De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.39K subscribers
1.15K photos
1 video
3 files
718 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Скандальная кніга пра Пілсудскага і Беларусь: за што яе крытыкуюць

У апошнім нумары Rocznik Centrum Studiów Białoruskich выйшла рэцэнзія Андрэя Чарнякевіча на кнігу Ёанны Героўскай-Каллаўр «Józef Piłsudski wobec kwestii białoruskiej». Аўтарка сцвярджае: Пілсудскі імкнуўся да адраджэння федэратыўнай Рэчы Паспалітай, але яму перашкодзілі розныя сілы – у тым ліку беларускія палітыкі.

Чарнякевіч адзначае: «у кнізе шэраг прыкрых недакладнасцей», «больш за ўсё заўваг выклікаюць біяграфіі беларускіх дзеячаў». І дадае: «Адна з прычын, чаму даследчыцы так цяжка зразумець беларусаў, у тым, што яна выкарыстоўвае оптыку, запазычаную ў польскіх аўтараў архіўных дакументаў». Напрыклад, праігнараваны факт, што дзякуючы БНР «беларускае пытанне» трапіла на арбіту міжнародных адносін.

Не менш разгромнай атрымалася рэцэнзія ў Юрыя Барысёнка ў расійскім «Славянском альманахе». Ён піша пра «ідэалізацыю пазіцыі Пілсудскага», «мудрагелістыя памылкі» аўтаркі і пра тое, што яна «беларускіх палітыкаў трактуе апрыёрна негатыўна».
👍18🔥10🤔7🤷‍♂1💩1
Названы найлепшыя англамоўныя манаграфіі замежных аўтараў пра Беларусь

Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі найлепшымі англамоўнымі манаграфіямі замежных аўтараў за 2015 - 2024 гады названыя наступныя працы. Трэцяе месца – Anika Walke, «Pioneers and Partisans – An Oral History of Nazi Genocide in Belorussia» (2015). У кнізе – аповед пра выжыванне маладых савецкіх габрэяў ва ўмовах нацысцкай акупацыі.

Першае і другое месцы падзялілі два выданні. Адно з іх – Simon Lewis, «Belarus – Alternative Visions. Nation, Memory and Cosmopolitanism» (2020). Кніга даследуе дыскусіі вакол ідэнтычнасці Беларусі.

Іншая манаграфія – Franziska Exeler, «Ghosts of War. Nazi Occupation and Its Aftermath in Soviet Belarus» (2022). У кнізе разглядаецца выбар людзей падчас вайны і яго наступствы. Аналізуецца пераслед і пакаранне савецкіх грамадзян, абвінавачаных у супрацоўніцтве з нацыстамі, паказваецца, як людзі шукалі справядлівасці, помсты або дапамогі ад суседзяў і судоў.
👍209🔥1😱1🥱1
У параўнанні з краінамі Еўропы Беларусь вылучаецца нізкім даверам да вакцын

Бельгійскія даследнікі ў апошнім нумары часопіса Vaccine падзяліліся вынікамі аналізу апытання, якое летам 2023 года было праведзена ў 6 краінах за межамі ЕС: Паўночнай Македоніі, Босніі і Герцагавіне (Балканы), Беларусі (Усходняя Еўропа), Арменіі, Грузіі (Каўказ) і Казахстане (Цэнтральная Азія).

Сярэдні паказчык даверу да вакцын у гэтых краінах склаў 43,7%, што ніжэй за сярэдні паказчык па ЕС (49,97%). У антылідарах апынуліся Казахстан (35,5%) і Беларусь (38%).

