De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.38K subscribers
1.15K photos
1 video
3 files
718 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Пра асаблівасці жанру бурлескнай паэмы ў беларускай літаратуры

Пачынаем знаёміць з найлепшымі артыкуламі за 2024 год у гуманітарных навуках па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі (Прэмія імя Зоры Кіпель). Трэцяе месцы заняло даследаванне Марыі Мартысевіч «Жанравы кантынуум ананімнай бурлескна-травестыйнай паэмы ў беларускай літаратуры ХІХ - ХХІ стагоддзяў: асаблівасці ўзнікнення і развіцця» (Studia Białorutenistyczne, 2024).

Пасля аналізу пяці тэкстаў рознага часу («Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе», «Сказ пра Лысую Гару» і інш.) вызначаны асноўныя рысы жанру: ананімнасць, віруснасць, варыятыўнасць, гратэскавасць, палітычная ангажаванасць, амбівалентнасць і метаіранічнасць.

Жанр адыграў важную ролю ў нашай літаратуры, канстатуючы змены ў карціне свету інтэлектуальных элітаў, адпрэчваючы герояў мінулага і / або вітаючы новых герояў. Нягледзячы на бытаванне кожнага тэксту ў светапогляднай сістэме свайго часу, БТП заставаліся інертнымі да літаратурных уплываў.
👍267🤔3🤷‍♂2🏆2👏1
Якой была роля латышскай паліцыі ў знішчэнні Баранавіцкага гета

Пра гэта пішуць польскія даследнікі ў апошнім нумары часопіса Acta Humanitatis. Яны правялі аналіз паказанняў выжыўшых у Баранавіцкім гета Гірша Брэслава і Сімона Роткопа, якія тыя далі падчас допытаў у 1967 г. латвійскаму КДБ. Даследаванне рэканструюе механізмы генацыду ў Баранавічах.

Выжыўшыя (адзін з іх схаваўся ў яме ў склепе) пацвердзілі актыўны ўдзел латышскіх паліцэйскіх сіл у дэпартацыях і масавых расстрэлах, іх прыналежнасць да СД. Латышскія паліцэйскія мелі пісталеты, аўтаматы, вінтоўкі, дубінкі. Пры гэтым беларуская паліцыя ўдзельнічала ў ахове гета і аблавах. У жніўні 1941 г. – снежні 1942 г. у ваколіцах Баранавіч было знішчана каля 12 тысяч чалавек.

Крытычны дыскурс-аналіз даследнікаў паказаў, як савецкі рэжым маніпуляваў памяццю. Ідэалагічная структура фарміравала наратывы тых, хто выжыў, падкрэсліваючы калектыўную савецкую ахвярнасць і партызанскі супраціў, прымяншаючы пры гэтым канкрэтныя пакуты габрэяў.
😢18👍5💔4😨1
«Беларускі тэатр робіцца цікавым і годным увагі гульцом на міжнароднай сцэне»

Працягваем знаёміць з найлепшымі артыкуламі за 2024 год у гуманітарных навуках па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі (Прэмія імя Зоры Кіпель). Другое месца заняло даследаванне Ірыны Лаппо «Незалежны беларускі тэатр у Польшчы: тры сезоны ў выгнанні» (StudiaBiałorutenistyczne, 2024).

На працягу апошніх трох сезонаў (2021 - 2024), дзякуючы салідарнасці польскага тэатральнага асяроддзя і падтрымцы ў форме сістэмы грантаў, стыпендый і рэзідэнцый, працягваюць працу ранейшыя калектывы і з’явілася таксама некалькі новых творчых аб’яднанняў. Беларускі тэатр у Польшчы спалучае коды на скрыжаванні розных жанраў у інтэнсіўным дыялогу з еўрапейскім мастацтвам.

Аўтарка адзначае, што Беларускі тэатр у Польшчы «толькі становіцца на ногі», але разам з тым «робіцца цікавым і годным увагі гульцом на міжнароднай сцэне». «Гаворыць сваім голасам і на сваёй мове – гэта ключавы вынік трох гадоў эміграцыі».
31👍8🔥3👏1🙏1
У Беларусі незвычайным спосабам дапамагаюць размнажэнню вушастай савы

Уладзімір Іваноўскі з Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны прывёў дадзеныя з маніторынгу вушастай савы ў Беларускім Паазер'і (Віцебская вобласць) ў 1999 - 2023 гадах, паведамляе газета «Навука». Было абследавана 67 гнёздаў, у асноўным яны знаходзіліся на закінутых торфараспрацоўках.

