De facto. Беларуская навука – Telegram
De facto. Беларуская навука
1.38K subscribers
1.14K photos
1 video
3 files
718 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Выйшла кніга «Парыжская школа: Беларускі Манпарнас»

Парыжская школа — мастацкая плынь першай паловы ХХ стагоддзя, якая аб’ядноўвае некалькі пакаленняў інтэрнацыянальнай супольнасці мастакоў. У кнізе (укладальнік і аўтар артыкулаў Ала Зміева) у лаканічнай форме прадстаўлены жыццёвыя і творчыя біяграфіі Марка Шагала, Хаіма Суціна, Восіпа Цадкіна, а таксама іншых мастакоў- выхадцаў з Беларусі: Шрагі Царфіна, Мішэля Кікоіна, Восіпа Любіча, Пінхуса Крэменя, Роберта Геніна і інш.

Кніга ад выдавецтва «Беларусь» багата ілюстраваная, мае 119 старонак. Гэта своеасаблівы даведнік, які дазваляе таксама пазнаёміцца з мастацкімі маршрутамі і зазірнуць у мінулае вялікіх і малых населеных пунктаў Беларусі.
🔥27👍94👏1
Якія наступствы мела ўвядзенне дзяржаўнай віннай манаполіі на беларускіх землях

Пра гэта піша Юрый Вераціла ў «Весніку Полацкага дзяржуніверсітэта». Манаполія ў Расійскай імперыі была ўведзена з мэтай абмежаваць п’янства і павысіць даходы казны. Таму замест акцызнай сістэмы з’явіўся казённы продаж напояў. На беларускіх землях вінная манаполія пачала сваё дзеянне з 1 студзеня 1897 г.

Прыватныя бровары па дзяржаўных квотах выраблялі спірт-сырэц. На казённых вінных складах з іх атрымлівалі пяць відаў напояў: гарэлку звычайную і сталовую (40 градусаў), 57-градусную гарэлку, а таксама спірты крэпасцю ў 90 і 95 градусаў. Тара была ўніфікавана. Рэалізацыя ішла праз сетку казённых крам (хоць яна і не мела абсалютнага характару).

Аднак з-за дэфіцыту бюджэту за 1897 - 1913 гг. на беларускіх землях аб'ём продажу спіртных напояў... вырас удвая. А памер даходаў – больш як у тры разы. Безумоўна, гэта поўнасцю супярэчыла першапачатковай мэце манаполіі па барацьбе з п’янствам.
👍175🤡4🍾2🤷‍♂1🔥1🥴1
Падчас экафэсту «Грыбныя выхадныя» ў Белавежскай пушчы адбудуцца экскурсіі з навукоўцамі

27-28 верасня ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча» ўпершыню адбудзецца экафэст «Грыбныя выхадныя». Галоўная лакацыя – Музей прыроды. Падчас экафэсту пройдзе выстава жывых грыбоў і грыбоў у сухім выглядзе, адбудуцца лекцыі спецыялістаў (праграма – тут).

Таксама абяцаюць тэматычныя экскурсіі з навукоўцамі (за асобную плату). Некаторыя віды грыбоў знойдзены толькі ў Белавежскай пушчы і пакуль не сустракаліся ў іншых месцах краіны, паведамляе газета «Навука».

Дарэчы, з гэтага года супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН пачалі інвентарызацыю ўсіх відаў грыбоў на тэрыторыі НП «Белавежская пушча». Прадугледжваецца, што на тэрыторыі запаведніка каля 600 відаў грыбоў. У наступным годзе ім будзе прысвечана асобная манаграфія, паведамляе газета «Навука».
11👍10🥰32👏1
Выйшла кніга пра нацысцкія газавыя фургоны, якія выкарыстоўвалі і на тэрыторыі Беларусі

У Нямеччыне выйшла кніга «Спраектаваныя для масавых забойстваў – нацысцкія газавыя фургоны 1939 - 1945» аўтара Cameron A. Munro. Выданне ўпершыню ўключае 15 верыфікаваных здымкаў газавага фургона («душагубкі»), які выкарыстоўваўся зондэркамандай СС VIIa айнзацгрупы B у акупаваным Савецкім Саюзе. У тым ліку, у Гомельскім раёне.