Пра нашу краіну даследнікі таксама адзначаюць наступнае. У Беларусі рэспандэнты ва ўзросце 65+ былі больш упэўненыя ў вакцынах у цэлым, чым тыя, хто быў ва ўзросце 35 - 44 гадоў. Жанчыны ў нашай краіне менш упэўненыя ў сабе, чым мужчыны, калі гаворка ідзе пра вакцыну супраць грыпу і вакцыну супраць Covid-19. Адукацыя, верагодна, не адыгрывае ў Беларусі ніякай ролі ў даверы да вакцын.
😢17👍4🔥4🤔3🙉21💩1
Рыбак, які шукаў чарвякоў, выпадкова знайшоў адзін з найбуйнейшых срэбных скарбаў Сярэднявечча

У Швецыі мужчына, які збіраўся пайсці на рыбалку, нечакана зрабіў важнае археалагічнае адкрыццё. Рыбак выкопваў чарвякоў каля сваёй летняй хаты пад Стакгольмам, калі наткнуўся на іржавы гаршчок. Унутры аказаліся ўпрыгожванні і тысячы срэбных манет, агульная вага знаходкі склала каля 6 кг, паведамляе Bild.

Археолагі ўстанавілі, што манеты былі адчаканены ў часы караля Кнута Эрыксана, які кіраваў Швецыяй у другой палове XII ст. На іх можна разгледзець надпіс KANUTUS. Скарб быў закапаны задоўга да заснавання Стакгольму, які з’явіўся толькі ў 1252 годзе.

Прадстаўніца стакгольмскай адміністрацыі Сафія Андэрсан заявіла, што «гэта, верагодна, адзін з найбуйнейшых сярэбраных скарбаў Сярэднявечча, калі-небудзь знойдзеных у Швецыі».
🔥33👍10🎉6👏1😱1🏆1
Выйшла новая кніга пра сэксуальную рэвалюцыю ў БССР

Новае выданне Аляксандра Гужалоўскага «Штурмуючы будучыні аванпосты. Сэксуальная рэвалюцыя ў БССР (1919-1929)» даследуе радыкальныя змены ў сямейна-шлюбных адносінах. Разгляданы час характарызаваўся неверагоднай нават па сённяшніх мерках свабодай нораваў.

280-старонкавая кніга напісана на багатым фактычным матэрыяле, з прыцягненнем новых архіўных крыніц і тагачасных перыядычных выданняў. Напрыклад, аўтар піша, што рэакцыя старэйшага пакалення, бацькоў на ўдзел дзяўчат у дзейнасці камсамола была пераважна адмоўная і нават варожая. Іх абурала прапаганда новай палавой маралі.
З уступленнем у камсамол дзяўчаты нярэдка пазбаўляліся некранутасці, набывалі шкодныя з пункту гледжання бацькоў звычкі, і, як вынік, гублялі перспектывы ўступлення ў традыцыйны шлюб.

Нагадаем, што кніга Аляксандра Гужалоўскага «У светлую будучыню! Беларускае грамадства эпохі «адлігі» (1953 - 1968)» была высока ацэнена даследчыкамі.
20👍16🔥4🤡2🤷‍♂1🤔1
Дык ці быў Януш Радзівіл «здраднікам»?

Людміла Івоніна піша ў расійскім Caurus (2025. Том 4. № 1) пра Януша Радзівіла і Кейданскую унію са Швецыяй 1655 года. Вялікі гетман літоўскі пасля заняцця маскоўскімі захопнікамі большай часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі, а таксама Вільні і Коўна, выступіў за унію з шведскім каралём: ВКЛ выходзіла са складу Рэчы Паспалітай. Аднак унія ў сілу так і не ўступіла. Пасля смерці ў тым жа годзе Януша Радзівіла абвясцілі здраднікам.

Людміла Івоніна піша: Януш Радзівіл дзейнічаў у рэчышчы традыцыйнага для эліты ВКЛ імкнення да раўнапраўя з польскай элітай і апынуўся перад складаным выбарам у цяжкай міжнароднай сітуацыі – на мяжы катастрофы. Неўтаймаваныя амбіцыі і выбухны характар палітыка і пратэстанта падштурхоўвалі яго да супярэчлівых дзеянняў.