Было выяўлена, што вушастай саве («Птушцы года-2015») не хапае парку гнёздаў ад шэрай вароны і сарокі: яна займае іх старыя гнёзды, аднак тых стала вельмі мала ў натуральных угоддзях. Таму вушастай саве вырашылі дапамагчы: спецыялісты развесілі вёдры (на здымку), бачкі і тазікі, якія сталі асноўным месцам гнездавання птушкі.

Уладзімір Іваноўскі параўнаў поспех размнажэння вушастай савы ў вёдрах і ў натуральных гнёздах. Аказалася, што ў вёдрах працэнт вышэйшы, а ў некаторыя гады складаў 100%. Прычына ў тым, што вёдры збіраюцца на звалках, нярэдка яны мазутныя, пасля фарбы: гэта адпужвае куніцу, галоўнага ворага вушастай савы.
32👍13🕊2👏1👌1
Першае месца сярод артыкулаў у гуманітарных навуках – пра забытую экспедыцыю Вацлава Ластоўскага 1928 году

Летась выйшла кніга-фотаальбом «Экспедыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 году», дзе ў ролі ўкладальніцы, аўтаркі тэкстаў і каментарыяў выступіла мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская. Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі на першым месцы сярод артыкулаў у гуманітарных навуках за 2024-ты – яе даследаванне «Архіў забытай экспедыцыі», якое з’яўляецца часткай кнігі.

Выданне ўпешыню адкрывае шырокаму чытачу ўнікальную калекцыю фотаматэрыялаў, сабраных падчас этнаграфічнай экспэдыцыі 1928 г. на Случчыну і Мазыршчыну. Вольга Лабачэўская раскрывае абставіны экспедыцыі, яе здабыткі, гісторыю ўратавання фотаальбома і рарытэтаў.

Таксама апісваюцца лёсы ўдзельнікаў экспедыцыі. Сярод іх быў і Тодар Гальмаджан-Гальмады (1890 - 1941): вугорац паводле нацыянальнасці прыехаў у Мінск пры спрыянні Вацлава Ластоўскага (1883–1938) і стаў фотамастаком, які зафіксаваў экспедыцыю 1928 г.
36👏6👍4🙏1
Падтрымка лічбавізацыі і захавання архіваў (дэдлайн – 7 лістапада)

Абвешчаны чарговы раўнд праграмы Endangered Archives Programme ад Брытанскай бібліятэкі: ініцыятыва падтрымлівае лічбавізацыю і захаванне архіваў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Матэрыял мусіць знаходзіцца за межамі Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі і датавацца да сярэдзіны XX стагоддзя.

Праграма разлічана на даследнікаў, архівістаў, бібліятэкараў, супрацоўнікаў музеяў і ўніверсітэтаў, якія маюць доступ да архіваў. Таксама прымаюцца заяўкі ад арганізацый, якія працуюць з гістарычнымі дакументамі.

Праграма прапануе некалькі відаў праектаў, самы невялікі з якіх – тэрмінам ад 12 месяцаў з падтрымкай у 15 тысяч фунтаў. Дэдлайн падачы папярэдніх заявак – 7 лістапада. Усе падрабязнасці тут.
👍242🫡1
Трэцяе месца сярод манаграфій па гісторыі – у «Нараджэння беларускага Левіафана»

Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі на трэцім месцы сярод манаграфій па гісторыі за 2024 год – «Нараджэнне беларускага Левіафана» Віктара Шадурскага.

У манаграфіі аўтар разглядае перыяд нашай гісторыі ад моманту, калі Беларусь атрымала незалежнасць і ўласную дзяржаўнасць, да рэферэндуму 1996 года. Віктар Шадурскі — доктар гістарычных навук, прафесар, былы дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ.

