De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.38K subscribers
1.14K photos
1 video
3 files
718 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Што штурхала беларускіх сялян у ХІХ ст. на адчайныя крокі

Наталля Анофранка піша ў зборніку «Доўгае ХІХ ст. у гісторыі Беларусі і Усходняй Еўропы» за 2025 год: асноўнымі прычынамі суіцыдаў сярод прыгонных сялян былі страх пакарання, рэакцыя на жорсткае абыходжанне і беднасць. Паводле дадзеных К. С. Весялоўскага ў выданні 1847 г. па суадносінах колькасці суіцыдаў на колькасць жыхароў першае месца ў Расійскай імперыі займала Мінская губерня (1 выпадак на 14 757 чалавек). Але ў дадзеных вялікія сумневы: у вопісах судоў ніжэйшыя паказчыкі.

У 1834 г. утапілася ў Свіслачы 21-гадовая Агата Калеснікава. Упартую сялянку часта паролі, у апошні раз – з абразаннем валасоў. Памешчыца Паўліна Валовіч заявіла, што прыгонная «желала быть свободною, но сего достигнуть не в состоянии». Валовіч не пакаралі.

Алена Сакольчык у тым жа зборніку піша: у канцы ХІХ ст. суіцыды насілі ўсесаслоўны характар. Сярод прычын на першым месцы стаялі саматычныя хваробы: узровень медабслугоўвання часта ператвараў цялесныя пакуты ў душэўныя.
😢33🤔7👍2💔2😨2❤‍🔥1🤬1🤡1
Даследнікі не пакідаюць спроб знайсці ў Беларусі дзікіх хамякоў

Хамяк звычайны (Cricetus cricetus) – вельмі рэдкі від, дакладныя звесткі пра яго сучаснае распаўсюджванне ў Беларусі адсутнічаюць. У апошнім нумары часопіса «Весці Гомельскага дзяржуніверсітэта» даследнікі, звязаныя з кафедрай экалогіі ўніверсітэта ім. Ф. Скарыны, паведамілі: у 2022-м паступілі звесткі, што ля аграгарадка Івакі Добрушскага раёна бачылі хамяка, які бег па пераараным полі.

Падчас трох палявых выездаў 29.06.2024, 14.09.2024 і 17.04.2025 даследнікі паспрабавалі падцвердзіць інфармацыю пра пасяленне хамяка звычайнага. Грызуна шукалі з дапамогай бінокляў і аналізу нор. Таксама даследавалі траншэю. Пад падазрэнне патрапілі лісы (іх бачылі двойчы), а таксама буслы.

Але доказаў пасялення хамяка так і не выявілі. Аднак даследнікі не апускаюць рук: яны не выключаюць магчымасць існавання звярка на прысядзібных участках унутры самаго аграгарадка. Ідзе падрыхтоўка да апытання мясцовых жыхароў, а таксама збору і аналізу астаткаў ежы соў.
👍26🤣1210😁4😭3❤‍🔥1🙈1😨1🤪1
Дубовым выкапням, знойдзеным у Дзвіне, аказалася некалькі тысяч гадоў

Група навукоўцаў з Беларусі (Максім Ярмохін, Віталь Лукін, Наталля Кныш), Японіі і Расіі апублікавала ў часопісе Dendrochronologia даследаванне пра субфасільныя дубы — ствалы дубоў з донных адкладаў рэк, якія захаваліся з-за вільготнасці (іншыя віды дрэў захаваліся дрэнна). Узоры сабралі ў басейне ракі Дзвіна – каля г. Заходняя Дзвіна (РФ) і ў рацэ Лучоса (Беларусь) – на здымку.

Радыёвугляродныя вымярэнні паказалі, што самы ранні дуб быў адкладзены 5800 гадоў таму. Храналогіі гадавых кольцаў дубоў удалося пабудаваць з другога і першага тысячагоддзяў да н.э. То-бок разам храналогіі ахопліваюць апошнія 4 тысячы гадоў (з прамежкамі да 300 гадоў). Пік колькасці дубовых выкапняў – VII-XII ст. н. э.

Гэта ўнікальнае даследаванне для Усходняй Еўропы. Па гадавых кольцах дрэў можна аднавіць клімат мінулага, лепш зразумець, у якіх умовах жылі старажытныя людзі. Яны таксама будуць важнай асновай для гістарычных і археалагічных даследаванняў.
❤‍🔥37👍13🔥11👏72👌1
Выйшла новая кніга пра калекцыі князёў Вітгенштэйнаў, найбуйнейшых землеўладальнікаў на тэрыторыі Беларусі XIX ст.