Улічваючы памежнае становішча ВКЛ і яго статус у Рэчы Паспалітай, складана сцвярджаць, кім з'яўляўся Януш Радзівіл – здраднікам ці патрыётам, да таго ж у той час нацыянальная самасвядомасць яшчэ не сфармавалася, піша аўтарка.
24👍8🤷‍♂4🔥1🤡1🤪1
Чаму асушаныя балоты ў Беларусі і суседніх краінах неабходна затапіць

Пра гэта пішуць польскія даследнікі ў Journal of Environmental Management. Яны ацанілі выкіды парніковых газаў у басейне ракі Нёман, які вылучаецца вялікай колькасцю асушаных балот. Незалежная ацэнка паказала, што найвышэйшыя сярэднія выкіды ў Беларусі – 11,3 млн. тон CO2-эквіваленту ў год, у Літве – 9,7 млн., у Польшчы – 0,46 млн., у Калінінградскай вобласці РФ – 0,037 млн.

Навукоўцы і раней даказвалі, што пасля асушэння балоты не толькі перастаюць акумуляваць у сабе вуглярод, але пачынаюць выдзяляць значныя аб'ёмы парніковых газаў (у тым ліку з-за раскладання арганічных рэчываў). Польскія даследнікі пішуць: аб’ёмы выкідаў з асушаных балот моцна недаацэньваюцца: у басейне ракі Нёман яны параўнальныя з выкідамі электрастанцыі ў Белхатуве на бурым вугалі, якую Польшча пагадзілася зачыніць пад ціскам ЕС.

Паўторнае забалочванне тарфянікаў мае вырашальнае значэнне для змякчэння наступстваў змены клімату ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.
27👍17👀5🤔3💯3😱2👏1
Выйшла кніга пра беларускія расліны з незвычайным водарам і смакавымі якасцямі

Супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі Уладзімір Лябедзька, Сяргей Саўчук і Таццяна Давідчык выпусцілі навукова-папулярнае выданне «Пряно-ароматические растения природной флоры Беларуси». У кнізе інфармацыя пра 79 відаў раслін з незвычайным водарам і смакавымі якасцямі, якія сустракаюцца ў прыродзе Беларусі і выкарыстоўваюцца чалавекам са старажытных часоў.

287-старонкавае выданне багата ілюстравана. Тэкст для зручнасці разбіты на рубрыкі, дзе чытач можа даведацца пра асноўныя адметныя прыкметы раслін (назвы прыводзяцца як навуковыя, так і народныя), месцы іх росту, цікавыя факты, унікальныя ўласцівасці і, вядома ж, прымяненне.
29👍14🔥5
Чаму ў Сібіры спяваюць беларускія песні

Пра гэта піша Таццяна Дайнека з Інстытута філалогіі Сібірскага аддзялення РАН у зборніку «Беларускі фальклор: матэрыялы і даследаванні. Выпуск 12». Аўтарка прадставіла вынікі даследавання напеваў абрадавых купальска-пятроўскіх песень, запісаных ад нашчадкаў беларускіх перасяленцаў (у асноўным пач. XX ст.) у адным з асяродкаў рассялення этнасу на тэрыторыі Сібіры – у Омскай вобласці. Матэрыялам паслужылі запісы 1970 - 2000-х гг.

Высновы: пераважная большасць купальска-пятроўскіх песень беларусаў Омскай вобласці («Коло жита девки ходют», «Купаленка», «Божа мой, Пятрова ночка-нивяличка» і г.д.) маюць тыпавыя рысы мацярынская традыцыі, якія прадстаўлены ў чыстым выглядзе. У меншай частцы песень ёсць мадыфікацыя, але пад яе падпадаюць тыпы, якія і ў мацярынскай традыцыі з варыятыўным бытаваннем.

