De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.38K subscribers
1.14K photos
1 video
3 files
717 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Віктар Марціновіч выпускае новую кнігу – англамоўную «Беларусь у аўтаэтнаграфічных наратывах»

Кніга «Беларусь у аўтаэтнаграфічных наратывах: мастацтва міласэрнасці супраць забыцця» выходзіць 19 жніўня ў Routledge, адным з найстарэйшых акадэмічных выдавецтваў у свеце. Перадзамова адкрытая ў многіх інтэрнэт-крамах.

У кнізе Віктар Марціновіч пераплятае асабістыя і калектыўныя гісторыі беларусаў — тых, хто перажыў дзве сусветныя вайны, і іх сучаснікаў, якія цяпер шукаюць выйсця з крызісу ў рэгіёне. Сярод іншага – гісторыя прадзеда аўтара Амяльяна, беларускага селяніна, пакаранага смерцю нацыстамі пасля выратавання габрэя, а таксама прыводзяцца разважанні пра такіх мастакоў, як Хаім Суцін і Марк Шагал, чые лёсы адлюстроўваюць культурную стойкасць рэгіёна.

Назвы некаторых раздзелаў: «Акупацыя», «Крыжовы паход жанчын», «Пошукі мовы»… Тэмы спачування, прабачэння і гуманізацыйнай сілы мастацтва выступаюць як важныя элементы, якія праводзяць чытачоў праз складаныя перасячэнні асабістай і калектыўнай памяці.
37👍10🤮2🔥1👏1💅1
Апублікаваны першыя здымкі, атрыманыя з дапамогай рэвалюцыйнага тэлескопа

Пабудаваная ў Чылі амерыканцамі абсерваторыя імя Веры Рубін, дзе знаходзяцца тэлескоп-рэфлектар і самая магутная ў свеце лічбавая камера, абяцае змяніць наша ўяўленне пра Сусвет, піша BBC.

Новае абсталяванне здольнае зазіраць у цёмныя глыбіні Сусвету. На адным з першых здымкаў, зробленых у высокім дазволе (вы бачыце яго вышэй), – рознакаляровыя аблокі з газу і пылу – туманнасці Трохпадзельная і Лагуна, якія знаходзяцца ад Зямлі на адлегласці ў 9 тысяч светлавых гадоў.

Тэлескоп абсерваторыі імя Веры Рубін можа дапамагчы знайсці ў нашай Сонечнай сістэме шмат новых аб'ектаў, пра якія мы пакуль нічога не ведаем. Лічба гэтых новых аб'ектаў можа ў 10 разоў перавышаць колькасць ужо вядомых нам. Калі ў нашай Сонечнай сістэме ўсё ж такі ёсць дзевятая планета, то, як гавораць навукоўцы, новы тэлескоп зможа выявіць яе ўжо ў першы год сваёй працы.
👍1711🔥6
Надвор’е ў Беларусі XVII ст. ва «Успамінах» Альбрэхта Станіслава Радзівіла

Пра запісы канцлера вялікага літоўскага (на ілюстрацыі) піша гісторык Аляксандр Субоцін у свежым зборніку «Актуальные проблемы источниковедения». 29 кастрычніка 1633 г. Альбрэхт Станіслаў Радзівіл, знаходзячыся ў Нясвіжы, апісаў незвычайную прыродную з’яву: «Глядзець на гэты дзень было страшна, таму што, калі ён надыйшоў, можна было бачыць, не без жаху, як сонца то чырванее, то зацямняецца чырвонымі хмарамі, то святлее».

Сухое надвор’е ў маі 1634 г. справакавала пажары ў гарадах. У чэрвені 1647-га аўтар апісаў з’яўленне ў Нясвіжскім замку нібыта цялегі, запрэжанай коньмі, што кацілася па двары. Гаворка магла ісці пра шаравую маланку.

