De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.38K subscribers
1.15K photos
1 video
3 files
718 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Як англійскія рыцары загінулі падчас рэйда на ВКЛ

Пра крыніцазнаўчы патэнцыял англійскіх дакументаў для ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў выпраў Тэўтонскага (Нямецкага) ордэна супраць ВКЛ піша Алег Дзярновіч у свежым зборніку «Актуальные проблемы источниковедения». У сяр. XIV ст. прадстаўнікі арыстакратыі Англіі далучаліся да выправаў з мэтаю ўдасканалення вайсковага досведу ды выканання «хрысціянскага абавязку» па зломе супраціву язычнікаў.

У 1367 - 1368 гг. у такой выправе ўдзельнічала група прадстаўнікоў эліты графства Камбрыя. Крыніцы (лісты да сваякоў, дакументы пра спадчыну, ордэнскія хронікі) дазваляюць сцвярджаць, што адным з арганізатараў гэтай выправы быў Энтані дэ Люсі, 3-і барон Люсі.

На працягу 1367 - 1368 гг. асноўныя падзеі ваеннага супрацьстаяння паміж Нямецкім Ордэнам (ілюстрацыя: Palatno) і ВКЛ разгортваліся вакол Новага Коўна, літоўскага замка, закладзенага на нёманскай выспе Віргален, каля вусця Нявяжы ў Нёмане, ніжэй Коўна. Там верагодна і загінулі прынамсі тры англійскія рыцары.
🔥18👀124🤡2🤔1
Знаёмім са зместам чарговага ліпеньскага нумара “Беларускага гістарычнага часопіса”
👍10👎8😱4😐4🥱21🔥1🤡1
Халоднае лета 2025-га. Глабальнае пацяпленне ўзяло перапынак – ці надоўга?

Лета 2025 года перапыніла шэраг гарачых рэкордаў. Упершыню за апошнія два гады сярэднія тэмпературы на працягу трох месяцаў (з мая па ліпень) пратрымаліся ніжэй за паказчык +1,5°C да даіндустрыяльнага ўзроўню, утрымаць які дамовіліся амаль усе краіны свету ў Парыжы ў 2015 годзе. Аб гэтым паведамляе BBC. Аднак навукоўцы Кліматычнага Цэнтра Каперніка (C3S) пры ЕС прапануюць не радавацца раней часу: «Гэта не азначае, што змяненне клімату спынілася».

Прахалодным ліпень выдаўся не ўсюды. Гарачэй звычайнага было ў Кітаі, Японіі і на частцы Еўропы. У Турцыі быў пабіты нацыянальны рэкорд (50,5 °C). Халодна людзям было ў Цэнтральнай Еўропе ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыках, у Індыі і Аўстраліі. Як і пінгвінам у Антарктыдзе, дзе плошча марскога лёду была ўсяго на 8% ніжэйшая за сярэднюю, што лепш за два ліпеньскія антырэкорды 2023-га і 2024-га.

У Беларусі сярэдняя тэмпература ў чэрвені была ніжэйшай за норму, а ў ліпені – вышэйшай.
🤔206👍62
Як праца італьянскага пісьменніка ХVI стагоддзя была засвоена на нашых землях у незвычайнай форме

Нядаўна выйшла кніга Уладзіміра Чароты «Італьянская літаратура на беларускіх землях у XVI - XX ст.». Пра што ў ёй ідзе гаворка можна зразумець з артыкула літаратуразнаўцы ў апошнім нумары часопіса «Весці НАН». Чарота піша: праца «De inventoribus rerum» («Пра вынаходнікаў рэчаў») Палідора Вергілія Урбінскага (1470 - 1555) была вядома на беларускіх землях у другой пал. ХVI - пач. XVII ст.

Сымон Будны спасылаўся на кнігу ў прадмове да перакладу Новага Запавету (Лоск, 1574). У «Фрынасе» (Вільня, 1610) Мялецій Сматрыцкі падаў цытату з кнігі, аўтара якой, «лісліўца Рымскага двара», абвінавачвае ў скажэнні праўды.

