De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.38K subscribers
1.14K photos
1 video
3 files
718 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Чаму самыя прыгожыя слімакі ў свеце апынуліся пад пагрозай знікнення

Кубінскія біёлагі і спецыялісты Нотынгемскага ўніверсітэта аб'ядналіся, каб выратаваць драўняны слімак Polymita, які вядомы сваёй маляўнічай ракавінай, паведамляе BBC.

Менавіта з-за сваёй прыгажосці слімакі аказаліся пад пагрозай знікнення: людзі іх збіраюць і прадаюць ракавіны. На адным з сайтаў калекцыя з сямі ракавін прадавалася за 210 долараў. У найбольшай небяспецы знаходзіцца від Polymita sulphurosa на ўсходзе Кубы.

Цяпер навукоўцы спрабуюць выправіць сітуацыю (ствараюць умовы для размнажэння Polymita у ненатуральным асяроддзі), а заадно спрабуюць раскрыць эвалюцыйную загадку: што ж зрабіла ракавіну гэтых слімакоў такой яркай? Навукоўцы спадзяюцца, што паспеюць раскрыць біялагічную таямніцу да таго, як слімакоў цалкам знішчаць браканьеры.
😢27👍5🙏32
Выйшла кніга «Таямніцы Старога Менска»

Паведамляецца, што ў выданні «даступна і захапляльна» апавядаецца пра ўзнікненне Менска на Менцы і час ягонага існавання тут з Х па сярэдзіну ХІІ стагоддзя. Аналізуюцца вынікі раскопак з 1954 па 2024 год. Наглядна паказваюцца самыя важныя знаходкі.

Падрабязна апавядаецца пра раскопкі 2023 - 2024 гадоў, калі былі адкрытыя велічныя дубовыя сцены 997 года і фактычна атрыманая новая дата заснавання горада. Выкарыстана больш за 200 ілюстрацый, многія з якіх публікуюцца ўпершыню.

У кнізе ад выдавецтва «Медыял» 96 старонак.
🔥33👍169😁3
Як на масу цела ўплываюць розныя віды стрэсу

Супрацоўнікі Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН устанавілі, што розныя віды стрэсарнага ўздзеяння аказваюць розныя эфекты на функцыю белай і бурай тлушчавай тканіны. Пра гэта паведаміла ў газеце «Навука» доктар біялагічных навук Лілія Надольнік. Навукоўцы даследавалі канцэнтрацыю фактараў росту фібрабластаў (FGF-21 і FGF-1) у белай і бурай тлушчавай тканіне пацукоў.

Вынікі паказалі, што эмацыйны стрэс (аўдыягеннае ўздзеянне), а таксама гіпадынамія (недахоп фізічнай актыўнасці) зніжаюць расходаванне ліпідаў белай тлушчавай тканіны, падвышаючы тым самым іх запасы ў арганізме, што вядзе да атлусцення.

Разам з тым актывацыя FGF-1 пры халадовым стрэсе выглядае як патэнцыйны лекавы сродак (больш эфектыўны, чым фізічная нагрузка) для павышэння энергетычнага метабалізму і зніжэння ўзроўню захворванняў, звязаных з атлусценнем. Верагодна, гартаванне халоднай вадой – спосаб павышэння ў бурай тлушчавай тканіне канцэнтрацыі FGF-1.
👍18🔥10🤔72
Якой была роля Мінска ў стасунках паміж Масквой і Варшавай у міжваенны перыяд

Летась выйшла манаграфія Вольгі Бароўскай «Беларусь у савецка-польскіх адносінах (сакавік 1921 – люты 1939 г.)». У часопісе «Весці НАН. Серыя гуманітарных навук» у рэцэнзіі на кнігу Мікалай Мязга адзначае: «Прааналізаваўшы спробы польскага ўрада ўсталяваць непасрэдныя кантакты з уладамі БССР… аўтар прыходзіць да высновы, што Савецкая Беларусь фактычна мела правы аўтаноміі ў складзе РСФСР і не магла праводзіць самастойную знешнюю палітыку. А пасля ўтварэння СССР усе знешнепалітычныя функцыі перайшлі да Саюза».

«Мелі месца факты ігнаравання цэнтрам інтарэсаў рэспублікі. Для процідзеяння… кіраўніцтва БССР, у прыватнасці, дамагалася прызначэння ў шэраг савецкіх прадстаўніцтваў за мяжой сваіх упаўнаважаных».