У лютым 1653 г. былі частыя пацяпленні, што не дало замерзнуць рэкам, па якіх праходзіла перамяшчэнне ў зімні сезон. З-за гэтага кароль Ян Казімір, які прыбыў у Кобрын, не змог накіравацца ў паход супраць казакоў ва Украіну. Такім чынам запісы запаўняюць прабелы ў ведах пра метэаралагічнае мінулае.
21👍102
Беларускіх даследнікаў запрашаюць на рэтрыт-семінар «Акадэмічнае пісьмо па-ангельску» (падача заявак – да 1 верасня)

Афлайн-семінар ад Scholars for Belarus, прысвечаны акадэмічнаму пісьму ў галіне сацыяльна-гуманітарных навук, пройдзе ў Любліне 13 - 17 кастрычніка. Мэта – паглыбленне ў ключавыя аспекты падрыхтоўкі навуковых тэкстаў на ангельскай мове.

Праводзіць семінар будзе Джозі Дзіксан, якая мае досвед працы ў выдавецтвах Cambridge University Press і Palgrave Macmillan. Тэмы групавых майстар-класаў:
• Акадэмічнае пісьмо па-ангельску: чаго чакаюць рэдактары навуковых часопісаў?
• Падрыхтоўка навуковых публікацый для міжнародных выданняў;
• Напісанне анатацыі для артыкула.

Сярод умоваў удзелу – беларускае грамадзянства ці беларускі ВНЖ, а таксама валоданне ангельскай мовай на ўзроўні не менш, чым В2. Усе выдаткі на харчаванне, пражыванне і праезд пакрываюцца. Дэдлайн падачы заявак – 1 верасня. Усе падрабязнасці тут.
👍185🔥31
Дзве важныя знаходкі беларускіх археолагаў

Пра іх паведамляе Інстытут гісторыі НАН. Пры раскопках археалагічнага комплекса на рацэ Менка на тэрыторыі Малога гарадзішча ўпершыню знайшлі каменную ліцейную форму Х-ХІ стст. Прычым у вельмі добрай захаванасці (на здымку). Нагадаем, што раскопкамі на Менцы некалькі гадоў кіруе Андрэй Вайцяховіч. Раней навукоўцы высветлілі, калі будавалася гарадзішча на рацэ Менка.

Тым часам у Крупскім раёне на возеры Сялява на помніку Клішына 1 выявілі рэшткі яшчэ аднаго старажытнага пахавання: знойдзены фрагменты чэрапа, зубы, вялікая бярцовая костка. Дакладная храналогія пахавання будзе вызначана па выніках радыевугляроднага датавання.

Нагадаем, што на возеры Селява некалькі гадоў таму было выяўлена самае старажытнае пахаванне на тэрыторыі Беларусі: яго датавалі IX тысячагоддзем да нашай эры.
35🔥12👍7👏1
У Беларусі знайшлі новы «поўзаючы грыб»

Падчас экспедыцыйнай паездкі ў Нацыянальны парк «Белавежская пушча» навуковы супрацоўнік лабараторыі мікалогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Яўген Мароз выявіў новы для Беларусі від міксаміцэтаў – Lycogala roseosporum. Пра гэта паведамляе інстытут у сацсетках. Знаходка навукоўца – на здымку.

Міксаміцэты – клас слізевікоў (Mycetozoa), які ўключае каля 800 відаў арганізмаў, якія спалучаюць рысы як раслін, так і жывёл. Іх памер – ад некалькіх міліметраў да аднаго метра, маюць яркае афарбаванае (ад лімонна-жоўтага ды амаль чорнага).

Міксаміцэты яшчэ называюць «паўзучымі грыбамі». Яны жывуць на сырой драўніне паваленых дрэў альбо лясной подсцілцы, перамяшчаючыся ў больш цёмныя, вільготныя месцы. Міксаміцэты здольныя пераадольваць невялікія перашкоды.
21🤗9👍8🍾2
Пад Віцебскам выпадкова знайшлі бівень маманта

Падчас правядзення дарожных работ у наваколлях Віцебска будаўнікі знайшлі добра захаваны цэлы бівень маманта (на здымку). Дзякуючы беражліваму стаўленню рабочых артэфакт атрымалася дастаць без пашкоджанняў, паведамляе Інстытут гісторыі.