Выхлапныя газы рухавіка ўнутранага згарання выкарыстоўваліся для масавых забойстваў – перш за ўсё габрэяў. Раней адсутнасць верыфікаваных здымкаў аўтамабіля-газавай камеры некаторыя прыводзілі ў якасці аднаго з аргументаў для адмаўлення Халакосту. Аўтар кнігі не толькі сабраў падцверджаныя здымкі, але і ўпершыню фіксуе гісторыю паходжання, праектавання, канструкцыі і эксплуатацыі нацысцкіх газавых фургонаў («душагубак»).

На вокладцы кнігі – здымак нацысцкага газавага фургона ў Оршы пры перасячэнні Дняпра ў красавіку 1942 года. Замовіць выданне можна тут (інфармацыя – у сярэдзіне старонкі).
😢11👀10🔥5👍2🤔2
35-гадовы беларускі фізік трапіў у спіс самых цытуемых навукоўцаў свету

У абноўленым рэйтынгу ад даследнікаў Стэнфардскага ўніверсітэта (ЗША) і выдавецтва Elsevier, які грунтуецца на базе Scopus, у топ-2% самых цытуемых навукоўцаў свету па выніках 2024 трапіў беларус Віктар Асадчы. Фізік нарадзіўся ў 1990-м у Гомелі, скончыў універсітэт імя Ф. Скарыны. Працаваў постдактарантам у Стэнфардскім універсітэце. Асноўнае яго месца працы – Універсітэт Аалта (Фінляндыя).

Летась Фінскі фонд садзейнічання тэхналогіям узнагародзіў беларуса прэміяй «Малады навуковец 2024 года». Віктар Асадчы займаецца распрацоўкай метадаў кіравання святлом. У 2024-м ён з калегамі паведаміў пра прарыўную распрацоўку рэалістычных фатонных крышталёў часу, якія здольныя экспанентна ўзмацняць свет.

Па выніках 2024-га ў топ-2% самых цытуемых навукоўцаў свету трапіла 15 беларусаў, чыім месцам працы пазначаны ўстановы з Беларусі (гэтая інфармацыя не заўсёды актуальная). Пра астатнія імёны чытайце на «De facto. Беларусская навука» пазней.
🔥51👏9👍7🏆2
Фінансавая афёра, якая закранула беларускія землі ў складзе Расійскай імперыі

Пра яе ў зборніку XVI Міжнароднага нумізматычнага кангрэса піша беларускі гісторык Іван Сінчук. Пры далучэнні земляў Рэчы Паспалітай да Расійскай імперыі ўлады дазволілі плаціць падаткі ў заходніх губернях галандскімі дукатамі, якія тут былі даволі распаўсюджанымі. Праз стагоддзе выявілася, што імперыя засыпана фальшывымі чырвонцамі.

Манеты нелегальна вырабляліся Санкт-Пецярбургскім манетным дваром і прызначаліся перш за ўсё для часткі былой Рэчы Паспалітай. Так, у скарбе XIX стагоддзя з Клецкага ваяводства большасць дукатаў аказаліся нелегальнымі. Падробленымі чырвонцамі плацілі заробкі і ў Віленскім універсітэце.

Расійскі «галандскі дукат» хоць і вырабляўся з золата, але яго абменны курс быў завышаны. Схема прынесла злачынцам з ліку прадстаўнікоў уладаў велізарны прыбытак. Фінансавая афёра адбывалася на працягу значнай часткі XIX стагоддзя. Яе ахвярамі сталі не замежныя дзяржавы, а казна і грамадзяне імперыі.
👍15🤔11🔥5🤷2🤬1😨1
Шымпанзэ штодзень «выпіваюць» па бутэльцы піва

Шымпанзэ, якія жывуць у дзікай прыродзе, штодня спажываюць колькасць алкаголю, эквівалентную бутэльцы піва, высветлілі даследнікі з Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Берклі. BBC звярнула ўвагу на даследаванне ў часопісе Science Advances.

