De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.38K subscribers
1.14K photos
1 video
3 files
718 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Праграма гадавых рэзідэнцый для даследнікаў у Мадрыдзе (дэдлайн – 17 верасня)

Праграма рэзідэнцый «Situated Research» ад Medialab Matadero (Мадрыд) шукае праекты, якія «занадта незвычайныя, каб упісацца ў вузкія контуры акадэмічных даследаванняў». Вітаюцца эксперыментальныя і сумесныя прапановы, якія даследуюць узаемасувязі паміж мастацтвам, дызайнам, навукай і тэхналогіямі.

Сярод дысцыплін могуць быць навукі аб навакольнае асяроддзе, філасофія, інжынерыя, сацыялогія, паліталогія, матэрыялазнаўства, дызайн, архітэктура, урбаністыка, эканоміка і г.д.

Рэзідэнцыі, падчас якіх будзе ісці праца над праектамі, працягнуцца з лістапада 2025 года па лістапад 2026 года. Працоўныя мовы – іспанская альбо англійская. Дэдлайн для падачы заявак – да 17 верасня. Усе падрабязнасці тут.
👍93🔥2🗿1
Украінскія лінгвісты: найбольш блізкая да ўкраінскай мовы не руская, а беларуская

У апошнім нумары International Journal on Culture, History, and Religion выйшаў артыкул украінскіх мовазнаўцаў пра эвалюцыю польскай і ўкраінскай моў – аднак некалькі разоў там згадваецца і беларуская.

Адзначаецца, што ў польскай мове прысутнічаюць рэдкія ўкраінізмы і русізмы. А вось польская аказала больш значны ўплыў на ўсходнеславянскія мовы, у прыватнасці, на ўкраінскую і беларускую. Даследнікі звяртаюць увагу: украінская мова (у адрозненне ад польскай) стагоддзямі падвяргалася прыгнёту з боку Расійскай імперыі. Але пры гэтым называюць вельмі спрэчным меркаванне пра дамінуючы ўплыў рускай мовы на ўкраінскую.

Большасць навукоўцаў лічаць беларускую найбольш блізкароднаснай украінскай, адзначаюць даследнікі. Згадваецца праца прафесара Канстанціна Тышчанкі, які на падставе матэматычнага аналізу даказаў, што ўкраінская мова мае 84% роднасці з беларускай, 70% з польскай, 68% са славацкай і 62% з рускай.
39🔥6👍3🤡2🏆1
Чаму самыя прыгожыя слімакі ў свеце апынуліся пад пагрозай знікнення

Кубінскія біёлагі і спецыялісты Нотынгемскага ўніверсітэта аб'ядналіся, каб выратаваць драўняны слімак Polymita, які вядомы сваёй маляўнічай ракавінай, паведамляе BBC.

Менавіта з-за сваёй прыгажосці слімакі аказаліся пад пагрозай знікнення: людзі іх збіраюць і прадаюць ракавіны. На адным з сайтаў калекцыя з сямі ракавін прадавалася за 210 долараў. У найбольшай небяспецы знаходзіцца від Polymita sulphurosa на ўсходзе Кубы.

Цяпер навукоўцы спрабуюць выправіць сітуацыю (ствараюць умовы для размнажэння Polymita у ненатуральным асяроддзі), а заадно спрабуюць раскрыць эвалюцыйную загадку: што ж зрабіла ракавіну гэтых слімакоў такой яркай? Навукоўцы спадзяюцца, што паспеюць раскрыць біялагічную таямніцу да таго, як слімакоў цалкам знішчаць браканьеры.
😢27👍5🙏32
Выйшла кніга «Таямніцы Старога Менска»

Паведамляецца, што ў выданні «даступна і захапляльна» апавядаецца пра ўзнікненне Менска на Менцы і час ягонага існавання тут з Х па сярэдзіну ХІІ стагоддзя. Аналізуюцца вынікі раскопак з 1954 па 2024 год. Наглядна паказваюцца самыя важныя знаходкі.

Падрабязна апавядаецца пра раскопкі 2023 - 2024 гадоў, калі былі адкрытыя велічныя дубовыя сцены 997 года і фактычна атрыманая новая дата заснавання горада. Выкарыстана больш за 200 ілюстрацый, многія з якіх публікуюцца ўпершыню.