У жніўні 2023 года паведамлялася, што пры абследаванні акваторыі ракі Бесядзь каля вёскі Свяцілавічы Веткаўскага раёна вадалазы выявілі парэшткі маманта – аднак пра знаходку біўняў тады гаворка не ішла.

Усяго ў Беларусі налічваецца каля 200 месцаў, дзе знаходзілі парэшткі мамантаў. Верагодна, самая каштоўная знаходка была зроблена ў 2008 годзе, калі на ўскраіне Мінска на вуліцы Машынабудаўнікоў у пясчаным катлаване выпадкова знайшлі «могілкі» мамантаў.
🔥34👍115🤔1💋1
Праграма гадавых рэзідэнцый для даследнікаў у Мадрыдзе (дэдлайн – 17 верасня)

Праграма рэзідэнцый «Situated Research» ад Medialab Matadero (Мадрыд) шукае праекты, якія «занадта незвычайныя, каб упісацца ў вузкія контуры акадэмічных даследаванняў». Вітаюцца эксперыментальныя і сумесныя прапановы, якія даследуюць узаемасувязі паміж мастацтвам, дызайнам, навукай і тэхналогіямі.

Сярод дысцыплін могуць быць навукі аб навакольнае асяроддзе, філасофія, інжынерыя, сацыялогія, паліталогія, матэрыялазнаўства, дызайн, архітэктура, урбаністыка, эканоміка і г.д.

Рэзідэнцыі, падчас якіх будзе ісці праца над праектамі, працягнуцца з лістапада 2025 года па лістапад 2026 года. Працоўныя мовы – іспанская альбо англійская. Дэдлайн для падачы заявак – да 17 верасня. Усе падрабязнасці тут.
👍93🔥2🗿1
Украінскія лінгвісты: найбольш блізкая да ўкраінскай мовы не руская, а беларуская

У апошнім нумары International Journal on Culture, History, and Religion выйшаў артыкул украінскіх мовазнаўцаў пра эвалюцыю польскай і ўкраінскай моў – аднак некалькі разоў там згадваецца і беларуская.

Адзначаецца, што ў польскай мове прысутнічаюць рэдкія ўкраінізмы і русізмы. А вось польская аказала больш значны ўплыў на ўсходнеславянскія мовы, у прыватнасці, на ўкраінскую і беларускую. Даследнікі звяртаюць увагу: украінская мова (у адрозненне ад польскай) стагоддзямі падвяргалася прыгнёту з боку Расійскай імперыі. Але пры гэтым называюць вельмі спрэчным меркаванне пра дамінуючы ўплыў рускай мовы на ўкраінскую.

Большасць навукоўцаў лічаць беларускую найбольш блізкароднаснай украінскай, адзначаюць даследнікі. Згадваецца праца прафесара Канстанціна Тышчанкі, які на падставе матэматычнага аналізу даказаў, што ўкраінская мова мае 84% роднасці з беларускай, 70% з польскай, 68% са славацкай і 62% з рускай.
39🔥6👍3🤡2🏆1
Чаму самыя прыгожыя слімакі ў свеце апынуліся пад пагрозай знікнення

Кубінскія біёлагі і спецыялісты Нотынгемскага ўніверсітэта аб'ядналіся, каб выратаваць драўняны слімак Polymita, які вядомы сваёй маляўнічай ракавінай, паведамляе BBC.

Менавіта з-за сваёй прыгажосці слімакі аказаліся пад пагрозай знікнення: людзі іх збіраюць і прадаюць ракавіны. На адным з сайтаў калекцыя з сямі ракавін прадавалася за 210 долараў. У найбольшай небяспецы знаходзіцца від Polymita sulphurosa на ўсходзе Кубы.

