De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.38K subscribers
1.14K photos
1 video
3 files
718 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Як праца італьянскага пісьменніка ХVI стагоддзя была засвоена на нашых землях у незвычайнай форме

Нядаўна выйшла кніга Уладзіміра Чароты «Італьянская літаратура на беларускіх землях у XVI - XX ст.». Пра што ў ёй ідзе гаворка можна зразумець з артыкула літаратуразнаўцы ў апошнім нумары часопіса «Весці НАН». Чарота піша: праца «De inventoribus rerum» («Пра вынаходнікаў рэчаў») Палідора Вергілія Урбінскага (1470 - 1555) была вядома на беларускіх землях у другой пал. ХVI - пач. XVII ст.

Сымон Будны спасылаўся на кнігу ў прадмове да перакладу Новага Запавету (Лоск, 1574). У «Фрынасе» (Вільня, 1610) Мялецій Сматрыцкі падаў цытату з кнігі, аўтара якой, «лісліўца Рымскага двара», абвінавачвае ў скажэнні праўды.

У 1608 г. убачыла свет кніга «Inventores rerum, альбо Кароткае апісанне, хто што вынайшаў і ва ўжытак людзям даў» Яна Пратасовіча – скарочаны пераказ у вершаванай форме працы Палідора Вергілія з уласнымі каментарыямі. Так здзяйснялася пашырэнне жанравага і тэматычнага дыяпазону літаратуры на нашых землях.
22👍11🔥7
«Лаўкавая традыцыя» як кантралюючы орган у вёсцы

Пра грамадскі статус дзяўчын у заходнепалескай вёсцы піша Аксана Селях у свежым зборніку «Беларускі фальклор. Выпуск 12». Акрамя прынцыпу родавай прыналежнасці (эпітэты-маркеры – багаты/бедны, працавіты/гультаяваты і г.д, а таксама родавыя мянушкі) грамадская думка пра дзяўчат фарміравалася калектывам старэйшых жанчын (50 гадоў і старэйшыя).

Галоўнай прыкметай групы было сумеснае баўленне часу ў межах, як выказалася адна з рэспандэнтак, «лаўкавай традыцыі». Гурт старэйшых («бабаў»), калі яны збіраліся і вялі гутаркі на розныя тэмы, моладзь успрымала ў якасці кантралюючага органа.

Бывала, жанчыны прыходзілі паназіраць за моладдзю на танцы – увага канцэнтравалася на дзяўчатах: у вочы не пачуеш крытыкі, а вось бацькам абавязкова данясуць, калі што не так. Вялікай павагай сярод хлопцаў карысталіся хвалёныя дзяўчаты. Маркер «хвалёная» ці «нехвалёная» вызначаўся старэйшымі жыхарамі вёскі. На здымку – дачка з маці з в. Вялікая Гаць Івацэвіцкага раёна, 1950 г.
23😁12🔥5🤨3🤣1
У чорных буслоў вельмі нізкая паспяховасць гнездавання: што прапануе навуковец?

Нядаўна чорны бусел быў абраны «птушкай года-2026». У Беларусі яе каля 2000 пар. Але, на жаль, паспяховасць гнездавання вельмі нізкая, піша газета «Навука». Сёлета ў заказніку «Сярэдняя Прыпяць» у 20 пар з гнязда не вылецела ніводнага птушаняці – хтосьці загінуў ад хваробы, кагосьці з'еў арлан-белахвост, некаторыя гнёзды спустошылі птушкі, нейкія пары не размнажаліся, расказаў прадстаўнік НПЦ па біярэсурсах Павел Пакуль.

Пад аховай знаходзіцца вельмі мала гнёздаў чорнага бусла – не больш за 5-10% ад агульнай колькасці. Падчас высечкі лесу гнёзды часта выпадкова руйнуюць. Таксама з-за амаладжэння лясоў птушцы не хапае прыдатных дрэў (старых, магутных, з асаблівай будовай) для стварэння гнязда.