У 1608 г. убачыла свет кніга «Inventores rerum, альбо Кароткае апісанне, хто што вынайшаў і ва ўжытак людзям даў» Яна Пратасовіча – скарочаны пераказ у вершаванай форме працы Палідора Вергілія з уласнымі каментарыямі. Так здзяйснялася пашырэнне жанравага і тэматычнага дыяпазону літаратуры на нашых землях.
22👍11🔥7
«Лаўкавая традыцыя» як кантралюючы орган у вёсцы

Пра грамадскі статус дзяўчын у заходнепалескай вёсцы піша Аксана Селях у свежым зборніку «Беларускі фальклор. Выпуск 12». Акрамя прынцыпу родавай прыналежнасці (эпітэты-маркеры – багаты/бедны, працавіты/гультаяваты і г.д, а таксама родавыя мянушкі) грамадская думка пра дзяўчат фарміравалася калектывам старэйшых жанчын (50 гадоў і старэйшыя).

Галоўнай прыкметай групы было сумеснае баўленне часу ў межах, як выказалася адна з рэспандэнтак, «лаўкавай традыцыі». Гурт старэйшых («бабаў»), калі яны збіраліся і вялі гутаркі на розныя тэмы, моладзь успрымала ў якасці кантралюючага органа.

Бывала, жанчыны прыходзілі паназіраць за моладдзю на танцы – увага канцэнтравалася на дзяўчатах: у вочы не пачуеш крытыкі, а вось бацькам абавязкова данясуць, калі што не так. Вялікай павагай сярод хлопцаў карысталіся хвалёныя дзяўчаты. Маркер «хвалёная» ці «нехвалёная» вызначаўся старэйшымі жыхарамі вёскі. На здымку – дачка з маці з в. Вялікая Гаць Івацэвіцкага раёна, 1950 г.
23😁12🔥5🤨3🤣1
У чорных буслоў вельмі нізкая паспяховасць гнездавання: што прапануе навуковец?

Нядаўна чорны бусел быў абраны «птушкай года-2026». У Беларусі яе каля 2000 пар. Але, на жаль, паспяховасць гнездавання вельмі нізкая, піша газета «Навука». Сёлета ў заказніку «Сярэдняя Прыпяць» у 20 пар з гнязда не вылецела ніводнага птушаняці – хтосьці загінуў ад хваробы, кагосьці з'еў арлан-белахвост, некаторыя гнёзды спустошылі птушкі, нейкія пары не размнажаліся, расказаў прадстаўнік НПЦ па біярэсурсах Павел Пакуль.

Пад аховай знаходзіцца вельмі мала гнёздаў чорнага бусла – не больш за 5-10% ад агульнай колькасці. Падчас высечкі лесу гнёзды часта выпадкова руйнуюць. Таксама з-за амаладжэння лясоў птушцы не хапае прыдатных дрэў (старых, магутных, з асаблівай будовай) для стварэння гнязда.

«Неабходна арганізаваць валанцёраў для пошуку новых гнёздаў і ўзяцця іх пад ахову... Дапаможа і будаўніцтва штучных платформ для гнёздаў, каб падтрымаць папуляцыю, пакуль не вырастуць новыя прыдатныя дрэвы», – адзначыў Павел Пакуль.
😢35👍6🕊2😨2
Маеце навіны, вартыя ўвагі? Дасылайце ў «De facto. Беларуская навука»

Калі маеце інфармацыю пра новыя кнігі, даследаванні, навіны навуковай супольнасці ці пра іншае, блізкае да гэтых тэмаў, дасылайце іх для публікацыі ў канале «De facto. Беларуская навука».
Кантакт для сувязі – @klav2025
👍25🔥7🤝1
Якія колеры дамінавалі ў шкляных бранзалетах у старажытным Тураве

Пра гэта піша Кацярына Кухарава ў першым нумары «Весніка Полацкага дзяржуніверсітэта» за 2024 год. Яна прааналізавала 715 экзэмпляраў бранзалетаў – 713 фрагментаў і 2 цэлых вырабаў (матэрыялы даследаванняў П.Ф. Лысенкі 1968 і 1992 гг.) – з тэрыторыі старажытнага Турава.