У кнізе ад выдавецтва «Медыял» 96 старонак.
🔥33👍169😁3
Як на масу цела ўплываюць розныя віды стрэсу

Супрацоўнікі Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН устанавілі, што розныя віды стрэсарнага ўздзеяння аказваюць розныя эфекты на функцыю белай і бурай тлушчавай тканіны. Пра гэта паведаміла ў газеце «Навука» доктар біялагічных навук Лілія Надольнік. Навукоўцы даследавалі канцэнтрацыю фактараў росту фібрабластаў (FGF-21 і FGF-1) у белай і бурай тлушчавай тканіне пацукоў.

Вынікі паказалі, што эмацыйны стрэс (аўдыягеннае ўздзеянне), а таксама гіпадынамія (недахоп фізічнай актыўнасці) зніжаюць расходаванне ліпідаў белай тлушчавай тканіны, падвышаючы тым самым іх запасы ў арганізме, што вядзе да атлусцення.

Разам з тым актывацыя FGF-1 пры халадовым стрэсе выглядае як патэнцыйны лекавы сродак (больш эфектыўны, чым фізічная нагрузка) для павышэння энергетычнага метабалізму і зніжэння ўзроўню захворванняў, звязаных з атлусценнем. Верагодна, гартаванне халоднай вадой – спосаб павышэння ў бурай тлушчавай тканіне канцэнтрацыі FGF-1.
👍18🔥10🤔72
Якой была роля Мінска ў стасунках паміж Масквой і Варшавай у міжваенны перыяд

Летась выйшла манаграфія Вольгі Бароўскай «Беларусь у савецка-польскіх адносінах (сакавік 1921 – люты 1939 г.)». У часопісе «Весці НАН. Серыя гуманітарных навук» у рэцэнзіі на кнігу Мікалай Мязга адзначае: «Прааналізаваўшы спробы польскага ўрада ўсталяваць непасрэдныя кантакты з уладамі БССР… аўтар прыходзіць да высновы, што Савецкая Беларусь фактычна мела правы аўтаноміі ў складзе РСФСР і не магла праводзіць самастойную знешнюю палітыку. А пасля ўтварэння СССР усе знешнепалітычныя функцыі перайшлі да Саюза».

«Мелі месца факты ігнаравання цэнтрам інтарэсаў рэспублікі. Для процідзеяння… кіраўніцтва БССР, у прыватнасці, дамагалася прызначэння ў шэраг савецкіх прадстаўніцтваў за мяжой сваіх упаўнаважаных».

У кнізе закранута і пытанне пра рээвакуацыю матэрыяльных каштоўнасцей у адпаведнасці з Рыжскім дагаворам. «Адзначаны цікавыя факты, калі кіраўніцтва БССР спрабавала сабатаваць рашэнні… і ўхіляцца ад перадачы маёмасці Польшчы».
👍15🔥4🥴4
Як англійскія рыцары загінулі падчас рэйда на ВКЛ

Пра крыніцазнаўчы патэнцыял англійскіх дакументаў для ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў выпраў Тэўтонскага (Нямецкага) ордэна супраць ВКЛ піша Алег Дзярновіч у свежым зборніку «Актуальные проблемы источниковедения». У сяр. XIV ст. прадстаўнікі арыстакратыі Англіі далучаліся да выправаў з мэтаю ўдасканалення вайсковага досведу ды выканання «хрысціянскага абавязку» па зломе супраціву язычнікаў.

У 1367 - 1368 гг. у такой выправе ўдзельнічала група прадстаўнікоў эліты графства Камбрыя. Крыніцы (лісты да сваякоў, дакументы пра спадчыну, ордэнскія хронікі) дазваляюць сцвярджаць, што адным з арганізатараў гэтай выправы быў Энтані дэ Люсі, 3-і барон Люсі.

На працягу 1367 - 1368 гг. асноўныя падзеі ваеннага супрацьстаяння паміж Нямецкім Ордэнам (ілюстрацыя: Palatno) і ВКЛ разгортваліся вакол Новага Коўна, літоўскага замка, закладзенага на нёманскай выспе Віргален, каля вусця Нявяжы ў Нёмане, ніжэй Коўна. Там верагодна і загінулі прынамсі тры англійскія рыцары.
🔥18👀124🤡2🤔1
Знаёмім са зместам чарговага ліпеньскага нумара “Беларускага гістарычнага часопіса”
👍10👎8😱4😐4🥱21🔥1🤡1
Халоднае лета 2025-га. Глабальнае пацяпленне ўзяло перапынак – ці надоўга?