«Неабходна арганізаваць валанцёраў для пошуку новых гнёздаў і ўзяцця іх пад ахову... Дапаможа і будаўніцтва штучных платформ для гнёздаў, каб падтрымаць папуляцыю, пакуль не вырастуць новыя прыдатныя дрэвы», – адзначыў Павел Пакуль.
😢35👍6🕊2😨2
Маеце навіны, вартыя ўвагі? Дасылайце ў «De facto. Беларуская навука»

Калі маеце інфармацыю пра новыя кнігі, даследаванні, навіны навуковай супольнасці ці пра іншае, блізкае да гэтых тэмаў, дасылайце іх для публікацыі ў канале «De facto. Беларуская навука».
Кантакт для сувязі – @klav2025
👍25🔥7🤝1
Якія колеры дамінавалі ў шкляных бранзалетах у старажытным Тураве

Пра гэта піша Кацярына Кухарава ў першым нумары «Весніка Полацкага дзяржуніверсітэта» за 2024 год. Яна прааналізавала 715 экзэмпляраў бранзалетаў – 713 фрагментаў і 2 цэлых вырабаў (матэрыялы даследаванняў П.Ф. Лысенкі 1968 і 1992 гг.) – з тэрыторыі старажытнага Турава.

Дыяметр большасці ўпісваецца ў 5-6 см (82%). Адносна формы пераважаюць гладкія акруглага сячэння – 57% (на здымку – 4-5, 7) і кручаныя – 38% (на здымку – 6, 8-13, 16, 25). Колеравая гама вылучаецца дамінаваннем адценняў зялёнага, бірузовага і карычневага, менш прадстаўлены вырабы сінія, фіялетавыя і жоўтыя, у адзінкавых экзэмплярах – чырвоныя.

Дэкор маюць 13%, самы распаўсюджаны спосаб – перавіццё жоўтай непразрыстай ніццю. Вылучана спецыфічная група вырабаў – з металічным дротам унутры шклянога абруча (на здымку – 22-23, 26). Аднак мэта і спосаб яго ўвядзення пакуль застаюцца нераскрытымі. Трываласці вырабу дрот не дадае – з’яўляецца занадта тонкім.
31👍8😍3
У рэчышча XIX стагоддзя вярнулі раку Нараўка ў Белавежскай пушчы. Навошта?

Працы пачалі ў чэрвені і скончылі 15 жніўня (на здымку), паведамляе навуковы аддзел Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». Праблема складалася ў тым, што ў канцы XIX стагоддзя рэчышча ракі змянілі пад патрэбы лесанарыхтоўшчыкаў (Нараўка стала нагадваць прамы канал), каб сплаўляць таварную драўніну да Балтыйскага мора: хвоя з Белавежскай пушчы лічылася адной з лепшых для суднабудавання дзякуючы спалучэнню вышыні, прамізны, трываласці і лёгкасці.

У выніку гэтага рашэння, а таксама меліярацыі на прылеглай тэрыторыі, узровень вады знізіўся на 1,5 метра, экасістэма парушылася, зніклі звыклыя ўмовы для рэдкіх птушак і жывёл, усыхаў рэліктавы лес.

Абгрунтаванне для вяртання ракі ў старое рэчышча падрыхтавалі навукоўцы з Нацпарка «Белавежская пушча» і Інстытута эксперыментальнай батанікі. Даўжыня ракі Нараўка ў Беларусі і Польшчы складае 61 км, на тэрыторыі нашай краіны – 21,7 км.
❤‍🔥41🔥11👍75🥰1🏆1
Знайшлі новыя доказы існавання «па суседству з Зямлёй» вялізнай планеты

У бліжэйшай да нас зорнай сістэме, на адлегласці ўсяго чатырох з паловай светлавых гадоў ад Зямлі, можа знаходзіцца газавы гігант, вялізная планета тыпу Юпітэра або Сатурна – навукоўцы знайшлі доказы яе існавання. На выгляд яна знежывелая, але можа мець спадарожнікі, умовы на якіх прыдатныя для жыцця, паведамляе BBC.

Прыкметы існавання гэтай планеты выяўлены ў сістэме Альфа Цэнтаўра з дапамогай магутнага касмічнага тэлескопа «Джэймс Уэб». Астраномам трэба пацвердзіць усё паўторнымі назіраннямі. Асаблівую цікавасць выклікае тое, што зорка, вакол якой круціцца патэнцыйная планета, падобная да нашага Сонца.