Дыяметр большасці ўпісваецца ў 5-6 см (82%). Адносна формы пераважаюць гладкія акруглага сячэння – 57% (на здымку – 4-5, 7) і кручаныя – 38% (на здымку – 6, 8-13, 16, 25). Колеравая гама вылучаецца дамінаваннем адценняў зялёнага, бірузовага і карычневага, менш прадстаўлены вырабы сінія, фіялетавыя і жоўтыя, у адзінкавых экзэмплярах – чырвоныя.

Дэкор маюць 13%, самы распаўсюджаны спосаб – перавіццё жоўтай непразрыстай ніццю. Вылучана спецыфічная група вырабаў – з металічным дротам унутры шклянога абруча (на здымку – 22-23, 26). Аднак мэта і спосаб яго ўвядзення пакуль застаюцца нераскрытымі. Трываласці вырабу дрот не дадае – з’яўляецца занадта тонкім.
31👍8😍3
У рэчышча XIX стагоддзя вярнулі раку Нараўка ў Белавежскай пушчы. Навошта?

Працы пачалі ў чэрвені і скончылі 15 жніўня (на здымку), паведамляе навуковы аддзел Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». Праблема складалася ў тым, што ў канцы XIX стагоддзя рэчышча ракі змянілі пад патрэбы лесанарыхтоўшчыкаў (Нараўка стала нагадваць прамы канал), каб сплаўляць таварную драўніну да Балтыйскага мора: хвоя з Белавежскай пушчы лічылася адной з лепшых для суднабудавання дзякуючы спалучэнню вышыні, прамізны, трываласці і лёгкасці.

У выніку гэтага рашэння, а таксама меліярацыі на прылеглай тэрыторыі, узровень вады знізіўся на 1,5 метра, экасістэма парушылася, зніклі звыклыя ўмовы для рэдкіх птушак і жывёл, усыхаў рэліктавы лес.

Абгрунтаванне для вяртання ракі ў старое рэчышча падрыхтавалі навукоўцы з Нацпарка «Белавежская пушча» і Інстытута эксперыментальнай батанікі. Даўжыня ракі Нараўка ў Беларусі і Польшчы складае 61 км, на тэрыторыі нашай краіны – 21,7 км.
❤‍🔥41🔥11👍75🥰1🏆1
Знайшлі новыя доказы існавання «па суседству з Зямлёй» вялізнай планеты

У бліжэйшай да нас зорнай сістэме, на адлегласці ўсяго чатырох з паловай светлавых гадоў ад Зямлі, можа знаходзіцца газавы гігант, вялізная планета тыпу Юпітэра або Сатурна – навукоўцы знайшлі доказы яе існавання. На выгляд яна знежывелая, але можа мець спадарожнікі, умовы на якіх прыдатныя для жыцця, паведамляе BBC.

Прыкметы існавання гэтай планеты выяўлены ў сістэме Альфа Цэнтаўра з дапамогай магутнага касмічнага тэлескопа «Джэймс Уэб». Астраномам трэба пацвердзіць усё паўторнымі назіраннямі. Асаблівую цікавасць выклікае тое, што зорка, вакол якой круціцца патэнцыйная планета, падобная да нашага Сонца.

