De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.41K subscribers
1.15K photos
1 video
3 files
718 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Чэрап, якому мільён гадоў: навукоўцы сцвярджаюць, што ён змяняе ўяўленне аб эвалюцыі чалавека

Знойдзены ў Кітаі чалавечы чэрап, якому мільён гадоў, дае падставы меркаваць, што від Homo sapiens пачаў фармавацца значна раней, чым лічылася раней, сцвярджаецца ў даследаванні ў часопісе Science.

Лічыцца, што гэты чэрап належыць ранняй форме Homo longi, роднаснага віду, які знаходзіўся на падобным узроўні развіцця з неандэртальцамі і Homo sapiens. Гэта значна перасоўвае храналогію эвалюцыі людзей з буйным мозгам – як мінімум на паўмільёна гадоў. Самыя раннія з вядомых сведчанняў існавання Homo sapiens у Афрыцы датуюцца 300 000 гадоў таму, таму ўзнікае спакуса зрабіць выснову, што наш від мог упершыню з'явіцца ў Азіі.

Аднак з высновамі кітайскіх навукоўцаў згодны не ўсё, піша BBC: нягледзячы на сведчанні ў выглядзе аналізаў формы чэрапа і яго генетычных дадзеных, для ацэнак па часе трэба сабраць больш доказаў. На здымку: белыя чэрапы – арыгінальныя закамянеласці, шэрыя – копіі, прыведзеныя ў парадак кампутарам.
🤔22🔥4👍32😁1
Выйшла кніга «Минское замчище и храм начала XII в.»

У выдавецтве «Беларуская навука» пабачыла свет кніга археолагаў Вадзіма Кошмана і Аляксандра Кунаша «Минское Замчище и храм начала XII в.: актуальные вопросы изучения и сохранения (к 80-летию начала археологического исследования г. Минска)».

Мінскае Замчышча стала паўнацэнным аб'ектам даследавання ў выніку раскопак Васіля Тарасенкі ў 1945 - 1951 гг. На аснове разнастайнай дакументацыі прадстаўлены погляд даследчыка на лакалізацыю мінскага Замчышча, паказаны асаблівасці методыкі работ і арганізацыі раскопак, вывучэння фундаментаў мураванага храма. Уводзяцца ў навуковы зварот прапановы па захаванні і музеефікацыі падмуркаў мінскага храма і элементаў драўлянай забудовы.

Дзяцінец старажытнага Мінска быў размешчаны ля зліцця рэчак Нямігі і Свіслачы. У Замкавай царквы, якая мела рысы раманскай архітэктуры, не было аналагаў у дойлідстве Старажытнай Русі.
20👍8🔥6🤡3👎1👏1
Абвешчаны лаўрэаты па эканоміцы. Хто з навукоўцаў сёлета атрымаў Нобелеўскую прэмію?

Сёння абвесцілі лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па эканоміцы: імі сталі Джоэл Мокір (ЗША), Філіпп Агіён (Францыя) і Пітэр Ховіт (ЗША). Навукоўцы паказалі, як новыя тэхналогіі могуць спрыяць устойліваму эканамічнаму росту. Напрыклад, Мокір падкрэсліў важнасць адкрытасці грамадства новым ідэям і гатоўнасці да зменаў.

Раней Нобелеўскую прэмію ў галіне хіміі атрымалі Сусуму Кітагава (Японія), Рычард Робсан (Аўстралія) і Омар Ягі (ЗША) – за распрацоўку метала-арганічных каркасных структур (новага тыпу малекулярнай архітэктуры).

Прэмію па медыцыне атрымалі Мэры Брункоў, Фрэд Рамсдэл (ЗША) і Шымон Сакагучы (Японія) – за вызначэнне механізмаў бяспекі ў выглядзе рэгуляторных Т-клетак, якія перашкаджаюць імунным клеткам атакаваць арганізм.

Прэмію па фізіцы атрымалі Джон Кларк, Мішэль Дэворы і Джон Марцініс (ЗША) – за эксперыменты, якія леглі ў аснову сучасных квантавых тэхналогій: ад звышадчувальных сэнсараў да квантавых кампутараў.
👍155🔥3👏2🤔2
Пра асаблівасці жанру бурлескнай паэмы ў беларускай літаратуры

Пачынаем знаёміць з найлепшымі артыкуламі за 2024 год у гуманітарных навуках па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі (Прэмія імя Зоры Кіпель). Трэцяе месцы заняло даследаванне Марыі Мартысевіч «Жанравы кантынуум ананімнай бурлескна-травестыйнай паэмы ў беларускай літаратуры ХІХ - ХХІ стагоддзяў: асаблівасці ўзнікнення і развіцця» (Studia Białorutenistyczne, 2024).