«Чатыры светлавыя гады – гэта далёка, але па галактычных мерках – зусім побач, гэта «наш раён», – кажа доктар Карлі Ховетт з Оксфардскага ўніверсітэта. На ілюстрацыі – як можа выглядаць новая планета (наша Сонца – маленькая кропка паміж дзвюма яркімі зоркамі справа і злева).
👍19🔥13😁53
Як у падручніках Беларусі, Украіны і Расіі адрозніваюцца погляды на Старажытнарускую дзяржаўнасць

Пра гэта піша расійскі гісторык Дзмітрый Сялькоў у адным з леташніх нумароў «Весніка Удмурцкага ўніверсітэта». У падручніках РФ і Беларусі погляды на з'яўленне старажытнарускай дзяржаўнасці вельмі падобныя, адзначае ён.

Адзінае значнае адрозненне – у беларускіх падручніках адным з цэнтраў нароўні з Кіевам і Ноўгарадам называецца Полацк (на здымку – помнік князю Усяславу Брачыславічу). Ва ўкраінскіх жа падручніках дзяржаўнасць пачынаецца не з Рурыка, а з Аскольда і Дзіра, г.зн. яна развіваецца без значнага варажскага ўплыву.

У расійскіх і, радзей, беларускіх падручніках асноўныя «пераломныя моманты» – рэформы Вольгі і прыняцце хрысціянства пры яе ўнуку Уладзіміру Святаславічу. Ва ўкраінскіх этапы развіцця да праўлення Уладзіміра – чарада рэформаў. Больш за тое, Старажытная Русь («Русь-Украіна») прэзентуецца як цэнтралізаваная дзяржава і, радзей, як імперыя. А таксама як «першая ўкраінская дзяржава» ў гісторыі.
🤔15👍112
Выйшла кніга «"Толькі б людзі не журыліся": творчы лёс Андрэя Макаёнка»

У манаграфіі літаратуразнаўцы Сцяпана Лаўшука разглядаецца станаўленне творчай асобы найбуйнейшага беларускага камедыёграфа-сатырыка Андрэя Макаёнка, адзначаецца вялікі ўклад яго творчасці ў развіццё паасобных жанраў айчыннай драматургіі.

Увядзенне ў навуковы ўжытак новых фактаў біяграфіі пісьменніка дапамагае больш глыбока раскрыць мастацкую задуму некаторых яго твораў. У кнізе 258 старонак.

У лістападзе будзе адзначацца 105 гадоў з дня нараджэння Андрэя Макаёнка (1920 - 1982 гг.), драматурга, народнага пісьменніка БССР (1977). Назва манаграфіі адсылае да назвы яго камедыі «Каб людзі не журыліся».
👍1411🔥2
На Смаленшчыне дагэтуль фіксуецца вялікая колькасць беларусізмаў

Пра вынікі жнівеньскай экспедыцыі ў вёскі Руднянскага раёна Смаленскай вобласці РФ паведаміла газеце «Навука» прадстаўніца Інстытута мовазнаўства Вераніка Курцова.

«Прысутнасць істотнай колькасці беларусізмаў у руднянскіх гаворках невыпадковая: гэту тэрыторыю лінгвісты вызначаюць як моўную прастору, якой гістарычна былі ўласцівы беларускія рысы. Самае цікавае, што і самі тутэйшыя жыхары падкрэсліваюць, што гавораць яны, як і беларусы, што жывуць па суседству. Але такое беларускае паводле сваіх асаблівасцей маўленне пачуеш толькі ад старэйшага пакалення», – адзначыла Курцова.

Навукоўцаў уразіла загадчыца бібліятэкі ў вёсцы Панізоўе Таццяна Цітова. Яна склала невялічкі «Словарь диалектизмов Понизовского края» (на здымку). Другое выданне адбылося ў 2025 г., у яго ўвайшлі словы, многія з якіх добра ведаюць не толькі жыхары памежных раёнаў Віцебшчыны, але і ўсёй Беларусі. Летась паведамлялася, чаму не атрымалася беларусізацыя на ўскраінах РСФСР.
👍3218🔥6🤩1💯1
Выйшла кніга «Вайсковыя могілкі ў Мінску. Зберагаючы памяць»

Аўтары – Юрый Тамковіч і Павел Каралёў – на падставе архіўных крыніц, перыёдыкі, успамінаў мінчан упершыню грунтоўна паказваюць гісторыю славутага некропаля. Нададзена ўвага гістарычным, мастацкім, моўным асаблівасцям могілак. У выданні 388 старонак, з якіх больш за 70 складаюць ілюстрацыі.