Геаграфічная прыналежнасць тыпавых напеваў можа быць надзейнай крыніцай для вызначэння зыходных тэрыторый, з якіх у Омскую вобласць прыйшлі носьбіты той ці іншай традыцыі.
31👍12💔6👏2👀2💯1
Амаль усе суседзі трацяць на навуку больш, чым Беларусь (у адносінах да ВУП)

Пра гэта пішуць Ягор Скорый і Аляксей Скалабан у зборніку матэрыялаў XXIV Міжнароднай канферэнцыі «Менеджмент бібліятэк ВНУ», які выйшаў сёлета. Яны прааналізавалі выдаткі на навуковыя даследаванні ў адносінах да ВУП. Сярод краін удзельніц ЕАЭС на навуку траціць больш, чым Беларусь, толькі Расія. Але калі разглядаць астатнія сумежныя краіны, то складваецца адваротная сітуацыя: менш за Беларусь на развіццё навукі траціць толькі Украіна.

Даследнікі адзначаюць: з упэўненасцю можна казаць аб недастатковым узроўні фінансавання навукі, аднак гэта не з'яўляецца ні адзінай, ні галоўнай перашкодай для павелічэння публікацыйнай актыўнасці.

Варта разглядаць сукупнасць праблем: складанасці ў напісанні артыкулаў на англійскай мове; абмежаваны доступ да сучасных навуковага абсталявання і баз даных; высокую нагрузку на выкладчыкаў; слабыя стымулы для публікацыі ў высокарэйтынгавых часопісах; цяжкасці ў падборы прыдатнага часопіса для публікацыі.
😢23🤬8😨3🔥21🤷‍♂1👍1😁1
Археолагі знайшлі доказы, што продкі чалавека больш за 2,5 млн гадоў таму ўжо ўмелі перадаваць веды

Насуперак панаваўшым уяўленням, самыя старажытныя з першабытных людзей (homo habilis – «чалавек умелы»), якія жылі больш за 2,5 млн гадоў таму, тысячагоддзямі, з пакалення ў пакаленне, перадавалі тэхніку вырабу прымітыўных прылад працы. Такое адкрыццё зрабіла каманда археолагаў, вывучыўшы адзін з раёнаў пасялення гэтых старажытных людзей на поўначы Кеніі, паведамляе BBC. Да гэтага часу навукоўцы меркавалі, што найстаражытныя продкі чалавека рабілі прылады працы спарадычна.

Археолагі працавалі ў Намаратукунане дзесяць гадоў і знайшлі 1300 вострых скрабкоў, прымітыўных каменных малаткоў, а таксама так званых «літычных ядраў».

Гэтае ўменне дапамагло найстаражытным жыхарам Усходняй Турканы выжыць у клімаце, які хутка змяняўся, — не адаптуючыся пры гэтым самім, фізічна, а адаптуючы спосабы здабычы ежы. І гэтае разыходжанне з жывёльным светам адбылося на самай світанку існавання чалавецтва.
🔥19👍93👏3
Чаму ў Брытаніі стала хітом кніга пра «білетнага кантралёра» з Беларусі

Адзіны ў Вялікабрытаніі суд над ваеннымі злачынцамі адбыўся ў 1999 годзе. Тады Андрэй Саванюк, які ўдзельнічаў у знішчэнні габрэяў у родным Дамачаве пад Брэстам, быў асуджаны да двух пажыццёвых тэрмінаў. Ён памёр у турме ў 2005-м.

У 2022-м пабачыла свет кніга «Кантралёр білетаў з Беларусі: незвычайная праўдзівая гісторыя адзінага ў Брытаніі суда па ваенных злачынствах». Яе аўтары пісалі: Бен-Цыён Блюштэйн і Андрэй Саванюк былі сябрамі дзяцінства ў Дамачаве ў 1930-х гадах, а падчас вайны сталі ворагамі. Затым Бен-Цыён адправіўся ў Ізраіль, а Андрэй — у Англію, дзе працаваў кантралёрам British Rail у Лондане.