Нагадаем, што сярод артыкулаў па гісторыі па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі першае месяца заняло даследаванне Дзмітрыя Віцько «Давыдаў камень ХІІ ст. з вёскі Камена Вілейскага раёна і яго сувязь з Барысавымі камянямі».
🔥20👍11👏1🙏1
Чаму беларусаў у спісе самых цытаваных навукоўцаў свету нашмат больш, чым пазначана

У рэйтынгу топ-2% самых цытаваных навукоўцаў свету па выніках 2024 года – 15 чалавек, чыім месцам працы ўказаны ўстановы Беларусі. Але гэта далёка не ўсе беларусы ў прэстыжным рэйтынгу. Складальнікі пазначаюць прыналежнасць да дзяржавы па месцы працы. Такім чынам беларусаў, якія працуюць за мяжой, не вылічыць па прыналежнасці да Беларусі.

А такіх, відавочна, нямала. Напрыклад, Мікалай Філончык, які прадстаўляе Ланьчжоўскі ўніверсітэт Цзяатун і спецыялізуецца на атмасферных працэсах. Ці хімік Дзмітрый Талапін і мікрабіёлаг Максім Плікус, якія даўно ў ЗША. Тое самае з хімікам Сяргеем Касцюком, які знаходзіцца ў спісе самых цытаваных навукоўцаў за ўсю кар’еру: ён пакінуў БДУ толькі ў канцы 2024-га, а ўжо аднесены да Францыі, дзе працуе.

Калі маеце інфармацыю пра вядомых беларускіх навукоўцаў за мяжою, пішыце сюды ці ў каментарах. Раней мы тлумачылі, чаму прадстаўнікам гуманітарных навук вельмі цяжка прабіцца ў рэйтынг.
27🔥8🤷‍♂2👍2💔1
Другое месца сярод манаграфій па гісторыі – у выдання пра рэлігійны «ерэтычны» рух эпохі Сярэднявечча

Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі на другім месцы сярод манаграфій па гісторыі за 2024 год – кніга Аляксандры Валодзінай «Вальдэнсы ў канцы ХІІ - пачатку XV стагоддзя: паміж ерэтычнай сектай і народнай рэлігійнасцю».

Вальдэнсы былі дапратэстанцкім рухам, які адкалоўся ад каталіцкай царквы. Рух пашырыўся да Польшчы, яго прыхільнікі выступалі за ліквідацыю прыватнай уласнасці, апосталічную беднасць і ўзаемадапамогу, свабоду чытання Бібліі. У некалькіх краінах рух захаваўся да нашага часу.

Манаграфія Аляксандры Валодзінай унікальная ва ўсёй Усходняй Еўропе, дзе раней пра вальдэнсаў не было асобных даследаванняў. У кнізе апублікавана больш за 90 разнастайных дакументаў, датычных гісторыі вальдэнсаў, у перакладзе аўтара з лацінскай на беларускую мову.
23👍15🔥3🤔2
Беларусь – у сусветных лідарах па росту псіхічных расстройстваў сярод моладзі

Пра гэта ў часопісе Translational Psychiatry пішуць кітайскія даследнікі, якія правялі аналіз сітуацыі з псіхічнымі расстройствамі сярод падлеткаў і маладых людзей за 1990 - 2021 гады. Навукоўцы адзначаюць, што псіхічныя расстройствы сярод людзей ва ўзросце 10 - 24 гадоў спрыяюць доўгатэрміновай захваральнасці і істотнаму ўплыву на грамадства.

У даследаванні асаблівую ўвагу звярнулі на наступствы пандэміі COVID-19, вылучыўшы перыяд 2019 - 2021 гадоў. Падчас яго значны рост захваральнасці псіхічнымі расстройствамі, асабліва дэпрэсіўнымі і трывожнымі, назіраўся ў рэгіёнах з высокім узроўнем даходу. А вось на нацыянальным узроўні ў лідарах па росту захваральнасці сярод моладзі аказаліся Эсваціні (+30%), Беларусь (+29%) і Баўгарыя (+28%).

Навукоўцы падкрэсліваюць глыбокі ўплыў пандэміі COVID-19 на псіхічнае здароўе падлеткаў і маладых людзей. Іншыя прычыны з-за маштабу даследавання не разглядаліся.
😱13🤔9🏆4😨3😁2😢21
Якім было беларускае грамадства эпохі савецкай «адлігі» (першае месца сярод манаграфій па гісторыі)

Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі на першым месцы сярод манаграфій па гісторыі за 2024 год – праца Аляксандра Гужалоўскага «У светлую будучыню! Беларускае грамадства эпохі «адлігі» (1953 - 1968)».