Аўтары звяртаюцца да пытання належнай аховы і вывучэння некропаля, зберажэння яго адметнасцяў — ад простых самаробных помнікаў да манументальных абеліскаў. Спіс пахаваных з надмагільнымі інскрыпцыямі дапаможа многім сваякам у справе вывучэння генеалогіі.

Гісторык Сяргей Грунтоў адзначае ў сацсетках: «Думаю, гэта важнейшае выданне як для даследчыкаў нашых могілак, так і для спецыялістаў па гісторыі Мінска. Адна з тых кніг, якія будуць браць з паліцы і праз сто год, тым больш што лёс гістарычных пахаванняў на Вайсковых нават і праз дзесяцігоддзе нам сёння цяжка прадказаць».
21👍17🔥4🤔2🍓1
Быў і гумар. Пра што сведчаць надпісы-­графіці ў полацкай Спаса-Праабражэнскай царкве

Пра надпісы, зробленыя ў перыяды Сярэднявечча і Новага часу, піша Іна Калечыц у апошнім нумары часопіса «Весці НАН». Аналіз паказвае: аўтараў графіці больш цікавілі рэаліі жыцця, якія існавалі побач: святары, якія служылі ў манастыры, ігуменні, якія яго ўзначальвалі. Нават інфармацыя пра смерць караля Казіміра падаецца ў сувязі з прыездам яго сына ў Полацк.

Большасць графіці пакінута не ў алтарнай частцы, а на слупах царквы, дзе надпісы маглі прадрапаць клірашане, манахіні або прыхаджане. Верагодна, большасць пакінулі, усё ж такі, шкаляры, адзначае Іна Калечыц, якая нядаўна выдала кнігу пра Спаса-Праабражэнскую царкву.

Пра адно з графіці, зробленых у XV стагоддзі, гісторык піша: «А вось на хорах згадванне дыякана суправаджаецца негатыўным падтэкстам... Слова «дыякан» тлумачыць гумарыстычны малюнак, на якім ёсць выява дыякана – зверху, а ўнізе – чалавека, які цягне да яго рукі. Малюнак перакрэслены» (на ілюстрацыі).
😁20🔥8👍21🐳1
У Белавежскай пушчы будуюць Міжнародны навукова-даследніцкі цэнтр вывучэння дзікай прыроды

Ён стане цэнтрам экалагічных і біялагічных даследаванняў, паведамляе Нацыянальны парк «Белавежская пушча». Новы аб'ект будзе ўключаць лабараторыі (батанікі, лесазнаўства, зубразнаўства і заалогіі), навучальныя і канферэнц-залы, а таксама даследніцкія пляцоўкі для правядзення палявых работ.

Будуць адкрыты новыя вакансіі загадчыкаў лабараторый і навуковых супрацоўнікаў. Чакаецца, што штат павялічыцца з 16 да 27 чалавек (цяпер у Нацыянальным парку «Белавежская пушча» дзейнічае навуковы аддзел). Аб'ект плануюць здаць да мая 2026 года. На ілюстрацыі – эскіз будынка.

Нагадаем, што гэтым летам у Белавежскай пушчы ў рэчышча XIX стагоддзя вярнулі раку Нараўка.
🔥239👍7👌3
Якімі былі найбольш папулярныя мішэні ў этнічных анекдотах на поўдні Беларусі

Пра гэта піша Анастасія Фядотава ў леташнім зборніку «Беларускі фальклор». Яна прааналізавала архіў фалькларыста Уладзіміра Сысова, які сабраў яго ў Калінкавіцкім раёне ў 1995 г. на Першым Усебеларускім фестывалі народнага гумару «Аўцюкі».

Самымі папулярнымі мішэнямі былі самі аўцюкоўцы. А таксама габрэі (тэмы – хітрасць/дасціпнасць, сквапнасць) і армяне (фізічны гвалт) – змест анекдотаў пра іх адпавядае ўсходнееўрапейскаму кантэксту. Вось прыклад.