Праз больш чым паўстагоддзя яны сутыкнуліся ў судзе, дзе адзін з іх стаў галоўным сведкам абвінавачання. Рэчавых доказаў не было, толькі слова аднаго супраць слова іншага. Аўтары захапляльна апісалі гісторыю, атрымаўшы высокія ацэнкі з боку крытыкаў. Кніга была перавыдадзена ў 2023-м, цяпер на Amazon прадаецца апошні экзэмпляр.
🔥30👍15🤔21💔1
Як у Мінску ў ХІХ ст. рэзка вырасла колькасць плошчаў

Пра гэта піша Іван Сацукевіч у зборніку VII канферэнцыі «Доўгае ХІХ стагоддзе». Калі ў пач. ХІХ ст. у Мінску было толькі 3 плошчы, то праз стагоддзе – ужо 10. Гэта было звязана з ростам насельніцтва. Пры гэтым у ХІХ ст. ліквідавалі дзве плошчы – Старога Рынку (у цэнтры Траецкага прадмесця) і Новабазарную (сёння – квартал паміж Кірава, Камсамольскай і Валадарскага).

Усе плошчы выконвалі гандлёвую функцыю. Аднак на працягу ХІХ ст. да яе дадаліся яшчэ дзве – прадстаўнічая і транспартная. Затым прадстаўнічая функцыя «перамагала» гандлёвую: крамы і лаўкі прыбіраліся. Прадстаўнічая функцыя была на дзвюх плошчах – Высокага Рынку (з 1866 г. – Саборная, цяпер – плошча Свабоды) і Новага Места (сюды з Высокага Рынку перанеслі кірмашовы гандаль, але ўжо ў 1872 г. тут заснавалі першы сквер горада – Аляксандраўскі). Пасля пабудовы Віленскага вакзала з'явілася Прывакзальная плошча.

На ілюстрацыі – аэрафотаздымак Мінска ў 1917 г., бліжэй да цэнтра – плошча Свабоды.
25👍9🔥5
250 гадоў таму французcкі навуковец Жылібер стварыў першую вышэйшую медыцынскую навучальную ўстанову ў Беларусі

Натураліст і хірург Жан Эмануэль Жылібер быў запрошаны для стварэння Гродзенскай медыцынскай акадэміі дзяржаўным дзеячам ВКЛ і мецэнатам Антоні Тызенгаўзам (праект ухваліў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі). У 1775-м на месцы в. Гарадніца (цяпер цэнтральная частка Гродна) Жылібер адкрыў акадэмію, затым – шпіталь і батанічны сад.

З-за незацікаўленасці шляхты ў атрыманні медыцынскай адукацыі Жылібер змог набіраць на вучобу дзяцей сялян і служачых. У 1781-м акадэмія (на ілюстрацыі – малюнак Н. Орды XIX ст.) была пераведзена ў Вільню, дзе на яе базе стварылі медыцынскі факультэт універсітэта. Прычына заключалася ў няўдалай гаспадарчай палітыцы ў рэгіёне Антоні Тызенгаўза, якога кароль адхіліў ад кіраўніцтва.

Акадэмія, створаная Жыліберам, была першай вышэйшай медыцынскай навучальнай установай на тэрыторыі Беларусі, адзначаецца сёння на сайце Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
46👍17🏆3👏1🙏1
Гэта як сёння набыць «Бэнтлі». Пра элітарныя і імпартныя рэчы са старажытнага Менску

Археолаг Андрэй Вайцяховіч расказаў 1prof. by пра галоўныя адкрыцці ў комплексе на беразе ракі Менкі ў 2023 - 2024 гадах – у выніку самай маштабнай па мерках усёй Усходняй Еўропы прарэзкі землянога вала (на глыбіню амаль 12 метраў).

Існавала версія, што Менск пабудавалі кіеўскія князі. Але знаходкі даказваюць: загад аб будаўніцтве гарадскіх сцен у 997 г. аддаў Ізяслаў, а Менск ад пачатку належаў Полацкай зямлі. Па словах Вайцяховіча, які адкрыў гэту кропку на карце, расійскія навукоўцы прызналіся: раскопкі сведчаць пра існаванне тут культуры, не падобнай ні на адну вядомую на Старажытнай Русі.