Гісторык з выкарыстаннем вялікай колькасці архіўных першакрыніц паказвае перыяд, які незваротна змяніў беларускае грамадства.

Сабраныя ў кнізе разнастайныя сюжэты (рост узроўню жыцця, моўнае пытанне, крытыка культу асобы і рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій, руйнаванне святынь, забастоўкі рабочых, спроба фарсіраванай пабудовы камунізму і інш.) ствараюць стэрэаскапічную карціну жыцця тагачаснага беларускага соцыуму, раскрываюць унутраную логіку яго развіцця.
27👍17🔥4
Да Зямлі набліжаюцца іншапланецяне? Што кажуць навукоўцы

У заходняй прэсе ўжо некалькі месяцаў актыўна абмяркоўваюць аб’ект 3I/ATLAS, выяўлены ў ліпені. Астрафізік Аві Лоўб з Гарвардскага ўніверсітэта і іншыя даследнікі сталі сцвярджаць, што гаворка пра пазаземны касмічны апарат, які «можа выратаваць – або знішчыць нас». Ёсць і гіпотэза, што НЛА накіравана шпіёніць за Зямлёй.

Аднак NASA заяўляе пра камету, якая паходзіць з невядомай зорнай сістэмы. 3I/ATLAS — толькі трэці міжзоркавы аб'ект, які быў калі-небудзь выяўлены. На днях сайт навуковых навін Live Science паведаміў: новыя здымкі (на ілюстрацыі) паказваюць, што іншапланетны аб'ект вывяргае велізарны струмень газу і пылу – гэта звычайныя паводзіны для камет.

3I/ATLAS праляцела ля Марса 3 кастрычніка і дасягне найбліжэйшай кропкі да Сонца 29 кастрычніка. Зараз камета знаходзіцца на адваротным баку Сонца і не будзе бачная з Зямлі да сярэдзіны лістапада. Тады астраномы змогуць убачыць, як змяніўся таямнічы госць пасля знаходжання побач з Сонцам.
🔥12👍9👾63
Бясплатны курс па мастацтве з Дзмітрыем Салодкім пачаўся на Youtube

Падчас курса, які ўжо пачаўся, адбудзецца 10 анлайн-сустрэч, пасля якіх вы станеце ўспрымаць мастацтва не толькі як калекцыю шэдэўраў, але і як інструмент пазнання сябе і свету вакол.

Анлайн-сустрэчы адбываюцца кожны чацвер а 20.00 па Мінску. Дзмітрый Салодкі – выкладчык сусветнай мастацкай культуры, куратар выставачных праектаў.
👍1811🔥5👏2🙏1
Якой была «іншая гісторыя» беларускага савецкага кіно

Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі другое і трэцяе месцы сярод манаграфій у гуманітарных навуках (прэмія імя Зоры Кіпель) за 2024 год падзялілі выданні Яніны Грыневіч «Як нацыя вучылася спяваць» і Вольгі Раманавай «Другая история белорусского советского кино».

Пра кнігу «Як нацыя вучылася спяваць», прысвечаную жыццю і дзейнасці Антона Грыневіча (1877 - 1937), мы ўжо пісалі. Выданне «Другая история белорусского советского кино» уяўляе сабой серыю даследчых эсэ, дзе кожны раздзел прысвечаны новаму сюжэту з гісторыі савецкага беларускага кіно 1920 - 1980-х гадоў.

На прыкладзе культавых і не толькі стужак «Беларусьфільма» даюцца адказы на шэраг пытанняў: пра што могуць распавесці фільмы Белдзяржкіна перыяду НЭПа і беларусізацыі, ці можна разглядаць савецкае беларускае кіно як каланіяльнае, сляды якіх працэсаў захоўвае ў сабе вобраз «савецкага беларуса» і інш.
👍13🔥7🤔4💩1
Пра жудасны лёс паселішча, на які ў 1354-м напалі літоўцы

Польскія даследнікі ў часопісе Heritage Science пішуць: дэндрахраналагічны аналіз падцвярджае дадзеныя з летапісаў пра падзеі ў сучаснай вёсцы Барчэўка на паўночным усходзе Польшчы. Археолагі знайшлі тут паселішча з слядамі пажару, шкілетамі і каштоўнымі прадметамі (на здымку).

