплывалі да людзей — плыўцам у вадзе, людзям на лодках ці нават тым, хто знаходзіўся на беразе, — і пакідалі перад імі сваю здабычу: рыбу, кальмары, птушкі і інш. Часцей за ўсё касаткі чакалі рэакцыі чалавека на зробленую прапанову. У некалькіх выпадках, калі іх першапачатковая прапанова была адхіленая, дэльфіны нават паўтаралі спробу і прапаноўвалі свой дар яшчэ раз.

Навукоўцы лічаць, што такія паводзіны, відавочна нацэленыя на пабудову грамадскіх сувязяў, што ў дзікіх жывёл назіраецца вельмі рэдка і можа быць праявай жадання касатак завесці сабе прыяцеля ці ў цэлым лепей вывучыць чалавечы свет.
🐳2619🥰11🤔1
Выйшла біяграфія вядомага беларускага біяхіміка «Астроўскі. Сонечны круг»

Біяграфія заснавальніка Інстытута біяхіміі Акадэміі навук БССР акадэміка Юрыя Астроўскага (1925 - 1991) напісана ў актуальнай традыцыі гісторыка-біяграфічнага жанру. Аўтар Святлана Воцінава выкарыстоўвае не толькі архіўныя звесткі і газетныя публікацыі, дзённікавыя нататкі і вусныя ўспаміны, але і фотаздымкі, асабістыя рэчы, візіты на месцы падзей.

А разам з тым ужывае мастацкія прыёмы, якія, не скажаючы рэальнасці, ствараюць адчуванне набліжанасці. На 404 старонках кнігі «Астроўскі. Сонечны круг» вядомы беларускі біяхімік паўстае і як даследчык, і ў іншых сваіх іпастасях: як педагог і грамадскі дзеяч, публіцыст і паэт, патрыёт і сем’янін.

Аўтар Святлана Воцінава – выпускніца біялагічнага факультэта БДУ, журналістка, да 2021 года – галоўны рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса «Маладосць».
25👍12🔥2
Росквіт і заняпад Міністэрства беларускіх спраў Літвы (1918 - 1924)

Пра дзейнасць і прававы статус міністэрства піша гісторык Аляксандр Панасюк у свежым нумары ўкраінскага часопіса Eminak. Літоўцы, якія прэтэндавалі на Віленскі край і частку Гарадзеншчыны, спадзяваліся, што пазіцыя беларускага насельніцтва паўплывае на міжнароднае замацаванне межаў на карысць Літвы. Беларусы спадзяваліся на развіццё самасвядомасці і ўтварэнне аўтаноміі.

Гісторык вылучыў пяць перыядаў дзейнасці міністэрства: лістапад-снежань 1918 г. – Вільня, станаўленне; снежань 1918-красавік 1919 – гродзенскі перыяд, найбольш плённы; май 1919-ліпень 1920 – Каўнас, перыяд абмежаванай працы; жнівень 1920-люты 1922 – дыпламатычны (кантакты, накіраваныя на абарону Паўднёвай Літвы ад анексіі Польшчай); сакавік 1922-студзень 1924 – зніжэнне ролі і канчатковая ліквідацыя.

У сувязі з вырашэннем пытання Сярэдняй Літвы на карысць Польшчы літоўскія ўлады страцілі цікавасць да супрацоўніцтва з беларусамі. На здымку – будынак міністэрства ў Каўнасе.
👍23🤔12🤯1
Навуковец расказаў пра знаходку, якая сведчыць пра жудасны звычай першых славян

У маі на навуковай канферэнцыі беларускія археолагі падвялі вынікі раскопак за мінулы год. Пазней у газеце «Навука» загадчык Цэнтра археалогіі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Аляксей Аўласовіч расказаў пра цікавыя знаходкі.

Сярод іншага навуковец расказаў: «На Магілёўшчыне праходзяць даследаванні курганных могільнікаў. Было раскапана некалькі насыпаў, намі выяўлены цікавыя дахрысціянскія матэрыялы першых славян, якія засялілі гэтыя тэрыторыі ў другой палове X ст. і пазней трансфармаваліся ў радзімічаў.

У адным кургане знойдзены кальцыніраваныя косці адразу двух чалавек, як мяркуецца, мужчыны і жанчыны... Магчыма, пахаваны муж з жонкай. Не выключана, што яе муж памёр першы, а яе забілі і спалілі разам з ім. У тыя часы гэта было ўзаконеным, таму што язычнікі верылі, што пасля смерці жанчына можа патрапіць на нябёсы толькі з мужчынам».
👀21🤬12👍31😱1😢1🎉1
Пра кнігу «Максім Танк. Асоба, паэзія, лёс»

Манаграфія Міколы Мікуліча на 499 старонак пабачыла свет у 2023-м. Літаратуразнаўца закрануў не толькі асаблівасці творчасці Максіма Танка, але і многія аспекты жыцця паэта, у тым ліку стасункі з рознымі людзі.

Летась у часопісе «Весці НАН. Серыя гуманітарных навук» на манаграфію выйшла рэцэнзія Вольгі Русілкі. Яна адзначае: «Вельмі многа новага і нават нечаканага… Палемічны запал увогуле з’яўляецца адметнай рысай новай кнігі М. Мікуліча, аўтар шчыра імкнецца абараніць любімага пісьменніка ад неразумення і пустых папрокаў». І дадае: «Безумоўную цікавасць выклікаюць удакладненыя факты біяграфіі Танка, звесткі (у тым ліку і трагічныя) пра яго блізкіх і самога паэта як пра выключна сціплага і прыгожага душой чалавека».