Цяпер навукоўцы спрабуюць выправіць сітуацыю (ствараюць умовы для размнажэння Polymita у ненатуральным асяроддзі), а заадно спрабуюць раскрыць эвалюцыйную загадку: што ж зрабіла ракавіну гэтых слімакоў такой яркай? Навукоўцы спадзяюцца, што паспеюць раскрыць біялагічную таямніцу да таго, як слімакоў цалкам знішчаць браканьеры.
😢27👍5🙏32
Выйшла кніга «Таямніцы Старога Менска»

Паведамляецца, што ў выданні «даступна і захапляльна» апавядаецца пра ўзнікненне Менска на Менцы і час ягонага існавання тут з Х па сярэдзіну ХІІ стагоддзя. Аналізуюцца вынікі раскопак з 1954 па 2024 год. Наглядна паказваюцца самыя важныя знаходкі.

Падрабязна апавядаецца пра раскопкі 2023 - 2024 гадоў, калі былі адкрытыя велічныя дубовыя сцены 997 года і фактычна атрыманая новая дата заснавання горада. Выкарыстана больш за 200 ілюстрацый, многія з якіх публікуюцца ўпершыню.

У кнізе ад выдавецтва «Медыял» 96 старонак.
🔥33👍169😁3
Як на масу цела ўплываюць розныя віды стрэсу

Супрацоўнікі Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН устанавілі, што розныя віды стрэсарнага ўздзеяння аказваюць розныя эфекты на функцыю белай і бурай тлушчавай тканіны. Пра гэта паведаміла ў газеце «Навука» доктар біялагічных навук Лілія Надольнік. Навукоўцы даследавалі канцэнтрацыю фактараў росту фібрабластаў (FGF-21 і FGF-1) у белай і бурай тлушчавай тканіне пацукоў.

Вынікі паказалі, што эмацыйны стрэс (аўдыягеннае ўздзеянне), а таксама гіпадынамія (недахоп фізічнай актыўнасці) зніжаюць расходаванне ліпідаў белай тлушчавай тканіны, падвышаючы тым самым іх запасы ў арганізме, што вядзе да атлусцення.

Разам з тым актывацыя FGF-1 пры халадовым стрэсе выглядае як патэнцыйны лекавы сродак (больш эфектыўны, чым фізічная нагрузка) для павышэння энергетычнага метабалізму і зніжэння ўзроўню захворванняў, звязаных з атлусценнем. Верагодна, гартаванне халоднай вадой – спосаб павышэння ў бурай тлушчавай тканіне канцэнтрацыі FGF-1.
👍18🔥10🤔72
Якой была роля Мінска ў стасунках паміж Масквой і Варшавай у міжваенны перыяд

Летась выйшла манаграфія Вольгі Бароўскай «Беларусь у савецка-польскіх адносінах (сакавік 1921 – люты 1939 г.)». У часопісе «Весці НАН. Серыя гуманітарных навук» у рэцэнзіі на кнігу Мікалай Мязга адзначае: «Прааналізаваўшы спробы польскага ўрада ўсталяваць непасрэдныя кантакты з уладамі БССР… аўтар прыходзіць да высновы, што Савецкая Беларусь фактычна мела правы аўтаноміі ў складзе РСФСР і не магла праводзіць самастойную знешнюю палітыку. А пасля ўтварэння СССР усе знешнепалітычныя функцыі перайшлі да Саюза».

«Мелі месца факты ігнаравання цэнтрам інтарэсаў рэспублікі. Для процідзеяння… кіраўніцтва БССР, у прыватнасці, дамагалася прызначэння ў шэраг савецкіх прадстаўніцтваў за мяжой сваіх упаўнаважаных».