Лета 2025 года перапыніла шэраг гарачых рэкордаў. Упершыню за апошнія два гады сярэднія тэмпературы на працягу трох месяцаў (з мая па ліпень) пратрымаліся ніжэй за паказчык +1,5°C да даіндустрыяльнага ўзроўню, утрымаць які дамовіліся амаль усе краіны свету ў Парыжы ў 2015 годзе. Аб гэтым паведамляе BBC. Аднак навукоўцы Кліматычнага Цэнтра Каперніка (C3S) пры ЕС прапануюць не радавацца раней часу: «Гэта не азначае, што змяненне клімату спынілася».

Прахалодным ліпень выдаўся не ўсюды. Гарачэй звычайнага было ў Кітаі, Японіі і на частцы Еўропы. У Турцыі быў пабіты нацыянальны рэкорд (50,5 °C). Халодна людзям было ў Цэнтральнай Еўропе ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыках, у Індыі і Аўстраліі. Як і пінгвінам у Антарктыдзе, дзе плошча марскога лёду была ўсяго на 8% ніжэйшая за сярэднюю, што лепш за два ліпеньскія антырэкорды 2023-га і 2024-га.

У Беларусі сярэдняя тэмпература ў чэрвені была ніжэйшай за норму, а ў ліпені – вышэйшай.
🤔206👍62
Як праца італьянскага пісьменніка ХVI стагоддзя была засвоена на нашых землях у незвычайнай форме

Нядаўна выйшла кніга Уладзіміра Чароты «Італьянская літаратура на беларускіх землях у XVI - XX ст.». Пра што ў ёй ідзе гаворка можна зразумець з артыкула літаратуразнаўцы ў апошнім нумары часопіса «Весці НАН». Чарота піша: праца «De inventoribus rerum» («Пра вынаходнікаў рэчаў») Палідора Вергілія Урбінскага (1470 - 1555) была вядома на беларускіх землях у другой пал. ХVI - пач. XVII ст.

Сымон Будны спасылаўся на кнігу ў прадмове да перакладу Новага Запавету (Лоск, 1574). У «Фрынасе» (Вільня, 1610) Мялецій Сматрыцкі падаў цытату з кнігі, аўтара якой, «лісліўца Рымскага двара», абвінавачвае ў скажэнні праўды.

У 1608 г. убачыла свет кніга «Inventores rerum, альбо Кароткае апісанне, хто што вынайшаў і ва ўжытак людзям даў» Яна Пратасовіча – скарочаны пераказ у вершаванай форме працы Палідора Вергілія з уласнымі каментарыямі. Так здзяйснялася пашырэнне жанравага і тэматычнага дыяпазону літаратуры на нашых землях.
22👍11🔥7
«Лаўкавая традыцыя» як кантралюючы орган у вёсцы

Пра грамадскі статус дзяўчын у заходнепалескай вёсцы піша Аксана Селях у свежым зборніку «Беларускі фальклор. Выпуск 12». Акрамя прынцыпу родавай прыналежнасці (эпітэты-маркеры – багаты/бедны, працавіты/гультаяваты і г.д, а таксама родавыя мянушкі) грамадская думка пра дзяўчат фарміравалася калектывам старэйшых жанчын (50 гадоў і старэйшыя).

Галоўнай прыкметай групы было сумеснае баўленне часу ў межах, як выказалася адна з рэспандэнтак, «лаўкавай традыцыі». Гурт старэйшых («бабаў»), калі яны збіраліся і вялі гутаркі на розныя тэмы, моладзь успрымала ў якасці кантралюючага органа.

Бывала, жанчыны прыходзілі паназіраць за моладдзю на танцы – увага канцэнтравалася на дзяўчатах: у вочы не пачуеш крытыкі, а вось бацькам абавязкова данясуць, калі што не так. Вялікай павагай сярод хлопцаў карысталіся хвалёныя дзяўчаты. Маркер «хвалёная» ці «нехвалёная» вызначаўся старэйшымі жыхарамі вёскі. На здымку – дачка з маці з в. Вялікая Гаць Івацэвіцкага раёна, 1950 г.
23😁12🔥5🤨3🤣1
У чорных буслоў вельмі нізкая паспяховасць гнездавання: што прапануе навуковец?

Нядаўна чорны бусел быў абраны «птушкай года-2026». У Беларусі яе каля 2000 пар. Але, на жаль, паспяховасць гнездавання вельмі нізкая, піша газета «Навука». Сёлета ў заказніку «Сярэдняя Прыпяць» у 20 пар з гнязда не вылецела ніводнага птушаняці – хтосьці загінуў ад хваробы, кагосьці з'еў арлан-белахвост, некаторыя гнёзды спустошылі птушкі, нейкія пары не размнажаліся, расказаў прадстаўнік НПЦ па біярэсурсах Павел Пакуль.