«Аканчівается вайна. А служыў еўрэй у варміі і нічэво ні звёздачкі, ні ардзенка нікакога. Прыходзіт он к камандзіру палка: «Што нада, штобы Героя Савецкага Саюза палучыць?» «Нада ўзяць не менш, як дзівізіоннае знамя нямецкай дзівізіі».
Праз тры дня еўрэй прыносіт знамя немцаў: «Наця». Прэдставілі к Герою яго. А после схвацілісь – нашага дзівізіённага знамені нет. Прыжалі яго.
– Дык, а што, я абмяняўся.
– Как эта вы дзелаеце?
– Ну как. Камерцыя і есць камерцыя.»

Працяг ніжэй
😁324💩2🔥1🤔1
Якімі былі найбольш папулярныя мішэні ў этнічных анекдотах на поўдні Беларусі – частка 2

Пачатак вышэй

Аўцюкоўцаў у анекдотах высмейвалі як перыферэйную групу ў беларускім кантэксце. Вялікая колькасць жартаў паказвала іх «адсталасць» ці хітрасць палешукоў (іншыя тэмы – глупства, п’янства, сквапнасць, зласліваць і г.д.). Вось прыклад анекдота.

«Аўцюкі нашлі пушку. Ну, нашлі пушку, раскапалі, пачысцілі ўсё нармальна. – Куда, – гаворыць, – будам паліць?
– Давай на Малыя Аўцюкі.
– Не, – гаворыць, – там мой браценнік жыве. Давай лучшэ на Глінную Слобаду.
Началі шарыць-шарыць, снарады не падходзяць. Загналі аднаго снарада. Ну, чым выстраліць. Давай кувалдай. Ды, как у<...>і, а яна як рванула. Параскідала іх. Ну, яны ўстаюць, атрухваюцца.
– Ты бачыш, – гавораць, – як грахатнула.
– Ды што тут грахатнула, вот што там цяпер у Гліннай Слабадзе робіцца.»
😁34🔥21
Як пскавічы двойчы за паўстагоддзя спрабавалі ўзяць старажытны Полацк

Пра гэта піша расійскі гісторык Віталь Клейменаў у зборніку «Актуальные проблемы источниковедения». Супастаўленне пскоўскіх летапісаў паказала: у розных варыянтах апісаны адныя падзеі – паходы на Полацк 1357/58 г. і 1406 г., што сталі следствам канфліктаў з ВКЛ.

У 1349 г. пскавічы адмовіліся прызнаваць Андрэя Альгердавіча сваім князем, у адказ на гэта ў Полацку абрабавалі пскоўскіх купцоў, а князь з палачанамі разарыў памежныя сёлы. З-за Чорнай смерці, якая дабралася да Пскова ў 1352 г., помста адбылася толькі ў 1357/58 г. Пскавічы не ўзялі Полацк (на ілюстрацыі – рэканструкцыя Паўла Татарнікава), аднак спустошылі яго наваколле.

У 1406 г. сілы Вітаўта ўварваліся ў Пскоўскую зямлю. Прычым, як сцвярджаюць пскоўскія летапісы, яны здзейснілі масавае забойства дзяцей, дэманстатыўна сабраўшы іх целы ў дзве ладдзі. У адказ пскавічы з войскам у 700 чалавек пайшлі на Полацк, але іх сіл зноў хапіла толькі на блакаду горада і спусташэнне наваколля.
👍16👀9🤯54
Як выглядаў першы зроблены ў Беларусі кампутар

Пра гэта паведамляецца ў апошнім нумары часопіса «Наука и инновации». У 1986 годзе Навукова-даследчы інстытут электронных вылічальных машын у Мінску скончыў распрацоўку першай персанальнай ЭВМ – ПЭВМ ЕС-1840 (на здымку). Першы персанальны кампутар у Беларусі пачалі выпускаць на Мінскім вытворчым аб’яднанні вылічальнай тэхнікі. Да 1989 года было выпушчана каля 7 тысяч адзінак мадэлі.