«Аўтар, які многія гады добра ведаў паэта і сябраваў з ім, мае права сказаць: “Думаецца, якраз сінтэз рэдкага чалавечага характару і яркага мастацкага таленту, а таксама ўнікальнай біяграфіі абумовіў вялікія творчыя здабыткі Максіма Танка”».
21👍7🔥2
Сківіца узростам у 200 млн гадоў: навукоўцы адкрылі новы від птэразаўра

Птэразаўр – у перакладзе са старажытнагрэцкага «крылатая яшчарка». Новы від жыў побач з дыназаўрамі каля 209 млн гадоў таму і з'яўляецца найстаражытным з выяўленых у Паўночнай Амерыцы птэразаўраў. Яго сківіцу знайшлі яшчэ ў 2011 годзе, але толькі зараз сучасныя тэхналогіі дазволілі выявіць, што астанкі належаць новаму віду, піша BBC.

Навукоўцы далі яму імя – Eotephradactylus mcintireae, што можна перакласці як «попелакрылая багіня світанку», што, з аднаго боку, адсылае да старажытнагрэцкай багіні Эас, а з іншага – да вулканічнага попелу, які дапамог захаваць косткі рэптыліі.

Памер Eotephradactylus параўноўваюць з памерам невялікай чайкі. Найбольш верагоднай здабычай гэтага птэразаўра былі прымітыўныя рыбы, пакрытыя касцістай луской. Месца знаходкі ўяўляе сабой «маментальны здымак» старажытнай экасістэмы, у якой вымерлыя цяпер групы жывёл жылі побач з прадстаўнікамі фаўны, якія існуюць дагэтуль – напрыклад, з жабамі і чарапахамі.
👍286🤔1
Чаму карта вызвалення Полацка 1580 года застаецца актуальнай

У выдавецтве Brill выйшла манаграфія польскіх гісторыкаў (Jakub Niedźwiedź, Karol Łopatecki, and Grzegorz Franczak) прысвечаная аналізу карты Полацкага княства 1580 года. Падчас Лівонскай вайны літоўска-польскія войскі ў 1579 годзе вызвалілі Полацк, які за 16 гадоў да гэтага быў захоплены Маскоўскай дзяржавай на чале з Іванам Жахлівым.

У 1580 годзе Станіслаў Пахалавецкі выдаў у Рыме карты, прысвечаныя аблозе Полацка і праслаўленню караля Стэфана Баторыя. З часам яны перасталі быць крыніцай геаграфічнай інфармацыі, аднак праз стагоддзі атрымалі новую каштоўнасць. У XIX стагоддзі ва ўмовах знаходжання ў Расійскай імперыі карты займелі ў Польшчы сімвалічнае значэнне (напрыклад, іх фрагменты ёсць на гістарычных карцінах Яна Матэйкі).

З 1990-х гадоў фрагменты карт выкарыстоўваюцца ў Беларусі, дзе Полацкае княства лічыцца калыскай дзяржаўнасці. Напрыклад, яны з'явіліся на памятных манетах Нацбанка (1998 і 2015 гг.) і памятных паштоўках.
24👍9🔥6👏1😁1
Выйшла кніга «Архитектура белорусского села – от сельских поселений до агрогородков»

Аўтары – архітэктары Аляксандар Лакотка, Ігар Малкоў-старэйшы і Ігар Малкоў-малодшы. У выданні разгледжана гісторыя фарміравання беларускага сяла з пачатку ХХ стагоддзя і да нашых дзён. Паказаны шлях «станаўлення архітэктурна-планіровачных сродкаў, выкарыстаных пры будаўніцтве».

На 275 старонках выдання асаблівы акцэнт зроблены на архітэктуры аграгарадкоў, асветлены пытанні архітэктурнага фарміравання сялібных (тэрыторый для жылога фонду) і вытворчых зон аграгарадкоў.
👍15🤔6🗿64🤡2
Якім быў уклад віленскага Таварыства сяброў навукі (1906 - 1939) у батанічныя даследаванні рэгіёна

Пра гэта піша літоўская даследніца Аўрыка Рычкене ў апошнім нумары польскага Quarterly Journal of the History of Science and Technology. Адным з заснавальнікаў польскага Таварыства стаў Казімір Шафнагель (1858 - 1922), батанік-самавук. Ён апынуўся ў Ашмянскім павеце пасля жаніцьбы і застаўся там, атрымаўшы Кушляны як спадчыну жонкі.

На той час прырода тэрыторый былога ВКЛ была слаба вывучана. Першай публікацыяй выдавецтва Таварыства сяброў навукі ў Вільні сталі яго «Запіскі брыялагічныя» 1908 г. (на здымку). Казімір Шафнагель пералічыў сотні відаў імхоў, большасць з якіх адносілася да Віленскага і Мінскага ўзвышшаў.

Інфармацыя з яе цяпер ёсць у Чырвонай кнізе Беларусі. Агулам Шафнагель правёў экспедыцыі на тэрыторыях сучасных Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны.
22👍9🔥3