Навукоўцы мяркуюць, што людзі маглі ўспадкаваць прыхільнасць да алкаголю ад агульных продкаў-прыматаў, якія сілкаваліся ферментаванай садавінай – крыніцай цукру і алкаголю. Гэта першае даследаванне, аўтары якога падлічылі, колькі алкаголю ў сярэднім спажываюць шымпанзэ.

Навукоўцы арыентаваліся на колькасць этанолу, якое змяшчаецца ў саспелых пладах інжыра, слівы і іншай садавіны, якія ядуць шымпанзэ ў Кот-д'Івуары і Угандзе. Як высветлілі навукоўцы, у сярэднім адна асобіна шымпанзэ спажывае каля 14 грамаў этанолу ў суткі, што эквівалентна адной бутэльцы піва аб'ёмам 330 мл. Па іх назіраннях, шымпанзэ аддаюць перавагу садавіне з больш высокім утрыманнем этанолу.
🍾257😁6🙊3🥰2💯2🔥1🤔1🥴1
Прадстаўнікі беларускіх інстытутаў – у топ-2% самых цытаваных навукоўцаў свету

У рэйтынгу за 2024 год – 15 чалавек, чыім месцам працы ўказаны ўстановы Беларусі. Часам гэта можа быць састарэлай інфармацыяй – як у выпадку Віктара Асадчага. Ці Віталя Пракапенкі з Гомельскага ўніверсітэта. З поўнай упэўненасцю сцвярджаць не можам, але, верагодна, размова пра фізіка, прафесара Чыкагскага ўніверсітэта, якія працаваў у Гомельскім інстытуце да 2001 года.

Дакладна з беларускімі ўстановамі звязаныя Вадзім Дзямідчык (біялогія), Аляксандр Скіба (матэматыка), Сіямак Шахаб і Андрэй Іванец (хімія), Вячаслаў Чыжэўскі, Леанард Васільеў і Віктар Пуставалаў (усе – фізіка). Асобна можна вылучыць групу фізікаў з НПЦ па матэрыялазнаўстве: Сяргея Труханава, Аляксандра Труханава, Дар’ю Цішкевіч і Таццяну Зубар.

У спісе за 2024 таксама фізікі Анатоль Кілбас і Ігар Траянчук, якія пайшлі з жыцця, але працы якіх перавыдаюцца і цытуюцца. Чаму насамрэч беларусаў у спісе самых цытаваных навукоўцаў нашмат больш – чытайце пазней.
🔥21👍12👏1
Дадатковы прыём заявак на падтрымку даследаванняў беларускіх навукоўцаў і студэнтаў (да 12 кастрычніка)

Science At Risk Emergency Office аб’явіў дадатковы прыём заявак на падтрымку даследаванняў беларускіх навукоўцаў, даследнікаў і студэнтаў. Могуць быць падтрыманы заяўкі на: правядзенне круглых сталоў, панэльных дыскусій, варкшопаў і іншых публічных навуковых мерапрыемстваў; рэалізацыю кароткатэрміновых даследчых праектаў (уключаючы стварэнне і працяг працы архіваў); удзел у міжнародных афлайн-канферэнцыях; фінансавую падтрымку студэнтаў бакалаўрыяту, якія не атрымліваюць стыпендый на пакрыццё штодзённых выдаткаў.

Дэдлайн падачы заявак — 12 кастрычніка 2025 года. Вынікі конкурсу — 17 кастрычніка 2025 года. Падрабязнасці тут.
👍183👏3🔥2
155 гадоў таму выйшаў «Слоўнік беларускай гаворкі» Насовіча, якія меў вялізарнае значэнне

У 1870-м Імператарская акадэмія навук выдала «Словарь бѣлорусскаго нарѣчія», які склаў беларускі мовазнаўца Іван Насовіч (1788 - 1877). У слоўнік (здымак – csl.bas-net. by) увайшло больш за 30 тыс. слоў, запісаных аўтарам у асноўным у Магілёўскай, а таксама ў Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губернях, і выбраных з старабеларускіх пісьмовых помнікаў.