У кнізе закранута і пытанне пра рээвакуацыю матэрыяльных каштоўнасцей у адпаведнасці з Рыжскім дагаворам. «Адзначаны цікавыя факты, калі кіраўніцтва БССР спрабавала сабатаваць рашэнні… і ўхіляцца ад перадачы маёмасці Польшчы».
👍15🔥4🥴4
Як англійскія рыцары загінулі падчас рэйда на ВКЛ

Пра крыніцазнаўчы патэнцыял англійскіх дакументаў для ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў выпраў Тэўтонскага (Нямецкага) ордэна супраць ВКЛ піша Алег Дзярновіч у свежым зборніку «Актуальные проблемы источниковедения». У сяр. XIV ст. прадстаўнікі арыстакратыі Англіі далучаліся да выправаў з мэтаю ўдасканалення вайсковага досведу ды выканання «хрысціянскага абавязку» па зломе супраціву язычнікаў.

У 1367 - 1368 гг. у такой выправе ўдзельнічала група прадстаўнікоў эліты графства Камбрыя. Крыніцы (лісты да сваякоў, дакументы пра спадчыну, ордэнскія хронікі) дазваляюць сцвярджаць, што адным з арганізатараў гэтай выправы быў Энтані дэ Люсі, 3-і барон Люсі.

На працягу 1367 - 1368 гг. асноўныя падзеі ваеннага супрацьстаяння паміж Нямецкім Ордэнам (ілюстрацыя: Palatno) і ВКЛ разгортваліся вакол Новага Коўна, літоўскага замка, закладзенага на нёманскай выспе Віргален, каля вусця Нявяжы ў Нёмане, ніжэй Коўна. Там верагодна і загінулі прынамсі тры англійскія рыцары.
🔥18👀124🤡2🤔1
Знаёмім са зместам чарговага ліпеньскага нумара “Беларускага гістарычнага часопіса”
👍10👎8😱4😐4🥱21🔥1🤡1
Халоднае лета 2025-га. Глабальнае пацяпленне ўзяло перапынак – ці надоўга?

Лета 2025 года перапыніла шэраг гарачых рэкордаў. Упершыню за апошнія два гады сярэднія тэмпературы на працягу трох месяцаў (з мая па ліпень) пратрымаліся ніжэй за паказчык +1,5°C да даіндустрыяльнага ўзроўню, утрымаць які дамовіліся амаль усе краіны свету ў Парыжы ў 2015 годзе. Аб гэтым паведамляе BBC. Аднак навукоўцы Кліматычнага Цэнтра Каперніка (C3S) пры ЕС прапануюць не радавацца раней часу: «Гэта не азначае, што змяненне клімату спынілася».

Прахалодным ліпень выдаўся не ўсюды. Гарачэй звычайнага было ў Кітаі, Японіі і на частцы Еўропы. У Турцыі быў пабіты нацыянальны рэкорд (50,5 °C). Халодна людзям было ў Цэнтральнай Еўропе ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыках, у Індыі і Аўстраліі. Як і пінгвінам у Антарктыдзе, дзе плошча марскога лёду была ўсяго на 8% ніжэйшая за сярэднюю, што лепш за два ліпеньскія антырэкорды 2023-га і 2024-га.

У Беларусі сярэдняя тэмпература ў чэрвені была ніжэйшай за норму, а ў ліпені – вышэйшай.
🤔206👍62
Як праца італьянскага пісьменніка ХVI стагоддзя была засвоена на нашых землях у незвычайнай форме

Нядаўна выйшла кніга Уладзіміра Чароты «Італьянская літаратура на беларускіх землях у XVI - XX ст.». Пра што ў ёй ідзе гаворка можна зразумець з артыкула літаратуразнаўцы ў апошнім нумары часопіса «Весці НАН». Чарота піша: праца «De inventoribus rerum» («Пра вынаходнікаў рэчаў») Палідора Вергілія Урбінскага (1470 - 1555) была вядома на беларускіх землях у другой пал. ХVI - пач. XVII ст.

Сымон Будны спасылаўся на кнігу ў прадмове да перакладу Новага Запавету (Лоск, 1574). У «Фрынасе» (Вільня, 1610) Мялецій Сматрыцкі падаў цытату з кнігі, аўтара якой, «лісліўца Рымскага двара», абвінавачвае ў скажэнні праўды.