Аналіз паказаў: частка дубоў для будаўніцтва была ссечана ў 1330-я. Што ж здарылася з паселішчам? У 1354-м на малады горад Вартэнберг (яго жыхары маглі паходзіць з Сілезіі) раптоўна напала літоўскае войска (згодна летапісам – на чале з Кейстутам і Альгердам). Рыцары Тэўтонскага ордэна не змаглі аказаць супраціў. З-за гібелі безабаронных жыхароў трагедыя месца стала табу, горад аднавілі ў іншай мясцовасці.

Такія знаходкі, як шкілет немаўляці, сведчаць, што паселішча засталося без хрысціянскага пахавання, яго не ўпарадкавалі (класічны «пампейскі выпадак», кажуць археолагі). Падобныя набегі былі тыповымі для абодвух бакоў, могуць быць знойдзеныя і іншыя падобныя месцы.
👀18😨9🔥5👍4👎2💔2🤡1
Чым творчасць Алеся Разанава вылучаецца ў айчыннай літаратурнай традыцыі

Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі першае месяца сярод манаграфій у гуманітарных навуках (прэмія імя Зоры Кіпель) за 2024 год заняло даследаванне Аляксандра Дакукіна «Мастацкі свет Алеся Разанава».

На фоне айчыннай літаратурнай традыцыі творчасць Алеся Разанава (1947 - 2021) вылучаецца незвычайнасцю, наватарскім характарам і эксперыментальнасцю. Яна адлюстроўвае адметны светапогляд пісьменніка, піша аўтар. Паэт найбольш набліжаецца да творцаў-мадэрністаў пачатку мінулага стагоддзя. Тэксты Разанава вызначаюцца пэўнай герметычнасцю і разлічаны на падрыхтаванага чытача.

У творчасці паэта трывала спалучаецца нацыянальнае і сусветнае. За знешняй незвычайнасцю тэкстаў ўсё роўна маецца беларуская аснова, адлюстроўваецца айчынны светапогляд з ягонымі трывалымі культурнымі кодамі.
20👍13🔥4🤔2
Скандальная кніга пра Пілсудскага і Беларусь: за што яе крытыкуюць

У апошнім нумары Rocznik Centrum Studiów Białoruskich выйшла рэцэнзія Андрэя Чарнякевіча на кнігу Ёанны Героўскай-Каллаўр «Józef Piłsudski wobec kwestii białoruskiej». Аўтарка сцвярджае: Пілсудскі імкнуўся да адраджэння федэратыўнай Рэчы Паспалітай, але яму перашкодзілі розныя сілы – у тым ліку беларускія палітыкі.

Чарнякевіч адзначае: «у кнізе шэраг прыкрых недакладнасцей», «больш за ўсё заўваг выклікаюць біяграфіі беларускіх дзеячаў». І дадае: «Адна з прычын, чаму даследчыцы так цяжка зразумець беларусаў, у тым, што яна выкарыстоўвае оптыку, запазычаную ў польскіх аўтараў архіўных дакументаў». Напрыклад, праігнараваны факт, што дзякуючы БНР «беларускае пытанне» трапіла на арбіту міжнародных адносін.

Не менш разгромнай атрымалася рэцэнзія ў Юрыя Барысёнка ў расійскім «Славянском альманахе». Ён піша пра «ідэалізацыю пазіцыі Пілсудскага», «мудрагелістыя памылкі» аўтаркі і пра тое, што яна «беларускіх палітыкаў трактуе апрыёрна негатыўна».
👍18🔥10🤔7🤷‍♂1💩1
Названы найлепшыя англамоўныя манаграфіі замежных аўтараў пра Беларусь

Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі найлепшымі англамоўнымі манаграфіямі замежных аўтараў за 2015 - 2024 гады названыя наступныя працы. Трэцяе месца – Anika Walke, «Pioneers and Partisans – An Oral History of Nazi Genocide in Belorussia» (2015). У кнізе – аповед пра выжыванне маладых савецкіх габрэяў ва ўмовах нацысцкай акупацыі.

Першае і другое месцы падзялілі два выданні. Адно з іх – Simon Lewis, «Belarus – Alternative Visions. Nation, Memory and Cosmopolitanism» (2020). Кніга даследуе дыскусіі вакол ідэнтычнасці Беларусі.