На малым гарадзішчы знайшлі шмат элітарных рэчаў, напрыклад, англа-саксонскую накладку на стрэмя. «Значыць, жыхар Менска мог сабе дазволіць купіць англійскія страмёны. Гэта можна параўнаць з нашым сучаснікам, які купляе Бэнтлі… Вельмі шмат імпарту: фрагменты арабскага фаянсу, тачыльны камень са Скандынавіі», – расказаў Вайцяховіч.
🔥37👍117😎4🤡2👏1😁1💯1
Выйшаў альбом «Традыцыйны строй. Частка I»

Пабачыла свет другое дапоўненае выданне пра народнае адзенне Беларусі канца ХІХ - сярэдзіны ХХ стагоддзя, складальніца – Анэлія-Вольга Крэйн. Альбом з’яўляецца часткай аднайменнага праекта «Традыцыйны строй», прысвечанага традыцыйнаму народнаму адзенню Беларусі.

У першай частцы альбома – строі наступных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі: Заходняга і Усходняга Палесся, Падняпроўя, Панямоння і Цэнтральнай Беларусі. Назвы частак строяў пераважна падаюцца згодна з мясцовай гаворкай.

У альбоме 148 старонак. Выданне адрасуецца ўсім, хто цікавіцца беларускім фальклорам і традыцыйнай культурай.
24❤‍🔥10👍9😍2👏1🙏1
А вы ведалі, што ў Мінску ёсць незвычайны музей з рарытэтамі V і XII стагоддзяў?

Сёлета пасля шматгадовай рэканструкцыі для наведвальнікаў адкрыўся Навукова-даследчы музей беларускага мастацтва і культуры. Ва ўстанове заяўляюць, што ён не саступае найлепшым музеям краіны. Яго папярэднікам быў Музей старажытнабеларускай культуры, заснаваны ў 1977 г. У 2001-м калекцыі надалі статус нацыянальнага навуковага здабытку. І вось сёлета пасля аснашчэння сучаснымі тэхналогіямі ўстанова атрымала статус «Навукова-даследчага музея беларускага мастацтва і культуры».

Экспазіцыя размяшчаецца ў трох залах: археалогіі, сакральных і этнаграфічных калекцый. У першай можна пабачыць, напрыклад, чоўны XII і XVI ст., а таксама вырабы рамеснікаў ад V ст. У сакральнай залі – калекцыя абразоў XVI - XIX ст. (самая вялікая ў Беларусі). Сярод іх – «Пакланенне вешчуноў» 1514 г.

Музей знаходзіцца па адрасе: вул. Сурганава, 1, корп. 1 (будынак НАН). Наведвальнікаў просяць запісвацца папярэдне. На здымку – надмагілле Сапегаў XVII ст.
🔥25👍118👀1
Выйшлі кнігі пра беларускія легенды пра дрэвы і кветкі

Пабачылі свет выданні «Расліны беларускай зямлі: легенды пра дрэвы» і «Расліны беларускай зямлі: легенды пра кветкі». Іх аўтаркі – Алена Боганева і Таццяна Валодзіна з Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Малюнкі – Таццяны Гаранаскай. Выданні адрасуюцца дзецям школьнага ўзросту, але яны будуць цікавымі ўсім, хто неабыякавы да фальклорнай спадчыны.

У першай кнізе сабраны беларускія народныя легенды пра паходжанне асобных дрэў і кустарнікаў, асаблівасці іх знешняга выгляду (напрыклад, чаму ў асіны ліст дрыжыць, а елка вечназялёная).

У другой – народныя легенды пра паходжанне кветак, травяністых і збожжавых раслін, іх назваў, асаблівасцей знешняга выгляду і ўласцівасцей. Здымкі вокладак – з сайта ragna. by.
39👍13😍4❤‍🔥1👏1
Як рабавалі беларускія землі падчас французска-рускага супрацьстаяння 1812-га

Пра гэта піша Аляксандр Самовіч у зборніку VII канферэнцыі «Доўгае ХІХ стагоддзе». З-за ўварвання «Вялікай арміі» Напалеона многія беларускія паветы былі ахоплены голадам і эпідэміямі. Найбольш моцна пацярпелі мясцовасці, якія сталі арэнай кровапралітных бітваў. Амаль поўнасцю былі разбураны і знішчаны гарады Полацк, Відзы, Кобрын, Ваўкавыск.