Сам Насовіч назваў вынік 16-гадовай працы «Слоўнікам крывіцкай мовы», але выдаўцы лічылі беларускую мову гаворкай рускай. Аднак слоўнік стаў першым навуковым даведнікам па лексіцы беларускай мовы. Выданне стала асноўнай крыніцай для ўкладання іншых слоўнікаў, яго актыўна выкарыстоўвалі рэдактары і аўтары газеты «Наша Ніва» ў пач. XX ст.

На днях прайшла навіна, што выява Івана Насовіча будзе на адным з барэльефаў на фасадзе новага Нацыянальнага гістарычнага музея. Навуку таксама будуць прадстаўляць Яфім Карскі, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Мікалай Барысевіч і Міхаіл Высоцкі.
38👍15🔥6👏1🙏1
Якімі былі міграцыйныя патокі ў Заходняй Беларусі пасля 17 верасня 1939-га

Пра гэта піша Анастасія Мардвілка ў апошнім нумары «Вестак Гомельскага дзяржуніверсітэта». У 1939 - 1941 гг. было дзве плыні добраахвотнай і вымушанай міграцыі ў Заходнюю Беларусь: бежанцаў з акупаванай Нямеччынай Польшчы і ўсходнікаў з іншых раёнаў СССР. Іх сацыяльны статус быў абсалютна розны.

Увосень - узімку 1939 г. эміграцыя з тэрыторый, якія апынуліся пад кантролем СССР, яшчэ была магчымая: выязджалі ў асноўным былыя польскія службоўцы, вайскоўцы і грамадзянскія.

У лютым 1940 - чэрвені 1941 гг. адбылося чатыры хвалі дэпартацый, якія закранулі дзесяткі тысяч чалавек: у лютым 1940 г. – асаднікаў і лясных служачых разам з сем'ямі; у красавіку 1940 г. – сем'яў рэпрэсаваных; у чэрвені 1940 г. – бежанцаў, якія прыбылі з Польшчы; у чэрвені 1941 г. – членаў сем'яў рэпрэсаваных. Дэпартавалі ў спецпаселішчы ў Сібір і Казахстан. Таксама адбылася зачыстка памежных раёнаў: «нядобранадзейных» высялялі ў іншыя раёны БССР.
😢18🤬7👍6💔5
Выйшла кніга «Райскі бераг: беларуская зямля ў I-XV стст.»

Аўтар выдання, якое разлічана на шырокае кола чытачоў, – літаратуразнавец і гісторык Іван Саверчанка. У нарысе раскрыты цывілізацыйныя вытокі, зараджэнне і станаўленне беларускай народнасці ў I - XV стст. Прасочваецца ўзнікненне першых гарадоў і княстваў на беларускай зямлі. Асветлена мужнае змаганне продкаў беларусаў са знешнімі ворагамі.

Выяўлена роля вуснай народнай творчасці, пісьменства і літаратуры ў духоўна-культурным збліжэнні славянскіх плямёнаў. Паказана ўздзеянне пісьменнікаў-інтэлектуалаў, палітычных і духоўных лідараў на аб’яднаўчыя працэсы ў краіне, умацаванне беларускай ідэнтычнасці. У кнізе 439 старонак.
🔥23👍14🤔54🤡4👌3👏1
Герман Герынг і зубры ў Белавежскай пушчы

Падчас Першай сусветнай вайны была знішчана дзікая папуляцыя зубра Белавежскай пушчы, піша на сайце Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» вядучы навуковы супрацоўнік Аляксей Буневіч. У 1929-м пры польскай уладзе пачалі аднаўленне папуляцыі. У 1941-м у зубрагадавальніку налічвалася 19 зуброў. Але ў Вялікую Айчынную вайну ў адрозненне ад Першай сусветнай статак асабліва не пацярпеў – чаму?