Даследаванне Вольгі Папко прысвечана гісторыі фарміравання мастацкіх калекцый князёў Вітгенштэйнаў, якія з'яўляліся найбуйнейшымі землеўладальнікамі на тэрыторыі Беларусі і Літвы (пасля шлюбу Людвіга Леана Вітгенштэйна з Стэфаніяй Радзівіл да іх перайшла значная частка Радзівілаўскіх маёнткаў). З 1830-х гг. да 1900 г. князі змаглі сабраць разнастайныя калекцыі твораў жывапісу, графікі, скульптуры і фатаграфіі.

Мэтай даследавання стала вывучэнне мастацкіх калекцый, бытаванне якіх звязана з Беларуссю, у кантэксце развіцця еўрапейскага мастацтва XIX ст. Другі том выдання прысвечаны аналізу збораў твораў графікі, скульптуры і фатаграфіі. Кніга багата ілюстравана.

Аўтарка Вольга Папко нядаўна абараніла доктарскую дысертацыю і ўзначаліла Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН.
👍20🤔104🤡1
Башкіры ў Беларусі: рэлігійная ідэнтычнасць і формы яе праяўлення

Лізавета Квілінкова ў часопісе «Весці НАН» апублікавала заснаваны на інтэрв’ю першы навуковы артыкул, прысвечаны башкірам Беларусі. Сюды яны трапілі ў асноўным з-за службы ў савецкім войску. У 1989-м у Беларусі жыло 1 252 башкір, у 2019-м – 339.

Іслам з'яўляецца неад'емнай часткай этнічнай самасвядомасці башкір, але іх прадстаўнікі ў Беларусі не прытрымліваюцца шматлікіх патрабаванняў шарыяту (напрыклад, не робяць пяціразовы намаз). У башкір рэлігійная цярпімасць праяўляецца не толькі ў адносінах да змешаных шлюбаў, але і ў іх распаўсюджанасці. Большасць башкір у Беларусі жывуць у змешаных шлюбах. Выпадкі пераходу з ісламу ў праваслаўе тлумачацца ў тым ліку жаданнем жанчыны гарманізаваць адносіны паміж членамі сям'і, адзначаць адзіныя святы.

Пераважная частка рэспандэнтаў заявіла, што ў звычайным жыцці не носіць ні хіджаб, ні хустку. У некаторых выпадках хіджаб успрымаецца як залішняя маніфестацыя сваёй рэлігійнасці.
🤔19👍16🕊21🤷‍♂1👀1
Польскі даследнік: аўтарам Супрасльскага летапіса быў ураджэнец Беларусі

Пра гэта піша Jarosław Karzarnowicz у апошнім нумары часопіса Studia Wschodniosłowiańskie. Ён даследаваў моўныя (фанетычныя і лексічныя) асаблівасці Су́прасльскага летапіса, помніка XVI ст., які быў выяўлены ў XIX ст. у бібліятэцы праваслаўнага Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра (Супрасль – горад у Беластоцкім павеце).

Разам з царкоўнаславянскімі фанетычнымі элементамі ў летапісе сустракаюцца паўднёва-заходнія дыялектныя асаблівасці беларускай мовы (аканне, пераход «в» у «у» і г.д.), таксама заўважны ўплыў польскай мовы.

Лінгвістычны аналіз пралівае святло на пытанне, якая мова выкарыстоўвалася ў раннім беларуска-літоўскім летапісе, а таксама на нацыянальную і рэлігійную прыналежнасць аўтара. Ён паходзіў з тэрыторыі паўднёва-заходняй Беларусі, быў беларускім патрыётам праваслаўнай веры, хоць і не вельмі дасведчаным у летапісанні, піша Jarosław Karzarnowicz.
🔥2513👍114❤‍🔥1🍓1
Пабачыла свет выданне «Таямніцы старога Менска 2. Ад Гарадца да Гарадзішча»

У кнізе расказваецца, што стала з Менскам на рацэ Менка пасля пераносу горада на Нямігу ў ХІІ ст. «Верагодна, тут пасля і паўстаў няўлоўны горад Гарадзец, які згадваецца ў летапісах у XII - XV ст. А значыцца, сённяшняя вёска Гарадзішча — радзіма каралёў і каралеў з усяе Еўропы», – адзначаецца ў анатацыі да кнігі.

У выданні расказваецца пра ўладароў Гарадзішча ў XVI - XIX ст., найбольш падрабязна — пра род Пішчалаў. Захапляльна расказваецца пра знаходкі рэчаў XII - XIX ст. на археалагічных раскопках розных часоў. У кнізе 136 старонак і больш за 250 ілюстрацый, многія з якіх публікуюцца ўпершыню.