У 1608 г. убачыла свет кніга «Inventores rerum, альбо Кароткае апісанне, хто што вынайшаў і ва ўжытак людзям даў» Яна Пратасовіча – скарочаны пераказ у вершаванай форме працы Палідора Вергілія з уласнымі каментарыямі. Так здзяйснялася пашырэнне жанравага і тэматычнага дыяпазону літаратуры на нашых землях.
22👍11🔥7
«Лаўкавая традыцыя» як кантралюючы орган у вёсцы

Пра грамадскі статус дзяўчын у заходнепалескай вёсцы піша Аксана Селях у свежым зборніку «Беларускі фальклор. Выпуск 12». Акрамя прынцыпу родавай прыналежнасці (эпітэты-маркеры – багаты/бедны, працавіты/гультаяваты і г.д, а таксама родавыя мянушкі) грамадская думка пра дзяўчат фарміравалася калектывам старэйшых жанчын (50 гадоў і старэйшыя).

Галоўнай прыкметай групы было сумеснае баўленне часу ў межах, як выказалася адна з рэспандэнтак, «лаўкавай традыцыі». Гурт старэйшых («бабаў»), калі яны збіраліся і вялі гутаркі на розныя тэмы, моладзь успрымала ў якасці кантралюючага органа.

Бывала, жанчыны прыходзілі паназіраць за моладдзю на танцы – увага канцэнтравалася на дзяўчатах: у вочы не пачуеш крытыкі, а вось бацькам абавязкова данясуць, калі што не так. Вялікай павагай сярод хлопцаў карысталіся хвалёныя дзяўчаты. Маркер «хвалёная» ці «нехвалёная» вызначаўся старэйшымі жыхарамі вёскі. На здымку – дачка з маці з в. Вялікая Гаць Івацэвіцкага раёна, 1950 г.
23😁12🔥5🤨3🤣1
У чорных буслоў вельмі нізкая паспяховасць гнездавання: што прапануе навуковец?

Нядаўна чорны бусел быў абраны «птушкай года-2026». У Беларусі яе каля 2000 пар. Але, на жаль, паспяховасць гнездавання вельмі нізкая, піша газета «Навука». Сёлета ў заказніку «Сярэдняя Прыпяць» у 20 пар з гнязда не вылецела ніводнага птушаняці – хтосьці загінуў ад хваробы, кагосьці з'еў арлан-белахвост, некаторыя гнёзды спустошылі птушкі, нейкія пары не размнажаліся, расказаў прадстаўнік НПЦ па біярэсурсах Павел Пакуль.

Пад аховай знаходзіцца вельмі мала гнёздаў чорнага бусла – не больш за 5-10% ад агульнай колькасці. Падчас высечкі лесу гнёзды часта выпадкова руйнуюць. Таксама з-за амаладжэння лясоў птушцы не хапае прыдатных дрэў (старых, магутных, з асаблівай будовай) для стварэння гнязда.

«Неабходна арганізаваць валанцёраў для пошуку новых гнёздаў і ўзяцця іх пад ахову... Дапаможа і будаўніцтва штучных платформ для гнёздаў, каб падтрымаць папуляцыю, пакуль не вырастуць новыя прыдатныя дрэвы», – адзначыў Павел Пакуль.
😢35👍6🕊2😨2
Маеце навіны, вартыя ўвагі? Дасылайце ў «De facto. Беларуская навука»

Калі маеце інфармацыю пра новыя кнігі, даследаванні, навіны навуковай супольнасці ці пра іншае, блізкае да гэтых тэмаў, дасылайце іх для публікацыі ў канале «De facto. Беларуская навука».
Кантакт для сувязі – @klav2025
👍25🔥7🤝1
Якія колеры дамінавалі ў шкляных бранзалетах у старажытным Тураве

Пра гэта піша Кацярына Кухарава ў першым нумары «Весніка Полацкага дзяржуніверсітэта» за 2024 год. Яна прааналізавала 715 экзэмпляраў бранзалетаў – 713 фрагментаў і 2 цэлых вырабаў (матэрыялы даследаванняў П.Ф. Лысенкі 1968 і 1992 гг.) – з тэрыторыі старажытнага Турава.

Дыяметр большасці ўпісваецца ў 5-6 см (82%). Адносна формы пераважаюць гладкія акруглага сячэння – 57% (на здымку – 4-5, 7) і кручаныя – 38% (на здымку – 6, 8-13, 16, 25). Колеравая гама вылучаецца дамінаваннем адценняў зялёнага, бірузовага і карычневага, менш прадстаўлены вырабы сінія, фіялетавыя і жоўтыя, у адзінкавых экзэмплярах – чырвоныя.

Дэкор маюць 13%, самы распаўсюджаны спосаб – перавіццё жоўтай непразрыстай ніццю. Вылучана спецыфічная група вырабаў – з металічным дротам унутры шклянога абруча (на здымку – 22-23, 26). Аднак мэта і спосаб яго ўвядзення пакуль застаюцца нераскрытымі. Трываласці вырабу дрот не дадае – з’яўляецца занадта тонкім.
31👍8😍3
У рэчышча XIX стагоддзя вярнулі раку Нараўка ў Белавежскай пушчы. Навошта?