«Чатыры светлавыя гады – гэта далёка, але па галактычных мерках – зусім побач, гэта «наш раён», – кажа доктар Карлі Ховетт з Оксфардскага ўніверсітэта. На ілюстрацыі – як можа выглядаць новая планета (наша Сонца – маленькая кропка паміж дзвюма яркімі зоркамі справа і злева).
👍19🔥13😁53
Як у падручніках Беларусі, Украіны і Расіі адрозніваюцца погляды на Старажытнарускую дзяржаўнасць

Пра гэта піша расійскі гісторык Дзмітрый Сялькоў у адным з леташніх нумароў «Весніка Удмурцкага ўніверсітэта». У падручніках РФ і Беларусі погляды на з'яўленне старажытнарускай дзяржаўнасці вельмі падобныя, адзначае ён.

Адзінае значнае адрозненне – у беларускіх падручніках адным з цэнтраў нароўні з Кіевам і Ноўгарадам называецца Полацк (на здымку – помнік князю Усяславу Брачыславічу). Ва ўкраінскіх жа падручніках дзяржаўнасць пачынаецца не з Рурыка, а з Аскольда і Дзіра, г.зн. яна развіваецца без значнага варажскага ўплыву.

У расійскіх і, радзей, беларускіх падручніках асноўныя «пераломныя моманты» – рэформы Вольгі і прыняцце хрысціянства пры яе ўнуку Уладзіміру Святаславічу. Ва ўкраінскіх этапы развіцця да праўлення Уладзіміра – чарада рэформаў. Больш за тое, Старажытная Русь («Русь-Украіна») прэзентуецца як цэнтралізаваная дзяржава і, радзей, як імперыя. А таксама як «першая ўкраінская дзяржава» ў гісторыі.
🤔15👍112
Выйшла кніга «"Толькі б людзі не журыліся": творчы лёс Андрэя Макаёнка»

У манаграфіі літаратуразнаўцы Сцяпана Лаўшука разглядаецца станаўленне творчай асобы найбуйнейшага беларускага камедыёграфа-сатырыка Андрэя Макаёнка, адзначаецца вялікі ўклад яго творчасці ў развіццё паасобных жанраў айчыннай драматургіі.

Увядзенне ў навуковы ўжытак новых фактаў біяграфіі пісьменніка дапамагае больш глыбока раскрыць мастацкую задуму некаторых яго твораў. У кнізе 258 старонак.

У лістападзе будзе адзначацца 105 гадоў з дня нараджэння Андрэя Макаёнка (1920 - 1982 гг.), драматурга, народнага пісьменніка БССР (1977). Назва манаграфіі адсылае да назвы яго камедыі «Каб людзі не журыліся».
👍1411🔥2
На Смаленшчыне дагэтуль фіксуецца вялікая колькасць беларусізмаў

Пра вынікі жнівеньскай экспедыцыі ў вёскі Руднянскага раёна Смаленскай вобласці РФ паведаміла газеце «Навука» прадстаўніца Інстытута мовазнаўства Вераніка Курцова.

«Прысутнасць істотнай колькасці беларусізмаў у руднянскіх гаворках невыпадковая: гэту тэрыторыю лінгвісты вызначаюць як моўную прастору, якой гістарычна былі ўласцівы беларускія рысы. Самае цікавае, што і самі тутэйшыя жыхары падкрэсліваюць, што гавораць яны, як і беларусы, што жывуць па суседству. Але такое беларускае паводле сваіх асаблівасцей маўленне пачуеш толькі ад старэйшага пакалення», – адзначыла Курцова.

Навукоўцаў уразіла загадчыца бібліятэкі ў вёсцы Панізоўе Таццяна Цітова. Яна склала невялічкі «Словарь диалектизмов Понизовского края» (на здымку). Другое выданне адбылося ў 2025 г., у яго ўвайшлі словы, многія з якіх добра ведаюць не толькі жыхары памежных раёнаў Віцебшчыны, але і ўсёй Беларусі. Летась паведамлялася, чаму не атрымалася беларусізацыя на ўскраінах РСФСР.
👍3218🔥6🤩1💯1
Выйшла кніга «Вайсковыя могілкі ў Мінску. Зберагаючы памяць»

Аўтары – Юрый Тамковіч і Павел Каралёў – на падставе архіўных крыніц, перыёдыкі, успамінаў мінчан упершыню грунтоўна паказваюць гісторыю славутага некропаля. Нададзена ўвага гістарычным, мастацкім, моўным асаблівасцям могілак. У выданні 388 старонак, з якіх больш за 70 складаюць ілюстрацыі.