Нагадаем, што ў першым выданні «Таямніцы Старога Менска» расказваецца пра ўзнікненне Менска на Менцы і час ягонага існавання тут з Х па сярэдзіну ХІІ стагоддзя.
20👍10🔥5🤡3👏1🍓1
Cтыпендыі Lane Kirkland (дэдлайн – 1 сакавіка 2026 года)

У рамках праграмы можна правесці два семестры навучання ў адным з чатырох польскіх акадэмічных цэнтраў (Варшава, Кракаў, Вроцлаў, Люблін) і падрыхтаваць навуковы артыкул ці праект у сферах адукацыі, культуры, аховы навакольнага асяроддзя, сацыяльных навук і інш.

Запрашаюцца кандыдаты з Беларусі. Дэдлайн падачы заяўкі – 1 сакавіка 2026 года. Усе падрабязнасці тут.
👍16💩1
Архіўная сенсацыя: у Швецыі знайшлі палявы дзённік Карла XII з нататкамі пра Мінск, Магілёў і Галоўчын

Шведскія СМІ паведамляюць, што даследчыца Antoaneta Granberg знайшла ў бібліятэцы Гётэборгскага ўніверсітэта 268-старонкавую кнігу з нататкамі і малюнкамі, якія Карл XII рабіў у 1707 - 1717 гг. Акрамя караля запісы рабілі і ягоныя памочнікі.

Гісторык Андрэй Катлярчук удакладняе ў Facebook, што палявы дзённік Карла XII утрымлівае нататкі караля пра Мінск, Галоўчын, Магілёў і пераход гетмана казацкай Украіны Івана Мазепы на бок шведаў. Нагадаем, што падчас Паўночнай вайны ў бітве пад Галоўчынам (цяпер вёска ў Бялыніцкім раёне) у ліпені 1708 года шведы на чале з Карлам XII атрымалі ўпэўненую перамогу над расійскім войскам.

Існуюць і іншыя копіі палявога дзённіка Карла XII, якія патрабуюць вывучэння. Варыянт, знойдзены Antoaneta Granberg, будзе алічбаваны і выкладзены на сайце бібліятэкі Гётэборгскага ўніверсітэта. Гісторыкі атрымаюць магчымасць зрабіць даследаванні па беларускіх матывах з дзённіка.
38👍22❤‍🔥62🎉2👏1🍓1
Выйшла кніга «Аброк. Абыдзённік: жаночыя рытуальныя практыкі»

Манаграфія мастацтвазнаўцы Вольгі Лабачэўскай прысвечана жаночым рытуальным практыкам, якія ў беларусаў акрэсліваюцца назвамі «аброк» і «абыдзённік». Мэтай рытуалаў было пераадоленне экстраардынарных сітуацый: эпідэміі, эпізаотыі (заразнай хваробы сярод жывёл), вайны і іншых пагроз, а таксама пераадоленне экзістэнцыяльных крызісаў у жыцці асобнага чалавека.

480-старонкавая кніга грунтуецца на шматгадовых палявых даследаваннях аўтаркі. Выданне багата ілюстравана: здымкі рытуальных аб’ектаў наглядна паказваюць трансфармацыю культурнай традыцыі канца ХІХ - пачатку ХХІ ст.
🔥28👍129👏1🤡1🍓1
Як сяляне з Мінскай і Гродзенскай губерняў нелегальна з’язджалі ў ЗША

Пра гэта піша Галіна Рулёва ў расійскім часопісе «Социология власти». Напачатку XX ст. разам з габрэйскай эміграцыяй на заробкі за мяжу сталі масава выязджаць сяляне заходніх губерняў. З Мінскай і Гродзенскай выязджалі ў асноўным у ЗША і Канаду. Дарагавізна і працягласць працэсу атрымання замежнага пашпарта прыводзілі да масавага нелегальнага перасячэння сухапутнай мяжы з Германіяй, адкуль мігранты адпраўляліся на параходах.

Нягледзячы на спробы расійскіх параходстваў аблегчыць умовы выдачы замежных пашпартоў (каб накіраваць людзей праз парты Балтыйскага мора), эміграцыйны закон так і не быў прыняты да пачатку Першай сусветнай вайны. За першыя пяць месяцаў 1907 г. з 17 валасцей Слуцкага павета за мяжу выехала 429 чалавек, але замежныя пашпарты атрымалі толькі 115.

Улады змагаліся з нелегальным выездам адміністрацыйнымі пакараннямі (штрафамі) у адносінах да сялян і агентаў-пасрэднікаў. Аднак міграцыйныя плыні толькі ўзмацняліся.
👍309🤷‍♂6🍓3😢1💯1
Ці могуць у Сусвеце скончыцца зоркі? Новыя нараджаюцца ўсё радзей

Астраномы ўсё часцей знаходзяць прыкметы таго, што космас, магчыма, ужо прайшоў пік свайго развіцця, паведамляе BBC. Зорак цяпер можа быць да аднаго септыльёна (адзінка з 24 нулямі). Аднак астраномы лічаць, што працэс стварэння новых зорак паступова запавольваецца.