Справа ў тым, што блізкі да Гітлера кіраўнік паляўнічага таварыства і маршал рэйху Герман Герынг, які наведваў пушчу да вайны, меў намер стварыць тут лепшую ў Еўропе паляўнічую гаспадарку. Таму на ахову пушчы падчас вайны вылучылі спецатрад у 700 чалавек.

Летам 1944-га ў Чырвонай Арміі, якая наступала, выдалі спецзагад аб суровым пакаранні паляўнічых на зуброў. У 1945-м праз пушчу прайшла дзяржаўная мяжа, зубрагадавальнік з зубрамі застаўся на польскім баку. У 1946-м з Польшчы ў БССР прывезлі першых 5 зуброў для аднаўлення папуляцыі.
👍18👀10🤔41👏1🙏1
Пабачыў свет 14-ы выпуск штогодніка «Латышы і беларусы: разам праз стагоддзі»

Аўтары артыкулаў аналізуюць розныя аспекты беларуска-латвійскіх узаемаадносін з канца XVI стагоддзя па сучаснасць. Сярод даследаванняў – Дзвінская дзяржаўная беларуская гімназія: стварэнне і дзейнасць (1922 - 1935); Савецкая Беларусь 1922‒1925: польскі позірк з Рыгі; капліца ў маёнтку Выдрэя як аб’ект суперніцтва паміж латышскай праваслаўнай і мясцовай каталіцкай абшчынамі ў 1870-я гг. і інш.

Навуковы штогоднік «Латышы і беларусы: разам праз стагоддзі» заснаваны ў 2012 годзе з мэтай папулярызацыі ведаў пра беларуска-латышскія ўзаемадачыненні. З 2022 года партнёрам выдання выступае Беларускі інстытут у Празе.
👍243🤔3🔥2👏1🙏1
Артэфакты з егіпецкіх магільняў увозілі ў ЗША пад выглядам садовага дэкору

Гэтая пахавальная статуя з вапняку (на здымку), як мяркуецца, скрадзеная ў Сакары або Гізе, дзе размяшчаюцца старажытнаегіпецкія археалагічныя помнікі – царскія некропалі. Яна была ўвезеная ў ЗША кантрабандай і каштуе каля $6 млн, піша Bild.

Нядаўна суд у ЗША канчаткова канфіскаваў 14 старажытнаегіпецкіх твораў мастацтва, канфіскаваных пракуратурай Мэрыленда яшчэ некалькі гадоў таму. Статуі і іншым увезеным кантрабандай прадметам – амулетам, каменным фігуркам і вазе – больш за 4 000 гадоў. Каб падмануць мытню і пошту, зламыснікі задэкларавалі іх як «хатнія аксесуары», «садовыя каменныя статуі» ці «дэкор».

Іх сапраўднае значэнне вызначылі гісторыкі. Чакаецца, што артэфакты адправяць назад у Егіпет, паведамляюць амерыканскія СМІ.
👍18🤯10👌5😁1😱1
Лепшыя публікацыі па версіі Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі: 3-е месца сярод артыкулаў па гісторыі

На XII Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які прайшоў 25-27 верасня ў Берліне, аб’явілі лепшыя па версіі Арганізацыйнага камітэта навуковыя публікацыі, апублікаваныя ў 2024 годзе. Пачынаем з імі знаёміць. Трэцяе месца сярод артыкулаў па гісторыі заняў матэрыял Андрэя Чарнякевіча і Іны Соркінай «Станіславова: “Палац на пагорку”» (Homo Historicus, 2024).

Аўтары даследавалі, як змяняўся лёс маёнтка Станіславова: ад загараднай рэзідэнцыі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста – да саўгаса і ўваходжання ў межы горада. Гісторыя Станіславова — яркае адлюстраванне лёсу самога Гродна, адзначаюць аўтары.