Працы пачалі ў чэрвені і скончылі 15 жніўня (на здымку), паведамляе навуковы аддзел Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». Праблема складалася ў тым, што ў канцы XIX стагоддзя рэчышча ракі змянілі пад патрэбы лесанарыхтоўшчыкаў (Нараўка стала нагадваць прамы канал), каб сплаўляць таварную драўніну да Балтыйскага мора: хвоя з Белавежскай пушчы лічылася адной з лепшых для суднабудавання дзякуючы спалучэнню вышыні, прамізны, трываласці і лёгкасці.

У выніку гэтага рашэння, а таксама меліярацыі на прылеглай тэрыторыі, узровень вады знізіўся на 1,5 метра, экасістэма парушылася, зніклі звыклыя ўмовы для рэдкіх птушак і жывёл, усыхаў рэліктавы лес.

Абгрунтаванне для вяртання ракі ў старое рэчышча падрыхтавалі навукоўцы з Нацпарка «Белавежская пушча» і Інстытута эксперыментальнай батанікі. Даўжыня ракі Нараўка ў Беларусі і Польшчы складае 61 км, на тэрыторыі нашай краіны – 21,7 км.
❤‍🔥41🔥11👍75🥰1🏆1
Знайшлі новыя доказы існавання «па суседству з Зямлёй» вялізнай планеты

У бліжэйшай да нас зорнай сістэме, на адлегласці ўсяго чатырох з паловай светлавых гадоў ад Зямлі, можа знаходзіцца газавы гігант, вялізная планета тыпу Юпітэра або Сатурна – навукоўцы знайшлі доказы яе існавання. На выгляд яна знежывелая, але можа мець спадарожнікі, умовы на якіх прыдатныя для жыцця, паведамляе BBC.

Прыкметы існавання гэтай планеты выяўлены ў сістэме Альфа Цэнтаўра з дапамогай магутнага касмічнага тэлескопа «Джэймс Уэб». Астраномам трэба пацвердзіць усё паўторнымі назіраннямі. Асаблівую цікавасць выклікае тое, што зорка, вакол якой круціцца патэнцыйная планета, падобная да нашага Сонца.

«Чатыры светлавыя гады – гэта далёка, але па галактычных мерках – зусім побач, гэта «наш раён», – кажа доктар Карлі Ховетт з Оксфардскага ўніверсітэта. На ілюстрацыі – як можа выглядаць новая планета (наша Сонца – маленькая кропка паміж дзвюма яркімі зоркамі справа і злева).
👍19🔥13😁53
Як у падручніках Беларусі, Украіны і Расіі адрозніваюцца погляды на Старажытнарускую дзяржаўнасць

Пра гэта піша расійскі гісторык Дзмітрый Сялькоў у адным з леташніх нумароў «Весніка Удмурцкага ўніверсітэта». У падручніках РФ і Беларусі погляды на з'яўленне старажытнарускай дзяржаўнасці вельмі падобныя, адзначае ён.

Адзінае значнае адрозненне – у беларускіх падручніках адным з цэнтраў нароўні з Кіевам і Ноўгарадам называецца Полацк (на здымку – помнік князю Усяславу Брачыславічу). Ва ўкраінскіх жа падручніках дзяржаўнасць пачынаецца не з Рурыка, а з Аскольда і Дзіра, г.зн. яна развіваецца без значнага варажскага ўплыву.

У расійскіх і, радзей, беларускіх падручніках асноўныя «пераломныя моманты» – рэформы Вольгі і прыняцце хрысціянства пры яе ўнуку Уладзіміру Святаславічу. Ва ўкраінскіх этапы развіцця да праўлення Уладзіміра – чарада рэформаў. Больш за тое, Старажытная Русь («Русь-Украіна») прэзентуецца як цэнтралізаваная дзяржава і, радзей, як імперыя. А таксама як «першая ўкраінская дзяржава» ў гісторыі.
🤔15👍112
Выйшла кніга «"Толькі б людзі не журыліся": творчы лёс Андрэя Макаёнка»

У манаграфіі літаратуразнаўцы Сцяпана Лаўшука разглядаецца станаўленне творчай асобы найбуйнейшага беларускага камедыёграфа-сатырыка Андрэя Макаёнка, адзначаецца вялікі ўклад яго творчасці ў развіццё паасобных жанраў айчыннай драматургіі.