Пік зоркаўтварэння, верагодна, прыпаў прыкладна на 10 мільярдаў гадоў таму — перыяд, вядомы як «касмічны поўдзень». Прафесар Дуглас Скот, касмолаг з Універсітэта Брытанскай Калумбіі ў Канадзе, кажа: смерць старых зорак можа прыводзіць да стварэння новых за кошт таго ж самага рэчыва, аднак усё не так проста. «У кожнага пакалення зорак усё менш паліва для гарэння, і ў канчатковым выніку яго стане недастаткова, каб зорка наогул магла сфармавацца», – кажа касмолаг.

Прафесар Скот лічыць, што новыя зоркі будуць працягваць з'яўляцца яшчэ на працягу 10-100 трыльёнаў гадоў – значна пасля таго, як наша Сонца, хутчэй за ўсё, спыніць сваё існаванне.
🤔1811😁3😱2💯1😨1
Пабачыла свет выданне «Беларуская мова – галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы»

Зборнік навуковых артыкулаў падрыхтаваны па матэрыялах II Міжнароднага кангрэса «Беларуская мова – галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы», прысвечанага 95-годдзю Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

У зборніку асвятляюцца праблемы сучаснага мовазнаўства, дыялекталогіі, анамастыкі, лексікалогіі і лексікаграфіі, марфемікі і словаўтварэння, камп’ютарнай лінгвістыкі, гісторыі мовы. Выданне мае 468 старонак.
37👍13❤‍🔥3🔥1👏1🙏1
Пра сімвалічныя функцыі беларускай дуды, якая адраджаецца з1970-х

Пра гэта піша Алена Ляшкевіч у часопісе Ethnologia Polona. Апошні задакументаваны публічны выступ сельскага дудара ў Беларусі адбыўся ў 1954-м. Адраджэнне беларускай дуды з 1970-х гадоў адбылося незалежна ад жывой вясковай культуры – як гарадская з'ява. За апошнія 50 год інструмент меў і мае розныя сімвалічныя функцыі для музыкаў (практычная функцыя зразумелая: граць музыку).

Некаторыя з сімвалічных функцый можна з пэўнай доляй умоўнасці назваць тэндэнцыямі: дуда як артэфакт – тэндэнцыя 1970-х, дуда як яшчэ адзін мастацкі праект – з 1980-х, дуда як аб'ект даследавання і інструмент для забавы – з 1990-х і г.д. Функцыі дуды як нацыянальнага сімвала і як аб'екта эмацыйнай прывязанасці не звязаныя строга з якім-небудзь канкрэтным перыядам часу.

Рух адраджэння дуды ў Беларусі стаў больш значным у 2000-х: з'явілася больш музыкаў і гуртоў, якія выкарыстоўвалі гэты інструмент. На здымку А. Ляшкевіч – Мікола Столяр з гуртом Trollwald у 2018 г.
29👍12🤔4🔥2👏1🙏1
З Беларусі – на новыя землі Трэцяга Рэйха: як перасялялі бужскіх галендраў

Пра гэта піша К. Гаўрыленка ў часопісе «Весці БДПУ». Пасля пачатку Другой сусветнай вайны бужскіх галендраў, якія паланізаваліся, але заставаліся лютэранамі (на здымку – кірха ў калоніі Нейдорф), аднеслі да этнічных немцаў і вырашылі выкарыстаць для каланізацыі новых тэрыторый Трэцяга рэйха: перасяліць у рэйхсгау Вартэгау (з цэнтрам у Познані).

Перасяленне бужскіх галендраў з заходніх тэрыторый БССР і УССР праходзіла ў студзені-лютым 1940 г. у моцныя маразы. Пры гэтым, як адзначае аўтар, перасяленне шмат у чым было добраахвотным (трэба было падаць заяву, перасяленцам абяцалі хаты і зямлю высылаемых палякаў). Па прыбыцці некалькі месяцаў перасяленцы знаходзіліся ў лагерах, дзе праходзілі праверку і асвойвалі нямецкую мову.

Адказаць на пытанне, колькі галендраў перасяліліся ў 1940 г., можна пасля выяўлення эшалонных спісаў перасяленцаў. Паводле папярэдніх падлікаў, тэрыторыю БССР маглі пакінуць каля 1200 - 1500 бужскіх галендраў.
👀8👍5😨3🔥1