Пасля аналізу пяці тэкстаў рознага часу («Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе», «Сказ пра Лысую Гару» і інш.) вызначаны асноўныя рысы жанру: ананімнасць, віруснасць, варыятыўнасць, гратэскавасць, палітычная ангажаванасць, амбівалентнасць і метаіранічнасць.

Жанр адыграў важную ролю ў нашай літаратуры, канстатуючы змены ў карціне свету інтэлектуальных элітаў, адпрэчваючы герояў мінулага і / або вітаючы новых герояў. Нягледзячы на бытаванне кожнага тэксту ў светапогляднай сістэме свайго часу, БТП заставаліся інертнымі да літаратурных уплываў.
👍267🤔3🤷‍♂2🏆2👏1
Якой была роля латышскай паліцыі ў знішчэнні Баранавіцкага гета

Пра гэта пішуць польскія даследнікі ў апошнім нумары часопіса Acta Humanitatis. Яны правялі аналіз паказанняў выжыўшых у Баранавіцкім гета Гірша Брэслава і Сімона Роткопа, якія тыя далі падчас допытаў у 1967 г. латвійскаму КДБ. Даследаванне рэканструюе механізмы генацыду ў Баранавічах.

Выжыўшыя (адзін з іх схаваўся ў яме ў склепе) пацвердзілі актыўны ўдзел латышскіх паліцэйскіх сіл у дэпартацыях і масавых расстрэлах, іх прыналежнасць да СД. Латышскія паліцэйскія мелі пісталеты, аўтаматы, вінтоўкі, дубінкі. Пры гэтым беларуская паліцыя ўдзельнічала ў ахове гета і аблавах. У жніўні 1941 г. – снежні 1942 г. у ваколіцах Баранавіч было знішчана каля 12 тысяч чалавек.

Крытычны дыскурс-аналіз даследнікаў паказаў, як савецкі рэжым маніпуляваў памяццю. Ідэалагічная структура фарміравала наратывы тых, хто выжыў, падкрэсліваючы калектыўную савецкую ахвярнасць і партызанскі супраціў, прымяншаючы пры гэтым канкрэтныя пакуты габрэяў.
😢18👍5💔4😨1
«Беларускі тэатр робіцца цікавым і годным увагі гульцом на міжнароднай сцэне»

Працягваем знаёміць з найлепшымі артыкуламі за 2024 год у гуманітарных навуках па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі (Прэмія імя Зоры Кіпель). Другое месца заняло даследаванне Ірыны Лаппо «Незалежны беларускі тэатр у Польшчы: тры сезоны ў выгнанні» (StudiaBiałorutenistyczne, 2024).

На працягу апошніх трох сезонаў (2021 - 2024), дзякуючы салідарнасці польскага тэатральнага асяроддзя і падтрымцы ў форме сістэмы грантаў, стыпендый і рэзідэнцый, працягваюць працу ранейшыя калектывы і з’явілася таксама некалькі новых творчых аб’яднанняў. Беларускі тэатр у Польшчы спалучае коды на скрыжаванні розных жанраў у інтэнсіўным дыялогу з еўрапейскім мастацтвам.

Аўтарка адзначае, што Беларускі тэатр у Польшчы «толькі становіцца на ногі», але разам з тым «робіцца цікавым і годным увагі гульцом на міжнароднай сцэне». «Гаворыць сваім голасам і на сваёй мове – гэта ключавы вынік трох гадоў эміграцыі».
31👍8🔥3👏1🙏1
У Беларусі незвычайным спосабам дапамагаюць размнажэнню вушастай савы

Уладзімір Іваноўскі з Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны прывёў дадзеныя з маніторынгу вушастай савы ў Беларускім Паазер'і (Віцебская вобласць) ў 1999 - 2023 гадах, паведамляе газета «Навука». Было абследавана 67 гнёздаў, у асноўным яны знаходзіліся на закінутых торфараспрацоўках.