Аўтары звяртаюцца да пытання належнай аховы і вывучэння некропаля, зберажэння яго адметнасцяў — ад простых самаробных помнікаў да манументальных абеліскаў. Спіс пахаваных з надмагільнымі інскрыпцыямі дапаможа многім сваякам у справе вывучэння генеалогіі.

Гісторык Сяргей Грунтоў адзначае ў сацсетках: «Думаю, гэта важнейшае выданне як для даследчыкаў нашых могілак, так і для спецыялістаў па гісторыі Мінска. Адна з тых кніг, якія будуць браць з паліцы і праз сто год, тым больш што лёс гістарычных пахаванняў на Вайсковых нават і праз дзесяцігоддзе нам сёння цяжка прадказаць».
21👍17🔥4🤔2🍓1
Быў і гумар. Пра што сведчаць надпісы-­графіці ў полацкай Спаса-Праабражэнскай царкве

Пра надпісы, зробленыя ў перыяды Сярэднявечча і Новага часу, піша Іна Калечыц у апошнім нумары часопіса «Весці НАН». Аналіз паказвае: аўтараў графіці больш цікавілі рэаліі жыцця, якія існавалі побач: святары, якія служылі ў манастыры, ігуменні, якія яго ўзначальвалі. Нават інфармацыя пра смерць караля Казіміра падаецца ў сувязі з прыездам яго сына ў Полацк.

Большасць графіці пакінута не ў алтарнай частцы, а на слупах царквы, дзе надпісы маглі прадрапаць клірашане, манахіні або прыхаджане. Верагодна, большасць пакінулі, усё ж такі, шкаляры, адзначае Іна Калечыц, якая нядаўна выдала кнігу пра Спаса-Праабражэнскую царкву.

Пра адно з графіці, зробленых у XV стагоддзі, гісторык піша: «А вось на хорах згадванне дыякана суправаджаецца негатыўным падтэкстам... Слова «дыякан» тлумачыць гумарыстычны малюнак, на якім ёсць выява дыякана – зверху, а ўнізе – чалавека, які цягне да яго рукі. Малюнак перакрэслены» (на ілюстрацыі).
😁20🔥8👍21🐳1
У Белавежскай пушчы будуюць Міжнародны навукова-даследніцкі цэнтр вывучэння дзікай прыроды

Ён стане цэнтрам экалагічных і біялагічных даследаванняў, паведамляе Нацыянальны парк «Белавежская пушча». Новы аб'ект будзе ўключаць лабараторыі (батанікі, лесазнаўства, зубразнаўства і заалогіі), навучальныя і канферэнц-залы, а таксама даследніцкія пляцоўкі для правядзення палявых работ.

Будуць адкрыты новыя вакансіі загадчыкаў лабараторый і навуковых супрацоўнікаў. Чакаецца, што штат павялічыцца з 16 да 27 чалавек (цяпер у Нацыянальным парку «Белавежская пушча» дзейнічае навуковы аддзел). Аб'ект плануюць здаць да мая 2026 года. На ілюстрацыі – эскіз будынка.

Нагадаем, што гэтым летам у Белавежскай пушчы ў рэчышча XIX стагоддзя вярнулі раку Нараўка.
🔥239👍7👌3
Якімі былі найбольш папулярныя мішэні ў этнічных анекдотах на поўдні Беларусі

Пра гэта піша Анастасія Фядотава ў леташнім зборніку «Беларускі фальклор». Яна прааналізавала архіў фалькларыста Уладзіміра Сысова, які сабраў яго ў Калінкавіцкім раёне ў 1995 г. на Першым Усебеларускім фестывалі народнага гумару «Аўцюкі».