Пад аховай знаходзіцца вельмі мала гнёздаў чорнага бусла – не больш за 5-10% ад агульнай колькасці. Падчас высечкі лесу гнёзды часта выпадкова руйнуюць. Таксама з-за амаладжэння лясоў птушцы не хапае прыдатных дрэў (старых, магутных, з асаблівай будовай) для стварэння гнязда.

«Неабходна арганізаваць валанцёраў для пошуку новых гнёздаў і ўзяцця іх пад ахову... Дапаможа і будаўніцтва штучных платформ для гнёздаў, каб падтрымаць папуляцыю, пакуль не вырастуць новыя прыдатныя дрэвы», – адзначыў Павел Пакуль.
😢35👍6🕊2😨2
Маеце навіны, вартыя ўвагі? Дасылайце ў «De facto. Беларуская навука»

Калі маеце інфармацыю пра новыя кнігі, даследаванні, навіны навуковай супольнасці ці пра іншае, блізкае да гэтых тэмаў, дасылайце іх для публікацыі ў канале «De facto. Беларуская навука».
Кантакт для сувязі – @klav2025
👍25🔥7🤝1
Якія колеры дамінавалі ў шкляных бранзалетах у старажытным Тураве

Пра гэта піша Кацярына Кухарава ў першым нумары «Весніка Полацкага дзяржуніверсітэта» за 2024 год. Яна прааналізавала 715 экзэмпляраў бранзалетаў – 713 фрагментаў і 2 цэлых вырабаў (матэрыялы даследаванняў П.Ф. Лысенкі 1968 і 1992 гг.) – з тэрыторыі старажытнага Турава.

Дыяметр большасці ўпісваецца ў 5-6 см (82%). Адносна формы пераважаюць гладкія акруглага сячэння – 57% (на здымку – 4-5, 7) і кручаныя – 38% (на здымку – 6, 8-13, 16, 25). Колеравая гама вылучаецца дамінаваннем адценняў зялёнага, бірузовага і карычневага, менш прадстаўлены вырабы сінія, фіялетавыя і жоўтыя, у адзінкавых экзэмплярах – чырвоныя.

Дэкор маюць 13%, самы распаўсюджаны спосаб – перавіццё жоўтай непразрыстай ніццю. Вылучана спецыфічная група вырабаў – з металічным дротам унутры шклянога абруча (на здымку – 22-23, 26). Аднак мэта і спосаб яго ўвядзення пакуль застаюцца нераскрытымі. Трываласці вырабу дрот не дадае – з’яўляецца занадта тонкім.
31👍8😍3
У рэчышча XIX стагоддзя вярнулі раку Нараўка ў Белавежскай пушчы. Навошта?

Працы пачалі ў чэрвені і скончылі 15 жніўня (на здымку), паведамляе навуковы аддзел Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». Праблема складалася ў тым, што ў канцы XIX стагоддзя рэчышча ракі змянілі пад патрэбы лесанарыхтоўшчыкаў (Нараўка стала нагадваць прамы канал), каб сплаўляць таварную драўніну да Балтыйскага мора: хвоя з Белавежскай пушчы лічылася адной з лепшых для суднабудавання дзякуючы спалучэнню вышыні, прамізны, трываласці і лёгкасці.

У выніку гэтага рашэння, а таксама меліярацыі на прылеглай тэрыторыі, узровень вады знізіўся на 1,5 метра, экасістэма парушылася, зніклі звыклыя ўмовы для рэдкіх птушак і жывёл, усыхаў рэліктавы лес.

Абгрунтаванне для вяртання ракі ў старое рэчышча падрыхтавалі навукоўцы з Нацпарка «Белавежская пушча» і Інстытута эксперыментальнай батанікі. Даўжыня ракі Нараўка ў Беларусі і Польшчы складае 61 км, на тэрыторыі нашай краіны – 21,7 км.
❤‍🔥41🔥11👍75🥰1🏆1
Знайшлі новыя доказы існавання «па суседству з Зямлёй» вялізнай планеты

У бліжэйшай да нас зорнай сістэме, на адлегласці ўсяго чатырох з паловай светлавых гадоў ад Зямлі, можа знаходзіцца газавы гігант, вялізная планета тыпу Юпітэра або Сатурна – навукоўцы знайшлі доказы яе існавання. На выгляд яна знежывелая, але можа мець спадарожнікі, умовы на якіх прыдатныя для жыцця, паведамляе BBC.