У кнізе закранута і пытанне пра рээвакуацыю матэрыяльных каштоўнасцей у адпаведнасці з Рыжскім дагаворам. «Адзначаны цікавыя факты, калі кіраўніцтва БССР спрабавала сабатаваць рашэнні… і ўхіляцца ад перадачы маёмасці Польшчы».
👍15🔥4🥴4
Як англійскія рыцары загінулі падчас рэйда на ВКЛ

Пра крыніцазнаўчы патэнцыял англійскіх дакументаў для ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў выпраў Тэўтонскага (Нямецкага) ордэна супраць ВКЛ піша Алег Дзярновіч у свежым зборніку «Актуальные проблемы источниковедения». У сяр. XIV ст. прадстаўнікі арыстакратыі Англіі далучаліся да выправаў з мэтаю ўдасканалення вайсковага досведу ды выканання «хрысціянскага абавязку» па зломе супраціву язычнікаў.

У 1367 - 1368 гг. у такой выправе ўдзельнічала група прадстаўнікоў эліты графства Камбрыя. Крыніцы (лісты да сваякоў, дакументы пра спадчыну, ордэнскія хронікі) дазваляюць сцвярджаць, што адным з арганізатараў гэтай выправы быў Энтані дэ Люсі, 3-і барон Люсі.

На працягу 1367 - 1368 гг. асноўныя падзеі ваеннага супрацьстаяння паміж Нямецкім Ордэнам (ілюстрацыя: Palatno) і ВКЛ разгортваліся вакол Новага Коўна, літоўскага замка, закладзенага на нёманскай выспе Віргален, каля вусця Нявяжы ў Нёмане, ніжэй Коўна. Там верагодна і загінулі прынамсі тры англійскія рыцары.
🔥18👀124🤡2🤔1
Знаёмім са зместам чарговага ліпеньскага нумара “Беларускага гістарычнага часопіса”
👍10👎8😱4😐4🥱21🔥1🤡1
Халоднае лета 2025-га. Глабальнае пацяпленне ўзяло перапынак – ці надоўга?

Лета 2025 года перапыніла шэраг гарачых рэкордаў. Упершыню за апошнія два гады сярэднія тэмпературы на працягу трох месяцаў (з мая па ліпень) пратрымаліся ніжэй за паказчык +1,5°C да даіндустрыяльнага ўзроўню, утрымаць які дамовіліся амаль усе краіны свету ў Парыжы ў 2015 годзе. Аб гэтым паведамляе BBC. Аднак навукоўцы Кліматычнага Цэнтра Каперніка (C3S) пры ЕС прапануюць не радавацца раней часу: «Гэта не азначае, што змяненне клімату спынілася».

Прахалодным ліпень выдаўся не ўсюды. Гарачэй звычайнага было ў Кітаі, Японіі і на частцы Еўропы. У Турцыі быў пабіты нацыянальны рэкорд (50,5 °C). Халодна людзям было ў Цэнтральнай Еўропе ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыках, у Індыі і Аўстраліі. Як і пінгвінам у Антарктыдзе, дзе плошча марскога лёду была ўсяго на 8% ніжэйшая за сярэднюю, што лепш за два ліпеньскія антырэкорды 2023-га і 2024-га.

У Беларусі сярэдняя тэмпература ў чэрвені была ніжэйшай за норму, а ў ліпені – вышэйшай.
🤔206👍62
Як праца італьянскага пісьменніка ХVI стагоддзя была засвоена на нашых землях у незвычайнай форме

Нядаўна выйшла кніга Уладзіміра Чароты «Італьянская літаратура на беларускіх землях у XVI - XX ст.». Пра што ў ёй ідзе гаворка можна зразумець з артыкула літаратуразнаўцы ў апошнім нумары часопіса «Весці НАН». Чарота піша: праца «De inventoribus rerum» («Пра вынаходнікаў рэчаў») Палідора Вергілія Урбінскага (1470 - 1555) была вядома на беларускіх землях у другой пал. ХVI - пач. XVII ст.