Было выяўлена, што вушастай саве («Птушцы года-2015») не хапае парку гнёздаў ад шэрай вароны і сарокі: яна займае іх старыя гнёзды, аднак тых стала вельмі мала ў натуральных угоддзях. Таму вушастай саве вырашылі дапамагчы: спецыялісты развесілі вёдры (на здымку), бачкі і тазікі, якія сталі асноўным месцам гнездавання птушкі.

Уладзімір Іваноўскі параўнаў поспех размнажэння вушастай савы ў вёдрах і ў натуральных гнёздах. Аказалася, што ў вёдрах працэнт вышэйшы, а ў некаторыя гады складаў 100%. Прычына ў тым, што вёдры збіраюцца на звалках, нярэдка яны мазутныя, пасля фарбы: гэта адпужвае куніцу, галоўнага ворага вушастай савы.
32👍13🕊2👏1👌1
Першае месца сярод артыкулаў у гуманітарных навуках – пра забытую экспедыцыю Вацлава Ластоўскага 1928 году

Летась выйшла кніга-фотаальбом «Экспедыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 году», дзе ў ролі ўкладальніцы, аўтаркі тэкстаў і каментарыяў выступіла мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская. Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі на першым месцы сярод артыкулаў у гуманітарных навуках за 2024-ты – яе даследаванне «Архіў забытай экспедыцыі», якое з’яўляецца часткай кнігі.

Выданне ўпешыню адкрывае шырокаму чытачу ўнікальную калекцыю фотаматэрыялаў, сабраных падчас этнаграфічнай экспэдыцыі 1928 г. на Случчыну і Мазыршчыну. Вольга Лабачэўская раскрывае абставіны экспедыцыі, яе здабыткі, гісторыю ўратавання фотаальбома і рарытэтаў.

Таксама апісваюцца лёсы ўдзельнікаў экспедыцыі. Сярод іх быў і Тодар Гальмаджан-Гальмады (1890 - 1941): вугорац паводле нацыянальнасці прыехаў у Мінск пры спрыянні Вацлава Ластоўскага (1883–1938) і стаў фотамастаком, які зафіксаваў экспедыцыю 1928 г.
36👏6👍4🙏1
Падтрымка лічбавізацыі і захавання архіваў (дэдлайн – 7 лістапада)

Абвешчаны чарговы раўнд праграмы Endangered Archives Programme ад Брытанскай бібліятэкі: ініцыятыва падтрымлівае лічбавізацыю і захаванне архіваў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Матэрыял мусіць знаходзіцца за межамі Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі і датавацца да сярэдзіны XX стагоддзя.

Праграма разлічана на даследнікаў, архівістаў, бібліятэкараў, супрацоўнікаў музеяў і ўніверсітэтаў, якія маюць доступ да архіваў. Таксама прымаюцца заяўкі ад арганізацый, якія працуюць з гістарычнымі дакументамі.

Праграма прапануе некалькі відаў праектаў, самы невялікі з якіх – тэрмінам ад 12 месяцаў з падтрымкай у 15 тысяч фунтаў. Дэдлайн падачы папярэдніх заявак – 7 лістапада. Усе падрабязнасці тут.
👍242🫡1
Трэцяе месца сярод манаграфій па гісторыі – у «Нараджэння беларускага Левіафана»

Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі на трэцім месцы сярод манаграфій па гісторыі за 2024 год – «Нараджэнне беларускага Левіафана» Віктара Шадурскага.

У манаграфіі аўтар разглядае перыяд нашай гісторыі ад моманту, калі Беларусь атрымала незалежнасць і ўласную дзяржаўнасць, да рэферэндуму 1996 года. Віктар Шадурскі — доктар гістарычных навук, прафесар, былы дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ.

Нагадаем, што сярод артыкулаў па гісторыі па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі першае месяца заняло даследаванне Дзмітрыя Віцько «Давыдаў камень ХІІ ст. з вёскі Камена Вілейскага раёна і яго сувязь з Барысавымі камянямі».
🔥20👍11👏1🙏1
Чаму беларусаў у спісе самых цытаваных навукоўцаў свету нашмат больш, чым пазначана

У рэйтынгу топ-2% самых цытаваных навукоўцаў свету па выніках 2024 года – 15 чалавек, чыім месцам працы ўказаны ўстановы Беларусі. Але гэта далёка не ўсе беларусы ў прэстыжным рэйтынгу. Складальнікі пазначаюць прыналежнасць да дзяржавы па месцы працы. Такім чынам беларусаў, якія працуюць за мяжой, не вылічыць па прыналежнасці да Беларусі.