Прыкметы існавання гэтай планеты выяўлены ў сістэме Альфа Цэнтаўра з дапамогай магутнага касмічнага тэлескопа «Джэймс Уэб». Астраномам трэба пацвердзіць усё паўторнымі назіраннямі. Асаблівую цікавасць выклікае тое, што зорка, вакол якой круціцца патэнцыйная планета, падобная да нашага Сонца.

«Чатыры светлавыя гады – гэта далёка, але па галактычных мерках – зусім побач, гэта «наш раён», – кажа доктар Карлі Ховетт з Оксфардскага ўніверсітэта. На ілюстрацыі – як можа выглядаць новая планета (наша Сонца – маленькая кропка паміж дзвюма яркімі зоркамі справа і злева).
👍19🔥13😁53
Як у падручніках Беларусі, Украіны і Расіі адрозніваюцца погляды на Старажытнарускую дзяржаўнасць

Пра гэта піша расійскі гісторык Дзмітрый Сялькоў у адным з леташніх нумароў «Весніка Удмурцкага ўніверсітэта». У падручніках РФ і Беларусі погляды на з'яўленне старажытнарускай дзяржаўнасці вельмі падобныя, адзначае ён.

Адзінае значнае адрозненне – у беларускіх падручніках адным з цэнтраў нароўні з Кіевам і Ноўгарадам называецца Полацк (на здымку – помнік князю Усяславу Брачыславічу). Ва ўкраінскіх жа падручніках дзяржаўнасць пачынаецца не з Рурыка, а з Аскольда і Дзіра, г.зн. яна развіваецца без значнага варажскага ўплыву.

У расійскіх і, радзей, беларускіх падручніках асноўныя «пераломныя моманты» – рэформы Вольгі і прыняцце хрысціянства пры яе ўнуку Уладзіміру Святаславічу. Ва ўкраінскіх этапы развіцця да праўлення Уладзіміра – чарада рэформаў. Больш за тое, Старажытная Русь («Русь-Украіна») прэзентуецца як цэнтралізаваная дзяржава і, радзей, як імперыя. А таксама як «першая ўкраінская дзяржава» ў гісторыі.
🤔15👍112
Выйшла кніга «"Толькі б людзі не журыліся": творчы лёс Андрэя Макаёнка»

У манаграфіі літаратуразнаўцы Сцяпана Лаўшука разглядаецца станаўленне творчай асобы найбуйнейшага беларускага камедыёграфа-сатырыка Андрэя Макаёнка, адзначаецца вялікі ўклад яго творчасці ў развіццё паасобных жанраў айчыннай драматургіі.

Увядзенне ў навуковы ўжытак новых фактаў біяграфіі пісьменніка дапамагае больш глыбока раскрыць мастацкую задуму некаторых яго твораў. У кнізе 258 старонак.

У лістападзе будзе адзначацца 105 гадоў з дня нараджэння Андрэя Макаёнка (1920 - 1982 гг.), драматурга, народнага пісьменніка БССР (1977). Назва манаграфіі адсылае да назвы яго камедыі «Каб людзі не журыліся».
👍1411🔥2
На Смаленшчыне дагэтуль фіксуецца вялікая колькасць беларусізмаў

Пра вынікі жнівеньскай экспедыцыі ў вёскі Руднянскага раёна Смаленскай вобласці РФ паведаміла газеце «Навука» прадстаўніца Інстытута мовазнаўства Вераніка Курцова.

«Прысутнасць істотнай колькасці беларусізмаў у руднянскіх гаворках невыпадковая: гэту тэрыторыю лінгвісты вызначаюць як моўную прастору, якой гістарычна былі ўласцівы беларускія рысы. Самае цікавае, што і самі тутэйшыя жыхары падкрэсліваюць, што гавораць яны, як і беларусы, што жывуць па суседству. Але такое беларускае паводле сваіх асаблівасцей маўленне пачуеш толькі ад старэйшага пакалення», – адзначыла Курцова.

Навукоўцаў уразіла загадчыца бібліятэкі ў вёсцы Панізоўе Таццяна Цітова. Яна склала невялічкі «Словарь диалектизмов Понизовского края» (на здымку). Другое выданне адбылося ў 2025 г., у яго ўвайшлі словы, многія з якіх добра ведаюць не толькі жыхары памежных раёнаў Віцебшчыны, але і ўсёй Беларусі. Летась паведамлялася, чаму не атрымалася беларусізацыя на ўскраінах РСФСР.
👍3218🔥6🤩1💯1