ЕС-1840 меў прадукцыйнасць у 1 мільён аперацый у секунду, аператыўную памяць да 256 КБ і знешнюю на 2 гнуткіх магнітных дысках. Кампутар складаўся з 5 незалежных блокаў: працэсара, дыскавых назапашвальнікаў, манітора, клавіятуры і прылады для друку. Кампутарная мыш не прадугледжвалася.

Усяго да 1991-га ў БССР было выраблена больш за 100 тысяч персанальных ЭВМ, што істотна перавышала прадукцыйнасць іншых аналагічных прадпрыемстваў СССР. Аднак гэтыя мадэлі – клоны персанальных кампутараў IBM – адставалі ад замежных аналагаў на некалькі гадоў.
👍17🔥11🥴43
Што цікавага прапануе Фестываль навукі, які пройдзе ў Мінску ў суботу?

6 верасня ў Цэнтральным батанічным садзе адбудзецца Фестываля навукі. Праграма падыдзе і дзецям, і дарослым.

Навуковыя шоу, майстар-класы, лекцыі будуць размешчаны на некалькі тэматычных пляцоўках: Космас, Смак навукі, Медыцына, Экалогія (птушкі) і інш. Напрыклад, на першай пляцоўцы адбудзецца сустрэча з касманаўтамі Марынай Васілеўскай і Алегам Навіцкім, а таксама астрафатографам Вiктарам Малышчыцам, якія раскажа, як зрабіць уласныя здымкі космасу, не маючы спецыяльнай тэхнікі.

Акрамя таго, у межах гістарычнага лекторыя адбудзецца некалькі выступаў: сярод іншага навукоўцы раскажуць па архітэктурную спадчыну міжваеннага перыяду і асаблівасці археалагічных даследаванняў у Беларусі. Цалкам праграму глядзіце тут. Квіткі: 12 р – усе катэгорыі грамадзян; 6 р – пенсіянеры і бацькі шматдзетных сем'яў (з арыгіналам пасведчання); бясплатна – дзеці да 7 гадоў, школьнікі студэнты (з арыгіналам пасведчання).
👍145🔥3🤡2🥴2
Беларускіх даследнікаў запрашаюць на стыпендыю «Месяц у Польшчы» (дэдлайн – 30 верасня)

Стыпендыя ад Mieroszewski Centre прызначана для ўдзелу ў навукова-даследніцкіх праектах у Польшчы для навукоўцаў з Украіны, Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Расіі.

Стыпендыяльная праграма дазволіць правесці адзін месяц у Польшчы, праводзячы даследаванні па гісторыі, культуры і спадчыне краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Стыпендыя складае 6500 злотых. Праграма падтрымае праекты, якія могуць уключаюць архіўныя і бібліятэчныя даследаванні, інтэрв'ю, палявыя назіранні і інш.

Дэдлайн для падачы заявак – 30 верасня. Усе падрабязнасці тут.
👍9🔥9
160 гадоў таму Канстанцін Ельскі прыбыў у Паўднёвую Амерыку, дзе сабраў калекцыі раслін і жывёл

Канстанцін Ельскі нарадзіўся ў шляхецкай сям’і ў 1837 годзе в. Ляды (цяпер Чэрвеньскі раён). Вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта і на матэматыка-натуральным факультэце Кіеўскага. Пасля ўдзелу ў паўстанні 1863 года вымушаны быў бегчы. У 1865-м уладкаваўся ў Парыжы ў Прыродазнаўчы інстытут і пагадзіўся на прапанову наведаць калонію Французская Гвіяна, каб падрыхтаваць для музеяў калекцыі казурак, пудзілы і шкуры звяроў і птушак.

З 1865-га ў Французскай Гвіяне (мяжуе з Бразіліяй і Сурынамам) вывучаў фаўну, у 1869-м перабраўся ў Перу (на здымку), дзе працягнуў свае біялагічныя і геалагічныя даследаванні. Удзельнічаў у стварэнні і дзейнасці прыродазнаўчага музея ў Ліме.

З 1878-га К. Ельскі жыў у Польшчы. Ужо пасля яго сыходу з жыцця (1896 г.) пабачыла свет кніга ўспамінаў навукоўца «Popularno-przyrodnicze opowiadania z pobytu w Gujanie francuskiej i po części w Peru, od 1865 - 1871».
22👍10🔥4