Іншая манаграфія – Franziska Exeler, «Ghosts of War. Nazi Occupation and Its Aftermath in Soviet Belarus» (2022). У кнізе разглядаецца выбар людзей падчас вайны і яго наступствы. Аналізуецца пераслед і пакаранне савецкіх грамадзян, абвінавачаных у супрацоўніцтве з нацыстамі, паказваецца, як людзі шукалі справядлівасці, помсты або дапамогі ад суседзяў і судоў.
👍209🔥1😱1🥱1
У параўнанні з краінамі Еўропы Беларусь вылучаецца нізкім даверам да вакцын

Бельгійскія даследнікі ў апошнім нумары часопіса Vaccine падзяліліся вынікамі аналізу апытання, якое летам 2023 года было праведзена ў 6 краінах за межамі ЕС: Паўночнай Македоніі, Босніі і Герцагавіне (Балканы), Беларусі (Усходняя Еўропа), Арменіі, Грузіі (Каўказ) і Казахстане (Цэнтральная Азія).

Сярэдні паказчык даверу да вакцын у гэтых краінах склаў 43,7%, што ніжэй за сярэдні паказчык па ЕС (49,97%). У антылідарах апынуліся Казахстан (35,5%) і Беларусь (38%).

Пра нашу краіну даследнікі таксама адзначаюць наступнае. У Беларусі рэспандэнты ва ўзросце 65+ былі больш упэўненыя ў вакцынах у цэлым, чым тыя, хто быў ва ўзросце 35 - 44 гадоў. Жанчыны ў нашай краіне менш упэўненыя ў сабе, чым мужчыны, калі гаворка ідзе пра вакцыну супраць грыпу і вакцыну супраць Covid-19. Адукацыя, верагодна, не адыгрывае ў Беларусі ніякай ролі ў даверы да вакцын.
😢17👍4🔥4🤔3🙉21💩1
Рыбак, які шукаў чарвякоў, выпадкова знайшоў адзін з найбуйнейшых срэбных скарбаў Сярэднявечча

У Швецыі мужчына, які збіраўся пайсці на рыбалку, нечакана зрабіў важнае археалагічнае адкрыццё. Рыбак выкопваў чарвякоў каля сваёй летняй хаты пад Стакгольмам, калі наткнуўся на іржавы гаршчок. Унутры аказаліся ўпрыгожванні і тысячы срэбных манет, агульная вага знаходкі склала каля 6 кг, паведамляе Bild.

Археолагі ўстанавілі, што манеты былі адчаканены ў часы караля Кнута Эрыксана, які кіраваў Швецыяй у другой палове XII ст. На іх можна разгледзець надпіс KANUTUS. Скарб быў закапаны задоўга да заснавання Стакгольму, які з’явіўся толькі ў 1252 годзе.

Прадстаўніца стакгольмскай адміністрацыі Сафія Андэрсан заявіла, што «гэта, верагодна, адзін з найбуйнейшых сярэбраных скарбаў Сярэднявечча, калі-небудзь знойдзеных у Швецыі».
🔥33👍10🎉6👏1😱1🏆1
Выйшла новая кніга пра сэксуальную рэвалюцыю ў БССР

Новае выданне Аляксандра Гужалоўскага «Штурмуючы будучыні аванпосты. Сэксуальная рэвалюцыя ў БССР (1919-1929)» даследуе радыкальныя змены ў сямейна-шлюбных адносінах. Разгляданы час характарызаваўся неверагоднай нават па сённяшніх мерках свабодай нораваў.

280-старонкавая кніга напісана на багатым фактычным матэрыяле, з прыцягненнем новых архіўных крыніц і тагачасных перыядычных выданняў. Напрыклад, аўтар піша, што рэакцыя старэйшага пакалення, бацькоў на ўдзел дзяўчат у дзейнасці камсамола была пераважна адмоўная і нават варожая. Іх абурала прапаганда новай палавой маралі.
З уступленнем у камсамол дзяўчаты нярэдка пазбаўляліся некранутасці, набывалі шкодныя з пункту гледжання бацькоў звычкі, і, як вынік, гублялі перспектывы ўступлення ў традыцыйны шлюб.

Нагадаем, што кніга Аляксандра Гужалоўскага «У светлую будучыню! Беларускае грамадства эпохі «адлігі» (1953 - 1968)» была высока ацэнена даследчыкамі.
20👍16🔥4🤡2🤷‍♂1🤔1