Самымі папулярнымі мішэнямі былі самі аўцюкоўцы. А таксама габрэі (тэмы – хітрасць/дасціпнасць, сквапнасць) і армяне (фізічны гвалт) – змест анекдотаў пра іх адпавядае ўсходнееўрапейскаму кантэксту. Вось прыклад.

«Аканчівается вайна. А служыў еўрэй у варміі і нічэво ні звёздачкі, ні ардзенка нікакога. Прыходзіт он к камандзіру палка: «Што нада, штобы Героя Савецкага Саюза палучыць?» «Нада ўзяць не менш, як дзівізіоннае знамя нямецкай дзівізіі».
Праз тры дня еўрэй прыносіт знамя немцаў: «Наця». Прэдставілі к Герою яго. А после схвацілісь – нашага дзівізіённага знамені нет. Прыжалі яго.
– Дык, а што, я абмяняўся.
– Как эта вы дзелаеце?
– Ну как. Камерцыя і есць камерцыя.»

Працяг ніжэй
😁324💩2🔥1🤔1
Якімі былі найбольш папулярныя мішэні ў этнічных анекдотах на поўдні Беларусі – частка 2

Пачатак вышэй

Аўцюкоўцаў у анекдотах высмейвалі як перыферэйную групу ў беларускім кантэксце. Вялікая колькасць жартаў паказвала іх «адсталасць» ці хітрасць палешукоў (іншыя тэмы – глупства, п’янства, сквапнасць, зласліваць і г.д.). Вось прыклад анекдота.

«Аўцюкі нашлі пушку. Ну, нашлі пушку, раскапалі, пачысцілі ўсё нармальна. – Куда, – гаворыць, – будам паліць?
– Давай на Малыя Аўцюкі.
– Не, – гаворыць, – там мой браценнік жыве. Давай лучшэ на Глінную Слобаду.
Началі шарыць-шарыць, снарады не падходзяць. Загналі аднаго снарада. Ну, чым выстраліць. Давай кувалдай. Ды, как у<...>і, а яна як рванула. Параскідала іх. Ну, яны ўстаюць, атрухваюцца.
– Ты бачыш, – гавораць, – як грахатнула.
– Ды што тут грахатнула, вот што там цяпер у Гліннай Слабадзе робіцца.»
😁34🔥21
Як пскавічы двойчы за паўстагоддзя спрабавалі ўзяць старажытны Полацк

Пра гэта піша расійскі гісторык Віталь Клейменаў у зборніку «Актуальные проблемы источниковедения». Супастаўленне пскоўскіх летапісаў паказала: у розных варыянтах апісаны адныя падзеі – паходы на Полацк 1357/58 г. і 1406 г., што сталі следствам канфліктаў з ВКЛ.

У 1349 г. пскавічы адмовіліся прызнаваць Андрэя Альгердавіча сваім князем, у адказ на гэта ў Полацку абрабавалі пскоўскіх купцоў, а князь з палачанамі разарыў памежныя сёлы. З-за Чорнай смерці, якая дабралася да Пскова ў 1352 г., помста адбылася толькі ў 1357/58 г. Пскавічы не ўзялі Полацк (на ілюстрацыі – рэканструкцыя Паўла Татарнікава), аднак спустошылі яго наваколле.

У 1406 г. сілы Вітаўта ўварваліся ў Пскоўскую зямлю. Прычым, як сцвярджаюць пскоўскія летапісы, яны здзейснілі масавае забойства дзяцей, дэманстатыўна сабраўшы іх целы ў дзве ладдзі. У адказ пскавічы з войскам у 700 чалавек пайшлі на Полацк, але іх сіл зноў хапіла толькі на блакаду горада і спусташэнне наваколля.
👍16👀9🤯54