Арганізацыйны камітэт Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі вызначае лепшыя публікацыі з 2013 года ў галіне гісторыі, гуманітарных і сацыяльных дысцыплін. Таксама перыядычна вызначаюцца лепшыя манаграфіі замежных даследчыкаў на беларускую тэматыку.
👍167👏2😁1👌1
Знаёмім за зместам чарговага вераснёвага нумара “Беларускага гістарычнага часопіса”, прымеркаванага да Дня беларускага адзінства.
🤮10😁6👍3😨2👻1🤪1🗿1
Навукоўцы пацвердзілі: многія гістарычныя будынкі ў Рызе пабудаваныя з беларускай драўніны

Беларускі навуковец Максім Ярмохін (Бернскі ўніверсітэт, Швейцарыя) распрацаваў 831-гадовую храналогію гадавых кольцаў хвоі з паўночнай Беларусі (раней ён стварыў першую тысячагадовую кальцавую храналогію хвоі ў Беларусі). Разам з Марысам Зундэ з Інстытута гісторыі Латвіі ў свежым артыкуле ў часопісе Dendrochronologia ён паведамляе: узоры для храналогіі ўзялі з археалагічных раскопак Полацка і Віцебска, а таксама з дома Даненштэрна ў Рызе (на здымку).

Атрыманыя дадзеныя сведчаць, што гандаль хвояй паміж басейнам верхняй і ніжняй Дзвіны/Даўгавы пачаўся ў XIV стагоддзі і дасягнуў піку ў XVI-XVII ст. У выніку многія гістарычныя будынкі ў Рызе складаюцца з драўніны з Беларусі.

Акрамя таго, драўніна з паўночнай Беларусі выкарыстоўвалася ў XVIII ст. у Вялікабрытаніі, што пацвярджае экспарт беларускага дрэва па ўсёй Еўропе. У еўрапейскіх калекцыях драўніна з Беларусі фігуравала як «балтыйскі дуб» і «рыжскія хвоі».
36🔥13👍10👏2
Выйшла кніга «І даўней так пелі : музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі»

Выданне Вольгі Барышнікавай прысвечана музычнаму фальклору старавераў Падзвіння. У кнізе — 45 аўтэнтычных песень (іх можна паслухаць у аўтэнтычным выкананні), расшыфроўкі, этнамузыкалагічныя каментары на беларускай, рускай і англійскай мовах. А таксама рэдкія запісы гутарак і здымкі, сабраныя альбо зробленыя падчас фальклорна-этнаграфічных экспедыцый.

Самыя раннія аўдыязапісы — з 1963 года, а самая старая спявачка, голас якой можна пачуць у выданні, — 1890-х гадоў нараджэння. Кніга складаецца з трох раздзелаў: «Валачобныя песні», «Крутухі, хараводы, пахадушкі», «Лірычныя песні».

Аўтар кнігі – этнамузыколаг, выкладчык традыцыйнага спеву Вольга Барышнікава, ураджэнка вёскі Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебска вобласці.
37👍11👏2🙏1
Павільён БССР на Ўсесаюзнай выставе 1923 г. як спроба пераасэнсавання беларускай архітэктуры

Працягваем расказваць пра найлепшыя гістарычныя артыкулы за 2024 год па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі. Другое месца заняло даследаванне Іллі Вярбіла «Павільён БССР на Ўсесаюзнай выставе 1923 г. у Маскве: пошукі нацыянальнага стылю беларускай архітэктуры» (Bialoruskie Zeszytu Historyczne, 2024).

У адрозненні ад РСФСР і УССР, якія на той час мелі свае сталыя архітэктурныя школы, БССР не мела нават асяродка архітэктараў. Выстава стала першай магчымасцю прадставіць на міжнародным узроўні спробу пераасэнсавання самабытнай беларускай архітэктуры і падштурхнула да вывучэння яе гісторыі. У друку паўстала дыскусія аб характарыстыках беларускага стылю.

Павільён БССР на Ўсесаюзнай выставе 1923 г. (праект маскоўскага архітэктара А. Грынберга) можна лічыць адным з напрамкаў пошукаў беларускага нацыянальнага стылю. На здымку – рызаліт павільёна БССР з вертыкальнай шалёўкай.
👍18🤔103🔥1