Сымон Будны спасылаўся на кнігу ў прадмове да перакладу Новага Запавету (Лоск, 1574). У «Фрынасе» (Вільня, 1610) Мялецій Сматрыцкі падаў цытату з кнігі, аўтара якой, «лісліўца Рымскага двара», абвінавачвае ў скажэнні праўды.

У 1608 г. убачыла свет кніга «Inventores rerum, альбо Кароткае апісанне, хто што вынайшаў і ва ўжытак людзям даў» Яна Пратасовіча – скарочаны пераказ у вершаванай форме працы Палідора Вергілія з уласнымі каментарыямі. Так здзяйснялася пашырэнне жанравага і тэматычнага дыяпазону літаратуры на нашых землях.
22👍11🔥7
«Лаўкавая традыцыя» як кантралюючы орган у вёсцы

Пра грамадскі статус дзяўчын у заходнепалескай вёсцы піша Аксана Селях у свежым зборніку «Беларускі фальклор. Выпуск 12». Акрамя прынцыпу родавай прыналежнасці (эпітэты-маркеры – багаты/бедны, працавіты/гультаяваты і г.д, а таксама родавыя мянушкі) грамадская думка пра дзяўчат фарміравалася калектывам старэйшых жанчын (50 гадоў і старэйшыя).

Галоўнай прыкметай групы было сумеснае баўленне часу ў межах, як выказалася адна з рэспандэнтак, «лаўкавай традыцыі». Гурт старэйшых («бабаў»), калі яны збіраліся і вялі гутаркі на розныя тэмы, моладзь успрымала ў якасці кантралюючага органа.

Бывала, жанчыны прыходзілі паназіраць за моладдзю на танцы – увага канцэнтравалася на дзяўчатах: у вочы не пачуеш крытыкі, а вось бацькам абавязкова данясуць, калі што не так. Вялікай павагай сярод хлопцаў карысталіся хвалёныя дзяўчаты. Маркер «хвалёная» ці «нехвалёная» вызначаўся старэйшымі жыхарамі вёскі. На здымку – дачка з маці з в. Вялікая Гаць Івацэвіцкага раёна, 1950 г.
23😁12🔥5🤨3🤣1
У чорных буслоў вельмі нізкая паспяховасць гнездавання: што прапануе навуковец?

Нядаўна чорны бусел быў абраны «птушкай года-2026». У Беларусі яе каля 2000 пар. Але, на жаль, паспяховасць гнездавання вельмі нізкая, піша газета «Навука». Сёлета ў заказніку «Сярэдняя Прыпяць» у 20 пар з гнязда не вылецела ніводнага птушаняці – хтосьці загінуў ад хваробы, кагосьці з'еў арлан-белахвост, некаторыя гнёзды спустошылі птушкі, нейкія пары не размнажаліся, расказаў прадстаўнік НПЦ па біярэсурсах Павел Пакуль.

Пад аховай знаходзіцца вельмі мала гнёздаў чорнага бусла – не больш за 5-10% ад агульнай колькасці. Падчас высечкі лесу гнёзды часта выпадкова руйнуюць. Таксама з-за амаладжэння лясоў птушцы не хапае прыдатных дрэў (старых, магутных, з асаблівай будовай) для стварэння гнязда.

«Неабходна арганізаваць валанцёраў для пошуку новых гнёздаў і ўзяцця іх пад ахову... Дапаможа і будаўніцтва штучных платформ для гнёздаў, каб падтрымаць папуляцыю, пакуль не вырастуць новыя прыдатныя дрэвы», – адзначыў Павел Пакуль.
😢35👍6🕊2😨2
Маеце навіны, вартыя ўвагі? Дасылайце ў «De facto. Беларуская навука»

Калі маеце інфармацыю пра новыя кнігі, даследаванні, навіны навуковай супольнасці ці пра іншае, блізкае да гэтых тэмаў, дасылайце іх для публікацыі ў канале «De facto. Беларуская навука».
Кантакт для сувязі – @klav2025
👍25🔥7🤝1