Увядзенне ў навуковы ўжытак новых фактаў біяграфіі пісьменніка дапамагае больш глыбока раскрыць мастацкую задуму некаторых яго твораў. У кнізе 258 старонак.

У лістападзе будзе адзначацца 105 гадоў з дня нараджэння Андрэя Макаёнка (1920 - 1982 гг.), драматурга, народнага пісьменніка БССР (1977). Назва манаграфіі адсылае да назвы яго камедыі «Каб людзі не журыліся».
👍1411🔥2
На Смаленшчыне дагэтуль фіксуецца вялікая колькасць беларусізмаў

Пра вынікі жнівеньскай экспедыцыі ў вёскі Руднянскага раёна Смаленскай вобласці РФ паведаміла газеце «Навука» прадстаўніца Інстытута мовазнаўства Вераніка Курцова.

«Прысутнасць істотнай колькасці беларусізмаў у руднянскіх гаворках невыпадковая: гэту тэрыторыю лінгвісты вызначаюць як моўную прастору, якой гістарычна былі ўласцівы беларускія рысы. Самае цікавае, што і самі тутэйшыя жыхары падкрэсліваюць, што гавораць яны, як і беларусы, што жывуць па суседству. Але такое беларускае паводле сваіх асаблівасцей маўленне пачуеш толькі ад старэйшага пакалення», – адзначыла Курцова.

Навукоўцаў уразіла загадчыца бібліятэкі ў вёсцы Панізоўе Таццяна Цітова. Яна склала невялічкі «Словарь диалектизмов Понизовского края» (на здымку). Другое выданне адбылося ў 2025 г., у яго ўвайшлі словы, многія з якіх добра ведаюць не толькі жыхары памежных раёнаў Віцебшчыны, але і ўсёй Беларусі. Летась паведамлялася, чаму не атрымалася беларусізацыя на ўскраінах РСФСР.
👍3218🔥6🤩1💯1
Выйшла кніга «Вайсковыя могілкі ў Мінску. Зберагаючы памяць»

Аўтары – Юрый Тамковіч і Павел Каралёў – на падставе архіўных крыніц, перыёдыкі, успамінаў мінчан упершыню грунтоўна паказваюць гісторыю славутага некропаля. Нададзена ўвага гістарычным, мастацкім, моўным асаблівасцям могілак. У выданні 388 старонак, з якіх больш за 70 складаюць ілюстрацыі.

Аўтары звяртаюцца да пытання належнай аховы і вывучэння некропаля, зберажэння яго адметнасцяў — ад простых самаробных помнікаў да манументальных абеліскаў. Спіс пахаваных з надмагільнымі інскрыпцыямі дапаможа многім сваякам у справе вывучэння генеалогіі.

Гісторык Сяргей Грунтоў адзначае ў сацсетках: «Думаю, гэта важнейшае выданне як для даследчыкаў нашых могілак, так і для спецыялістаў па гісторыі Мінска. Адна з тых кніг, якія будуць браць з паліцы і праз сто год, тым больш што лёс гістарычных пахаванняў на Вайсковых нават і праз дзесяцігоддзе нам сёння цяжка прадказаць».
21👍17🔥4🤔2🍓1
Быў і гумар. Пра што сведчаць надпісы-­графіці ў полацкай Спаса-Праабражэнскай царкве

Пра надпісы, зробленыя ў перыяды Сярэднявечча і Новага часу, піша Іна Калечыц у апошнім нумары часопіса «Весці НАН». Аналіз паказвае: аўтараў графіці больш цікавілі рэаліі жыцця, якія існавалі побач: святары, якія служылі ў манастыры, ігуменні, якія яго ўзначальвалі. Нават інфармацыя пра смерць караля Казіміра падаецца ў сувязі з прыездам яго сына ў Полацк.

Большасць графіці пакінута не ў алтарнай частцы, а на слупах царквы, дзе надпісы маглі прадрапаць клірашане, манахіні або прыхаджане. Верагодна, большасць пакінулі, усё ж такі, шкаляры, адзначае Іна Калечыц, якая нядаўна выдала кнігу пра Спаса-Праабражэнскую царкву.

Пра адно з графіці, зробленых у XV стагоддзі, гісторык піша: «А вось на хорах згадванне дыякана суправаджаецца негатыўным падтэкстам... Слова «дыякан» тлумачыць гумарыстычны малюнак, на якім ёсць выява дыякана – зверху, а ўнізе – чалавека, які цягне да яго рукі. Малюнак перакрэслены» (на ілюстрацыі).
😁20🔥8👍21🐳1