Гарадскія і сельскія жыхары сутыкнуліся з бясконцымі паборамі, бясчынствамі падчас рэквізіцый. Напрыклад, у Гродзенскай губерні на трэць скарацілася пагалоўе жывёлы. У жыхароў адбіраліся ўсё шэрае хатняе сукно, а таксама кажухі.

Аўтар піша, што «асобныя факты» гвалтоўнага адабрання запасаў харчавання і маёмасці адзначаліся таксама сярод рускіх вайскоўцаў. Шырокую агалоску, напрыклад, атрымала справа аб рабаванні скарбаў Нясвіжскага замка (дарагой мэблі, рэдкіх кніг, карцін, калекцыйных манет), якая закранула імёны адмірала Чычагава, генерала Тучкова, камандзіра казачага палка Ісаева.
🤬24😭14🤔5😢2💯2❤‍🔥1🤷‍♂1💔1
Пра кнігу апавяданняў «Габрэі без жоўтых зорак: гісторыі габрэйскіх партызан у акупаванай нацыстамі Беларусі»

Выданне пабачыла свет у ЗША напрыканцы мінулага года. Гэта пераклад Рут Мёрфі на англійскую мастацка-публіцыстычнай кнігі Гірша Смоляра (1905 - 1993) «Габрэі без жоўтых зорак», што выйшла ў Польшчы ў 1948 г. У вайну аўтар апынуўся ў Мінску, дапамагаў габрэям з гета ва ўцёках ў Налібоцкую пушчу, дзе затым ваяваў у габрэйскім патызанскім атрадзе.

У анатацыі адзначаецца: Беларусь у адрозненне ад еўрапейскіх краін на захад ад яе была пакрыта густымі першабытнымі лясамі. І ў адрозненне ад Польшчы і іншых краін габрэйскія і савецкія партызаны часта аб'ядноўваліся ў барацьбе.

У рэцэнзіі на кнігу Юстына Смалькітэ піша: амаль кожнае апавяданне суправаджаецца добра даследаванымі гістарычнымі нататкамі. Аднак варта памятаць, што Смоляр быў былым камуністычным рэвалюцыянерам, яго кніга ўкладаецца ў савецкі наратыў. Разам з тым выданне вартае ўвагі з-за літаратурнага ўзроўню і дакументальных сведчанняў.
👍27🤔53❤‍🔥2👎1
Размаўляюць на беларускай мове, але беларусамі сябе не лічаць

Юрый Внуковіч піша ў Studia Białorutenistyczne (2023/17): у выпадку з носьбітамі рэгіянальнага варыянта беларускай мовы на Віленшчыне мы сутыкаемся з этнічнай анамаліяй. Мясцовыя жыхары лічаць сябе палякамі, нягледзячы на сваю «простую» мову. Для іх важныя іншыя прыкметы – найперш тэрыторыя паходжання і рэлігія (каталіцызм).

Падчас палявых даследаванняў ў 2007 - 2011 гг. у Віленскім і Салечніцкім раёнах Літвы было апытана больш 80 інфармантаў (галоўным чынам жыхароў сталага веку). Прыклады іх выказванняў: «Размова такая, што вот, как беларуская такая», «Мы шчытаемся палякі, але гаворым так па-беларуску пачці».

З-за скрайне нізкага прэстыжу беларускай мовы мясцовыя ў публічных сферах (прыгарадны аўтобус, касцёл, крама) імкнуцца схаваць сваю «простую» ідэнтычнасць і стараюцца гаварыць па-польску. Тэрмін «тутэйшы» мясцовыя ў якасці саманазвы практычна не выкарыстоўваюць («Эта так літоўцы нас назвалі»). На здымку – свята ўраджаю ў Салечніках.
💔388🤡6👍5😢4🤪3❤‍🔥1🤔1💊1