А такіх, відавочна, нямала. Напрыклад, Мікалай Філончык, які прадстаўляе Ланьчжоўскі ўніверсітэт Цзяатун і спецыялізуецца на атмасферных працэсах. Ці хімік Дзмітрый Талапін і мікрабіёлаг Максім Плікус, якія даўно ў ЗША. Тое самае з хімікам Сяргеем Касцюком, які знаходзіцца ў спісе самых цытаваных навукоўцаў за ўсю кар’еру: ён пакінуў БДУ толькі ў канцы 2024-га, а ўжо аднесены да Францыі, дзе працуе.

Калі маеце інфармацыю пра вядомых беларускіх навукоўцаў за мяжою, пішыце сюды ці ў каментарах. Раней мы тлумачылі, чаму прадстаўнікам гуманітарных навук вельмі цяжка прабіцца ў рэйтынг.
27🔥8🤷‍♂2👍2💔1
Другое месца сярод манаграфій па гісторыі – у выдання пра рэлігійны «ерэтычны» рух эпохі Сярэднявечча

Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі на другім месцы сярод манаграфій па гісторыі за 2024 год – кніга Аляксандры Валодзінай «Вальдэнсы ў канцы ХІІ - пачатку XV стагоддзя: паміж ерэтычнай сектай і народнай рэлігійнасцю».

Вальдэнсы былі дапратэстанцкім рухам, які адкалоўся ад каталіцкай царквы. Рух пашырыўся да Польшчы, яго прыхільнікі выступалі за ліквідацыю прыватнай уласнасці, апосталічную беднасць і ўзаемадапамогу, свабоду чытання Бібліі. У некалькіх краінах рух захаваўся да нашага часу.

Манаграфія Аляксандры Валодзінай унікальная ва ўсёй Усходняй Еўропе, дзе раней пра вальдэнсаў не было асобных даследаванняў. У кнізе апублікавана больш за 90 разнастайных дакументаў, датычных гісторыі вальдэнсаў, у перакладзе аўтара з лацінскай на беларускую мову.
23👍15🔥3🤔2
Беларусь – у сусветных лідарах па росту псіхічных расстройстваў сярод моладзі

Пра гэта ў часопісе Translational Psychiatry пішуць кітайскія даследнікі, якія правялі аналіз сітуацыі з псіхічнымі расстройствамі сярод падлеткаў і маладых людзей за 1990 - 2021 гады. Навукоўцы адзначаюць, што псіхічныя расстройствы сярод людзей ва ўзросце 10 - 24 гадоў спрыяюць доўгатэрміновай захваральнасці і істотнаму ўплыву на грамадства.

У даследаванні асаблівую ўвагу звярнулі на наступствы пандэміі COVID-19, вылучыўшы перыяд 2019 - 2021 гадоў. Падчас яго значны рост захваральнасці псіхічнымі расстройствамі, асабліва дэпрэсіўнымі і трывожнымі, назіраўся ў рэгіёнах з высокім узроўнем даходу. А вось на нацыянальным узроўні ў лідарах па росту захваральнасці сярод моладзі аказаліся Эсваціні (+30%), Беларусь (+29%) і Баўгарыя (+28%).

Навукоўцы падкрэсліваюць глыбокі ўплыў пандэміі COVID-19 на псіхічнае здароўе падлеткаў і маладых людзей. Іншыя прычыны з-за маштабу даследавання не разглядаліся.
😱13🤔9🏆4😨3😁2😢21
Якім было беларускае грамадства эпохі савецкай «адлігі» (першае месца сярод манаграфій па гісторыі)

Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі на першым месцы сярод манаграфій па гісторыі за 2024 год – праца Аляксандра Гужалоўскага «У светлую будучыню! Беларускае грамадства эпохі «адлігі» (1953 - 1968)».

Гісторык з выкарыстаннем вялікай колькасці архіўных першакрыніц паказвае перыяд, які незваротна змяніў беларускае грамадства.

Сабраныя ў кнізе разнастайныя сюжэты (рост узроўню жыцця, моўнае пытанне, крытыка культу асобы і рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій, руйнаванне святынь, забастоўкі рабочых, спроба фарсіраванай пабудовы камунізму і інш.) ствараюць стэрэаскапічную карціну жыцця тагачаснага беларускага соцыуму, раскрываюць унутраную логіку яго развіцця.
27👍17🔥4
Да Зямлі набліжаюцца іншапланецяне? Што кажуць навукоўцы

У заходняй прэсе ўжо некалькі месяцаў актыўна абмяркоўваюць аб’ект 3I/ATLAS, выяўлены ў ліпені. Астрафізік Аві Лоўб з Гарвардскага ўніверсітэта і іншыя даследнікі сталі сцвярджаць, што гаворка пра пазаземны касмічны апарат, які «можа выратаваць – або знішчыць нас». Ёсць і гіпотэза, што НЛА накіравана шпіёніць за Зямлёй.

Аднак NASA заяўляе пра камету, якая паходзіць з невядомай зорнай сістэмы. 3I/ATLAS — толькі трэці міжзоркавы аб'ект, які быў калі-небудзь выяўлены. На днях сайт навуковых навін Live Science паведаміў: новыя здымкі (на ілюстрацыі) паказваюць, што іншапланетны аб'ект вывяргае велізарны струмень газу і пылу – гэта звычайныя паводзіны для камет.

3I/ATLAS праляцела ля Марса 3 кастрычніка і дасягне найбліжэйшай кропкі да Сонца 29 кастрычніка. Зараз камета знаходзіцца на адваротным баку Сонца і не будзе бачная з Зямлі да сярэдзіны лістапада. Тады астраномы змогуць убачыць, як змяніўся таямнічы госць пасля знаходжання побач з Сонцам.
🔥12👍9👾63
Бясплатны курс па мастацтве з Дзмітрыем Салодкім пачаўся на Youtube

Падчас курса, які ўжо пачаўся, адбудзецца 10 анлайн-сустрэч, пасля якіх вы станеце ўспрымаць мастацтва не толькі як калекцыю шэдэўраў, але і як інструмент пазнання сябе і свету вакол.

Анлайн-сустрэчы адбываюцца кожны чацвер а 20.00 па Мінску. Дзмітрый Салодкі – выкладчык сусветнай мастацкай культуры, куратар выставачных праектаў.
👍1811🔥5👏2🙏1
Якой была «іншая гісторыя» беларускага савецкага кіно

Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі другое і трэцяе месцы сярод манаграфій у гуманітарных навуках (прэмія імя Зоры Кіпель) за 2024 год падзялілі выданні Яніны Грыневіч «Як нацыя вучылася спяваць» і Вольгі Раманавай «Другая история белорусского советского кино».

Пра кнігу «Як нацыя вучылася спяваць», прысвечаную жыццю і дзейнасці Антона Грыневіча (1877 - 1937), мы ўжо пісалі. Выданне «Другая история белорусского советского кино» уяўляе сабой серыю даследчых эсэ, дзе кожны раздзел прысвечаны новаму сюжэту з гісторыі савецкага беларускага кіно 1920 - 1980-х гадоў.

На прыкладзе культавых і не толькі стужак «Беларусьфільма» даюцца адказы на шэраг пытанняў: пра што могуць распавесці фільмы Белдзяржкіна перыяду НЭПа і беларусізацыі, ці можна разглядаць савецкае беларускае кіно як каланіяльнае, сляды якіх працэсаў захоўвае ў сабе вобраз «савецкага беларуса» і інш.
👍13🔥7🤔4💩1
Пра жудасны лёс паселішча, на які ў 1354-м напалі літоўцы

Польскія даследнікі ў часопісе Heritage Science пішуць: дэндрахраналагічны аналіз падцвярджае дадзеныя з летапісаў пра падзеі ў сучаснай вёсцы Барчэўка на паўночным усходзе Польшчы. Археолагі знайшлі тут паселішча з слядамі пажару, шкілетамі і каштоўнымі прадметамі (на здымку).

Аналіз паказаў: частка дубоў для будаўніцтва была ссечана ў 1330-я. Што ж здарылася з паселішчам? У 1354-м на малады горад Вартэнберг (яго жыхары маглі паходзіць з Сілезіі) раптоўна напала літоўскае войска (згодна летапісам – на чале з Кейстутам і Альгердам). Рыцары Тэўтонскага ордэна не змаглі аказаць супраціў. З-за гібелі безабаронных жыхароў трагедыя месца стала табу, горад аднавілі ў іншай мясцовасці.

Такія знаходкі, як шкілет немаўляці, сведчаць, што паселішча засталося без хрысціянскага пахавання, яго не ўпарадкавалі (класічны «пампейскі выпадак», кажуць археолагі). Падобныя набегі былі тыповымі для абодвух бакоў, могуць быць знойдзеныя і іншыя падобныя месцы.
👀18😨9🔥5👍4👎2💔2🤡1
Чым творчасць Алеся Разанава вылучаецца ў айчыннай літаратурнай традыцыі

Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі першае месяца сярод манаграфій у гуманітарных навуках (прэмія імя Зоры Кіпель) за 2024 год заняло даследаванне Аляксандра Дакукіна «Мастацкі свет Алеся Разанава».

На фоне айчыннай літаратурнай традыцыі творчасць Алеся Разанава (1947 - 2021) вылучаецца незвычайнасцю, наватарскім характарам і эксперыментальнасцю. Яна адлюстроўвае адметны светапогляд пісьменніка, піша аўтар. Паэт найбольш набліжаецца да творцаў-мадэрністаў пачатку мінулага стагоддзя. Тэксты Разанава вызначаюцца пэўнай герметычнасцю і разлічаны на падрыхтаванага чытача.

У творчасці паэта трывала спалучаецца нацыянальнае і сусветнае. За знешняй незвычайнасцю тэкстаў ўсё роўна маецца беларуская аснова, адлюстроўваецца айчынны светапогляд з ягонымі трывалымі культурнымі кодамі.
20👍13🔥4🤔2
Скандальная кніга пра Пілсудскага і Беларусь: за што яе крытыкуюць

У апошнім нумары Rocznik Centrum Studiów Białoruskich выйшла рэцэнзія Андрэя Чарнякевіча на кнігу Ёанны Героўскай-Каллаўр «Józef Piłsudski wobec kwestii białoruskiej». Аўтарка сцвярджае: Пілсудскі імкнуўся да адраджэння федэратыўнай Рэчы Паспалітай, але яму перашкодзілі розныя сілы – у тым ліку беларускія палітыкі.

Чарнякевіч адзначае: «у кнізе шэраг прыкрых недакладнасцей», «больш за ўсё заўваг выклікаюць біяграфіі беларускіх дзеячаў». І дадае: «Адна з прычын, чаму даследчыцы так цяжка зразумець беларусаў, у тым, што яна выкарыстоўвае оптыку, запазычаную ў польскіх аўтараў архіўных дакументаў». Напрыклад, праігнараваны факт, што дзякуючы БНР «беларускае пытанне» трапіла на арбіту міжнародных адносін.

Не менш разгромнай атрымалася рэцэнзія ў Юрыя Барысёнка ў расійскім «Славянском альманахе». Ён піша пра «ідэалізацыю пазіцыі Пілсудскага», «мудрагелістыя памылкі» аўтаркі і пра тое, што яна «беларускіх палітыкаў трактуе апрыёрна негатыўна».
👍18🔥10🤔7🤷‍♂1💩1
Названы найлепшыя англамоўныя манаграфіі замежных аўтараў пра Беларусь

Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі найлепшымі англамоўнымі манаграфіямі замежных аўтараў за 2015 - 2024 гады названыя наступныя працы. Трэцяе месца – Anika Walke, «Pioneers and Partisans – An Oral History of Nazi Genocide in Belorussia» (2015). У кнізе – аповед пра выжыванне маладых савецкіх габрэяў ва ўмовах нацысцкай акупацыі.

Першае і другое месцы падзялілі два выданні. Адно з іх – Simon Lewis, «Belarus – Alternative Visions. Nation, Memory and Cosmopolitanism» (2020). Кніга даследуе дыскусіі вакол ідэнтычнасці Беларусі.

Іншая манаграфія – Franziska Exeler, «Ghosts of War. Nazi Occupation and Its Aftermath in Soviet Belarus» (2022). У кнізе разглядаецца выбар людзей падчас вайны і яго наступствы. Аналізуецца пераслед і пакаранне савецкіх грамадзян, абвінавачаных у супрацоўніцтве з нацыстамі, паказваецца, як людзі шукалі справядлівасці, помсты або дапамогі ад суседзяў і судоў.
👍209🔥1😱1🥱1